Кузьма Чорный - Трэцяе пакаленне стр 2.

Шрифт
Фон

– Ведаю. Я з Анатолем Скуратовічам быў калісьці ў адной часці. Як палякі занялі былі гэтую мясцовасць, мы адступалі і праходзілі тут непадалёк. Я мясцовасць пазнаў. To ён тады і знік. Хто быў у нашай часці адгэтуль зблізку родам, то адразу і падумалі, што Скуратовіч астаўся тут, дадому пайшоў.

– Што вы гэта кажаце! Яго як змабілізавалі былі тады, як яшчэ палякі сюды не прыходзілі, дык ад таго мы яго і не бачылі. Можа, дзе галаву склаў!

– Наша часць была тады тылавая. Начавалі і мы разам у адной хаце. А раніцай прачнуліся – аж яго ўжо няма.

– He ведаю… He ведаю… Божа мой, Божа!

Рысы твару яе ахаладзелі, губы сцяліся.

– Мне трэба ехаць.

– Няма ніводнага каня дома.

– А што будзе, калі я найду?

– Шукайце. Я адна дома.

– А дзе ж гаспадар?

– Я ж вам казала, што ў абоз пагналі.

Нейкая новая думка, мусіць, зноў апанавала жанчыну, яна збянтэжана заварушылася, паглядзела ў акно, вярнулася да дзвярэй, сказала чырвонаармейцу:

– Я і сама не ведаю, дзе вам тую фурманку ўзяць. Хіба, можа, я так дзе-небудзь выстараюся. У нас ходзіць за гумном конь, што салдаты кінулі некалькі дзён таму. Ён, сказаць, і не наш жа, казённы. Няхай акрыяе крыху, а тады, можа, зноў якая часць забярэ… Хіба на ім вы паедзеце?

Яна ўжо не гаварыла больш, што гаспадара няма дома. Кандрат Назарэўскі думаў: «Яна ад мяне стараецца хутчэй пазбавіцца».

– Дзе ж ваш Анатоль цяпер? – зноў запытаў ён.

– Жывога няма! Каб на вайне галавы не склаў, дык абазваўся б дагэтуль. Божа мой, Божа!

Яна пусціла слязу.

– А ён жа зняты на фатаграфіі зусім нядаўна.

Кандрат Назарэўскі перавярнуў фатаграфію на другі бок.

I фатаграфісцкі штамп быў ужо на польскай мове: павятовы майстар быў ужо дапасаваўся да новай улады.

– Пры паляках здымаўся ваш Анатоль?!

– Божа мой, чаго вы хочаце ад мяне? Мы нічога не чулі пра нашага Толіка.

I жанчына выйшла з хаты. Яна спусцілася з падгнілага ганка на маленькі дворык, адгароджаны ад вялікага нізкай агароджай, абсаджаны маладымі ліпамі, увесь у рэштках ранейшага кветніку: у некалькіх мясцінах у непарадку расла недагледжаная півоня, буялі жоўтыя сцеблаватыя кветкі; флёксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Скрозь была трава, мятліца – як паплавец які перад ганкам. Каля платца куры дзяўблі штосьці з каўша, чарада індыкоў і качак цягнулі шыі праз плот да яды.

Кандрат Назарэўскі бачыў праз акно, як жанчына адчыніла брамку, як пайшла кудысьці за скляпок. Там яна і знікла з вачэй. Кандрат Назарэўскі разглядаў пакойчык. На камодзе пажаўцела і запылела сарвэта. Счарнелы агрызак яблыка красаваўся на ёй. Адна на адной ляжалі тры ці чатыры кнігі: касцельныя зеленкаватыя кантычкі, «Практическнй, семейный и для молодых людей письмовник», «Сонннк – объяснение сновидений» і «Оракул». Над дзвюма дзвярыма вісела па карціне ў рамках і за шклом: на адной карціне лясная выжарына і на ёй сыходзяцца два цецерукі сярод сухіх верасоў, на другой – сабакі гоняць лося і паляўнічы страляе з-за дрэва. Карціны местачковага ўжытку, па капеек чатыры кожная ў даваенны час, аддрукаваныя на шэрай паперы. Вазоны стаялі на вокнах і каля іх. Кандрат Назарэўскі яшчэ раз глянуў на фатаграфію Анатоля Скуратовіча: малады круглы твар, у постаці імкненне трымацца дасціпна; пра гэта, відаць, і былі толькі думкі тады, калі здымаўся.

На двары загаварылі. Паўз вокны ішоў стараваты чалавек, за ім тая самая жанчына. «Дома ж, аднак, – думаў Кандрат Назарэўскі. – Як жа ён будзе апраўдвацца, што раптам апынуўся дома?» Але і гаспадар і гаспадыня стараліся не ўспамінаць пра гэта.

– Зараз паедзем, – сказаў чалавек, беручы з камода скрыпачку з тытунём. На твары яго ляжаў клопат; ён нават і не быў падобны да свайго здымка над камодам: там была навек усталяваная нерухомасць, тут чалавек жыў, трапятаўся, думаў. Ён закурыў, даў закурыць Кандрату Назарэўскаму і пайшоў запрагаць. 3 парога азірнуўся:

– Бяда толькі, таварыш, што вельмі неспакойна ў нас. Бандыты ў лесе ёсць, а лес жа ў нас усюды, куды ні глянь. Ці ў вас хаця зброя якая ёсць пры сабе? Я дык і ехаць пабойваюся.

