Пачуўся глухі гук, цела грузна павалілася на асфальт.
Макар адвёў вочы. Кіра закрыла далонню рот і ў жаху знерухомела на месцы.
Доўгі час яны не ведалі, што рабіць. У гэты момант бяздзейнасці і бездапаможнасці ўсе катаклізмы на імгненне адступілі на задні план. Ногі быццам захраслі ў смале, і было немагчыма паварушыцца. У Макара закружылася галава, перад вачыма ўзнікла шэрае неба, дахі дамоў і попельны пыл, які нерухома вісеў над горадам. Потым думкі пачалі варушыцца і паскарацца, як цягнік, які набірае хуткасць. Схамянуўшыся і схапіўшы Кіру за руку, Макар выпаліў:
– Бяжым адсюль, хутка!
– Пачакай, а сумкі? Нам патрэбная ежа! – Кіра таксама апрытомнела.
Макар спыніўся.
– Стой на месцы, я сам!
Ён падбег да пікапа. Патузаў багажнік. Замкнута. Ад думкі, што зноў давядзецца ўбачыць разбітую галаву Філіпа, Макару зрабілася млосна, і ён са злосцю жахнуў локцем па шкле. Яно, і без таго пашкоджанае ад моцнага сутыкнення з «Фордам», рассыпалася на дробныя аскепкі. Макар прасунуў руку ўнутр. Схапіў сумку з ежай і Кірын заплечнік. Пад сумкай Джэсікі ляжала стрэльба. Хлопец хутка намацаў яе і таксама выцягнуў вонкі. У галаву імгненна прыйшла думка пра кашалёк Філіпа. Цяпер ён гаспадару не патрэбны. Макар адчыніў пярэднія дзверы і, напалову адвярнуўшыся, стаў прамацваць кішэні Філіпа. Кашалёк і вадзіцельскае пасведчанне былі справа.
На бягу Макар кінуў Кіры заплечнік, адначасова прыладжваючы за спінай сумку і моцна сціскаючы стрэльбу.
– Бяжым туды, нам нельга тут доўга затрымлівацца!
Мінуўшы адзін квартал, Кіра спынілася.
– З табой усё добра, як ты сябе адчуваеш? – хвалюючыся за мужа, спытала яна.
– Не будзем марудзіць, бяжым далей!
– Макар, у цябе галава разбітая. Кроў засохла, але табе ўсё адно патрэбна перавязка.
Макар дакрануўся да левага боку патыліцы. Валасы зліпліся і высахлі крывавай скарынкай. Ён трохі націснуў на рану і адчуў рэзкі боль. У вачах пацямнела.
– Ты маеш рацыю…
Хлопец агледзеўся і падышоў да дзвярэй зачыненай крамы. Побач была лаўка. Ён з цяжкасцю сеў на яе і пачаў корпацца ў сумцы.
– Аптэчка, напэўна, засталася ў машыне… Паглядзі ў заплечніку!
Кіра дастала жоўтую майку і хутка разадрала яе на шматкі. Макар знайшоў бутэльку вады і нахіліў галаву, каб жонка прачысціла рану. Дзяўчына асцярожна, наколькі гэта было магчыма, прамыла яму скрываўленую патыліцу, паклала на рассячэнне скручаны ўдвая шматок майкі і рванымі рэшткамі заматала мужаву галаву.
– Надзяваем рэспіратары, – сказаў Макар. – Так будзе бяспечней!
Праз імгненне яны ўжо беглі ўздоўж Фрэнсіс-Льюіс-бульвар. Будынкі ў гэтай частцы горада былі пераважна аднапавярховымі. Прыватныя дамы чаргаваліся з крамамі і кіёскамі, фаст-фуд-забягалаўкамі і запраўкамі. Навокал было пуста, і толькі на іншым баку дарогі беспрытульны сабака, выцягнуўшы са сметніцы штосьці ядомае, прагна аплятаў свой сняданак.
– Абавязкова трэба знайсці машыну! – мінуўшы яшчэ колькі кварталаў са скрыжаваннямі, сказаў Макар. – Шкада, што Філіп загінуў, у яго добра атрымлівалася ўзломваць замкі.
– Можа, і мы паспрабуем?.. – роспачна спытала Кіра.
На скрыжаванні з Дваццаць пятай авеню на вузкай вулачцы абапал дарогі стаяў шэраг прыпаркаваных машын. Макар падбег да першай, серабрыстага «нісана», і, прыціснуўшыся рукамі да шкла, зазірнуў у салон, а потым тузануў дзверы. Тыя не паддаліся. Хлопец хутка прабегся да канца завулка, аглядаючы машыны. Усе, як і чакалася, былі зачыненыя.
– Давай паспрабуем выбіць шкло і завесці, – безнадзейна прапанавала Кіра.
– У нашым выпадку лепш ісці наперад, пакуль хто-небудзь не падбярэ нас па дарозе і не вывезе за горад!
– А далей што, Макар? Куды далей?
Макар цяжка ўздыхнуў.
– Будзем прарывацца ўглыб краіны. Зробім усё магчымае, толькі б аказацца далей ад горада. Цяпер гэта ў прыярытэце. Аднак наўрад ці нас давязуць адсюль да самай мяжы з Канадай. Ды і наогул мала хто захоча ля нас спыняцца. Таму будзем шукаць часовы прытулак, прасоўваючыся наперад кароткімі перабежкамі, пакуль попел не развеецца і мы не апынёмся ў больш бяспечным месцы…
– Макар, Філіп казаў, што ў Амерыцы заставацца рызыкоўна.
