Латыголец Андрей Петрович - Дні без лета стр 7.

Шрифт
Фон

– Макар, камера садзіцца! – гаворыць Кіра, як толькі Філіп вяртаецца ў машыну. Джэсіка націскае на газ.

– Добра, давай мне, зараз паглядзім, – Макар забірае ў жонкі камеру і накіроўвае аб’ектыў на Філіпа з Джэсікай.

– Яшчэ далёка да вашага дома? – пытаецца ў іх Макар.

– Зараз павернем на Крошэрон-авеню і праз пяць хвілін будзем ля мэты, калі толькі не ўзнікне ніякіх праблем, – адказвае яму Джэсіка.

Камера выключаецца.

Яны выбягаюць з пікапа і кідаюцца да двухпавярховага дома. У кадр трапляе цагляны будынак з дэкаратыўнай тынкоўкай, дах з чырвонай чарапіцы і з высокай трубой пасярэдзіне. Каля дома акуратны газон, туі і піхты. Дворык выглядае даволі дагледжаным нават цяпер, калі на горад павольна асядае попел і здаецца, што ў Нью-Ёрку выпаў першы снег.

Філіп знаходзіць ключы, адчыняе дзверы, і ўся кампанія забягае ў дом. Здымкі абрываюцца.

Макар наладжвае камеру, якая ляжыць на роўнай паверхні, хутчэй за ўсё, на стале, і паказвае адзін з пакояў у доме. Потым адыходзіць і сядае на канапу побач з Кірай. Пакой невялікі. Канапа стаіць каля сцяны, на якой вісяць постары з коміксаў. Проста па курсе, насупраць дзвярэй, месціцца стол з камп’ютарам, над ім – паліцы з кнігамі.

– Ну што ж, мы ў доме Філіпа і Джэсікі. Нас размясцілі ў пакоі іх сына Джэйкаба, які трагічна загінуў летась у скаўцкім паходзе. Яму было пятнаццаць. І, па-шчырасці, па іх не скажаш, што яны ў смутку. Джэсіка толькі змянілася ў твары, калі Філіп згадаў імя сына, і на гэтым усё. Яны моцныя людзі. Мы тут ужо каля дзвюх гадзін. Я зарадзіў камеру і буду зараджаць яе ўвесь час, пакуль мы пад гэтым дахам. Філіп сказаў, што тут мы правядзём адну ноч. Адпачнём, збяром усё неабходнае і раніцай адправімся ў дарогу. Ужо дакладна вырашана, што мы будзем рухацца на поўнач да мяжы з Канадай, а там, калі атрымаецца перасекчы заставу, паедзем да іх сваякоў у Манрэаль. Там у Джэсікі жыве стрыечная сястра, і ёсць невялікая надзея, што да Канады воблака попелу не дойдзе. Плюс, як выявілася, у Кіры таксама ёсць сваякі ў Канадзе: у Таронта жыве яе хросная маці. Будзем наладжваць кантакты. Цяпер у нас прынамсі ёсць план і мэта.

– Але мы нават не можам патэлефанаваць бацькам у Беларусь. Я і думаць не хачу, як яны там хвалююцца, – не гледзячы ў камеру, кажа Кіра. – У навінах, відаць, ужо ва ўсю раструбілі аб амерыканскім апакаліпсісе… Божа, якая ж я дурніца, на чорта нам наогул было сюды пераязджаць…

Макар вінавата пазірае на Кіру і павольна гладзіць яе па каленцы.

– Пайду прыму душ, невядома, калі наступны раз атрымаецца памыцца.

Кіра бярэ ручнік і выходзіць з пакоя.

Макар глядзіць у камеру і некаторы час маўчыць, збіраючыся з думкамі.

– Не ведаю, як далей складзецца наш лёс, але я хачу пакінуць пасланне ўсім тым, хто будзе глядзець гэтае відэа. Кіра, здаецца, супакоілася, аднак ужо выказала мне ўсё, што думае наконт нашага падарожжа. Сказала, што мы дарма пакінулі метро і што лепш бы там і засталіся. Але я разлічваю на Філіпа і Джэсіку, яны добрыя людзі, і нам вельмі пашанцавала з імі сустрэцца. Амерыка руйнуецца, і па ўсім бачна, што вельмі хутка пачнецца яе заняпад, як бы трагічна гэта ні гучала. Міне яшчэ шмат гадоў, перш чым тут усё наладзіцца і вернецца на ранейшыя месцы – ды і ці вернецца наогул? Штаты дзеля сваёй бяспекі трэба пакідаць. Філіп сказаў, што цяпер ва ўсім свеце пачнецца перапалох і краіны, якія супернічалі з ЗША, паспрабуюць гэтым скарыстацца. Пакуль асядзе пыл і людзі змогуць аднавіць нармальнае жыццё, з’явіцца новая навала з захаду ці з усходу. Канада – добры перавалачны пункт, але і яна можа вельмі хутка ўцягнуцца ў міжнародныя канфлікты. Паслухайце мяне і збірайце ўсё самае неабходнае на першы час: грошы, ежу і паліва, а таксама зброю. У Філіпа ёсць зарэгістраваная стрэльба і колькі патронаў. Мажліва, у краіне з дня на дзень пачнецца хаос. Пакуль Нацыянальная гвардыя паводзіць сябе стрымана, паліцэйскія нас не затрымліваюць, аднак дзеля бяспекі зброю ўсё ж неабходна трымаць паблізу. Я пакіну заўтра пад дзвярыма гэтага дома цыдулку, дзе пазначу нашы каардынаты, і па іх можна будзе вызначыць, па якой трасе мы паедзем і ў якім кірунку. Я разлічваю, што знойдуцца людзі, якія, як і мы, захочуць знайсці прытулак. Я паспрабую здымаць усё на камеру, на колькі хопіць зараду, буду зараджаць батарэю ўсюды, дзе толькі з’явіцца магчымасць. Няхай поспех будзе на нашым баку. Беражыце сябе.

Макар падыходзіць да камеры і выключае яе.

Камера факусуецца на жоўтай майцы Макара. Рэзкасць наладжваецца, і Макар адыходзіць далей. Яго твар робіцца выразным. Хлопец набліжаецца да стала, за якім ужо сядзяць Філіп, Джэсіка і Кіра. Як толькі Макар сядае, усе бяруцца за рукі, утвараючы круг. На стале гараць свечкі, побач – запалены таршэр, колькі свечак на камодзе, які таксама трапляе ў кадр. Святло цьмянае, і праз гэта фігуры ўдзельнікаў здымак у паўзмроку.

– Джэсіка, прачытай малітву, – паўшэптам кажа Філіп.

– Выбачайце, але я – атэіст, – разгублена звяртаецца да яго Макар.

– Гэта не мае значэння. Дастаткова быць разам і трохі памаўчаць.

Джэсіка пачынае шаптаць малітву. Да камеры кепска далятаюць яе словы, і немагчыма што-небудзь разабраць. Філіп заплюшчыў вочы, Макар пазірае на Кіру, тая ў знак безвыходнасці паціскае плячыма.

Праз хвіліну Джэсіка замаўкае, і яны з Філіпам расплюшчваюць вочы.

– А зараз давайце есці! – зычна прамаўляе Філіп.

Ён першым бярэ ў руку відэлец; нібы з яго згоды, астатнія прыступаюць да вячэры. Макар закідвае відэльцам у рот кавалачак белай нарэзкі, якая стаіць паблізу ад яго талеркі, і робіць колькі глыткоў з кубачка.

– Ммм… смачна, – кажа Кіра.

– Няблага, – згаджаецца Макар.

– Падабаецца? Гэта філадэльфійскі сыр, – гаворыць Філіп.

– Дзякуй, вельмі смачна! – адказвае Макар, потым вытрымлівае паўзу, азіраецца на камеру і пытае: – Добра, Філіп, які ў нас план дзеянняў? Як мы пакінем Нью-Ёрк?

– Усё проста: заўтра раніцай загрузім у машыну ўсё неабходнае і адправімся да моста Уайтстоўн. Выедзем з горада і прыгарадаў на трасу № 87, а потым рушым напрасткі да мяжы.

Камера стаіць непадалёк ад канапы Макара і Кіры. Яны ўжо ляжаць пад коўдрай.

– Як табе нашы новыя сябры? – пытае ў Кіры Макар.

– Звычайныя, добрыя людзі.

– Мне здаецца, што Джэсіка пры Філіпе баіцца ўставіць лішняе слова. І яшчэ гэтая малітва. Хаця, мажліва, так заведзена ў кожнай амерыканскай сям’і…

– Не ведаю, мне яны дзіўнымі не падаліся… Давай адпачываць, здаецца, я трохі супакоілася. Галава яшчэ баліць, але я адчуваю, што змагу заснуць.

– Шкада, што няма інтэрнэту, з гэтых відэазапісаў выйшаў бы добры матэрыял. Нечым нават мок’юментары нагадвае. Яшчэ б прывідаў ці зомбі ў сюжэт дадаць…

– Адкуль у цябе столькі ідэй дурацкіх бярэцца? Невядома, што будзе заўтра, а ты як дзіця малое… Хопіць, заканчвай ужо…

Макар цягнецца да камеры і выключае запіс.

Камера ў руках Кіры. Яна здымае, як Макар і Філіп складаюць каля дзвярэй у калідоры сумкі з нарабаванымі ўчора неабходнымі рэчамі. Джэсіка побач з мужам дапамагае спарадкаваць запасы. Макар кажа на камеру:

– Мы гатовыя да паездкі ў Канаду. На гадзінніку восем раніцы. Зараз Філіп возьме стрэльбу, і мы адправімся ў дарогу. Кіра, давай падыдзем да акна, я хачу паказаць, што робіцца на вуліцы.

Кіра паслухмяна ідзе за Макарам. Камера наводзіцца на акно гасцёўні. Праз шкло бачны двор, дарога ўздоўж вуліцы і іншыя дамы раёна.

– Попел трохі асеў, але паветра яшчэ забруджанае. Світанак даўно наступіў, аднак такое адчуванне, што на вуліцы вячэрні змрок. Агні не гараць, горад, відаць, перайшоў на аварыйную эканомію энергіі…

– Давайце надзенем рэспіратары! – чуецца голас Філіпа.

Кіра накіроўвае на яго камеру. Філіп стаіць са стрэльбай каля сумак. Джэсіка перадае рэспіратары Макару. Яны надзяваюць ахоўныя сродкі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора