Латыголец Андрей Петрович - Дні без лета стр 10.

Шрифт
Фон

Макар хутка забег на двор; калі Кіра зразумела, што ён збіраецца рабіць, той ужо гучна грукаў у дзверы. Ніхто не адказаў, і Макар пачаў біць па дзвярах прыкладам стрэльбы, а потым націснуў на званок.

– Адчыняйце! У мяне стрэльба! Я палічу да пяці і выб’ю акно! – злосна пракрычаў Макар, зняўшы рэспіратар.

Калі Кіра наблізілася, Макар ужо далічыў да трох.

– Заставайся на месцы, – азірнуўшыся на яе, сказаў хлопец. – Не падыходзь!

– Макар… – жаласна прамямліла яна.

– Пяць! – урэшце вымавіў ён, і ў гэты момант нечакана пачулася, як унутры дома пстрыкнуў замок.

– Толькі без лішніх рухаў! Інакш я буду страляць! – зычна прамовіў Макар.

Ніхто зноў не адказаў, і Макар штурхнуў дзверы руляй стрэльбы. Тыя шырока расчыніліся. На парозе стаяў пажылы мужчына з сівымі валасамі. Ён падняў рукі ўверх і, просячы літасці, прамовіў:

– Калі ласка, малю, толькі не страляйце. У мяне хворая жонка. Мы хочам жыць. Бярыце ўсё, што вам трэба.

Кіра моўчкі назірала за ўсім, што адбываецца, і на яе вачах выступілі слёзы.

– Гэта ваш «кадылак» каля дома? – наставіўшы стрэльбу на мужчыну, спытаў Макар.

Той кіўнуў.

– Ключы! Хутка!

Мужчына, у якога адняло мову, разгублена падаўся назад, а потым, заікаючыся, сказаў:

– Так, так, вядома… Я аддам іх, толькі не страляйце!

– І без глупстваў, я буду за вамі назіраць!

Мужчына кінуўся ў дом. Звонку было чуваць, як ён супакойвае жонку, перасцерагаючы яе, каб не высоўвалася і заставалася на месцы. У доме пачалася мітусня. Потым пачуліся грузныя крокі па лесвіцы на другі паверх. Макар мацней сціснуў стрэльбу. Ён мусіў быць гатовым да ўсяго самага непрадказальнага. Гаспадар мог, скарыстаўшы момант, узяць зброю, калі яна ў яго была, і адкрыць па іх агонь з акна другога паверха. Аднак тады чаму ён адразу гэтага не зрабіў? Можа, спалохаўся? Ці не паспеў? Хутчэй за ўсё, у яго не было ніякай зброі. Макар падумаў пра гэта, толькі калі сумятня ў доме заціхла і яму засталося адно напружана і доўга чакаць. На яго лбе буйнымі кроплямі выступіў пот. Галава дакучліва забалела, рукі затрэсліся, і хлопец ужо задумаўся пра марнасць і неабачлівасць свайго ўчынку.

Калі крокі на лесвіцы пачуліся зноў, Макар зычна выкрыкнуў:

– Выходзь павольна! Я павінен бачыць твае рукі!

Мужчына з’явіўся на ганку. Яго твар быў белы, а цела працінала дрыготка.

– Кідай! – выцягнуўшы наперад левую руку, загадаў Макар.

Мужчына, дрыжачы, кінуў ключы. Макар спрытна злавіў іх і, не азіраючыся, пракрычаў:

– Кіра, падыдзі бліжэй! Табе давядзецца завесці машыну!

Кіру перасмыкнула, і яна імпэтна наблізілася да ганка. Макар кінуў ёй ключы, і яны ўпалі на зямлю, засыпаную сантыметровым слоем попелу. Кіра тут жа падхапіла іх і паглядзела ў спіну Макара.

– «Кадылак» насупраць дома, брудна-зялёны… Паспрабуй яго завесці. Калі ён на хаду, праедзь некалькі кварталаў… Як толькі завядзеш, пасігналь, каб я ведаў, калі мне можна адыходзіць, а потым цісні на газ. Справішся? – не зводзячы вачэй з абамлелага мужчыны, выразна прамовіў Макар.

– Так, паспрабую…

Кіра, спатыкаючыся, бягом кінулася да машыны. Дрыготкай рукой яна націснула на бірульку – сігналізацыя выдала гук разблакіроўкі. Кіра адчыніла дзверы і села на мяккае сядзенне. Уставіўшы ключ у замок запальвання, яна выціснула педаль счаплення і адразу пасігналіла.

– Выбачайце, што мне давялося ісці на такія крайнасці, аднак нам патрэбна гэта чортава машына. Пакуль я не сяду ў яе, заставайцеся на месцы, – паспакайнеўшы, сказаў мужчыну Макар, а потым дадаў: – І памятайце, попел можа быць радыеактыўным, так што пакуль лепш заставацца ў памяшканні, добра забарыкадавацца і нікому не адчыняць. Вельмі хутка сюды могуць наведацца сапраўдныя галаварэзы. А значыць, лепш за ўсё пакінуць гэты пракляты горад…

– Я ведаю… Пра гэта цяпер гавораць па ўсім Нью-Ёрку, – роспачна адказаў мужчына.

