Багданава Галіна - Сакрамэнта стр 7.

Шрифт
Фон

– Перш чым паехаць у Мілан, – усміхнуўся з залюстроўя Леанарда, – я напісаў герцагу ліст, у якім падрабязна пералічыў усё, што ўмею… І найперш пра тое, што датычыць ваенных вынаходніцтваў. Усе ўладары ў наш час любілі ваяваць. «Я ведаю спосаб рабіць надзвычай лёгкія масты, – пісаў я, – якія да таго ж лёгка пераносіць і іх можна выкарыстоўваць для праследвання ворагаў і для ўцёкаў ад іх…» А пра свае мастацкія здольнасці толькі ў канцы: «У мірны час я спадзяюся вытрымаць спаборніцтва з кожным у архітэктуры, у пабудове дамоў… Я таксама бяруся ў скульптуры, у мармуры, бронзе або гліне, як і ў жывапісу, выкнаць усё, што магчыма, не горш за кожнага, хто жадае памерыцца са мною.» Але для багатых людзей нашага часу важней былі ваенныя вынаходніцтвы…

– І Вы прыдумалі танк, падводную лодку, парашут…

– Людзям у будучым давялося ўсё вынаходзіць і называць нанова. Але для мяне гэта былі вымушаныя вынаходніцтвы. Я іх рабіў дзеля таго, каб мець магчымасць займацца мастацтвам. Кожная краіна мусіць мець моцную армію, каб пад яе аховаю мастакі і паэты маглі спакойна ствараць шэдэўры. І мне давялося выстройваць сваю лінію абароны.

– Але ж Вы, як пішуць, афармлялі святы, рабілі эскізы касцюмаў і зброі, чыталі герцагу і ягоным гасцям байкі, ігралі на розных музычных інструментах…

– Самае цудоўнае, што я паспеў зрабіць у Мілане, гэта канструкцыя, якую я прыдумаў, каб увасобіць рай. Рухаліся па колу планеты, мігцелі зоркі, потым з’яўляліся знакі задыяка. Калі акцёры пачыналі чытаць вершы, здавался, яны вымаўляюць словы неба, словы самога Бога.

Леанарда зірнуў мне проста ў вочы. І ягоны позірк, падалося, апёк маю душу. І праз люстэрка апёк. Але я, імгненна змоўчаўшы, працягвала: – А яшчэ ў Мілане Вы напісалі партрэт каханай герцага Мора Цэцыліі Галярні. А потым пачалі працаваць над помнікам у гонар яго бацькі Франчэска Сфорца, тым самым конным манументам, з якога так жорстка пакпіў Мікеланджэла. Мы можам меркаваць пра веліч Вашай задумы толькі паводле малюнкаў і невялікай групы з бронзы. Калі на пачатку ХVІ стагоддзя пачалося французскае нашэсце, салдаты Людовіка ХII стралялі па глінянай мадэлі помніка, як па мішэні. Вы тады з’ехалі з Мілана… І, дзіўна, не затаілі крыўды на французаў. Больш за тое, свае апошнія дні пражылі пры двары французскага караля Францыска І.

– Я шукаў, дзе мяне зразумеюць… Цяпер магу сам сабе прызнацца, я быў вельмі, страшэнна няўпэўнены ў сабе чалавек. І я прывык, звыкся з няўдачамі… Але тады я з’ехаў з Мілана ў Фларэнцыю, каб там напісаць ці не самы дарагі для мяне твор. Я яго не аддаў заказчыку. Я з ім не развітваўся да самай смерці. Там, у Мілане я сустрэў…

Я чакала, што Леанарда назаве імя, але ён задумаўся і замоўк. Давялося працягваць самой: – Вы сустрэлі Мону Лізу дзі Антоніа дзі Кольдзі Герадзіні, жонку фларэнтыйскага купца Франчэска дэль Джаконда? Або знатную неапалітанку Канстанцыю д’Авалас? Навукоўцы дасюль ніяк не вызначацца…

– Няхай гэта застанецца таямніцай. Мона Ліза, дык Мона Ліза. Ёй было 24, мне – 42.

– 2442, – паўтарыла я і напісала лічбы на паперы, – Ізноў люстэрка. Люстэркавая сіметрыя. Нават страшна робіцца. Вы, праўда, тры гады пісалі яго, гэты партрэт?

– Так, і скончыў у 1503 годзе.

– Паўтысячагоддзя прайшло.

– І вось мы зноў сустрэліся, – сказаў Леанарда і неяк сумна ўсміхнуўся, – Цяпер не ў рэальнасці. Праз люстэрка часу. Я сам вынайшаў гэтае люстэрка. І вось з’явіліся Вы. Жанчына з будучыні. Толькі я не буду пісаць Ваш партрэт. Лепш, чым «Джаконда» я ўжо ніколі нічога не напішу.

– Вашыя сучаснікі сведчаць, што, калі яна Вам пазіравала, Вы запрашалі і музыкаў, спевакоў з лірамі, і блазнаў, каб развесяліць яе, зняць з твару меланхолію…

– І яшчэ я чытаў ёй свае вершы…

– Вершы? Вы пісалі вершы? Мы ведаем, што вершы пісалі Мікеланджэла, Рафаэль. Але Вы… Трактаты, загадкі, байкі… гэта вядома. А дзе ж яны, Вашыя вершы зніклі?

– Я іх не запісваў. Толькі чытаў. Для яе. Потым усё ж вырашыў перапісаць, не простым шрыфтам, люстэркавым. Так, каб іх можна было прачытаць толькі з дапамогай люстэрка. Падарыў ёй. А яна, напэўна ж, схавала, а можа і выкінула тыя паперкі. Каб муж не заўважыў. Але яны, тыя вершы, я ў гэтым упэўнены, засталіся ў яе чароўнай таямнічай усмешцы. Яны пульсуюць у яе жывых вачах.

