І сніцца табе сон, што з гушчару ляснога прыходзіць нейкі з шэрымі глыбокімі вачыма, памяркоўны, спагадны. Абліччам гожы, з голасам ціхмяным. Каралеўнай сваёй цябе кліча, застацца з ім у цёмных лясах просіць. Кажа, што гэтак яго адчаруеш, выбавіш, выратуеш…
А ты ж яму ўсміхаешся, кажаш, увесь да сэрца прыйшоўся табе… Застанешся з ім у цёмных лясах, а змрок іх – зусім не цёмны, не страшны… І адчаруеш, выбавіш, выратуеш яго, прыгожага, невінаватага. Адно няхай жа ён ваўка шэрага, дакучлівага са свету звядзе, які цябе палохае ды пагражае гнеўна.
Мінаецца сон, і ты не памятаеш, не ўспомніш нічога-нічога. У невядомы вырай знікаюць сны! А я з-пад ракіты падымаюся, да цябе з’яўляюся і абяцаю ўрачыста, што з’ем цябе, з’ем… Адно сонейка ваўчынага прычакаю, каб смачней ды весялей было! Хочаш плакаць – плач. А ўцякаць уздумаеш – злаўлю! Хто ж у цёмных лясах спрытнейшым за мяне будзе?!
Не плачаш, не ўцякаеш, хоць і чакаю, што птушкай легкакрылай абернешся. Бачу па вачах, што хочацца табе ўзняцца ды паляцець… Кажаш як на тое чынна, міла:
– Не буду ўцякаць, не змагу птушкай свабоднай стацца, у неба падняцца… Горкі мой лёс, ды не падзецца ад яго нікуды! Як вырашыў мяне з’есці, то ж еш… Але перад смерцю хачу пабачыць наяве таямнічага каралевіча, пра якога столькі баек-цудаў!
Ды ўсміхаешся… Ды спадзяешся, што каралевіч звядзе шэрага ваўка са свету. Хто сказаў, што сон лёгка забыць? І што мне рабіці з таго… Гірчу на цябе папраўдзе гнеўна, але ж апошняе жаданне няспраўджаным не пакінеш. Хоць і воўк я, ды ўсё ж…
Яве светлай не давяраючы, як на ўвесь свет зазлаваўшы, зноўку сон на цябе насылаю. І бачыш ты, як ваўчынае сонейка жаўталявае ўзыходзіць, чуеш, як скаланае лясы радаснае выццё… Спяшаешся некуды? Да некага… Я ж твае крокі здалёку пазнаю. А ты рукі цягнеш, а ты просіш:
– Лясы цёмныя, маімі станьце! Сонца ваўчынае, ярчэй мне свяці! Шлях асмужаны, прымройлівы, не хавайся, пакажыся!
Ды не кажаш: «Каралевіч лясны, мне азавіся». Не каралевіча ты шукаеш… Не азваўся табе цёмны лес, не ўсміхнулася ваўчынае сонейка, не паказаўся зманлівы шлях. Някліканы каралевіч з’яўляецца, усміхаецца прыязна, як і раней, просіць яго выбавіць. Выратаваць, бо ты абяцала…
– Не выбаўлю! Не выратую! – узгараешся гнеўна. – Заставайся навек заклятым!
– Закляццё… Нямала часу мінулася, як палоннікам ягоным стаў! А ты з чаго такою нялітасцівай зрабілася? Болей не мілы табе?
– Не выратую, бо не змагу. Воўк мяне з’есць! Вось і ўсё! – ты крыху паспакайнела. – Каб жа можна было мне ваўка таго не баяцца!
– Ды, можа, і не з’есць? – Зазірае табе ў вочы каралевіч. – Мабыць, ён цябе палохае… А сам цешыцца з твайго страху. Змагайся з ім… – ды не кажа, ці то са страхам, ці то з ваўком.
– А мне ўсё роўна, – уздыхаеш стомлена, ціха. – Баюся яго, дужа яго баюся…
– Баішся свайго страху? – хоча насмяшыць цябе каралевіч. – Не ваўка. Калі б ваўка баялася, не дазволіла сябе знесці ў цёмныя лясы… Праўда?
– Можа, і праўда… А ты адкуль ведаеш тое?
– А я ведаю даўно… гэтага ваўка. Не цябе першую ён зносіць. Ды не шукай ім забраных, не пытайся пра іх, не плач… Намарныя такія клопаты. Адно сама не спыняйся… Абяцай, што не спынішся!
– А ты цяпер зусім не мілы. Бязлітасны, як той шэры. Можа, ён і сябра твой? Як воўк, не ведаеш пра дабрыню. І ніколі не быў спагадным…
– Тое праўда, далёка ад людзей быўшы, не меў каму спагадаць, добрае чыніць. А ты сярод людзей жыла. Ведаеш, як балюча можа зрабіцца…
– Ад чаго ж?
– Ад чалавечай хцівасці… Падману. Здрады… Ды ці мала яшчэ ад чаго… Усяго таго, чым людзі жывуць. Ты, прыгожая, ці не з-за гэтага з людзьмі быці не змагла? У цёмныя лясы падалася…
– З-за гэтага ў цёмныя лясы і падалася! – мовіш цвёрда каралевічу.
І спакушальна глядзіць на цябе лясны каралевіч:
– А пра скарбы дзівосныя, пра чары моцныя запытай у шэрага ваўка! – ды знікае, як і не было яго.
