Вось чаму Шаўчэнка ў гісторыі свайго народа знаходзіў і ўслаўляў святое «вар’яцтва» подзвігу і сам ім быў. І сам увасабляў у сабе невыкараняльную творчую сілу свайго народа, само існаванне якога насуперак усім прароцтвам і прадпісанням і было тым «вар’яцтвам» гістарычнага подзвігу.
Вось чаму вера ва Украіну «аднаўлялася», як «аднаўлялася» ў простым людзе і сама не раз пахаваная, пакінутая панска-інтэлігенцкай «красою нацыі» Украіна.
Вось чаму, пры надзвычайнай драматычнай складанасці вобраза айчыны ў Шаўчэнкі, у якім супрацьборнічаюць такія палярныя і цяжкія эмоцыі і рэфлексіі, – гэты вобраз з’яўляецца адназначным, святым.
Пра Шаўчэнку не раз гаварылася, што ён адзін выратаваў цэлую нацыю. Тут трэба перасцерагчы ад занадта літаральнага і прамалінейнага разумення гэтай формулы. Шаўчэнка спарадзіў і высунуў для справы свайго вызвалення сам украінскі народ; такім чынам, ім ён сам сябе ратаваў, уласнымі сіламі, не за кошт чыёйсьці ласкі або збегу гістарычных абставін. Вядома ж, ва Украіне і да Шаўчэнкі была жывая палітычная думка, захоўвалася і заваёўвалася гістарычная традыцыя, тлеў, а часам і ўспыхваў ярка і грозна бунтарскі дух народа, адраджалася новая нацыянальная літаратура – усё гэта і стварыла самога Шаўчэнку; але менавіта ён скандэнсаваў у сабе гэтыя разрозненыя элементы гістарычнай самасвядомасці народа, праявы яго душы, шматразова памножыў іх моц і праметэеўскім факелам напісаў агнявыя скрыжалі свайму народу. Вялі ж яго не ганарыстасць і не фанабэрыстае месіянства, а справядлівасць і любоў:
Я Украіну так люблю,Люблю я так яе, нябогу,Што пракляну святога Бога,Душу за родную згублю!Вось што тут самае галоўнае, вось у чым разгадка і болю, і любові, і багаборніцтва: «люблю я так яе [Украіну], нябогу». Тут, наогул, грань паміж любоўю да народа і самаўзвялічаннем у народзе, паміж патрыятызмам і вялікадзяржаўніцкімі або баганоснымі прэтэнзіямі, для якіх народ з’яўляецца толькі прыладай, а не мэтай.
Гэтая любоў давала Шаўчэнку права не верыць панскай любові да народа, давала натхненне бязлітасна выкрываць панскую красамоўнасць. Адзін з найашаламляльных матываў усёй паэзіі Шаўчэнкі – пастаяннае і неадступнае выкрыццё фальшу панскага народалюбства, «браталюбнай» фразеалогіі вялікіх і малых паноў, не падмацаванай рэальнасцю іх жыцця, іхняй сацыяльнай практыкі:
Вы любіце на братуНе душу, а шкуру!Дый лупіце па законе…Вельмі «недалікатныя», вельмі «грубыя» словы казаў Шаўчэнка лагодным красамоўцам браталюбства… Але, відаць жа, нездарма казаў. Відаць, вялікае пашырэнне атрымалі спробы падмануць народ той самай «любоўю», спробы схавацца за ёй ад сумленнага сацыяльнага разліку; відаць, па меры наспявання і абвастрэння крызісу прыгону многія з «высакародна думаючых» уладальнікаў жывых душ спадзяваліся патапіць у рыторыцы пытанне аб рэальным вызваленні сялян. І сапраўды, нават самы агульны погляд на сацыяльна-палітычную барацьбу вакол прыгонніцтва і яго адмены паказвае, наколькі празорліва бачыў Шаўчэнка вялікую небяспеку ў кручкатворстве і словаблудстве ліберальнага дваранства, у яго палітычных манеўрах, накіраваных на тое, каб сумясціць высакароднасць поглядаў з добрымі даходамі ад маёнткаў, а пазней – «вызваленне» сялян з захаванасцю даходаў і сваіх класавых пазіцый і прывілеяў…
Таму цалкам заканамерна, што прыгон, паншчына – адна з галоўных тэм паэзіі Шаўчэнкі. Таму што запрыгоньванне, як і звязаны з ім нацыянальны прыгнёт, – самая вялікая бяда яго народа.
У 40-я і 50-я гады XІX стагоддзя ва ўсёй Расіі не было другога паэта, які так бескампрамісна, паслядоўна і смела кляйміў бы прыгоннае права і прыгоннікаў, паказваў увесь жах панскіх здзекаў з сялянства, усю нялюдскасць сістэмы ўласнасці на людзей.
Для Шаўчэнкі свет падзяліўся напалову: па адзін бок тыя «сіраціны», з якіх «залапленую світку… са шкурай здымаюць», а па другі – паны… «У срэбры і злаце, Як кабаны тоўстыя, ды яшчэ пузацей». Страшная карціна панскіх зладзействаў паўставала перад яго вачамі, прасветленымі вялікай любоўю да народа, умудронымі прыналежнасцю да ніжэйшых нізоў гэтага народа, вывастранымі суровай навукай – асабістым прыгонніцкім вопытам.