– Восьвось… Тады ў ёй я ўбачыў самога сябе. Як у люстэрку. І каб я быў птушкай, я б навучыў яе лётаць. І мы б узляцелі. І мы б адляцелі туды, дзе пануе найвышэйшая гармонія. А так… Мы проста раставалі адно ў адным. Ці гэта мне толькі здавалася…

Леанарда падняў руку і дакрануўся да шкла. Я міжволі зрабіў тое ж. І мая далонь бяссільна слізганула па люстэрку.

– Птушцы, якая ляціць супраць ветру і хоча сесці на высокім месцы, неабходна ляцець вышэй гэтага месца, а потым павярнуцца назад і без узмахаў крыламі апусціцца на вызначанае месца…

– Я занадта важкая, каб узляцець…

– Душы не маюць вагі…

Радэнава вакханка

Гліняны аскепак Парыжа

Паўнагучча і паўза,
Трапяткое маўчанне,
Калі словы бяссільныя,
Хай пульсуе жаданне…

Я доўга блукала па Парыжы ў пошуках старой брукаванкі. Мне хацелася прайсціся не па сучасных плітках ці асфальце, а менавіта па брукаванцы. Як адчувала. Шукала старое, з’езджанае, стаптанае каменне, каб спатыкнуцца, упасці, пабіць, параніць калена. Парваць новую шаўковую спадніцу. У якой увечары збіралася танцаваць развітальнае танга. І параніць калена, ды не чым-небудзь, а гліняным аскепкам. Які немаведама як ушчыміўся ў брук. Я выцягнула яго, акрываўлены, са спрасаванага часам пылу. І вырашыла ўзяць на памяць. Паклала на далонь, і аглухла ад цішыні. Яшчэ некалькі імгненняў назад вушы закладала ад звыклага гарадскога шуму, а цяпер – ад цішыні. Зелянелі каштаны, трава прабівалася скрозь брук. І мне здавалася, што я чую, як яна прарастае. Недзе далёкадалёка гучала надрыўная мелодыя вечаровага танга. Якой, аздабляючы музыку арэхавым французскім «r», падпяваў незнаёмы палкі мужчынскі голас. Мне хацелася пайсці на яго, гэты голас, але я разумела, што не магу. Што мушу чакаць кагосьці, тут, у гэтай глухой цішыні, ля гэтай старой майстэрні, дзе калісьці працаваў сам Радэн.

Рыпнулі дзверы. Я ўвайшла. І толькі тут зразумела, чаму так ціха. Радэн забраў адсюль усе свае творы. І адсюль забраў усе свае творы. І гэтая майстэрня цяпер бу дзе як помнік, магільня аднагоадзінага ягонага тварэння, якое загінула тут, на гэтай брукаванцы. Я цяпер разумею, што разам з тым тварэннем, палкаю глінянаю «Вакханкай» загінула і нашае з ім каханне. Нешае з ім. Чаму я так падумала? Няўжо зноў заблукала ў часе? І гэты акрываўлены гліняны аскепак ператварыў мяне ў Мары-Роз Бёрэ? Знойдзеную і кінутую Радэнам Мары-Роз? Роза, ружа, агучаная святлом рознакаляровых шкельцаў, вітражовая ружа, а ў ёй вобраз вечнай пакутніцы Марыі. Яна нарадзіла свайго сына на пакуты… На пакуты…

А як лёгка крочыла яна, Я, па гэтай брукаванцы, калі мы сустрэліся ўпершыню. Тады Радэн працаваў у іншай майстэрні, да яе адсюль недалёка. Але сустрэліся мы тут. Пэўна, яго ўразіла мая фігура, плынь маіх валасоў, мой сілуэт. Ён кепска бачыў, і, каб разгледзець жанчыну, яму проста неабходна было яе абдымаць, лашчыць, доўга, упарта, як гліну. Усе жанчыны, якіх ён знаў пасля мяне, чакалі ад яго разумення, падтрымкі, хацелі, каб ён выслухаў іх, дапамог хоць чым-небудзь. А ў яго жывымі, чуйнымі былі толькі рукі, далоні. Пальцы. Гэта і была ягоная душа. І да мяне ён дакранаўся сваёю душою. Тады, даўно, пасля першай нашай сустрэчы.

Ён марыў вучыцца. Але акадэмікі яго не прызналі. Такіх непрызнаных тады было шмат у Парыжы. І ўсе яны ведалі мяне, таму што мяне ляпіў Радэн. Словы не могуць перадаць таго, што здольнае сказаць цела. Я была вельмі, занадта сціплай, я зусім не ўмела гаварыць і рухалася, як падлетак… Але, калі Радэн глядзеў на мяне, кранаў мяне сваімі рукамі, цела, маё цела, я сама не ведала, што з ім адбывалася. Гэта быў сапраўдны танец агню, гэта было неўтаймоўнае полымя, мае рудаватыя, сонечныя валасы пераўтвараліся ў іскры. А рукі, мае рукі, пальцы спляталіся ўвышыні… Я танцавала без музыкі. Я сама пераўтваралася ў музыку. І ён зляпіў, сама не веру, але ён узяў вільготную, мяккую гліну і зляпіў гэты мой танец, маю музыку. І ў той скульптуры, у той вогненнай Вакханцы жыў, пульсаваў кожны дотык ягоных пальцаў. Не паверыце, гліна дыхала. І Манэ, і Дэга былі ў захапленні.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3