Багданава Галіна - Сакрамэнта стр 9.

Шрифт
Фон

– Гэты пакой… Гэтая кропка ў прасторы падобная да Дантавых дзевятых нябёсаў. Ці да бяздоннай па глыбіні Марыянскай упадзіны… Чуеце: гадзіннік. Ён прабіў, азваўся восем разоў. І зараз нам з Вамі зноў, як тады, трэба ісці ва універсітэт. Мы прыйдзем туды, і зала будзе поўнаю. І я расстаўлю свае макеты, разгарну чарцяжы і буду доўга расказваць пра тое, у што можа ператварыцца самая вялікая універсітэцкая зала, у тое, як можна праходзіць праз сцены і пераадольваць час. І адзін з членаў камісіі, здаецца, нават сам старшыня, выціраючы насоўкаю спацелы лоб, незадаволена прабурчыць: «Ён ці геній, ці вар’ят»… А вы ўсхопіцеся і аднекуль здаля, з самае галёркі выгукніце: «Геній!» Вы першаю скажаце мне і ўсім у той зале гэта, пацвердзіце тое, пра што я баяўся нават думаць. І зала выбухне апладысментамі.

Але ж Вы і памысліць сабе не маглі, што я пасля той сваёй абароны, пасля абароны майго дыпломнага праекта сам сабе прысягну збудаваць дзеля Вас вось гэты незвычайны дом, дзе прастора перацякае ў час, а час набывае свой уласны цень, вагу, колер, водар, можа, нават голас і смак, і самае галоўнае, ён, час, робіцца адчувальным на дотык. Я паважаў Вас, шанаваў. Вельмі шанаваў, любіў, як выкладчыцу, як чалавека, як жанчыну. Вы разумелі, ці, прынамсі, спрабавалі зразумець мяне. А Вы…

– Я Вас пакахала… Тады, з першага Вашага позірку, з першай Вашай усмешкі я закахалася ў Вас…

– Вы сталі першай, хто так адчайна, безаглядна паверыў мне і ў гонар гэтага… Ды не, проста так, проста за тое, што вы ёсць на свеце, я вырашыў падарыць Вам гэты пакой, кватэру ў гэтым маім не зусім звычайным доме, гэтым чароўным доме без кутоў. Тут Вы назаўжды застанецеся такою, як былі, калі я ўпершыню Вас убачыў: назаўжды застаняцеся маладою….А я… я пасталею і вярнуся да Вас. І ўсё ў нас пачнецца спачатку. І будзе мець працяг…

– Ах, Гаўдзі, Гаўдзі… Нават падарункі ў Вас не такія, як ва ўсіх. Спачатку – гэтая парфума з бэзавым прысмакам, ад водару якой мроіцца Бог ведае што. Цяпер вось дом, гэтая кватэра, пакой без кутоў. Дзе час растае, як снег. А прастора на вачах пераўтвараецца ў жывое, пульсуючае святло…

– Не… Святло – гэта Вы. Гэта Ваш жывы цень. Ёсць людзі, іх няшмат, але яны ёсць, у іх ценем стаецца не паўзмрок, а святло. І Вы, і я. Мы з Вамі, пэўна ж, з такіх вось, не зусім звычайных людзей. Мы не жывем, а быццам плывем па жыцці ў хвалях, акіяне святла нашых фантазій і сноў. І чым больш мы фантазіруем, марым, тым далей разліваецца вакол нас нашае святло…

– Акіян… Гэта ўжо небяспечна і… нават страшна… Я ніколі не была на акіяне, але мора, мора заўжды вабіла мяне сваёй неўтаймоўнасцю. Я люблю яго да самазабыцця. Калі я была яшчэ дзяўчынкай, мы з сябрамі аднойчы наладзілі на моры свята Нептуна. І мяне абралі за галоўную Русалку, намалявалі на нагах зялёнаю фарбай лускавінкі, як у рыбы, аздобілі водарасцямі. Разам з Нептунам мы мусілі выплысці да тых, хто сабраўся на беразе. Проста з мора. На лодцы. Сонца прыпякала ўсё мацней. І я ў сваім купальным касцюме не тое што загарэла – згарэла… Потым фарба змылася, а луска, лускавінкі там, дзе была фарба, так і засталіся. Потым так і хадзіла, у лускавінках. Мы плылі тады, а сонца, гэта я добра памятаю, яно было ў самым зеніце і зазірала ў самую глыбіню. У марское бяздонне. І яно, гэтае сіняе бяздонне, як шкло, праглядалася наскрозь. І ў гэтай сапфіравай, з зеленаватаю павалокай сапфіравай сінечы лянотна варушыліся зманліва-празрыстыя, слізкія, мяккія, пластычныя, гнуткія, як хвалі, мядузы…

– Мядузы… Я, калі бачу іх, чамусьці заўсёды думаю пра тое, з чаго іх можна было б зрабіць…

– Можа быць, са шкла?

– Не, гэта будзе занадта банальна. Да таго ж, шкло празрыстае, але не пластычнае…

– Тады мядузу трэба рабіць са святла. Гаўдзі, Вы маглі б зрабіць мядузу са святла?

– Не ведаю. Я ніколі не спрабаваў працаваць са святлом.