– Я памятаю, але што рабіць?..
– Проста не трэба было пакідаць метро. Чаму я цябе паслухала і не паспрабавала адгаварыць? Гэта была дурная задума… Што мы нарабілі…
Макар разгублена агледзеўся. Сітуацыя і сапраўды была катастрафічнай. Спярша ён нават усумніўся ў правільнасці сваіх дзеянняў і амаль вырашыў плюнуць на ўсё, пабегчы назад да пікапа, забраць ключы і паспрабаваць адшукаць дом Філіпа і Джэсікі. Аднак што далей? Попел марудна асядаў на пустыя і бязлюдныя вуліцы, і гэта падштурхоўвала хлопца не стаяць на месцы. Гэтыя ападкі маглі быць радыяцыйнымі, пагражалі апрамяненнем, таму кожная хвіліна на адкрытай прасторы магла прывесці да трагедыі. Рашэнне неабходна было прымаць зараз жа, рашучае і беспаваротнае рашэнне. Макар паглядзеў на сваю руку, якая сціскала стрэльбу, і на яго твары з’явіўся злосны ашчэр. Адразу ўзнікла адчуванне сваёй моцы. Ён мужчына, які вырашыў вывесці сваю жанчыну за межы метро, і цяпер праз яго пралік яны абое ў пастцы. Колькі можна трываць уласную нерашучасць і згрызоты сумлення? Дзяцінства скончылася! Далоў інфантыльнасць! Такія думкі прывялі яго ў парадак. Макар пстрыкнуў засаўкай стрэльбы і ўпэўнена падышоў да Кіры.
– Дзяўчынка мая, я хачу, каб ты мне даверылася. З намі ўсё будзе добра! Не бойся, я абараню цябе, ты толькі вер мне і ні ў якім разе не кідайся ў паніку. А я абавязкова што-небудзь прыдумаю. Дамовіліся?
Кіра моўчкі паківала галавой.
– Паабяцай мне, што калі я пачну рабіць нешта нязвыклае, то ты не будзеш мне перашкаджаць. Я проста хачу, каб ты ведала, што нічога такога я б у іншай сітуацыі не зрабіў і што толькі цяперашнія абставіны вымушаюць мяне ісці на крайнасці. Добра?
– Макар, скажы мне, што ты не збіраешся нікога забіваць, – паглядзеўшы, як ён трымае ў абедзвюх руках стрэльбу, пралапатала Кіра.
– Абяцаю.
Яны зноў пабеглі па вуліцы. На скрыжаванні з Шаснаццатай авеню Макар прыпыніўся ля кустоў шыпшыны побач з прыватным домам. Паглядзеўшы па баках, яны схаваліся за яго засыпанымі попелам галінамі, і Макар наставіў рулю стрэльбы на дарогу.
– Пачакаем пяць хвілін: калі нікога не з’явіцца, у мяне, прынамсі, не будзе згрызот сумлення, што я не паспрабаваў…
Чаканне было сапраўднай пакутай. Час цягнуўся марудна, а навокал нічога не адбывалася. Усё той жа попел, маўкліва-змрочны Нью-Ёрк, і, як ні дзіўна, ні адной жывой душы.
Макар утаропіўся ўдалячынь.
На імгненне яму падалося, што дзесьці паблізу пачуўся гук рухавіка. Праз хвіліну ўжо дакладна было зразумела, што па Фрэнсіс-Льюіс-бульвар едзе машына. Яны напружана чакалі. Углядаючыся ў дарогу праз шэрую шапку кустоў, ужо можна было запрыкмеціць нешта чырвонае. Машына рухалася на вялікай хуткасці. Макар паклаў палец на курок і падрыхтаваўся рэзка выскачыць на дарогу. Аднак калі машына была яшчэ за некалькі кварталаў ад іх засады, пачуўся непрыемны гук тармазоў. Чырвоная «аўдзі» (цяпер яна была добра бачная), пакінуўшы на асфальце палосы смаленай гумы, рызыкоўна ўпісалася ў паварот і знікла з поля зроку.
Макар стомлена апусціў галаву.
– Час дзейнічаць…
Кіра з жахам паглядзела на мужа. Жаўлакі на яго сківіцах запульсавалі, як шалёныя рычагі футурыстычнага механізма. Макар, грозна падскочыўшы з месца, рушыў па завулку. Кіра нічога не сказала і, выбраўшыся з-за кустоў, пайшла за ім. Хлопец падняў стрэльбу і, кудысьці прыцэліўшыся, уважліва ўглядаўся ў вокны дамоў абапал дарогі.
Сярод аднапавярховых прыватных сядзіб Макар адразу ж запрыкмеціў двухпавярховы дом персікавага колеру з чырвонай чарапіцай. Перад ім быў невялікі дворык, дзе раслі хмызнякі, піхты і іншыя дэкаратыўныя дрэўцы, якія яшчэ нядаўна, мабыць, выглядалі прывабна. Цяпер яны былі засыпаныя гідкім попелам, які быццам нязнаны дагэтуль вірус захапіў усю расліннасць на зямлі. Побач стаяў брудна-зялёны «кадылак».