Кузьма Чорный - Трэцяе пакаленне стр 3.

Шрифт
Фон

– У яго нага баліць?

– Баліць. Гэта там на дарозе, за лесам, на тым тыдні салдаты яго кінулі, я яго забраў і крыху адхаяў. Можа, як завязу вас. Што ж вы будзеце прападаць без фурманкі. Як-небудзь, можа, будзем ехаць. Но, малы! – (Страшэнна кульгаючы на пярэднюю нагу, конь крануў з месца.) – У мяне самога коні някепскія, але ў раз’ездзе. Двое коней у абозе, а трэцяга ўзялі ў вёску знаёмыя людзі снапы вазіць. Што ж, трэба памагчы людзям. Сам я нейк управіўся. Авёс яшчэ мой увесь не пажаты.

Конь ледзьве ішоў, з кожным крокам прыпадаючы мысай у зямлю.

– Дзе вашы коні?! – Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. – Зараз жа давайце свайго каня!

– Дзе я вам яго вазьму!

– Вам лепш знаць.

Скуратовіч злез з воза і абапёрся локцямі на драбіны.

– Я раблю ўсё, што магу, каб памагчы вам. Якога каня маю, такога і запрог.

– Каб памагчы мне?! Ты яшчэ, можа, падзякі ад мяне захочаш? Зараз жа давай другога каня!

Скуратовіч развёў рукамі і зноў стаў у скамянелай позе.

– Я табе даю часу ўсяго адну хвіліну так стаяць і думаць. Пасля гэтага або ты запражэш добрага каня, або я цябе арыштую.

Скуратовіч раптам угнуў плечы так, што яны сталі шырокія і круглыя. Ён моўчкі палез на воз.

– У мяне коней няма. Мы з вамі пераедзем лясок, і там, у вёсцы, я вазьму каня… Гэта нават дзвюх вёрст не будзе ад вёскі. Ён памаўчаў.

– Але і так сказаць, боязна мне цераз гэты лес ехаць. Тут часта бандыты абзываюцца.

Гэта ўжо зусім пахла здзекам. Кандрат Назарэўскі закрычаў:

– Марш!

Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі адчуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Вельмі паволі ўехалі яны ў малады ельнік – страшэнная гушчыня. Конь яшчэ горш пайшоў. Кандрат Назарэўскі злез з воза і пайшоў побач. Злез і Скуратовіч. Ёльнік неўзабаве разбегся, і, уся залітая сонцам, бліснула аўсяная паляна. Жанок дзесяць жалі авёс. Першая ад дарогі жала дзяўчына, зусім маладзенькая, яшчэ падростак. Яна як адагнулася глянуць, хто едзе, Кандрат Назарэўскі ўбачыў моцны, як тонка вытачаны, твар з загарам, густыя рыжаватыя валасы, белую хусцінку на самым версе галавы. Глянуўшы на фурманку, яна зусім пакінула жаць і асталася так стаяць, пакуль не пад’ехалі бліжэй. Ёй было год каля чатырнаццаці.

– У фурманку? – сказала яна, цікаўна гледзячы то на Скуратовіча, то на чырвонаармейца.

– Але, – панура адказаў Скуратовіч.

– Чаму ж вы, дзядзька, добрага каня не запрэглі?

Яна не зміргнула вокам, гледзячы на Скуратовіча. Жанчыны некаторыя ўсміхнуліся, некаторыя яшчэ ніжай нагнуліся жаць, а самі ўсё паглядалі на дарогу. Скуратовіч паціснуў плячыма і паглядзеў на чырвонаармейца. Што, значыцца, з ёю гаварыць! Чырвонаармейцу ж вядома, што коней у яго дома няма!

Дзяўчына ўсё глядзела на Скуратовіча. Гэта была самая шчырая, можна сказаць, дзіцячая наіўнасць. Яна зусім ужо выйшла на дарогу. Кандрат Назарэўскі заўважыў, як густа ад загару вяснушкі ўкрылі яе твар. Ён спыніў каня. Скуратовіч загаварыў да дзяўчыны, ядучы яе вачыма:

– Дзе ж тыя коні! Няма ж дома.

– А ў ельніку ж! Вунь жа блізка. Толік жа там з коньмі.

Цяжка было разабраць – ці гэта ад наіўнасці, ці гэта сумысля, нават зларадна.

– Што ты дурыш! – аж затросся Скуратовіч.

Угнуўшы плечы, яна пачала жаць.

– Марш па коні! – загадаў чырвонаармеец – Жыва!

Скуратовіч пайшоў у ельнік. Жанкі са здзіўленнем паглядалі на дзяўчыну. Яны спачувалі ёй. Чырвонаармеец разгаварыўся з ёю:

– Гэта Скуратовічаў авёс жнеце?

– Але.

– У лесе з коньмі гэта сын яго?

– Сын.

– Чаму ж ён не ў арміі?

– Ён яшчэ перад палякамі, як было адступленне, уцёк дадому. 3 першага дня, як прыйшлі палякі, яго ўжо бачылі дома. А цяпер ён у лесе, коні трымае. Ператрымаў увесь час, пакуль армія прайшла. Ніхто і не ведаў. Няма коней і няма. У абоз, значыцца, пагналі. Так усё стары казаў.

– А ён цяпер у армію пойдзе?

– Хто яго ведае. Толькі ўчора павыклейвалі ў нас загад – за некалькі год хлапцам трэба з’яўляцца. Яго году таксама трэба. З’яўляцца трэба праз дзесяць дзён. Ці пойдзе ён, ці не – хто яго ведае. Тут і больш ёсць дэзерціраў. Гавораць, што пойдуць, хто іх ведае.