Кандрат Назарэўскі не паверыў пра бандытаў:

– Зброя ў мяне ёсць, няма чаго баяцца!

Пакуль чалавек запрагаў, жанчына прынесла хлеба і малака. Яна старалася гаварыць добра. Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Жанчына разгаварылася:

– Якое гора – вайна! От за гэтыя дні колькі вёсак спалілі. I колькі людзей гіне! Мы самі, сказаць, жывём на адзіноце, дык праз некаторы ўжо год – абы стукне што дзе ўвечары ці ўночы, дык мы і памлеем, здаецца, ужо ідуць.

– Хто ідзе?

– Мала хто! Як прыйшлі былі немцы, дык у нас дзве каровы забралі. Палякі цялушку забралі.

Гаспадар увайшоў у хату:

– Раквізіца была. Скажыце, таварыш, а цяпер раквізіцы не будзе?

Жанчына загаварыла зноў:

– Я от толькі не разумею, таварыш… вядома, мы, сказаць, простыя людзі, мы пытаемся пра ўсё. Нашто чапаць ралігію? Цара скінулі, паноў прагналі, ну, добра. Ну, а ралігія? Усё ж такі без ралігіі чалавек як звер будзе, калі ён не чуцьме над сабою Бога. Чалавек павінен мець у сэрцы нейкую літасць да другога чалавека. А без Бога – як жа ён будзе?

– To Бог ёсць, ці толькі трэба, каб быў?

– Як жа гэта Бога няма?! Адно што веры ёсць усялякія. А сярод іх адна вера павінна быць праўдзівая. Што ж, скажам, руская вера! Там найбольш было ашуканства. Мошчы, мошчы – крычалі. Пакладуць пару касцей, абложаць ватай, абмажуць воскам, і кланяйся, і маліся. А пасля – бальшавікі гэта добра зрабілі. Як паглядзелі на ўсё гэтае ашуканства, дык і… каталіцкая вера заўсёды з гэтых мошчаў смяялася. Наш Толік, як быў у войску, сам гэтыя мошчы бачыў.

Яна збянтэжылася і пашкадавала, што неабдумана лішні раз успомніла пра свайго сына.

– А вы каталікі?

– У нас напалам. Я сама каталічка, а муж праваслаўны.

Тут загаварыў гаспадар:

– Я ўвесь свой век вялікі меў клопат. Іншаму здаецца, што калі хто што мае, дык гэта з неба гатовае скінулася. Я некалі, як прыйшоў быў з салдатаў, то мне казаў сам прыстаў, каб я ў стражнікі падаваўся, але я не захацеў, бо ў мяне натура такая, што не магу з бізуном або з штыхом над чалавекам стаяць. А паліцэйскі з гэтага хлеб еў. Я люблю, каб у злагадзе з людзьмі. Жылі мы на паўвалоцы з бацькам, там у вёсцы, за лесам, вы калі ішлі, дык бачылі тую вёску. Я паўвалоку прадаў, а сам купіў тут, якраз панскі клінок у сялянскае заходзіў, сяляне травілі. Пан і прадаў. Грошай у мяне не хапіла, то я ў мястэчку крамку быў адчыніў, пасля свінні і каровы перакупліваў 3 даўгамі разлічыўся. Але здаў быў гэтую зямлю людзям на палавіну рабіць, а сам пайшоў да таго самага пана ў маёнтак за аканома. Пяць год служыў, а тады тут забудаваўся. А на ўсё гэта клопат патрэбен быў. Турбота вялікая… Цяпер яно так усё як да часу. Трэба было б будынкі пааглядаць, агароджу паправіць, але, можа, хіба паспакайнее на свеце: вайна, рэзрух…

– А чаму ж вы пры паляках не агледзелі свайго хутара? Спакойна ж было. Улада была цвёрдая, – сказаў Кандрат Назарэўскі, паглядаючы на гаспадара.

Той раптам змоўк. Больш не гаварыў пра сябе. Толькі сказаў пра пана:

– За ўсімі ўладамі цяпер цяжка – вядома, вайна. За палякамі пан сюды прыязджаў, той, што я ў яго зямлю гэтую купіў. Збяднеў за гэты час і ён. Яшчэ з пачатку рэвалюцыі ён быў з маёнтка свайго ўцёк і жыў у нашым гарадку, у павеце. Перад самымі палякамі яшчэ паехаў я раз у горад, спатыкаю яго, а ён мне «дзень добры» першы дае. Дастаў з кішэні партабак, пачаў круціць папяросу і кажа мне: «Вас я сваім тытунём не частую». Закурыў ён; я чую па дыме, што нейкі дзіўны тытунь. Што гэта, пытаю, пан курыць? «Вішнёвае лісце», – кажа. I паказаў. Гляджу – праўда.

– Божа мой, Божа! – абазвалася гаспадыня.

– Небарак пан, – паківаў галавой Кандрат Назарэўскі.

Пайшлі садзіцца ў воз. Запрэжаны конь быў высокі, худы – адны косці і скура – з казённым кляймом на сцегняку. Пярэднюю нагу ён трымаў падняўшы, сагнуўшы ў калене.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188

Популярные книги автора