Яны прыехалі рана, горад яшчэ спаў у вогкім сутонні. Да дому даехалі на таксоўцы. Падняліся па лесвіцы на трэці паверх, тут Паліна спынілася на пляцоўцы і ціха прашаптала, не саромячыся:
– Божачка, што я раблю? Малю цябе, дай мне хоць нейкі знак, ці я ступаю правільна, я ўжо столькі напамылялася.
– Варта ж было перахрысціцца, – заўважыў Мацвей. – Хадзем, яшчэ адзін паверх.
– Хвілінку пастой…
– Проста аддыхацца, ці знаку чакацьмем? – ужо пакпіў незласліва Мацвей.
– А ты не верыш у Бога? – проста спытала Паліна.
– З таго, што я ў свой час прачытаў, я зразумеў: вера сама па сабе ёсць самы эфектыўны спосаб перакласці адказнасць з сябе на прыдуманага людзьмі ўсёмагутнага ўладара. Бедны стваральнік сусвету! Знаў бы ён, колькі сабак на яго навешалі. Давай разам уявім: ён там адзін, самотны ў Сусвеце. У тым Сусвеце – мільярды метагалактык, у тых метагалактыках – мільярды галактык, у тых галактыках – мільярды зорных сістэм з мільярдамі планет, дзе ў нейкай можа быць жыццё. І ён, замест таго, каб вырашаць лёс соцень мільёнаў планет – бо паблізу збіраецца успыхваць звышновая зорка, думае: які б знак падаць дзяўчыне, каб яна смялей пераступіла парог? – закончыў з усмешкай Мацвей. – Пайшлі, мама папярэджаная, я казаў табе, што яна ўсё зразумее.
Маці сустрэла іх з тварам, на якім ўважлівы мог пабачыць цень трывогі. Першае, што сарамліва папрасіла Паліна – дазволу скарыстацца ванным пакоем.
Стол ужо быў накрыты – бутэрброды ў талерцы, стаялі кубкі, у імбрыку заварвалася гарбата.
– Што гэта за дзяўчына, сынок? – ціха і сур’ёзна спытала маці, падпёршы шчаку рукой. Мабыць, пра галоўнае – што здарылася з сынам – яна мелася гаварыць пазней.
– Не ведаю, мама, – шчыра прамовіў Мацвей. – Але яна ў такой жыццёвай сітуацыі, што не прапанаваць ёй дапамогу я не змог. І ведаеш, мне стала самому неяк лягчэй глядзець на сваё.
– Ты яе зусім-зусім не ведаеш?
– Так, зусім-зусім. Не перажывай, у нас няма чаго красці.
– Красці, канечне, няма чаго. Я і не перажываю, думала… думала, што гэта твая дзяўчына, што ты прыдумаў.
– Навошта мне прыдумляць?
– Мо саромеешся казаць. Сёння моладзь жыве па іншых законах. Ні рэгістрацыі не абавязкова, ні вяселля. Дык вам асобна паслаць?
Мацвей успыхнуў чырванню. Першы раз за гэтыя гадзіны ён падумаў пра Паліну менавіта як пра жанчыну тады, калі яна распранулася ў іх кватэры і разбэрсвала шнуркі даволі патрапаных красовак. Між швэдарам і нізкім поясам джынсаў свяцілася шырокая паласа белага дзявочага цела і яшчэ – вузкія паскі трусікаў. Ён імкліва адвёў позірк, але адчуваў, што маці падгледзела і пабачыла, як усхваляваў яго той момант.
– Асобна, што ты! Яна проста кватарантка ў нас. На месяц які, там працу знойдзе і жытло. Яна не выглядае цямцяй-лямцяй.
Паліна управілася хутка, выйшла з ручніком на галаве, у мятым, але чыстым халаціку, які адкрываў яе калені, і Мацвей не мог не звярнуць на іх увагу – круглявыя, роўныя. Зусім іншым выглядаў твар Паліны, з яго знік шэры цень безвыходнасці, ён быў ружовым з лёгкай сарамлівай усмешкай. Паліна падзякавала, папрасіла прабачэння, што давялося яе чакаць, вярнулася ў вітальню, пакорпалася ў сваім чамадане і прынесла, працягнула маці Мацвея свой пашпарт:
– Ганна Антонаўна, прабачце, вось…
– Не трэба выбачацца, а разумець ты сама павінна, не маленькая: свет сёння ненадзейны, – адказала маці Мацвея, спакойна разгарнула пашпарт, зірнула на картку, пачытала звесткі, пагартала старонкі. – Добра, дзеванька, жыві сабе…
Мацвей распавядаў маці падрабязна пра ўсё, што з ім здарылася, за сталом, прымаючы Паліну хай не як сваю сямейніцу, дык сябрам. Маці не перапыняла, слухала ўважліва, ціхенька і гаротна ківала галавой.
– Сынок, а ты не думаеш, што гэта спецыяльна зрабілі табе? – спытала, калі Мацвей замаўчаў.
– Мне? Спецыяльна? – ашаломлена паўтарыў Мацвей. – Але каму гэта спатрэбілася і навошта?
– Усё некалі адкрыецца, усяму свой канец прыходзіць, – задумліва прагаварыла маці. – Ідзіце, кладзіцеся… Пайшлі, Палінка, я табе пакажу твой пакой, дзе што класці. Пазней мы прыбяром лішняе, каб табе вальней было…
Грошай у маці, прыхаваных “на чорны дзень”, было на ўкладзе ў банку каля двухсот долараў у беларускіх рублях. Пагаварылі і вырашылі: няхай паляжаць. За тры дні Мацвей абышоў практычна ўсе прадпрыемствы ў райцэнтры, завітаў да прыватнікаў, пабываў на біржы працы, прагледзеў мясцовую газету з аб’явамі. Працы не было. Зусім. Тое, што прапаноўвалі, было падобным на здзек: на заробак у сто долараў нельга было пракарміцца, не тое што адкласці на патрэбы. Дзіўна, але справы ў Паліны вырашыліся літаральна ў першы ж дзень – у камунгасе ёй прапанавалі нейкую работу, пра якую Паліна сціпла сказала: буду спецыялістам па ачыстцы вод. Інтэрнат паабяцалі, але бліжэй да восені, гэты ход кіраўніцтва быў зразумелым: паглядзяць напачатку, а потым ўжо падумаюць, ці варта даваць.
Маці Мацвея з кожным днём адчувала сябе горай – яна часта ляжала ў сваім пакоі, ёй балела галава. У першы дзень прыезду яна выглядала куды весялейшай, а вось цяпер, дарэшты асэнсаваўшы паразу сына, не здужала маўкліва насіць у сабе боль.
Вестка Мацвея пра тое, што ён намерваецца звязвацца з невядомым яму працадаўцам, каб патрапіць на заробкі ў Расію, напалохалі Ганну Антонаўну. Мацвей, як мог, супакойваў маці: гэта ж усяго на месяц які, каб разабрацца з доўгам! А пацяплее – уладкуецца да прыватных будаўнікоў. Дый варта думаць, ваенкамат на яго не забыўся. Вечарам ён патэлефанаў па нумары, які яму даў Андрусь. На заўтра назначылі сустрэчу.
Мужчына гадоў трыццаці быў лаканічным:
– Праз тры дні вязу брыгаду. Яна укамплектаваная. Са мной яшчэ едуць трое такіх як ты, адзіночак. Там кшталту біржы, падсобнікаў усякі раз пытаюць. Патэлефануеш, скажу час дакладны і месца. Адзенне, ежы дні на тры, пакуль уладкуешся, грошай трохі, пашпарт…
У вызначаны дзень у пяць гадзін раніцы Мацвей з напакаваным заплечнікам пакідаў кватэру. Маці абняла яго і плечы яе заторгаліся:
– Ой, не ехаў бы ты, сынок…
– Усё будзе добра, мама! Палова мужчын на заробкі ездзіць, вунь хаты ўжо сабе пабудавалі, сама ведаеш!
– Чула, сынок…
Паліна выйшла з пакоя ў накінутым на доўгую начную кашулю халаціку, падала руку:
– Шчасліва табе, Мацвей.
– Дзякуй! Не сварыцеся тут…
Частка 6
У мікрааўтобусе Мацвей памкнуўся заняць месца на задніх сядзеннях, але адзін з мужчын, які сядзеў там, папярэдзіў:
– Хлопча, тут наша кампанія. Садзіся там.
Крануліся, выехалі. Сядзенні былі не надта зручнымі. Пакрысе за вокнамі развіднела як след, мужчыны з-заду ажывіліся, пачалі корпацца ў сваіх сумках. У салоне востра запахла варанамі яйкамі, катлетамі і гарэлкай. Мужчыны выпівалі доўга, пакрысе набірала гучнасць і эмоцыі іх размова, сэнс якой старонні ухапіць не мог. Урэшце яны сцішыліся – паснулі.