Таму – пякельныя пакуты душы за крыўды сваёй айчыны, якія не спыняюцца ні на хвіліну, балючае перажыванне гістарычнай несправядлівасці і разнастайнай тупой пагодненасці з ёй, тытанізм уступання ў барацьбу з усімі варожымі сіламі, нават з самім Богам за свой родны народ, чэрпанне сілы ў бяздольным працоўным людзе і парыванне падняць яго да новага жыцця, да бою…
Вялікая любоў ускладае вялікія абавязкі і дае вялікія правы. І той, у каго цяжкія пакуты душы нарадзілі словы гарачай любові да сваёй шматпакутнай айчыны, той меў права казаць ёй і горкія словы болю, гневу і сораму. Бо адна толькі любоў, адны толькі словы любові – не былі бы праўдай і да праўды не давялі б. А ён быў прызваны сказаць «святую праўду на зямлі», тое новае слова, той «новы голас», пра які ён маліў «святую праведную маці»:
Пашлі Ты мне святое слова,Святое праўды голас новы!І слова розумам жывымІ прасвятлі, і ажыві!Гэтае вогненнае слова Шаўчэнка явіў з Украіны, і яно было адначасова словам любові да Украіны, словам нянавісці да яе ворагаў, словам нецярпімасці і гневу супраць «злозачатых», недастойных сыноў самой Украіны. Гэтае вялікае трыадзінае слова Шаўчэнкі ва Украіне «свяцілася», жыло і памнажалася ў сэрцы народа, яно памнажалася і разрасталася ў словах спадчыннікаў Шаўчэнкавага духу – Івана Франко, Лесі Украінкі, Вольгі Кабылянскай і яшчэ шмат-шмат каго…
Тут – аб адным складніку гэтага «трыадзінага» слова. Шаўчэнка – творца ва ўкраінскай літаратуры, у духоўным жыцці Украіны таго магутнага і бязлітаснага духу нацыянальнай «самакрытыкі», што заўсёды быў патрэбай і ўмовай вялікага сацыяльнага і нацыянальнага руху, усякага вялікага нацыянальнага адраджэння і спаборніцтва, – і які з тых часоў ва ўкраінскай літаратуры гучаў пільна і востра, стаўшы адным з вядучых яе матываў (успомнім матывы нацыянальнай «ганьбы» ў Лесі Украінкі, «здрады» ў Вольгі Кабылянскай, успомнім знакамітае Франковае: «…ад сораму, які нашчадкаў позніх будзе паліць, заснуць я не магу»).
Такія матывы знаёмыя многім літаратурам свету, асабліва літаратурам народаў, якія падвергліся нацыянальнаму прыгнёту, катастрофе ці заняпаду і ўзяліся за вялікую гістарычную справу нацыянальнага адраджэння.
Выразныя аналогіі знойдзем у творчасці Беранжэ, Гюго, у Лесінга, Гейне, Зейме, іншых нямецкіх паэтаў-дэмакратаў першай паловы XІX ст.; у Герцэна, Чарнышэўскага, Салтыкова-Шчадрына, В. Курачкіна, а асабліва – у паэтаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы: Міцкевіча, Пецёфі, Хрыста Боцева, Хасэ Марці… Можна спаслацца і на высокую хвалю нацыянальнай самакрытыкі ў французскай літаратуры канца XІX ст. (у прыватнасці, Рамэна Ралана) пад уплывам паразы ў франка-прускай вайне 1870 года і выкліканай ёю нацыянальнай дэпрэсіі (а наколькі цяжэйшай была гістарычная катастрофа Украіны!). Ва ўсіх гэтых пісьменнікаў знойдзем нямала амаль даслоўных пераклічак з нашымі Шаўчэнкам, Франко, Лесяй Украінкай. І гэта не выпадкова: супастаўляльныя абставіны даюць супастаўляльныя наступствы.
Але адначасова Шаўчэнка вельмі спецыфічны ў характары і амаль недасяжны ў энергіі бічавання «ўласнага» панства, псеўдапатрыятызму, рабства, лакейства, халуйства, заспанасці, ленасці, страты традыцый гераічнай барацьбы за свабоду. Тут у яго ёсць моманты глыбокай унутранай супольнасці з вялікімі паэтамі нацыянальных адраджэнняў шэрагу іншых народаў Расійскай імперыі.
Паэзія Шаўчэнкі спараджала нацыянальны сорам няўтольным бічаваннем перабежніцтва і маўклівага рабства, будзіла нацыянальны гонар слаўнымі гістарычнымі ўспамінамі і адкрыццямі любові, а гэты гонар, кожны раз падвяргаючыся смяротным крыўдам зневажальнай рэчаіснасці, зноў вярэдзіў сорам. Так пастаянна жывілі адно аднаго, адно ў іншае пералівалася і адно другое памнажалі – сорам і гонар, любоў і нянавісць, вера і безнадзейнасць. Гэтае цяжкае змаганне і пакутлівае ўзаемаапладатварэнне супярэчных пачуццяў, гэтыя жывыя згусткі болю і пакуты – з малавядомай у сусветнай паэзіі сілай выліваліся ў пасланні «І мертвим, і живим…», вершах «Чигрине, Чигрине…», «Юродивий», «Осія. Глава XІV. Подражаніє» і многіх іншых.
Паэт нібы свядома развярэджваў нацыянальны сорам: ім, як і нацыянальным гонарам, нацыянальнымі ўспамінамі, ён быццам бы хацеў перарадзіць цэлую нацыю, змяніць яе гістарычны лёс. Як вялікі падзвіжнік, ён прымае на самога сябе яе грахі і нягоднасці, заклікае сябе за іх да адказнасці, караецца за тое, у чым не вінаваты, кажа «мы» там, дзе мог і павінен быў бы сказаць «вы»!
Зразумела, па-рознаму гаварыў Шаўчэнка пра рабоў несвабодных, рабоў па слепаце, «рабоў рабоў» (яго вобраз) – і пра рабоў самаахвярных, рабоў шчырых, рабоў старанных і пільнуючых у сваім рабстве, рабоў па прывілеяванаму становішчу, рабоў па панству. Першым ён то спачуваў, то папракаў, а на другіх наклікаў лютыя пакаранні.
З непамернага сораму і болю за ўсіх нараджалася і «вялізнае» (Франко) слова за ўсіх. Яно было ў рост з той гістарычнай місіяй, якую Шаўчэнка свядома на яго ўсклаў: выкаваць да «старога плуга» «новы нарог і разец», «распароць дрэннае, гнілое сэрца, цяжкае» сваёй нацыі – «выцадзіць сукравіцу» і наліць «жывой казацкай той крыві, чыстае, святое!». Менавіта такі нацыянальна-ратаўнічы сэнс маюць бясконцыя бічаванні «няверных дзяцей» Украіны, іх «крывадушнасці і здрады», часта перарастаюць у апантаныя праклёны цэлай нацыі, «грахоўнай вантробы» Украіны.
У Шаўчэнкі было дзве Украіны: Украіна як вечны пачатак і Украіна як гістарычны момант. Украіна-маці і Украіна-прыблуда. Украіна бязгрэшная і Украіна «разбэшчаная». Украіна «рыцараў» і Украіна «рабоў, падножак». Гэтую другую, гістарычна знявечаную і гістарычна недаўгавечную Украіну яму даводзілася лаяць і праклінаць дзеля першай, Украіны гістарычна вечнай.
Ці мог Шаўчэнка дакараць акрамя ўкраінскага пана яшчэ й украінскага казака, ці мог пабіваць і праклінаць проста ўкраінца як рэпрэзентанта нацыі? Прачытайма містэрыю «Великий льох» ці верш «П. С.»:
…Людзі, людзі!За скрыль гнілое каўбасыУ вас хоць маці папрасі,Дык аддасце. Яно б нічога,Калі – пра п’яніцу якога…Балюча, крыўдна за людзей,За тых юродзівых дзяцей!Прачытайма яго палымяныя сатыры пра «цароў», цэлы цыкл высокага ідэйнага напружання твораў, галоўны матыў якіх: людзі самі сваім рабствам «заслужылі» сабе «цароў» і церпяць іх праз сваю подласць:
О людзі! Людзі-небаракі!Нашто здаліся вам цары?Нашто здаліся вам псары?Усё ж вы людзі, не сабакі!Тут ужо нацыянальная «самакрытыка» вырастае ў «крытыку» чалавецтва, а «нацыянальны сорам» уваходзіць у «агульначалавечы сорам».
Бязлітасны крытычны перагляд нацыянальнай гісторыі – адзін з галоўных матываў паэзіі Шаўчэнкі. Але адначасова Шаўчэнка падносіў сапраўды гераічныя старонкі ўкраінскай гісторыі і абараняў іх ад фальсіфікацыі, прэтэнзій і замахаў ворагаў, асабліва царызму, які спрадвечна ўкраінскае аб’яўляў сваім.
Любоў да айчыны ў Шаўчэнкі не сляпая і фанатычна дагодлівая, а відушчая і няўмольная; гэтая любоў не зацалоўвала раны і язвы, а выпальвала іх. Гэтая любоў была вольная ад часта ўласцівага рэпрэзентантам прыгнечаных, пакрыўджаных нацый кепскага тону прыліпчывасці, паддобрывання, клянчання і спецыфічнай занудлівасці беднага сваяка або «непрызнанага генія». Не, гэта была тая любоў, якая замацоўвала тон і пачуццё ўласнай годнасці. А чым вышэйшай і змястоўнейшай станавілася гэтая годнасць, тым больш драматычныя перажыванні адкрывала яна, бо ўсюды натыкалася на абразы і сустракала прыніжэнні; тым больш гнеўна абуралася яна сваімі супляменнікамі, бо бачыла іх неадчувальнасць да гонару, іх прыцярпеласць да знявагі; тым больш ненармальным і неверагодным, ганебна вар’яцкім выяўляўся агульнапрыняты «нармальны» парадак рэчаў, бо здаровы сэнс абывацеля-раба Шаўчэнка ўспрымаў як найподлую бязглуздзіцу, – і тым больш востра пякла яго туга па «вар’яцтву» высакароднасці, годнасці і гонару, «вар’яцтву» подзвігу, гэтая вечна надзённая туга («Юродивий»).