Багданава Галіна - Сакрамэнта стр 8.

Шрифт
Фон

Яны паабяцалі, што гэтая скульптура будзе абавязкова экспанавацца на выстаўцы, і што яна будзе мець шалёны поспех.

Радэн быў шчаслівы, упершыню за ўсё сваё жыццё ён адчуваў сябе абсалютна шчаслівым. Ён быў прызнаны, і я, нічога не патрабуючы, была побач. І ў нас мусіла нарадзіцца дзіця. Тады я ўпершыню адчула, што жаночае цела, пасутнасці, проста прыгожая пасудзіна, якая хавае ў сабе жывую мужчынскую плоць і можа вынасіць, нарадзіць дзіця. Я выношвала нашага сына, а мой танец агню застаўся Вакханцы. Яна забрала маю душу, дакладней, Радэн перадаў ёй маю душу і голас майго цела. Потым, калі ягоныя жанчыны прыходзілі да мяне высвятляць адносіны, я спрабавала растлумачыць ім, што Радэн ад іх вяртаецца да мяне не таму, што я яго трымаю, а таму што ён у кожнай з іх забірае душу, голас цела і перадае іх мармуру, гіпсу, бронзе. Ён любіць, кахае тыя свае тварэнні значна больш за жывых жанчын, але яны не верылі мне. Кожная думала, што здолее стаць для яго адзінай.

А я ні навошта не спадзявалася. Ні цяпер, ні тады. Калі мая душа і мой голас засталіся Вакханцы. Яна стаяла ў кутку, ля дзвярэй, ахутаная лёгкім вільготным покрывам, а я сядзела ля вакна і прыслухоўвалася да свайго, нашага з Радэнам яшчэ не народжанага сына. Мы абодва чакалі Радэна. Цёмна-блакітны, сіні, потым бэзавы паўзмрок наталяў смагу восеньскім сутоннем. Змяркалася. А Радэна ўсё не было. Я ў адрозненні ад Вакханкі была жывою. Я мела насалоду задрамаць. І я задрамала. А калі прахапілася, сын з сярэдзіны пабудзіў мяне, на стале трымцела, разганяючы вакол святло і даўгія, блытаныя цені, свечка.

Радэн вярнуўся. Але ён нават не падыйшоў да мяне. Да нас з сынам. Ён разгарнуў сваю гліняную Вакханку, укленчыў перад ёю і нешта шаптаў, шаптаў, быццам вар’ят, кранаў яе рукі, выгнуты ў палымяным парыванні стан, цалаваў калені, ён мроіў ёю.

А назаўтра высветлілася, што сябры знайшлі яму вось гэтую, новую, больш прасторную майстэрню. І трэба тэрмінова пераязджаць. І Манэ з Дэга прыйшлі, каб дапамагчы перавозіць наш няхітры скарб. Спачатку, упрогшыся, як коні ў воз, яны перавезлі ўсе рэчы і інструменты. Я засталася тут, гатаваць ім вячэру. А яны паехалі забіраць Вакханку. Цяпер можна прызнацца, калі тады я засталася ў новай майстэрні, вось тут, у гэтай майстэрні, я нарэшце адчула сябе свабоднай, вольнай. Я нават спяваць пачала, прытанцоўвала, збіраючы на стол. І толькі калі паставіла і пералічыла талеркі, раптам зразумела, што чакаю не толькі мужчын, але і Вакханку, што і ёй паставіла талерку. І трывога ахапіла мяне, спаралізавала. Я спужалася, мне стала страшна зноў пусціць гэтую жанчыну ў наш дом. Гэтая майстэрня тады была нашым домам. У роспачы я схапіла талерку і бразнула аб падлогу. На дробныя друзачкі. Потым кінулася хутчэй замятаць. Выйшла на вуліцу высыпаць друз. Яны якраз пад’язджалі. Як рабы цягнулі гліняную мадам, што разлеглася на возе. Манэ памахаў мне рукою. І ў тое ж імгненне кола трапіла на камень, вазок нахіліўся і захутаная ў сваё шэраблакітнае покрыва Вакханка саслізнула на брук… Разляцелася на кавалкі. Я думала Радэн не перажыве. Мне было вельмі шкада яго. Я ж усё жыццё кахала яго, і таму міжволі імгненна ўспрымала ягоны боль. Але, нічога не магла з сабою зрабіць, разам з тым болем прыйшла палёгка. Мая душа вярнулася ў цела, і цела зноў набыло голас.

Не, Радэн больш ніколі не любіў, не кахаў мяне так, як тады, калі ляпіў сваю, нашу Вакханку. Але ад усіх сваіх жанчын, ён абавязкова вяртаўся да мяне, бо ўва мне пульсавала душа, і рэхам, у жэстах, рухах, паглядзе гучаў голас Вакханкі.

Я цяпер думаю, што Каміле Кладэль, якая звар’яцела ад кахання да Радэна, каб ён быў з ёю, дастаткова было пабіць усе свае выявы, усе тыя «Пацалункі», у якія Радэн пераўтварыў яе цела. Але. На жаль, мармур б’ецца не так лёгка, як гліна… І да таго ж, амбітная Каміла ніколі б не магла ўявіць сваё цела простай пасудзінай, хай сабе звышдасканалай, жывой, але толькі пасудзінай для Радэнавых пачуццяў, думак, ідэй. Нават, калі ён забраў голас у яе цела, яна пакінула за сабой права мець свае думкі, пачуцці. Свой лёс. Яна спрабавала гаварыць з Радэнам праз свае творы. Але не ведала, што ён, як большасць мужчын, не бачыць і не чуе, што гаворыць, што прагне сказаць жанчына.

