Як ужо быў Скуратовіч за аканома ў пана, узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані запакаёўку. Раптам з’явіўся на даляглядзе чалавек. Гэта быў Стафан Сэдас, панскі сырнік. Скуратовіч і цяпер як мае быць не ведае, адкуль ён быў родам, гэты Стафан Сэдас. Hi то з-пад Гародні, ні то з-пад Сувалак, а можа, нават і з-пад самай Варшавы. Бачыў і ведаў Скуратовіч толькі адно: чалавек гэты з добрай галавой, не любіць мужыкоў, выглядае панам, умее добра з папамі абыходзіцца, а як пачне гаварыць – то не спаў бы, не еў бы, а ўсё слухаў бы. Адным словам, чалавек, можна сказаць, культурны. Ён – і пра сямейныя інтымнасці ўсіх навакольных паноў, і пра гешэфты павятовых скупшчыкаў і перакупшчыкаў, і, нават, у вясёлую хвіліну, калі ў галаве туманіцца хмель, пра заляцанні старога пана да аптэкаравай жонкі ў мястэчку. I раптам гэты чалавек, гэтакі добры знаёмы, гэтакі прыемны госць робіцца Скуратовічавым сваяком – бярэ замуж панскую пакаёўку, Скуратовічаву сястру. Пан адчыняе другую сыраварню, і Стафан Сэдас робіцца майстрам у двух маёнтках адразу. Складаецца цікавае сяброўства: хутаранец Скуратовіч, сыравар Сэдас, местачковы арганісты і панскі садаўнічы. Сэдас страшэнна ненавідзіць праваслаўе, а значыцца, і папоў. Ён паважае ксяндзоў, а Скуратовіч з папом першы друг. А пра дзяка і казаць няма чаго: той як дзень, так і ноч трэцца на Скуратовічавым хутары. А тут якраз з Сэдасавай ласкі пачаў укліньвацца да Скуратовіча арганісты, а за ім яшчэ гатоў з’явіцца на даляглядзе і сам ксёндз. Што рабіць? Сэдас не такі чалавек, каб пагадзіць праваслаўе з каталіцтвам. Так гэтая няпэўнасць цягнулася блізка год, пасля Сэдас падстроіў так, што поп зусім пачаў мінаць Скуратовічаў хутар. Сэдас расцвяліў Скуратовічавых сабак перад тым, як меўся сюды з’явіцца поп. Сабакі дайшлі да такога гарту, што мелі патрэбу ўжо кінуцца абы на каго, хоць на самога Скуратовіча. Сабакі ўзялі-такі як мае быць папа. A Сэдас дэманстратыўна стаяў на Скуратовічавым ганку і хоць бы зварухнуўся. Назаўтра поп граміў у царкве, у пропаведзі, каталіцтва, а Скуратовіч прымушан быў, як настаў Вялікі пост, ехаць да споведзі аж у суседні прыход. Ксёндз, праўда, Скуратовічавым другам не зрабіўся, але Скуратовіч у поўнай меры задаволіўся і адным арганістам. Добра і гэта! У Скуратовіча над камодам з’явілася велікодная паштоўка: ідуць паніч з паненкай, навокал іх распускаецца бэз, а ўнізе напісана Сэдасавай рукой: «Wesolego Alleluja!»
Першыя два-тры месяцы пасля канца царскай імперыі ўсё ішло някепска, нават яшчэ і лепш як быццам. Пан падтуліў хвост, а яго службовец Сэдас маёнтка не меў, што яму! I ён пачаў засноўваць у мястэчку прадпрыемства, якое назваў «кааператыў». Першыя пайшчыкі былі: Сэдас, Скуратовіч, ксёндз, арганісты, сам пан – гаспадар сыраварняў – і ўсё местачковае выдатнае праваслаўе – поп, дзяк і яшчэ там чалавек трох местачкоўцаў. Ніякіх канфліктаў не адбывалася і адбывацца не мелася. Тут праваслаўе і каталіцтва пагадзіліся. Наадварот, поп быў пачынальнікам усёй справы і сам парэкамендаваў на пасаду галавы прадпрыемства Сэдаса. Сэдас па вушы ўвайшоў у справу, ён кінуўся ў новую дзейнасць. Ён сам з’явіўся да папа і меў з ім доўгую гутарку. Пайшчыкаў больш не запісалася, але яны і не патрэбны былі: прынамсі, кожная драбяза не замінала пад нагамі. Гандлёвае таварыства, ці, як у статут было ўпісана, «кааператыў», шырылася вельмі ўдала. Разам з іншымі гарадскімі таварамі, якія ўвішны Сэдас ухітраўся аднекуль даставаць, там прадаваліся Скуратовічавы мёд і сала.