Макар надзеў рэспіратар і пачаў павольна адступаць, не спускаючы мужчыну з прыцэлу. Акуратна сышоў уніз па прыступках. Марудна, каб у полі зроку заставаўся ўвесь дом, наблізіўся да машыны. Адчыніў дзверы і сеў, па-ранейшаму цэлячыся ў мужчыну. Той, не зварухнуўшыся, глядзеў услед.

– Паехалі, – спакойна сказаў Макар Кіры.

Машына рэзка кранулася з месца, і Макар на хуткасці зачыніў дзверы.

Кіра вывела «кадылак» на Фрэнсіс-Льюіс-бульвар і, не зніжаючы хуткасці, пагнала па горадзе. Калі яны праехалі некалькі кварталаў, Макар мякка дакрануўся да яе рукі. Кіра дрыжала.

– Можаш зменшыць хуткасць, – спакойным тонам сказаў ёй Макар.

– Мы дакладна робім усё правільна? – запавольваючы машыну, спытала яна.

– Іншага выбару не было. У нас мала часу, трэба як мага хутчэй пакінуць горад.

На твары Кіры яшчэ не высахлі слёзы, і яна дрыготкімі рукамі спрабавала выцерці шчокі. Толькі цяпер Макар адчуў, як шалёна б’ецца яго сэрца. Ён паклаў стрэльбу на калені руляй да дзвярэй і паглядзеў у акно.

Вуліца наперадзе паступова звужалася. Раней машыны стаялі толькі абапал шашы, цяпер жа бязладна тоўпіліся ледзь не пасярод дарогі і перашкаджалі ехаць. Дамоў у гэтай частцы раёна рабілася ўсё менш, замест іх з’явіліся густыя зараснікі дрэў, спрэс засыпаныя шэрым попелам.

Макар паглядзеў у бакавое люстра. Здаецца, «хваста» не было. Нью-Ёрк замёр у маўкліва-таямнічай невядомасці катастрофы, якая нечакана абрынулася на гэтыя каменныя джунглі.

Пад’язджаючы да скрыжавання з Крос-Айлэнд-паркуэй, Макар сказаў Кіры спыніць машыну ля бардзюра.

– Філіп казаў, што, даехаўшы да Крос-Айлэнд-паркуэй, мы павернем налева, а там будзем ехаць прама, пакуль не выедзем да моста. Давай мяняцца месцамі, далей павяду я.

Макар вылез з машыны, хутка абышоў габарытны «кадылак» і, калі Кіра пералезла на пасажырскае сядзенне, сеў за стырно.

Павярнуўшы налева, ён павёў «кадылак» на Крос-Айлэнд-паркуэй. Вуліца была вузкай, значна вузейшай за Фрэнсіс-Льюіс-бульвар. Справа стаялі аднапавярховыя прыватныя дамы, злева раслі густыя каштаны.

Далей дарога раздзялілася на дзве часткі. Макар узяў правей і паехаў пад гару па больш адасобленым участку.

– Калі ты хвалюешся, што мужчына выкліча паліцыю – гэта пустое, ты ж бачыш, што робіцца навокал. Клопатаў у краіне і без гэтага хапае, – паглядзеўшы на Кіру, якая сцішылася ля акна, сказаў Макар. Ён добра разумеў, што яна ў шокавым стане, таму з ёй трэба размаўляць.

– Цяпер галоўнае – перасекчы мост і па патрэбнай трасе ехаць углыб краіны, бліжэй да мяжы, наколькі гэта будзе магчыма.

Кіра па-ранейшаму маўчала.

– Глядзі, што ў нас ёсць! – нечакана ўзрадаваўся Макар. – Гэта ж GPS-навігатар з функцыяй відэарэгістратара! Ты разумееш, што цяпер мы зможам настроіць маршрут куды захочам?!

Кіра апатычна паглядзела на планшэт, прыладжаны да панэлі побач са спідометрам і на які яны спярша не звярнулі ўвагі.

– Мы нават зноў зможам здымаць відэа.

– Хопіць з нас відэа… – стомлена сказала яна.

Макар знізіў хуткасць. Праз кінутыя машыны на дарозе ўтварыўся затор. Чырвоны «Форд» наперадзе заняў амаль дзве паласы, і яго дзверы былі шырока адчыненыя: хутчэй за ўсё, людзі ратаваліся ўцёкамі. Макар асцярожна аб’ехаў перашкоду і накіраваў аўто далей.

Яны мінулі велізарны дыскаўнтар, які быў справа. Марадзёры ўжо не хаваліся: некалькі чалавек цягнула цялежкі з ежай праз пабітыя шкляныя дзверы да аўтамабільнай паркоўкі.

– Відаць, сапраўды адбылася сур’ёзная катастрофа… – трагічна засведчыў Макар.

– Скажы, ты б забіў таго мужчыну, калі б усё пайшло не па тваім сцэнарыі? – нечакана спытала Кіра.

Хлопец моцна сціснуў стырно.

– Калі б нам штосьці пагражала, у мяне проста не было б выбару…

– Макар, што з намі сталася?..

Дарога, пятляючы, урэшце зноў вывела іх на Крос-Айлэнд-паркуэй, ператварыўшыся ў магістраль. Наперадзе ўжо праглядаліся калоны падвеснага моста Уайтстоўн.

Макар прытармазіў. Магістраль была цалкам забітая машынамі, і пакуль ён не разумеў, ці гэта масавы затор, калі ўвесь рух спыняецца, ці людзі даўно пакінулі ўсе гэтыя машыны і рушылі далей пешшу.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора