– Я проста з ног валюся. Гэта быў даволі напружаны і нервовы праход кантролю, і невядома, што нас чакае ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне. Аднак мы разлічваем на еўрапейскую практычнасць і хуткасць усіх працэдур.
– Усім дабранач.
Макар выключае камеру.
Аб’ектыў накіраваны на ілюмінатар самалёта. За яго тоўстым шклом – густыя белыя аблокі. Даўно развіднела. На борце цішыня. Камера павольна пераходзіць на галоўных герояў. Кіра паклала галаву на плячо Макара і соладка спіць. Макар глядзіць у аб’ектыў і ўсміхаецца. Потым заплюшчвае вочы. На секунду расплюшчвае і стомлена падміргвае. Запіс абрываецца.
Узнікае дрыготкі кадр – апушчаны столік. На ім акуратна раскладзены белы пластыкавы кантэйнер. У кантэйнеры два дранікі, падліўка і перапечка, побач – кубачак з сокам і пластыкавыя ножык і відэлец.
Макар за кадрам прамаўляе:
– Вось такое ў нас сняданне. Гэта штосьці накшталт нашых беларускіх дранікаў…
– Толькі нашы значна смачнейшыя, – кажа Кіра, і камера адразу пераходзіць на яе.
Кіра акуратна адразае кавалачак драніка і адпраўляе ў рот.
– Нейкія без смаку, – перажоўваючы, канстатуе яна. – Я б дадала трохі солі і, па-магчымасці, зеляніны.
– Ну, і яшчэ смятаны, – кажа Макар.
– Так, якія дранікі без смятаны?!
– Бульбашы тут зараз бунт падымуць, – пасмейваючыся, кажа Макар.
– Не, ну насамрэч я разлічвала, што «Аэрафлот» добра корміць.
– І на тым дзякуй. Палёт праходзіць паспяхова, праз гадзіну сядаем у Германіі. Тут вось, дарэчы, ёсць карта нашага маршруту.
Макар пераводзіць камеру на спінку сядзення перад сабой. Над столікам прыладжаны манітор, на якім высвечваецца электронная карта Еўропы. Штрыхпункцірам акрэслены маршрут палёту з Масквы, і маленькі самалёт, міргаючы, завісае якраз непадалёк ад горада Франкфурт-на-Майне. Уверсе манітора паказваецца надвор’е: +21 °С.
– Усім дзякуй за ўвагу, наступныя здымкі будзем весці ўжо з нямецкага аэрапорта. Калі атрымаецца, зафіксуем усе падрабязнасці. Дарэчы, з дапамогай вайфаю я ўжо закінуў нашае першае відэа на ютуб. Падпісвайцеся на канал «Беларусы ў ЗША» і сачыце за нашым падарожжам. Усім дабра.
Макар ідзе па доўгім калідоры аэрапорта. На яго правым плячы – заплечнік, у левай руцэ – торба. Здымкі вядзе Кіра. У яе руках камера ўздрыгвае часцей, чым калі здымае Макар.
– Можаце нас павіншаваць, мы паспяхова прызямліліся ў Франкфурце-на-Майне. Цяпер пераходзім у патрэбны тэрмінал, – кажа яна за кадрам.
– Так, – гаворыць у аб’ектыў Макар. – Трэба адзначыць, што неабходна пераадолець вялікую адлегласць, каб трапіць у сам аэрапорт. Аднак тут вельмі проста арыентавацца, усюды абазначэнні і стрэлкі, куды і як ісці.
Кіра паварочвае камеру на калідор. Вакол крочаць людзі, на сценах – згаданыя абазначэнні па-нямецку і па-англійску.
– Аэрапорт Франкфурта-на-Майне проста велізарны, – чуецца голас Кіры. – Калі не спяшацца на злом галавы, у прынцыпе, ва ўсім можна разабрацца. Асабліва калі вы добра валодаеце замежнай мовай. Таксама можна звярнуцца да іншых падарожнікаў ці супрацоўнікаў аэрапорта – яны ў белых кашулях, – і вам абавязкова дапамогуць. Аднак я лічу, што ўсе ўказальнікі даволі змястоўныя і зразумелыя.
Наступныя кадры робяцца на пероне, які чымсьці нагадвае платформу ў звычайным метро. Людзі стаяць купкамі, цэлымі сем’ямі з дзецьмі. Побач з Макарам прымасціліся два габрэі з кучаравымі пэйсамі ды ў чорных сурдутах. Адусюль чуюцца нямецкая і англійская мовы, што стварае неразборліва-каларытны гукавы фон. Праз колькі часу да перона пад’язджае цягнік. Макар з Кірай моўчкі заходзяць у вагон і адразу займаюць вольныя месцы. Кіра наводзіць аб’ектыў на сябе і Макара. Твары сужэнцаў ужо больш свежыя.
– Цяпер мы рухаемся па аэрапорце ў спецыяльным аэратрэйдзе, каб трапіць у другі тэрмінал, потым пройдзем чарговы пашпартны кантроль і нарэшце паляцім у Лос-Анджэлес. Апошні крок і апошнія высілкі ў нашым пералётным падарожжы, – кажа Макар.
