Латыголец Андрей Петрович - Дні без лета стр 8.

Шрифт
Фон

Філіп бярэ адну з сумак і падыходзіць да дзвярэй. Прыадчыняе. Выглядае на двор.

– Я хутка вярнуся, паспрабую завесці машыну. Будзьце гатовыя ісці, – праз рэспіратар яго голас здаецца прыглушаным.

Як толькі дзверы за ім зачыняюцца, Макар з Джэсікай пачынаюць размяркоўваць сумкі. Макар бярэ дзве самыя цяжкія. Джэсіцы застаецца палатка і сумка з аптэчкай, а заплечнік яна перадае Кіры. Макар дапамагае жонцы адзець яго на плечы.

– Кіра, я ведаю, што табе гэта не спадабаецца, аднак я папрашу цябе нас трохі паздымаць, пакуль мы не апынёмся ў машыне і не пакладзём сумкі ў багажнік. Потым я перайму ў цябе камеру.

– Добра, давай толькі асцярожна. І глядзі па баках.

Праз хвіліну Філіп вяртаецца ў дом.

– Усе гатовыя? На вуліцы ціха, суседзі, напэўна, таксама з’ехалі, цяпер усё залежыць ад нас, – кажа ён.

Кіра падыходзіць бліжэй да дзвярэй, каб было добра бачна кожнага з прысутных. Дзверы адчыняюцца. У камеру трапляе дворык і сцежка, якая вядзе на вуліцу. Філіп, Джэсіка і Макар спяшаюцца да прыпаркаванага побач з домам пікапа. Кіра бяжыць следам, ад чаго камеру ладна трасе.

Багажнік адчынены, і яны кладуць туды сумкі. Попел павольна асядае на будынкі, аднак ужо не так густа, як учора. Камякі не надта буйныя, але вуліца спрэс ахутаная шэрай смугой. Кіра на імгненне ўздымае камеру. Неба не відаць – адзін шэры змрок.

Філіп сядае за стырно і заводзіць рухавік.

– Пачакайце, я штосьці забыў! – гаворыць Макар.

– Давай хутчэй!

Кіра садзіцца на задняе сядзенне і праз акно наводзіць камеру на дом, да якога пабег Макар. Праз суцэльную шэрасць яго сілуэт нібы ў тумане. Некаторы час хлопец нешта робіць. Філіп нервова сігналіць.

– Давай жа, – даносіцца з-за кадра яго раздражнёны голас, і Макар хутка вяртаецца да машыны. Залазіць у салон і гучна зачыняе дзверы.

– Я пазначыў каардынаты нашага далейшага маршруту, калі гэта каму-небудзь спатрэбіцца, – кажа Макар Кіры, уладкоўваючыся на сядзенні.

Філіп выязджае на вуліцу.

Макар бярэ ў Кіры камеру і паварочвае яе да лабавога шкла.

Пікап паволі едзе па Уілетс-Пойнт-бульвар. Дарога цалкам засыпаная шэрым попелам. Невысокія дамы і іншыя будынкі аблепленыя попельным пылам, людзей нідзе не відаць, машын таксама, акрамя тых, што стаяць абапал дарогі. Філіп кіруе машынай спакойна, не перавышаючы хуткасці. Джэсіка моўчкі сядзіць на пярэднім сядзенні. У салоне вісіць напружанае маўчанне.

Некаторы час яны едуць проста, пакуль не дабіраюцца да перасячэння вуліцы з Фрэнсіс-Льюіс-бульвар.

– Да моста далёка? – пытае ў Філіпа Макар, зняўшы рэспіратар, каб перарваць агульнае маўчанне.

Філіп паварочвае налева, і яны бачаць наперадзе шырокую вуліцу з двухпалоснай дарогай. У процілеглым кірунку на ладнай хуткасці рухаецца некалькі дзясяткаў машын. З таго ж боку бачны прыпаркаваны ля бардзюра «хамер». Да Макара даходзіць, што гэта Нацыянальная гвардыя.

– Праз колькі кіламетраў наперадзе будзе паварот на Крос-Айлэнд-паркуэй, а там ужо блізка, – вытрымаўшы паўзу, адказвае Філіп, а потым таксама здымае рэспіратар.

Пікап праязджае яшчэ каля пяці метраў, і з левага боку, там, дзе сядзіць Макар, у корпус машыны нешта моцна ўдарае. Пікап скаланаецца, камера вылятае з рук Макара і б’ецца аб шкло побач з Кірай. Аб’ектыў захоплівае яе ногі. Яшчэ моцны штуршок – камера пераварочваецца і б’ецца аб дах салона. На аб’ектыве адразу з’яўляецца расколіна, якая праходзіць па дыяганалі праз увесь экран. Камера яшчэ некалькі разоў круціцца вакол сваёй восі і на нешта падае. Здымкі працягваюцца з вялікімі перашкодамі. Потым экран паступова цьмянее і робіцца чорным. Адусюль даносяцца невыразныя стогны, галасоў ужо не разабраць. Па-за салонам машыны мітусня. Немы лямант. Валтузня. Плач.

Запіс з гэтай камеры заканчваецца канчаткова.