Мінае трывожная ноч, знікае няясны дзень. Цямнее таямнічы лес, множыць твае сумненні прымройным пошумам. Спіць шэры воўк, скруціўшыся пад ракітай. На цябе не зважае, хоць і ходзіш вакол, не сунімаешся, ракіту за галінку кратаеш ды просіш:
– Воўк-воўча шэры! Адпусці мяне дадому! Адпусці зусім…
– Дык ідзі! Хіба ж я цябе трымаю… Шлях вяртання знойдзеш проста. Адно шкада, як скарбы не табе дастануцца! А яшчэ ж і чары ёсць… – і смачна пазяхае, прыкрываючы нос лапай.
Пачуўшы такое, як намагаешся пайсці. Ідзеш колькі крокаў. Не вытрымліваеш, вяртаешся. І зноўку непакоіш ракіту:
– Воўк-воўча шэранькі! А ці не будзеш ты мяне есці?
– Цьху! Аб цябе толькі зубы зламаць! Не пакваплюся. Ды і нясмачная, відаць… Адчапіся ад мяне зусім! – і соладка пацягваецца, прыкрываючы нос лапай.
Пачуўшы такое, як быццам крыўдзішся. І зноў намагаешся пайсці. Супыняешся і вяртаешся. Тупаціш знарок моцна, каб ваўка пабудзіць.
– Ваўчок шэранькі! – гукаеш так міла і яшчэ нешта намагаешся казаць.
– Не хоча цябе каралевіч бачыць! І не прасіся! – воўк зіркае на цябе адным вокам.
– А ты адкуль ведаеш, што я пра каралевіча думала?
– А я воўк праніклівы! Не толькі лес навылёт, але і мроі-жаданні тых, хто ў лесе ёсць, як свае, ведаю… – і прыкрывае нос лапай.
– А чаму ж ён мяне бачыць не хоча? – здзіўляешся.
– Мабыць, ад маны тваёй стаміўся, дык і не прыйдзе на спатканне. І не чакай дарэмна!
– Не маніла я каралевічу. Шчырай была… Ён мне мілы, а на цябе, воўча, не хачу нават глядзець! Пагарду тваю здзеклівую слухаць…
– А чаго ж ты хацела? На каралевіча мілага дзень і ноч глядзець? Добрага слова ад яго чакаць?
– Не жадае мяне каралевіч бачыць… Не скажа добрага слова. Не падаруе радаснай усмешкі!
– Не паднясе скарбаў! Не пакіне чараў! Скрушна! Самотна! У-у-у!
– Не! Не кажы так. Не смейся. Я не хцівая… І з чаго ты ўвесь час хаваеш нос пад лапай?
– А гэта не твая справа! Ты лепей скажы мне, што такое спагада? – пазірае воўк-воўча дапытліва. – І якая ж яна, чалавечая дабрыня? Ці не шчырая ж яна? Маўчыш… Дык ці будзеш меці шчасце, лясная каралеўна?
– Ізноў здзекуешся, воўча! Каралеўна ў пакоях багатых жыве, а я ў лесе і зусім замерзла!
– Не сумуй, не журыся! Будуць табе багатыя пакоі…
Ускочыў воўк з-пад ракіты, махнуў хвастом – і змоўк лясны шолах, паплыло некуды хмарнае неба з беднымі іскрынкамі зор. Сцены высокія паўсталі, страшныя, глухія. А на зямлі дываны разаслаліся, а на дыванах быццам жамчужныя слёзы рассыпаліся… Пышна вакол, хораша, вабна. Куфэркі вялізныя сцены падпіраюць, а срэбра ў іх – напоўніцу. Ад бранзалетаў ды завушніц залатых аж вочы разбягаюцца. Толькі… чые ж яны? Ніхто не жыве ў чароўным хораме. Знік і шэры воўк, няма яго нідзе.
Паглядзела вакол дзяўчына, падзівілася. Пахадзіла, паклікала. Не пачула адказу. Стамілася ды зноўку – у слёзы. Як плакаць дык і плакаць, але ж вось цуд – слёзы яе ператвараюцца ў блішчастыя жамчужныя каменьчыкі… Назбіралася тых іскрынак ні многа, ні мала, а невядома колькі, і тады прагучаў ціхі, нібы знаёмы, голас:
– А ў тых лясах каралевіч жыве, дзе кветка цвіце, якая скарбы множыць…
Усхапілася слязлівая, умомант суняўшы голасны плач, узрадавалася ды пытаецца:
– Каралевіч? Выйдзі, пакажыся… Не будзеш болей заклятым… Я цябе ратую, выбаўлю!
– А далей што? Навек застанешся са мною ў цёмным лясным хораме? – пытаецца, але сам на вочы не з’яўляецца, ценем хаваецца. – Я ў лясах дрымушчых жыву, сонца цёплага не люблю, дзяньку яснаму не ўсміхаюся!
– Застануся з табою ў лясным хораме, адно не хавайся!
– А не спалохаешся мяне? Усміхнешся прыязна? – і паказваецца прыгожы.
Чало як зорным святлом аблітае, постаць зграбная, а вочы шэрыя, халодныя. І хочацца сказаць такому: «Ці ж можна спалохацца цябе?» Але нешта пострах бярэ…
Нічога не мовіла, усміхнулася, быццам чарам адгукнулася. Але за чары мацнейшае чалавечае сэрца…
– Выбавіла. Не буду шэрым палоннікам. Маеш шчасце, мая каралеўна. Стануць тваімі цёмныя лясы, будзе ярчэй свяціць ваўчынае сонца. Ніколі не знікне перад табою шлях! Не людское, не самотнае будзе ў цябе жыццё, а прыгоднае, чарадзейнае…