– Застаецца толькі спадзявацца, што на кантролі нас доўга не затрымаюць і ўсё пройдзе значна хутчэй, – дадае Кіра.
Позірк Макара разгублены, хлопец часта аглядае вагон цягніка: бачна, што хвалюецца. Кіра, наадварот, усміхаецца і натхнёная тым, што адбываецца вакол. Яна падміргвае ў аб’ектыў. Макар глядзіць на жонку, і на яго твары распаўзаецца прыязная ўсмешка. На гэтым здымкі заканчваюцца.
– Усім прывітанне, – кажа ў аб’ектыў камеры Макар. Кіра неадступна побач з мужам. – На жаль, у нас не атрымалася паздымаць у аэрапорце: узніклі невялікія праблемы, і мы рэальна ледзь не спазніліся на свой рэйс. Цяпер мы ўжо сядзім на сваіх месцах.
– Пашпартны кантроль аказаўся яшчэ больш працяглым і марудным, чым у Маскве, – кажа Кіра. – Чарга была ўдвая даўжэйшая, і ў нас нават забралі адну торбу.
– Мы прастаялі ў чарзе каля дзвюх гадзін, у нас агледзелі ўсе рэчы, скрупулёзна праверылі пашпарты, распыталі пра мэту візіту.
– А што там здарылася з тваім ноўтбукам? – пытае Кіра ў Макара, гледзячы ў аб’ектыў.
– Мяне прымусілі дастаць яго з заплечніка, уключыць, да нас выклікалі паліцэйскіх, якія аб нечым перагаворваліся і аглядалі яго з усіх бакоў. Быў нават сабака, які абнюхваў нас, як мне падалося, больш, чым астатніх. Відавочна, пачуўшы рускую мову, яны насцярожыліся. Хаця я бачыў у натоўпе і іншых рускамоўных. І яшчэ было шмат арабаў…
– Думаю, калі мы прыедзем у Лос-Анджэлес і трохі там асталюемся, то абавязкова знімем асобнае відэа з падрабязным аглядам нашага пералёту, канкрэтна, па пункціках раскажам пра кожны свой крок, каб гледачы і будучыя перасяленцы, якія акажуцца ў такой сітуацыі, ведалі, як дзейнічаць. Мы вельмі стаміліся, і цяпер прыгадаць усё даволі цяжка, галава зусім не варыць…
– Такі пералёт – вельмі складаная і нервовая працэдура, аднак мы ўсё пераадолелі, і цяпер нас чакае восем гадзін да нашага канчатковага пункта. Вось наш самалёт.
Макар уздымае над сабой камеру, якая выхоплівае частку борта. Пасадачныя месцы сіняга колеру размешчаныя ў чатыры шэрагі, большасць людзей ужо сядзіць, толькі некаторыя спрабуюць уладкаваць рэчы на верхніх паліцах. Сцюардэса штосьці тлумачыць аднаму з пасажыраў.
– Усё, на гэтым мы заканчваем. Абавязкова яшчэ ўбачымся, сачыце за намі далей, я разлічваю, што будзе больш змястоўна і цікава, – кажа Макар і выключае камеру.
Камера бязладна трасецца. Немагчыма разабраць, хто і што канкрэтна здымае. Бачныя калені, рука, спінка сядзення. На борце самалёта стаіць гоман. Чуваць голас Кіры:
– Глядзі, там сцюардэса, яна збіраецца штосьці сказаць!
Камера прыходзіць у норму і падымаецца вышэй. Відаць доўгі праход і галовы людзей, у пярэдняй частцы самалёта стаіць сцюардэса. Яна ў сінім касцюме і з акуратна ўкладзенымі асветленымі валасамі. У яе руках невялікая рацыя.
– Attention, please! Due to technical reasons our plane performs emergency landing at the airport of New-York in behalf of J. Kennedy. Please, put on life jackets![2]
Гоман у салоне самалёта адразу ўзрастае. Сцюардэса размахвае рукамі і яшчэ раз паўтарае ўсё тое самае па-нямецку.
– Ты пачуў, што яна сказала? – трывожна пытае за кадрам Кіра.
– Штосьці наконт вымушанай пасадкі ў аэрапорце Нью-Ёрка і што нам неабходна надзець выратавальныя камізэлькі.
– Please, remain calm! The life jackets are under your seat[3], – спакойна кажа сцюардэса.
– Макар, што здарылася?! – голас Кіры робіцца істэрычным.
Камера паварочваецца да яе.
– Пад сядзеннем… паглядзі камізэльку пад сваім сядзеннем! – выпальвае Макар.
Кіра, трапечучы, імпульсіўна шукае пад сядзеннем.
– Знайшла!
Камера рэзка паварочвае да сцюардэсы, карцінка павялічваецца на максімум. Сцюардэса з каменным тварам надзявае камізэльку яскравага жоўтага колеру і моўчкі паказвае астатнім, як гэта рабіць.