Багданава Галіна - Сакрамэнта стр 10.

Шрифт
Фон

Гаўдзі апантана будаваў свой сабор і, можа, нават ніколі не згадваў пра мяне… Пра нас… Але аднойчы… Аднойчы, ідучы па горадзе (я сасніла ці прымроіла ўсё гэта як бы наяве), ён раптам убачыў, выпадкова ўбачыў цудоўныя белыя ружы.

Па колеры яны былі не зусім звычайныя. Не халаднаватыя, не снежнабелыя, а мяккія, малочныя, з ледзь улоўным цёплым сонечным адценнем… Яны былі такія свежыя, што па іх пялёстках перакочваліся, міргалі дыяменцікі роснага святла. Жанчына, якая зрэзала іх раніцой і прынесла на продаж, ведала іх сапраўдную цану. Яна была вопытным кветкаводам і ніколі не зразала апошніх, пры сцяблінцы, зеленаватых пялёсткаў, якія называюць «сарочкай» бутона.

Яны былі незвычайныя, надта жывыя… гэтыя ружы. Яны дыхалі, нават, здавалася, намагаліся нешта вымавіць. Гаўдзі спыніўся – а можа, гэта яны, гэтыя ружы, самі спынілі неўтаймоўнага Гаўдзі… Так ці іначай, Гаўдзі не ўтрымаўся і купіў адну ружу. І, пэўна ж, адразу (дзіўны, салодкі боль шыпоў!), ён адразу ўспомніў і пра мяне. І пра нашае з ім так раптоўна народжанае і ўсё яшчэ беспрытульнае чароўнае святло. Ён успомніў пра нас і, прыхінаючы ружу да грудзей, да душы прыхінаючы, замест таго, каб ісці на працу, замест таго, каб ісці будаваць храм, якому аддаў некалькі дзесяткаў гадоў свайго жыцця, ён заспяшаўся ў свой незвычайны, збудаваны дзеля мяне дом без кутоў, дом, які даўно стаў ігральным домам.

Ён так спяшаўся, мой, наш сівабароды Гаўдзі, Гаўдзі, які ў сталасці стаў падобны да Жана Вальжана, ён так спяшаўся, што пераходзячы вуліцу, не заўважыў трамвай. Першы ў Барселоне трамвай.

Ён упаў.

І белая ружа, малочна-белая ружа ўпала разам з ім. І з яе пялёсткаў, як слёзы пырснулі, рассыпаліся па бруку, азваліся святлом дыяментавыя расінкі…

Збегліся людзі. Выклікалі доктара. Але і ён не змог вырваць з пальцаў беспрытомнага, беспрытульнага Гаўдзі чароўную кветку, якая ва ўсіх на вачах ружавела, налівалася чырванню… Быццам, адлятаючы, хтосьці перадаваў ёй колер, святло, кроў, сваё жыццё… Людзі былі настолькі ўражаны, што ніхто, здаецца, не заўважыў, як, калі, куды раптам знік Гаўдзі. І што ўрэшце рэшт сталася з ружаю, якую ён не выпускаў з рук.

Святло, нячутнае, выслізнула з майго пакоя, падляцела да Гаўдзі – і дапамагло яму, ягонай душы пераадолець зямное прыцягненне, забрала з сабою цяпер, без душы нікому не патрэбнае, непрыгожае, няўклюднае цела, дапамагло яму даляцець туды, куды ён столькі гадоў ніяк не мог дайсці…

І Гаўдзі – разгублены, нясмелы – зноў пераступіў парог ім жа самім калісьці збудаванага, дзіўнага бяскутняга дома. Дома, які ён ніяк не мог пазнаць… Там, у тым доме, цяпер было поўна зусім незнаёмых, нервова-мітуслівых, п’яных людзей з чырвонымі, спацелымі тварамі. Іхнія грэблівыя ўсмешкі ранілі горш за шыпы. І ружа ў ягонай руцэ залілася сорамам, счырванела, сцялася і ледзь не звяла ад болю. Гаўдзі крануў яе сваімі вуснамі, як бы суцешваючы, суцешваючы і яе, і сябе, і павольна пачаў падымацца па лесвіцы, якая нагадвала ракавіну. Вінтавое ўзыходжанне было падобнае да падзення. А падзенне ставалася ўзыходжаннем. Кожны крок то забіраў, то зноў вяртаў яму пражытыя ім гады… Сівыя валасы пераўтвараліся ў цёмныя і зноў сівелі. Нарэшце Гаўдзі адшукаў ім самім калісьці прыхаваныя ад чужых вачэй і расчыніў падобныя на крылцы бэзавага матылька дзверы – і апынуўся, і вось ён нарэшце ён апынуўся ў тым самым пакоі, дзе я чакала, дзе я так чакала яго…

Замест ценю, я гэта адчувала, вакол мяне паранейшаму блукала святло. Гаўдзі зайшоў. І яно, гэтае неўтаймоўнае святло, як у кроплю, сцяклося ў белую ружу, якая адразу пачала люстравацца ў сценах, на столі, на падлозе. Гэты жывы, светланосны бутон то расцякаўся, то зноў набываў ясныя, выразныя абрысы, што рассыпаліся, расцякаліся ў пялёсткавым ззянні. Кветка пульсавала. Дыхала, і я ведала: яна прагне ператварыцца ў жанчыну, яна прагне паказацца і заваражыць неўтаймоўнага Гаўдзі…

– Усе думалі, што я загінуў. А я вось проста нарэшце, здаецца, дайшоў, наблізіўся да Вас. Мы здолелі. Глядзіце, мы з Вамі, усё ж пераадолелі час!

Гаўдзі пасталеў. Ён цяпер выглядаў нават старэйшым за мяне. Але ягоная вострая, светлая ўсешка, ягоны пагляд, як і раней, заставаліся для мяне цэлым акіянам святла, у якім я раставала – і адраджалася наноў.

Я раставала і адраджалася наноў у незвычайным аксамітным пялёсткавым ззянні магічнага светланоснага, жывога крышталіку любові…

Космас Драздовіча

З першых беларускіх фэнтазі

Як толькі снег стаў гарачым, ён зразумеў, што ягонае існаванне на Зямлі скончана, бо дакладна ведаў, нішто не жыве, не расце ў гарачыні, як нішто не жыве, не расце ў холадзе. Невыносная, смяротная сцюжа сталася невыноснай, смяротнай спёкай. Сонца засляпіла вочы. І ў тое самае імгненне, калі снег, у гурбу якога ён уваліўся, апёк яго, як агонь, перад ягонымі вачыма ў вясёлкавым сонечным ззянні з’явіўся чароўны замак, адзін з тых, якімі ён столькі разоў мроіў на маляваных дыванах, што аздабляюць сцены ў хатах ці не ўсіх навакоьлных вёсак, да кожнай з якіх яму цяпер ісці ды ісці. Не дайшоў. Уваліўся ў снег. І ўсё заглушыла, апякла завея. І вось тады чароўны замак сам прыплыў да яго. Дзверы расчыніліся.

– Дзядзька Язэ-э-э-п!

– Э-Э-Э-П! – рэхам азвалася наваколле.

На прыступках замка стаяў дзіўны маленькі чалавечак. Хлопчык? Дзядзька Язэп падняўся. Абтрос снег. Прыгледзеўся.

– Ты хто? – спытаў ён збянтэжана.

– Э-э-э-п.

Снег раставаў, сцякаў кроплямі, ручаінкамі, лужыны выпараліся, і зпад іх прабівалася трава. І праз цёплы туман твару таго, хто стаяў на парозе чароўнага замка, было не ўгледзець. Толькі сілуэт. Невысокі чалавечак, пэўна ж, хлапчук у даўгой белай сарочцы. Вялікая галава і вушы, як вушкі пасудзіны, тырчком. Беднае дзіця! Дражняць пэўна… Цёпла. Цяпло. Вось яна формула жыцця – не мароз, не холад, не агонь, не спёка, а цеплыня і вільгаць. Дзядзька Язэп расшпіліў світку, пад ёй мірганула падпярэзаная тканым пасам сарочкавышыванка, зрабіў колькі крокаў наперад і апынуўся перад прыступкамі, на якіх стаяў… лапавухі хлопчык з… дарослым, старэчым тварам. Гэта быў не хлопчык, а дарослы чалавекнедаростак. На ягоным зморшчаным, як печаны яблык твары, блукала радасная, нават узнёслая ўсмешка. А вялікія лупатыя цёмныя вочы праменіліся шчасцем.

– Зараз я злаўлю тваю мову і мы пагаворым, – павольна, па складах, загаварыў дзіўны незнаёмец. – Ты толькі гавары са мною. Чым больш ты са мною будзеш гаварыць, тым хутчэй мы зможам паразумецца. Што гэта ў цябе на… – і ён правёў сваёю ручкаюлапкай па шчацэ і падбароддзі.

– Барада. Гэта мая сівая барада. Дажывеш да маіх гадоў і ў цябе вырасце такая… – пераадольваючы збянтэжанасць і, што там казаць, страх, адказаў дзядзька Язэп і зрабіў яшчэ адзін крок да чароўнага замка. І толькі тут, яго ажно перасмыкнула, ён зразумеў, што ўжо бачыў гэтага дзіўнага чалавечка, ды што там, ён добра ведае яго, ведае кожную зморшчынку на ягоным твары, ведае круглыя лупатыя цёмныя вочы без зрэнак. І нават гэтую даўгую белую сарочку… Ён ведае. Не можа быць. Ён жа сам, сам намаляваў калісьці такога, такіх на адной са сваіх карцін. Яны віталі Сонца… І ў іх былі даўгія сівыя бароды…

– Не, у мяне не вырасце. Я не той, пра каго ты падумаў. Я з іншай планеты. Але ты ведаеш мяне. І маю планету ведаеш. Калі ты пераступіш парог гэтага, табою ж прыдуманага замка, ты пазнаеш, ты пазнаеш маю, нашу з табою планету…

– Але як я сюды трапіў? – спытаў дзядзька Язэп, – апошняе, што я памятаю, гэта зорнае неба і снег, гурба снегу, у якую я ўваліўся, спачатку халодны, сцюдзёны, а потым нясцерпна пякучы, гарачы снег.

– А ты хіба не ведаеш, што ўсе жывыя істоты, як толькі спазнаюць абсалютны холад ці абсалютную спёку, адразу трапляюць у свет сваіх мараў, у свет сваіх мрояў…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3