Апрытомнеўшы, Макар не ведаў, колькі часу мінула з таго моманту, як яны трапілі ў аварыю. Ён убачыў сваю руку, якая звісала з адчыненых дзвярэй пікапа. Па руцэ тоненькім струменьчыкам тачылася кроў. У галаве шумела, быццам паблізу выбухнула моцная петарда і аглушыла яго непрыемным нізкім гукам. Яму спатрэбіўся час, каб зразумець, што ён жывы і яго не паралізавала. Спярша Макар паспрабаваў паміргаць. Павекі павольна апусціліся, але гэты рух аддаўся ў галаве цяжкім і тупым болем. Затым хлопец паварушыў пальцамі рукі, якая была ў полі яго зроку. Пальцы свабодна рухаліся. Тады Макар адважыўся сціснуць кулак, і ў яго атрымалася.

У галаве паступова праяснялася. Аднак хлопец разумеў, што болю ад магчымых пашкоджанняў і нават масавых пераломаў ён можа пакуль проста не адчуваць праз шокавы стан. Ён не рашаўся пачаць рухацца, каб яго зноў не выключыла. Урэшце Макар паспрабаваў глыбока ўздыхнуць. Грудная клетка лёгка пашырылася, нічога не балела. Цяпер неабходна высветліць, што адбылося з другой рукой. Ён сціснуў зубы і даў ёй адпаведныя каманды. Павольна, без рэзкіх рухаў – вось відаць і левую руку. Макар апусціў яе і, акуратна абапёршыся аб сядзенне, пачаў прыўздымацца.

Толькі сеўшы, ён змог убачыць усю карціну.

Яго абедзве нагі прыціснула дзвярыма, што ад моцнага ўдару ўвагнула ў салон. Прыціснула не надта сур’ёзна, так што Макар адразу ж пачаў вызваляць правую нагу з пасткі. І ў тое ж імгненне дзіка закрычаў.

Аднак закрычаў ён не ад болю. Спрабуючы вызваліць ногі, Макар паглядзеў наперад, туды, дзе сядзелі Філіп і Джэсіка.

Галава Філіпа нахілілася на правы бок, і з чарапной каробкі агіднай бледна-крывавай масай у салон сцякалі яго мазгі. Джэсіка напалову звісала з разбітага акна на дзвярах і не падавала ніякіх прыкмет жыцця. Яна забылася прышпіліць рэмень.

Макар пачаў клікаць Кіру.

– Дзе ты, Кіра?! Дапамажы мне! Я не хачу гэтага бачыць! Кіра, дзе ты?!

Кіра з’явілася не адразу. Яе постаць узнікла перад яго затуманенымі вачыма толькі праз хвіліну пасля таго, як ён пачаў нема лямантаваць. Твар жонкі быў бледны, і яна разгублена стала дапамагаць яму выбірацца.

– Там людзі… – сказала яна.

– Толькі без рэзкіх рухаў, мажліва, мае ногі пераламаныя.

Ён абедзвюма рукамі ўчапіўся ў Кіру, тая пачала злёгку яго тузаць. Болю не было, і Макар заплюшчыў вочы. Неўзабаве ён ужо сядзеў на асфальце без красовак.

На вуліцы чулася чыёсьці бязладнае выццё.

– Ты ў парадку? Паварушы нагамі! Можаш устаць? – загаласіла Кіра.

– Чаму ты мяне кінула?

Макару было крыўдна, што яна сышла, пакінуўшы яго ў такім стане.

– Там мужчына з пісталетам! Ён дастаў мяне з пікапа. Загінула ўся яго сям’я! – Кіра была ў істэрыцы. – А цяпер ён хоча забіць нас!

Макар паглядзеў на свае ногі. Ніякіх прыкмет пераломаў не было. Ён падцягнуў калені да грудзей і хутка падняўся з зямлі. Стаяць было не балюча.

– Што я нарабіў? Саманта, дачушка… – даляцела да іх англійская мова.

Макар паглядзеў у той бок і праз раскурочаны корпус пікапа убачыў чалавека, які стаяў перад сваёй машынай і трымаўся рукамі за галаву. У яго правай руцэ быў чорны пісталет. Кіру злёгку трэсла, і калі Макар, сабраўшыся з думкамі, павольна закульгаў да жывога сведкі трагедыі, яна схапіла мужа за локаць.

– Стой, не трэба!

Пікап аднесла ў бок скрыжавання. Капот чорнага «Форда», які на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў іх, быў змяты ў гармонік амаль да лабавога шкла. З машыны ішоў дым, а ў салоне ляжалі два целы.

Заўважыўшы Макара, мужчына наставіў на яго пісталет.

– Гэта ваша віна! Якога чорта вы тут з’явіліся?! – люта закрычаў незнаёмец.

– Містар, давайце без паспешных высноў! У нас таксама ахвяры, вы бачылі на пярэдніх сядзеннях мужчыну з жанчынай, яны загінулі. Калі ласка, супакойцеся і апусціце пісталет! – выставіўшы перад сабой рукі, закрычаў Макар.

Мужчына цяжка ўздыхнуў і апатычна закаціў вочы.

– Да чорта ўсё… – сказаў ён, хутка прыставіў рулю пісталета да скроні і стрэліў сабе ў галаву.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора