Макар наводзіць аб’ектыў на сваіх спадарожнікаў. Філіп ужо аглядае машыны, прыпаркаваныя ўздоўж вуліцы. Джэсіка і Кіра ідуць за ім.
Філіп спыняецца ля серабрыстага пікапа. Здымае джынсавую камізэльку, абмотвае локаць і пачынае моцна біць у шкло каля сядзення кіроўцы, бліжэй да люстэрка задняга віду. Аднак гэтага недастаткова. Каб разбіць тоўстае шкло, даводзіцца шукаць металічны бак для смецця. Акно вылятае праз некалькі ўдараў. Філіп хутка прасоўвае руку ў салон і адчыняе дзверы.
– Сядайце ў машыну! – кажа ён, калі аказваецца за стырном. Джэсіка сядае побач з мужам і адчыняе заднія дзверы. Макар прапускае Кіру наперад, а пасля жвава сядае ў салон і зачыняе машыну. Потым накіроўвае камеру на Філіпа. Той, прасунуўшы рукі пад стырно, спрабуе з’яднаць патрэбныя правады.
– У каледжы ў мяне быў сябра Мэт, які навучыў мяне гэтаму труку. Ніколі не думаў, што ён мне спатрэбіцца, – кажа Філіп.
Колькі хвілін яму даводзіцца корпацца ў правадах, пакуль пікап урэшце не заводзіцца.
– Гатова!
Філіп выкручвае стырно, і пікап едзе па завулку, а потым паварочвае на Сто трыццатую стрыт. Горад нібы вымер: навокал ні душы. Толькі цагляныя чырвоныя будынкі і прыпаркаваныя ўздоўж вуліцы машыны. Макар наводзіць аб’ектыў на лабавое шкло, каб быў бачны іх маршрут.
– Філіп і Джэсіка жывуць у раёне Мюрэй-хіл, – кажа Макар. – Мы накіроўваемся менавіта туды, каб сабраць неабходныя рэчы. Па дарозе будзем шукаць крамы: трэба забяспечыць сябе харчаваннем. На жаль, у гэтых абставінах давядзецца марадзёрстваваць, аднак нічога не папішаш. Штаты цяпер у надзвычайных умовах, і наша галоўная задача – выжыць.
Камера зноў здымае. Праз лабавое шкло пікапа відаць дарогу і абрысы дамоў. Вышэй за другі паверх – попельны туман.
– Мы едзем па Джамайка-авеню. Спадзяюся, ніякіх перашкод не з’явіцца і мы паспяхова дабяромся да пункта прызначэння. Я гляджу па баках. Людзей пакуль не бачна. У некаторых вокнах гарыць святло, але незразумела, ці ёсць там хто жывы. Здаецца, усе жыхары экстранна эвакуяваліся.
– Насамрэч попел вельмі небяспечны, і трэба пастарацца, каб ён не трапіў у лёгкія і на слізістую абалонку: там ён цвярдзее і робіцца падобным на цэмент, – абарочваючыся, кажа Філіп.
– Трэба запасціся лекамі, – дадае Джэсіка.
– Кіра, пашукай аптэчку, – гаворыць Макар і наводзіць на яе аб’ектыў. Кіра паварочваецца да задняга шкла пікапа і хутка корпаецца ў рэчах, якія пакінулі былыя гаспадары машыны.
– Мажліва, яна ў схованцы спераду, – роспачна кажа Кіра.
Пікап зварочвае на Уан-Уайк-экспрэсуэй, дарога вольная, і Філіп выціскае педаль амаль да ўпору.
– Філ, будзь асцярожным, я не хачу перавярнуцца, – кажа мужу Джэсіка.
– Час не на нашым баку. Трэба спяшацца! – стрымана адгукаецца Філіп і не збаўляе хуткасць.
Камера здымае з боку, дзе сядзіць Макар. Попел буйнымі камякамі павольна асядае на горад. Урэшце з’яўляюцца першыя людзі. На некаторых участках дарогі ў заторах стаяць кінутыя машыны, і Філіп, як спраўны гоншчык, спрытна аб’язджае перашкоды. Там, дзе гэта немагчыма, бо іншыя таксама спрабуюць пакінуць горад хто як можа, яны спыняюцца і доўга чакаюць, пакуль усе раз’едуцца. Рух ніяк не рэгулюецца. Святлафоры не працуюць. Убаку ад затораў на процілеглай паласе стаіць браніраваны «хамер» з транспарантамі на даху, і металічны мужчынскі голас перадае паведамленне: усе мусяць схавацца па дамах.
Злева ад дарогі бачны масіў дрэў, на які падае попел, быццам анамальны шэры снег. Здаецца, што яны даўно выехалі за межы горада. Аднак праз імгненне ў поле зроку зноў трапляюць адзінокія будынкі. Затор раз’ехаўся, але людзі, бязладна пакінуўшы на дарозе свае машыны, перашкаджаюць павялічыць хуткасць. На камеру трапляе аварыя. Машыны сутыкнуліся і стаяць доўгім ланцугом, іх дзверы расчыненыя, гудзе сігналізацыя, міргаюць фары.
Яны праязджаюць ля магістралі, дарогі скрыжоўваюцца і пераплятаюцца адна з адной, а потым рэзка разыходзяцца ў розныя бакі. Філіп, прымасціўшыся за чорным «Фордам», нырае ў тунэль.
Пікап змяншае хуткасць. У тунэлі таксама даводзіцца асцярожна аб’язджаць пустыя кінутыя машыны. Наперадзе зноў вялікі затор. Дзве машыны перагарадзілі дарогу, і колькі чалавек спрабуюць адкаціць іх убок.
– Макар, ім трэба дапамагчы! – кажа Філіп і адчыняе дзверы.
Макар выключае камеру.
З правага боку, дзе сядзіць Кіра, Макар здымае праліў. Філіп з’язджае з дарогі і выварочвае на 25А. Абазначэнне трапляе ў аб’ектыў камеры.
– А вось і наш раён, – кажа Джэсіка. – Амаль дабраліся!
Макар накіроўвае камеру на лабавое шкло. У аб’ектыве – нью-ёркскі раён (так званы «бора») Мюрэй-хіл. Будынкі абапал дарогі пралятаюць шэрым ценем у попельным снегападзе. Насустрач едзе некалькі машын.
На скрыжаванні Нортэрн-бульвар і Сто сорак сёмай стрыт Філіп запавольвае хуткасць. З боку Кіры праз шкло відаць аднапавярховыя будынкі з іерагліфічнымі надпісамі.
– Паспрабуем запасціся ежай, – кажа Філіп і спыняе машыну. – Макар, спатрэбіцца твая дапамога! Джэсіка, сядай за стырно і едзь па вуліцы, пакуль мы не знойдзем ежу. Будзь напагатове ў любы момант націснуць на газ.
– Кіра, табе давядзецца ўзяць камеру і здымаць.
– Макар, калі ты ўжо супакоішся? Хопіць! Хіба ты не разумееш, што навокал адбываецца? – нервова гаворыць яна ў аб’ектыў.
– Вось таму і трэба ўсё здымаць, толькі так мы можам…
– Можам што? Выкласці гэтае відэа ў інтэрнэт? Свет пайшоў пад адхон, Макар!
– Супакойся, мы павінны захаваць кожны свой крок. Я веру ў лепшае: гэта яшчэ не канец, мы выберамся і таму будзем усё дакументаваць.
– Для каго?
– Для нас, Кіра, для іншых, каму гэта будзе карысна. Зразумей, што такім чынам мы сябе стымулюем і паказваем, як выжываць, гэтыя здымкі – гарантыя нашага жыцця, гэта надзея…
Кіра закрывае рукамі твар і пачынае плакаць.
– Ну не трэба, што ты… Ты ж моцная, я гэта ведаю, – кажа ёй Макар. – Памятаеш, як ты дапамагала Лене вярнуцца да жыцця пасля таго, як Віця кінуў яе з дзіцём? Хіба слабы чалавек на такое здольны?..
Відэазапіс абрываецца.
Камера здымае з бакавога шкла. Філіп і Макар выйшлі на вуліцу. Яны стаяць ля адной з крамаў. На яе вокнах – белыя ралеты. Філіп спрабуе адамкнуць замок. Макар знаходзіць ля ліхтарнага слупа сметніцу і, выкінуўшы адтуль лішняе, накіроўваецца да наступнай крамы. Дзверы ўсюды зачыненыя. На вокнах адной крамы ралеты апушчаныя не да канца: хутчэй за ўсё, гаспадар, з’язджаючы, вельмі спяшаўся. Макар хутка шпурляе туды сметніцу. Шкло за ралетам разбіваецца, і Філіп пранікае ў краму. Макар лезе за ім.
Джэсіка ўжо сядзіць за стырном і на першай перадачы пад’язджае бліжэй. Азіраецца па баках.
Камера здымае, як праз некаторы час мужчыны выбіраюцца цераз разбітае акно з пакетамі скрадзенага. Філіп ківае Джэсіцы, каб тая ехала за імі, і яна рухаецца ўздоўж вуліцы. На вокнах усіх крамаў – ралеты. Мужчыны пераходзяць дарогу да шэрага новых крамаў з такімі ж іерагліфічнымі надпісамі, на некаторых ёсць таксама пераклад на англійскую. Спыняюцца ля будынка з надпісам «Pharmacy». Макар кідае пакеты на зямлю і выбівае шкло чарговай сметніцай. Па тым жа сцэнарыі яны пранікаюць унутр.
Дзверы пікапа адчыняюцца, і мужчыны хутка загружаюць у салон машыны нарабаваныя прадукты харчавання.
– У гэтым квартале ёсць запраўка. Нам трэба больш паліва! – кажа Філіп, улазячы на пярэдняе сядзенне, і Джэсіка едзе далей.
У аб’ектыў трапляе запраўка з жоўтай эмблемай «Shell». Пікап пад’язджае да калонак з паліўнымі бакамі. Філіп выскоквае з машыны і рашуча накіроўваецца да калонкі. Устаўляе ў бак пісталет і дастае са свайго кашалька банкаўскую картку. Прыкладае яе да панэлі на калонцы – чуецца ўхвальны гук выкананай аперацыі, і па шлангу ў пікап пачынае паступаць бензін.