Скуратовіча ўбачылі па гэты бок ельніку. Ён вёў на повадзе чорнага каня. Запрагаючы, ён сказаў, ні на кога не гледзячы:

– Вядома. Кожнаму чалавеку вайна страшна. Кожны ратуецца, як можа. Я мучыўся, гараваў…

Яны паехалі. Кандрату Назарэўскаму балела рана на назе. Многа так ехаць ён не мог. Праз вёрст пяць было мястэчка. Кандрат Назарэўскі сказаў тут спыніцца. Яму ўжо трэба было адпачыць.

– А такі i праўда, – узрадаваўся Скуратовіч. – Вы хворы і змучаны. Вы тут сабе ў каго ў хаце адпачніце да заўтрага, а там вам дадуць фурманку, і вы сабе паедзеце далей на здароўе. А я сабе пабяруся пакрысе дадому, авёс вазіць. От тут жонка бутэльку малака на дарогу ўставіла ў воз, то вы гэтае малако можаце ўзяць сабе. Ад малака вам, я ж кажу, лагадней стане. Адно, калі ласка, мне распісачку, што я вас вёз.

– Што? – выйшаў з цярплівасці Кандрат Назарэўскі. – Праз гадзіну мы з вамі паедзем далей! Заязджайце ў які-небудзь двор!

Холадна і спакойна, як быццам бы нічога не было, Скуратовіч сказаў:

– Унь там хата майго знаёмага, туды заедзем.

Завярнулі ў двор. Кандрат Назарэўскі ўвайшоў у хату. Там быў адзін толькі хлапчук, год яму было не больш пяці. Ён сядзеў на зямлі і чэрпаў вялікай лыжкай з гаршка нейкую шэрую калатушу. Твар у яго быў страшэнна замурзаны.

– Дзе ж усе вашы?

– Няма нікога дома, – катэгарычна адказаў ён, – Тата на рабоце (памаўчаў). А Зося наша дома не жыве (гаварыў ён нейкім дзіцячым басам).

– А дзе ж жыве ваша Зоська?

– У Скуратовіча служыць.

«Ці не тая, што авёс жала і пра коні гаварыла?»

Кандрат Назарэўскі хапіўся за кішэні, але што там у яго магло быць, каб даць на пацеху ці на асалоду гэтаму дзіцяці? I ён нагарнуў сабе пад галаву ўсялякіх лахманоў і лёг на лаве. «От, чорт, – думаў ён пра Скуратовіча, – як ён намучыў мяне, сабака». Хлапчук усё боўтаўся ў гаршку.

Спаў ці так драмаў Кандрат Назарэўскі? Яму не хацелася нават паварушыцца. Цішыня ў хаце была нязвыклая. Яна цягнулася аж датуль, пакуль не ляпнулі дзверы і ў хату хтосьці не ўвайшоў. Гэта была тая самая дзяўчына.

– Які ты мурзаты, – сказала яна да хлапчука.

Яна намачыла ручнік і выцерла яму твар.

– На, – дала яна штосьці яму.

– Сала? – узрадаваўся малы. – Дзе ж ты ўзяла, Зоська?

– Табе прынесла.

Ядучы, ён дурэў з сястрой, пасля кідаўся на ложак, куляўся там, заходзіўся бесклапотным смехам.

– Чалавека пабудзіш! – сцішала яго яна.

Кандрат Назарэўскі падняў галаву. Яна пазнала яго і не здзівілася, толькі глядзела на яго так, быццам чакала нейкага растлумачэння. Ён расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся.

– А пакуль фурманку дастаў гэтую, дык патузаўся з гэтым Скуратовічам.

– Я таго і дадому прыйшла, што бяда мне цяпер будзе. Я без усялякай хітрасці сказала, што коні яго ў лесе, а пасля адумалася, што ён жа і сам ведае.

– А каб вы спачатку адумаліся, дык бы не сказалі?

Яна зразумела, што гэтым хацеў сказаць чырвонаармеец, і адразу не магла адказаць. Яна загаварыла як быццам пра іншае:

– Я не ведаю, што мне цяпер рабіць. (Вочы яе заблішчалі ад слёз.) Я ўжо баялася быць там, мяне там елі б, грызлі б. Ужо дзён тры мне спакою не будзе. Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Там ужо гаспадыня панясе гэтаму Толіку ў ельнік есці, дык той ёй раскажа ўсё. Яна мяне заесць. Я дадому сюды прыбегла, аж бачу – Скуратовіча конь стаіць. Мы крыху сваякі.

Яна заплакала. Кандрат Назарэўскі неўзаметку ўваходзіў у справы чужога жыцця. Яны цяпер былі з гэтай дзяўчынай умешаны ў адну справу, як быццам змоўшчыкі яны былі. Спалоханы плачам сястры, хлапчук паглядаў на яго з кутка.

– А вы зусім кінуць служыць не можаце?

– Тады трэба будзе да каго іншага ісці.

3 шчырай даверлівасцю яна пачала расказваць пра сваё парабчанства, пра свайго бацьку, пра Скуратовіча. Цяпер гэта ўжо не была тая наіўная дзяўчына, што так неспадзеўкі і проста ўспомніла гаспадару пра коні ў ельніку. Яна нават своеасаблівым парадкам давала ацэнкі некаторым справам і людзям. Тут яна выявіла сталую спрактыкаванасць. Яна расказала пра Скуратовічаў тое, што сама бачыла і што магла чуць ад людзей, за яе старэйшых.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188

Популярные книги автора