– Мора, акіян, як і неба – калыска святла. У іх столькі таемнага, неспазнанага. Недасягальная вышыня, невымерная глыбіня. У нейкае імгненне, раптам, яны – мора і неба – робяцца такімі падобнымі. І ўспененыя хвалі пераўтвараюцца ў пухнатыя аблокі, хмары, якія зноў з дажджом ападаюць у мора…

– А мне аблокі, як і спавітыя пенаю хвалі, чамусьці заўжды нагадваюць белыя ружы. Ведаеце, мне нехта расказваў, што адзін мастак прадаў усё, што ў яго было, нават фарбы і пэндзлі дзеля таго, каб падарыць сваёй каханай мора, акіян белых ружаў. Яна прачнулася, вызірнула ў акно – і не паверыла сваім вачам…

– Мне дастаткова было б адной ружы… Калі б яна пусціла парасткі, я сама б выгадавала з яе мільён белых ружаў і пераўтварыла свой сад у аблокі… Дарэчы, у Сярэднявеччы белая ружа была знакам маўчання… Тады кожная кветка мела свой таемны сэнс. Белы цюльпан – каханне, а ружа – маўчанне…

– Гэта таму, што закаханы заўжды нямее ад…

І Гаўдзі падняў на мяне свае жывыя цёмныя вочы. І гэта быў самы палкі, самы сонечны і хвалюючы з усіх, зведаных мною да таго, позіркаў і дотыкаў. Мяне зноў агарнула, ахінула дзіўнае, незямное святло, у якім я раставала, плыла, выплывала ў бясконцасць. Апошняе, што я памятаю: гэта падобныя да празрыстых бэзавых матыльковых крылаў дзверы з крыху запацелымі шкельцамі…

Ён пайшоў. А я засталася чакаць яго ў збудаваным ім самім для мяне не зусім звычайным доме без кутоў. І ў нейкае імгненне раптам адчула, што я не адна. Ува мне, недзе глыбока, усярэдзіне ўва мне засталіся пульсаваць ягоны пагляд, светлая ўсмешка, ягоны цёплы, мяккі дотык… Мой Гаўдзі…

І праз дзевяць месяцаў я нарадзіла… Нарадзіла ягонае… не, ужо цяпер нашае з ім лёгкае, пульсуючае святло. Яно, як толькі з’явілася на свет… не, не заплакала, яно не закрычала, як усе дзеці. Яно ўсміхнулася і… затанцавала. Спачатку гэтае наноўнароджанае святло рухалася мякка, пластычна. Сціналася і расцякалася, як мядуза. Потым прыўзнялося, надзьмулася і заварушылася павольна, няўклюдна. Гэта была ўжо не мядуза, а смешны, таўстапузы, падобны да Вакха, трытон… А потым нешта зноў сталася, падзьмуў вецер – і на маіх вачах святло пераўтварылася ў чароўную, празрыстую дзяўчыну, жанчыну, якая Амфітрыдаю гатовая была прыпасці, усім сваім гнуткім, як ліяна, целам яна гатовая была абвіць, абгарнуць свайго ўладара, марскога пана Пасейдона… Гэта ўжо была не мая, а ейная мроя…

Я ведала, бачыла з акна, як Гаўдзі – то засяроджаны, то радасны, натхнёны – здзяйсняе свае новыя праекты, будуе дзіўныя, абкладзеныя рознакаляроваю кафляю дамы з падобнымі да ракавінаў вінтавымі лесвіцамі і столямі, прыдумляе поўныя дзівосаў паркі, стварае каменныя каралы і кветкі, казачных востразубых драконаў і бясконцыя змейкілаўкі. І ўсе гэтыя ягоныя архітэктурныя фантазіі і вынаходніцтвы тут, у пакоі, паўтарала – у пластыцы, у колеры – нашае з ім так раптоўна, ад аднаго пагляду народжанае святло…

Я ведала, галоўным для Гаўдзі ўсе гэтыя гады заставаўся храм, які, так мроілася Гаўдзі, мусіў стварацца, вырастаць з самое зямлі… З зямлі, каменю, паветра. Так дзеці будуюць ля мора свае казачныя замкі з пяску… Ён хацеў так уславіць Бога, увасобіць у храме ўсе вобразы Святога пісання. Безліч фігур, кожная з якіх мусіла займець свой голас, сваю мелодыю. Яны, гэтыя галасы, ужо гучалі ў ягонай душы магутнымі арганнымі акордамі…

Я ведала, што Гаўдзі будаваў гэты храм не толькі для людзей, але і для нашага з ім неўтаймоўнага, так раптоўна, нечакана народжанага святла… Пакуль храм не будзе дабудаваны – яно, нашае святло, беспрытульнае, змушана будзе блукаць па свеце.

А тым часам я і не заўважыла, як дом без кутоў прадалі. Яго ператварылі – увесь, за выключэннем майго, нашага з Гаўдзі і са Святлом пакоя – яго ўвесь ператварылі ў ігральны дом. Па вечарах, мне было чуваць, усе пакоі і залы запаўняліся шумлівымі, прагнымі да грошай і выпадковай удачы людзьмі. Яны крычалі, плакалі, клялі адно аднаго і свой лёс. Яны хутка хмялелі, п’янелі і брыдка лаяліся. Адзінае: ніхто з іх ніколі не набліжаўся, не адчыняў дзверы ў мой, у наш пакой. Ніхто з іх і памысліць не мог, што ў доме існуе гэты пакой з дзвярыма, падобнымі да крылцаў матылька, з празрыстымі бэзавымі, крыху як бы запацелымі шкельцамі… Пакой, дзе я чакала Гаўдзі. І куды час ад часу ўсё яшчэ прылятала, прыплывала нашае з ім дзіўнае святло: празрыстая, прамяністая дзявочая здань. Прыплывала дзеля таго, каб для адной мяне выканаць па-Дунканаўску лёгкі, палкі танец кахання.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3