Але адбылася другая рэвалюцыя, і прадпрыемства пайшло дагары нагамі, а ўсе ўдзельнікі яго пашыліся ў свае норы, як рудыя мышы. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Сын Анатоль уцёк з Чырвонай Арміі дадому, і гэта давяршыла радасную сямейную ўрачыстасць. I навокал усё пайшло інакш. Сэдас зрабіўся вялікім чалавекам. Перш за ўсё ён ужо сам стаў кіраўніком панскага маёнтка. Гаварылі, што пан яму падараваў зямлі і ён мае намер завесці ўласную дамоўку, чакае толькі, калі ўсталюецца непарушны парадак (як будзе скончана вайна з бальшавікамі). Пасля ён стаў як бы нейкім начальнікам. Адзін раз вясковы чалавек сказаў на рынку пра Сэдаса, што «наўрад ці можна дзе яшчэ знайсці такога панскага падбрэхача». To не паспеў той чалавек з’явіцца дадому, як паліцыя тут жа яго схвастаў нагайкай і заявіў, што не кожнага дазволена абзываць падбрэхачам. 3 паліцыянтаўскага пастарунку Сэдас і не вылазіў. Наводзіў ён паліцыянтаў на кожнага, калі дзе хто якое не зусім трывалае слова скажа. Сэдас уеўся людзям у косці так, што (гэта было ўжо цяпер, за некалькі дзён да спаткання Кандрата Назарэўскага з Скуратовічам) перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Але ён паспеў выехаць разам з панам. Шмат хто з вяскоўцаў чухаў патыліцу з прыкрасці, што не ўдалося якога-небудзь знаку пакінуць на Сэдасавай асобе на вечную памяць.
– Гэта ён зняты на фатаграфіі над камодам у Скуратовіча?
– Ён, – адказала дзяўчына.
Яна гаварыла ўжо з нейкай заўзятасцю, старалася расказаць усё, давесці да ведама Назарэўскага нават усё самае дробнае. Яна як бы думала, што гэты чырвонаармеец адным махам рукі, адным сваім словам навядзе ва ўсіх гэтых справах парадкі. Ёй больш не трэба будзе варочацца на Скуратовічаў хутар, недзе там, за граніцай, зловяць Сэдаса і прывядуць сюды. Бо тут жа яго лавілі, а ён уцёк. Дзіцячая наіўнасць зноў пачала з’яўляцца ў яе скрозь спакойную сталасць. Так яна гаварыла з Назарэўскім. Ён хацеў сказаць ёй што-небудзь добрае, ласкавае. Скуратовіч увайшоў у хату. Ён убачыў Зосю.
– Ты прыйшла?
«Паспрабуй абараніць яе цяпер перад Скуратовічам, – думаў Кандрат Назарэўскі, – то ёй яшчэ горш будзе». I ён загадаў Скуратовічу ехаць далей. На развітанне ён працягнуў Зосі руку з пачуццём вялікай прыхільнасці, як быццам яны заўсёды ведалі адно аднаго.
– Можа, калі трапіцца быць у маім горадзе, то заходзьце. У мяне дома бацька і сястра малая. Запомніце вуліцу і нумар дома.
Даючы ёй адрас, ён мала спадзяваўся, што яна сапраўды калі-небудзь завітае туды. Але ён шукаў сказаць ёй што-небудзь такое, каб яна адчула яго да яе прыхільнасць, а майстар на слова ён не быў.
Скуратовіч павёз Назарэўскага. Праехалі рэчку, уехалі ў лес. Лес рос на нізкім месцы, месцамі ішлі забалочаныя паляны. Скуратовіч пачаў гаварыць:
– Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара – гэта толькі загіністая ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. За гэтым лесам яна вельмі ж раптоўна ўшыркі разліваецца.
Кандрат Назарэўскі не спыняў яго і не памагаў яму ў гаворцы. Ён цераз дзесятае ў пятае чуў, як Скуратовіч, увайшоўшы ў ахвоту, гаварыў пра «вечнае ўсталяванне жыцця чалавека на зямлі». Ён гарнуў усю сваю душу праз гэтую гаворку на тое, што свет толькі тады будзе мець «законнае ўсталяванне», калі ўсё пойдзе пад вядомыя яму «вечныя» дарогі. Ён так і гаварыў: «калі законны парадак усталюецца». Якраз гэта было тое «ўсталяванне», з якім змагаўся, не шкадуючы самога сябе, Кандрат Назарэўскі.
– Каб не ўся гэтая калатня на свеце, дык проста, пане мой, навіна скрозь паўводзілася б. Якія машыны па маёнтках пачалі з’яўляцца! Пан Шатроўскі выпісаў машыну, што бульбу капае, выкідае наверх з зямлі, толькі бабы ідуць ды збіраюць. Паравікамі скрозь малаціць пачалі. Ды, сказаць, і па вёсках, глядзіш, у таго, у другога з’явіўся параконны варшаўскі плуг. Яно потым пойдзе ўгару, як прыйдзе зноў законнае ўсталяванне.
– А якое законнае ўсталяванне?
– Ну, нешта павінна з гэтай вайны выйсці. Перш за ўсё павінна быць цвёрдая назаўсёды ўлада, каб чалавек не дрыжэў, што з’явяцца і забяруць, што ты маеш.