Як добра, што ад той Вакханкі застаўся ўсяго гэты аскепак, востры, акрываўлены, але бяздушны, безгалосы. Нямы…

Лепш аглухнуць ад цішыні, чым ад адчаю. Дзе там той прыемны мужчынскі голас з арэхавым «r»? Я пайду на яго, на гэты голас. Босая, па брукаванцы. А раптам гэта Радэн?

Белая ружа Гаўдзі

Дзень у прасторы генія

Навязлівая ідэя – гэта міраж. Міраж у пустыні будзённасці.

Маім міражом, маёю навязліваю ідэяй быў барселонскі дом без кутоў іспанскага дойлідалетуценніка Антоніа Гаўдзі. Неўтаймоўнага фантазёра, шукальніка шчасця, генія ці вар’ята Гаўдзі.

І вось нарэшце, зусім нядаўна, у адным з альбомаў я натрапіла на фотаздымак, які ўжо і не верыла, што калі-небудзь убачу. На ім быў адзняты пакой у тым самым дзіўным бяскутнім доме. Фотаздымак не вельмі выразны, чорнабелы, крыху як бы размыты. Я не столькі бачыла, колькі адчувала. Як у імклівай, чарадзейнай плыні не то вады, не то паветра – хвалямі, хвалямі набягае, накочваецца і ўтварае жывую, пульсуючую, здаецца, нават на дотык рэальную, падобную да лёгкага вэлюму, тканку. І фіранкі, там, на вокнах, бязважкія, празрыстыя фіранкі раставалі ў гэтым няўлоўным эфіры.

Я доўга ўглядалася ў жаданы, светлы міраж. Углядалася, пакуль сама не растала ў ім. І тады там, за рамкаю фотаздымка, ля акна, я раптам ясна, зусім дакладна разгледзела выпісаную святлом далікатную, стромкую жаночую постаць… і я… злілася з ёю. І адчула лёгкі, мяккі водар парфумы, з ледзь улоўным салодкім бэзавым прысмакам. Пачула нязвыклы, мерны шум за вокнамі. Гэтая выпісаная святлом жаночая постаць, гэты сілуэт, гэты лёгкі цень быў мне якраз па памеры. І хоць цяпер пад даўгою, даўняга крою зеленаватаю сукенкай талію і грудзі мне сціскаў гарсэт, я адчула… Упершыню за ўсё жыццё я адчула сябе абсалютна вольнаю. Мая душа дыхала на поўныя грудзі. Яна сціналася ў прадчуванні нечага незвычайнага, незямнога і гатовая была прыняць у сябе, удыхнуць самыя розныя дзівосы і цуды.

Я стаяла ля акна. А ён (з таго боку фотаздымка, пакуль не зайшла сюды, я яго не магла ўгледзець, заўважыць, а цяпер ясна бачыла) – ён сядзеў, адвярнуўшыся ад акна, ён сядзеў насупраць мяне, у фатэлі, падцягнуты, усхваляваны, з шыкоўнаю капною цёмных валасоў, у строгім касцюме, белай сарочцы, з аксамітным матылёчкам-гальштукам.

– Дык Вы прыйдзеце? – яшчэ не словамі, рэхам, як бы ў працяг перарванай гаворкі спытаўся ён і, баючыся, імкліва апярэджваючы маё «не», прыўзняўся, зазірнуў у самыя вочы. І ўсё паплыло. Я растала. Як калісьці даўно-даўно (у юнацтве ў мяне было ўжо такое, але не з ім). І вось цяпер я растала ў ягоным паглядзе. Ён хваляваўся: – Я Вас прашу, я Вас вельмі прашу прыйсці на абарону майго дыплома. Там будзе шмат з таго, пра што я Вам расказваў.

– Гаўдзі, – сказала я не сваім, незнаёмым, яшчэ не абжытым мною, але прыемным, мяккім, меладычным голасам. – Але ж Вы ўжо, здаецца, даўно абаранілі свой дыплом. Я памятаю, Вы паказалі незвычайны, фантастычны праект абсталявання універсітэцкай актавай залы. І я была, я ж была тады на вашай абароне.

Гаўдзі адкінуў валасы з ілба і ўжо без усмешкі, у дзіўным светлым задуменні сказаў: – Даруйце, але я і сам не ведаў, што варта будзе нам пераступіць парог гэтага пакоя, тут, у гэтым дзіўным доме без кутоў, які я збудаваў і прысвяціў Вам і толькі Вам, – і для нас з Вамі ўсё, усё пачнецца спачатку… А гэта значыць, што я… што я ўсё ж такі здолеў стварыць прастору, якая перацякае, пераўтвараецца ў час, час, які тут, глядзіце, ён робіцца адчувальным, яго можна не толькі бачыць, але і крануць… – і Гаўдзі працягнуў руку да аднаго з запоўненых рухомаю плынню святла ўяўных кутоў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3