З усёй панскай пароды найагідным Шаўчэнку быў той тып пана, што «вальнадумнічае ў карчме» з мужыкамі. Не таму, вядома, што вальнадумнічае, і не таму, што ў карчме, і не таму, што з мужыкамі. А таму, што разумее па-аднаму, а робіць па-другому. Таму што мала яму драць шкуру з «братоў-аратых, недарэкаў», а трэба яшчэ пры гэтым і падмануць іх сваім «браталюбствам», прытупіць, прыспаць іхні натуральны недавер і варожасць да пана.
Сам жа Шаўчэнка, у пачатку 40-х гадоў перажыўшы кароткі перыяд надзеі на тое, што гарачым словам ісціны пашанцуе пераканаць «землякоў» пэўнага роду «абняць малодшага брата» (дарэчы, заклік не выпадковы, вельмі характэрны для таго часу і, магчыма, навеяны ідэямі і фразеалогіяй славянафільства), – перажыўшы гэтыя кароткачасовыя ілюзіі, больш ніколі не вяртаўся да іх, не верыў у прымірэнне паноў і сялян, узаемную згоду паміж імі, цвёрда зыходзіў з таго, што шчаслівае жыццё сялянства магчыма было б толькі тады,
Калі б не засталосяІ следу панскага ва Ўкрайне.Шаўчэнка некалькі дзён не дажыў да апублікавання маніфесту аб вызваленні сялян. Але, вядома, чуў пра яго, чакаў яго. Мабыць, ён бы і парадаваў яго: усё ж такі воля, – і засмуціў: не тая воля! Зрэшты, не будзем гадаць. Ведаем толькі, што ён думаў так, як народ, – значыць, і паставіўся б па-народнаму.
Яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў, у той час, калі значная частка, калі не большасць, свабодалюбных грамадзян Расійскай імперыі не магла яшчэ казаць пра «Гасудара», «Айца», «Правадыра Рускага народа» без вернападданага «ўздрыгу» і «глыбокай павагі», – Шаўчэнка зрабіў цара і царыцу аб’ектам камедыі («Сон») і сказаў у адрас рускіх цароў страшныя, неймаверныя тады словы: «Каты! каты! людаеды!». Сёння нам нават цяжка ўявіць усю меру бясстрашнасці такога меркавання, такіх слоў для таго часу. Як і тую палітычную мудрасць, якая была для гэтага патрэбна.
У той час, калі Пётр І і Кацярына ІІ былі амаль кананізаванымі святымі Расійскай імперыі, самымі вялікімі святынямі імперскага іканастаса («Паллада русская – бессмертная матерь отечества Екатерина… Отец отечества Петр…»[10]), – Шаўчэнка кінуў у вочы і іх духоўным нашчадкам, і расійска-ўкраінскім казённым патрыётам словы несмяротнай праўды:
Ён той, што распінаўНашу Украіну,А вторая даканалаЎдаву-сіраціну.Каб зразумець іхнюю ашаламляльную смеласць і выкрывальную сілу, трэба ўлічваць гістарычны кантэкст, ідэалагічную атмасферу, славесна-стылістычны «этыкет» эпохі, нават яе моўныя стэрэатыпы. Даследнікі ўжо звярталі ўвагу на тое, як паслядоўна Шаўчэнка, парадзіруючы і «выварочваючы» прапагандысцкія штампы царызму, абвяргаў яго асноўныя ідэалагічныя формулы, а не толькі жаргон палітычнага побыту. Вось яшчэ адзін прыклад. Любімым вобразам, да якога абавязкова звярталіся пад найпатэтычную хвалю ўсе, хто хацеў прывабна ўславіць цара, быў вобраз бясконцасці яго ўладанняў і ўсёпранікальнасці яго нядрэмнага вока.
Праўдзівую цану патэтычнай рыторыцы вызначыў Шаўчэнкаў бязлітасны сарказм:
У нас жа й месца – ёсць дзе жыць —Адна сібірская раўніна…А турмаў! люду!.. Што й лічыць!Ад малдаваніна да фінаНа мовах ўсіх усё маўчыць,Бо працвітае ўсё!З тых часоў Шаўчэнка не мінае, здаецца, ніводнай нагоды, каб выказаць свой гнеў да «каранаваных катаў», сваю пагарду і кпіны. Знаходзіць найзнішчальныя, найздзеклівыя словы для іх, і не задавальняецца, і шукае зноў і зноў. Уражвае шырачэнны, бяспрыкладны ва ўсёй сусветнай паэзіі (акрамя, хіба што, біблейскіх псалмоў і прароцтваў) ідэйна-эмацыйны дыяпазон негатывацыі – ад гневу («Бязбожны цару! творца зла! Прыгнётчык праўды несусветны! Што натварыў ты на зямлі!..», «Глядзіце ж, маці, што ўгары! Што робяць ірады цары!») да агіды («Ратуй ты нас… ад п’янага цара-уладара!»), ад здзеклівай знявагі («Плач вялікі заместа львінага рыкання пачуюць людзі. І той плач, Нікчэмны, доўгі і благі, Паміж людзьмі за прытчу стане, Самадзяржаўны гэты плач») – да пагардлівай прыкрасці («Аж вось шатан цара нясе») або гідлівага шкадавання нікчэмніка, для якога не існуе вечных радасцяў жыцця і фарбаў свету і які толькі й думае, «які б ланцуг яшчэ скаваць».