Аб’ектыў павольна пераходзіць ад акна на салон маршруткі. Падымаецца вышэй над спінкай сядзення, паказваючы шэраг наперадзе. У маршрутцы ціха, чуваць прыглушаны рык матора. Камера апускаецца ніжэй і факусуецца на Кіры.
– Няхай спіць. І я трохі пасплю.
Макар неахайна паварочвае да сябе аб’ектыў.
– Ну вось, з намі ўсё ў парадку, не хвалюйцеся, да сустрэчы. Амерыка, чакай новых перасяленцаў!
– Зноў усім прывітанне. Хачу сказаць, што колькі хвілін таму мы перасеклі мяжу і цяпер знаходзімся ў Расіі, – кажа Макар у аб’ектыў. – Цяпер тры гадзіны, Кіра прачнулася і хоча нам штосьці сказаць.
Камера накіроўваецца на Кіру.
– Як табе спалася? – пытае ў яе Макар. Кіра глядзіць у свой тэлефон.
– Не трэба мяне здымаць, я з гэтага ракурсу кепска атрымліваюся, – абураецца яна.
– А як жа твая ідэя блога? Пайграй трохі на камеру. Што ты адчуваеш? Якія ў цябе першыя думкі? Мы пакінулі радзіму, цяпер мы ў іншай краіне, на крок бліжэй да мэты.
Кіра ўздымае броўку.
– Хвалююся, вядома. Наперадзе пашпартны кантроль, уся гэтая валтузня з торбамі, праверкі. Цяпер галоўнае – нічога не забыць і паспяхова трапіць у аэрапорт. Потым пералёт, не ведаю… Думаю, выспімся мы толькі ў гатэлі, таму што ўсе гэтыя перасадкі нас добра вымучаць, а мне ўжо ногі баляць ад гэтага дурацкага сядзення.
– Ну, нам не прывыкаць, – кажа за камерай Макар. – Да гэтага мы шмат разам вандравалі па Еўропе, у нас былі пералёты на самалётах. Асабіста для мяне заўжды самай цяжкай праблемай было тое, што мяне ўвесь час пучыла.
– Таму што не трэба піць і есці ўсялякае паскудства…
– Так, гэтым разам мы вырашылі піць толькі звычайную ваду, ніякіх газаў, чыпсаў і спіртнога. Усё па-сур’ёзнаму, цяпер ад нас патрабуецца максімальнае валоданне сітуацыяй.
– Перакусім толькі перад адлётам.
– Паспрабуем рускага піва?
– Ну, калі будзе час…
Кіра глядзіць наперад.
– Можа, хочаш перасесці да акна, а я выцягну ногі ў праход? – пытае Макар.
– Давай.
Пакуль яны робяць ракіроўку, Макар наводзіць камеру на акно. Хуткасць не змянілася. Бачная зялёная палоска кювета і невыразныя абрысы простага прыроднага ландшафту.
– Дарэчы, пасля мяжы адразу кідаецца ў вочы неахайнасць мясцовага краявіду. У нас у Беларусі ўсё больш акуратнае, падстрыжанае. Шаша пакуль яшчэ прымальная, у Расіі дарогі, мякка кажучы, так сабе, але паглядзім. Дзякуй усім за прагляд.
У аб’ектыве з’яўляецца асветлены агнямі вялікі будынак аэрапорта «Дамадзедава». На вуліцы ноч, але дзякуючы падсветцы ўсё добра бачна. Чуваць голас Макара за кадрам:
– Мы на месцы. На гадзінніку поўнач, нас толькі што высадзілі з маршруткі «Мінск – Масква», мы выгрузілі свае рэчы і зараз пойдзем на пашпартны кантроль. Вылятаем у тры гадзіны ночы. Відэа кароткае, таму калі ўсё пройдзем, абавязкова раскажам, як яно было.
– Так, давай, пайшлі ўжо, – даносіцца нервовы голас Кіры, і здымкі абрываюцца.
Камера выхоплівае сувенірны кіёск. Праз шкло вітрыны бачныя матрошкі, а таксама значкі, плакаты, майкі і календары з выявай Уладзіміра Пуціна. Над кіёскам надпіс: «Patriot box».
– Мы ў Расіі, чаму б і не… – у голасе Макара гучыць сарказм. – Памятаю, калі мы колькі гадоў таму былі ў Піцеры, там якраз панавала ўся гэтая патрыятычная эйфарыя наконт анексіі Крыма. Дык вось, кожны пераход у метро быў проста засыпаны такімі цацкамі, і асабіста ў мяне гэта выклікала толькі агіду. Як бачна, нічога не змянілася, а маразм мацнее…
– Ты давай тут цішэй, а то яшчэ зараз павяжуць, і паедзем мы не на пляж да акіяна, а на нары ў «Бутырку», – кажа за камерай Кіра.
– Адно радуе: хутка для нас усё гэта скончыцца. І мы акажамся ў цывілізаваным грамадстве, дзе нам больш не давядзецца сутыкацца з цемрашальствам.
Аб’ектыў камеры трасецца, і перад выключэннем яго паварочваюць да бетоннай падлогі аэрапорта.
– Гэта зноў мы, – кажа Макар. Побач Кіра. Яны сядзяць на лаўцы. Аб’ектыў буйным планам захоплівае іх твары, стомленыя і заспаныя. За імі віднеецца зала чакання і частка электроннага табло, дзе высвечваюцца прылёты. Металічны голас аўтаінфарматара абвяшчае чарговае адпраўленне самалёта. Адусюль даносяцца галасы пасажыраў, чуваць плач дзіцяці.
– Толькі што мы прайшлі пашпартны кантроль, і гэта было сапраўднай пакутай, – працягвае Макар.
– Каля гадзіны нам давялося стаяць у доўгай чарзе. Людзей столькі, што здаецца, быццам уся Масква вырашыла адправіцца ў Амерыку. Выязджаюць цэлыя сем’і, а таксама замежныя турысты: згуртаванні кітайцаў і арабаў з індусамі, – дапаўняе яго Кіра.
– Мы вельмі стаміліся і засынаем на хаду, таму, каб чымсьці заняцца і не праспаць свой рэйс, запісваем гэтае відэа… Насамрэч я толькі і думаю, як бы заплюшчыць вочы і трохі паспаць. Мы на нервах, нават есці не хочацца…
– Ну, мы перакусілі, аднак сіл ісці паглядзець «д’юці фры» ўжо не засталося.
– Ды і сэнсу няма, раней мы наведваліся туды, каб штосьці прывезці дамоў, а цяпер, я спадзяюся, у нас усяго будзе з лішкам…
Камера абводзіць залу чакання. Людзі сядзяць на доўгіх лаўках з зялёнымі сядушкамі. Усюды яркае асвятленне і суцэльныя буцікі. Аб’ектыў спыняецца на табло вылетаў. Зум набліжае надпіс «Масква – Франкфурт-на-Майне» з часам адпраўлення 3:15. Потым надпіс аддаляецца, і ў фокусе зноў Макар і Кіра.
– Што можна сказаць наконт пашпартнага кантролю, – стомлена гаворыць Макар. – У нас спыталі пра мэту візіту ў ЗША. Я адказаў, што мы ляцім па іміграцыйнай візе. І ведаеце, было нават прыемна гэта прамаўляць. Да пэўнага часу мы не распаўсюджваліся аб сваёй «грынцы», ну, ведаеце там, каб пазбегнуць плётак ці зайздрасці. Цяпер такі час. А тут, на кантролі, я нават з якімсьці гонарам адказаў, што мы, маўляў, махаем вам ручкамі і бачым вас апошні раз.
– Тым не менш персанал аказаўся даволі ветлівым, – кажа Кіра. – Пасля непрацяглых роспытаў у нас прагледзелі ручную паклажу, зірнулі на наш ноўтбук. Цяпер з гэтым сур’ёзна, ужо былі выпадкі, калі тэрарысты правозілі бомбу менавіта ў лэптопах. Потым нашы чамаданы адправілі на цялежцы да астатняга грузу, і ў нас засталіся толькі два заплечнікі і ручная паклажа.
– Пажадайце нам поспехаў і сіл, яны нам спатрэбяцца.
– А сіл ужо амаль не засталося.
– Нічога, справімся. Пазней я, мажліва, яшчэ буду здымаць нашу пасадку на самалёт альбо скажу колькі слоў ужо з самалёта, паглядзім. Да хуткай сустрэчы.
Здымаюць з акна аэрапорта. У шкле люструецца постаць Макара, які наводзіць аб’ектыў на пасадачную паласу. Праз акно відаць вялікі самалёт з надпісам «Аэрафлот». Самалёт марудна паварочвае нос, збоку да яго пад’язджае трап. Колькі чалавек з абслугі мітусяцца непадалёк. З другога боку да самалёта набліжаюцца кантэйнеры з пасажырскім грузам. На вуліцы цемень, аднак дзякуючы добраму асвятленню відаць, як неба на даляглядзе пачынае яснець.
Наступныя кадры робяцца на тэлетрапе. На першым плане Кіра. Перад ёй – пажылая пара. Твар Кіры заспаны, і яна стомлена ўсміхаецца на камеру. Чуваць чыесьці галасы. Мужчына спераду азіраецца і, заўважыўшы, што яго здымаюць, рэзка адварочваецца.
– Вось мы і на падыходзе, – кажа Кіра. – Давялося аднымі з першых заняць чаргу, каб хутчэй апынуцца ў самалёце. Зараз будзе праверка квіткоў, і мы ўрэшце трапім на борт. Усё – дарогі назад няма, мама, тата, бывайце…
– Ну, бывайце не назаўсёды, – абнадзейліва гучыць за камерай голас Макара. – Мы абавязкова яшчэ ўбачымся.
Камера здымае прастору за шклянымі сценамі тэлетрапа. Аэрапорт «Дамадзедава» паўстае ва ўсёй красе свайго асвятлення.
Фокус зноў на тварах Макара і Кіры. Яны ўжо размясціліся на сваіх месцах. За імі бачныя высокія спінкі сядзенняў.
– Усё, мы пагрузіліся, – кажа Макар. – Закінулі на паліцу рэчы і цяпер можам перавесці дух. У іншых пасажыраў шмат торбаў, таму некаторыя яшчэ не ўладкаваліся. Мы аказаліся ў дзясятцы першых, што трапілі на борт. Цяпер чакаем узлёту. Напэўна, атрымаецца трохі паспаць.