Коллектив переводчиков - Надбярэзінцы стр 5.

Шрифт
Фон

Уладзь схапіў кол абедзвюма рукамі і кінуўся брату на ратунак. Падскочылі і Людвік з Саўкам. Апошні ад выгляду крыві і сякераў раз’юшыўся як дзікі звер.

– Заб’ю, ей-богу заб’ю! – роў ён. – Калі вы тапарамі, дык і я насмерць!

Ён некалькі разоў лупануў паленам і разагнаў набрыдзь. Уладзь падняў параненага брата, узяўшы адной рукой падпахі праз плечы, а другой заціснуўшы ўласную рану, і, абараняючыся ад разлютаванага натоўпу, рушыў да грэблі да сваіх.

Тыя ўжо беглі ім насустрач, бо далей трымаць мост не было сэнсу. Дабегшы, наскокам разарвалі колца нападнікаў і, злучыўшыся разам, па канюшыне, што расла паміж лугам, садам і агароджаю, пачалі адступаць да плоту.

Барукацца з такім натоўпам было немажліва, таму толькі бараніліся, увесь час круцячы млынкі і трымаючыся шчыльным колам, каб іх не атакавалі з тылу. І толькі Саўка, якога стогны параненых гаспадароў уганялі ў шаленства, раз-пораз ярасна кідаўся да злачынцаў і, пляжачы іх паленам, помсціў за ліхадзейства.

Нітаўцы ўсё настойлівей ціснулі з усіх бакоў. Не могучы наблізіцца да рагоўцаў, якія бесперастанку круцілі кіямі, яны кідаліся ў іх палкамі здалёк, што не прыносіла ніякай заўважнай шкоды. Але тут падбеглі шчэ конюхі, паднёсшы таварышам камяні, што аказаліся больш грознаю зброяй, і цяпер то адзін, то другі раговец сыкаў і хапаўся за руку, нагу ці бок, забываючы бараніцца. Некаторыя ўдары былі такія, што ўцятыя падалі на зямлю, і да іх тут жа кідалася зграя з дубінамі. Здавалася ўжо, што рагоўцам канец, што вось-вось усярэдзіну ўварвецца гурт нападнікаў, атакуе з тылу, разаб’е кальцо, расцісне і пераб’е ўсіх дубінамі. Але кожны раз да нешчасліўца паварочваўся хтосьці з яго таварышаў, закрываў сабою, даючы мажлівасць устаць, адысці назад і, ператрываўшы першы прыступ болю, зноў уступіць у бойку. Ян нястомна падбадзёрваў хаўруснікаў:

– Трымайцеся, браткі, трымайцеся! Нам бы толькі да саду, да плоту дабрацца, а там ужо гады нас не ўкусяць. Трымайцеся, хлопцы, ужо недалёка.

У садзе, што ляжаў паміж палянай канюшыны і дзядзінцам, іх чакала сям’я, трымаючы калы і агнястрэльную зброю.

Усё часцей падалі рагоўцы, усё мацней сплывалі крывёю, усё павольней рухаліся – але дапялі да запаветнага саду непераможаныя.

III. Смерць з касой

Стах вяртаўся дадому, злуючыся на бацьку як ніколі. А чаго ж не злавацца? Колькі разоў абяцаў узяць з сабою біцца, а цяпер праганяе, смаркачом называе ды яшчэ рэменем страшыць.

– Ніколі яму гэтага не забуду, – у запале паўтараў хлопчык. – Вось толькі вырасту… там разлічымся. Вось і куты штых у мяне ёсць… А калі наверх залезці? – спыніўся ён ля дуба, што рос у канюшыне. Вельмі ўжо яму хацелася паглядзець бойку.

Ён праціснуўся праз шчыліну ў плоце, прайшоў паміж лугам і канюшынавай палянай да баразны недалёка ад дуба і павярнуў да дрэва. Наблізіўшыся, зірнуў на масток. Здаецца, у ягоны бок ніхто не глядзеў. Прывязаў вяроўчынай сваю зброю да пояса і хуценька палез наверх.

Лазіў ён спрытна, як кот, і не адну пару бялізны аб дрэвы працёр. Не раз за такія штукі ад маці ў каршэнь атрымліваў, але ж навучыўся.

Ён далез аж да разгалістай верхавіны і як на далоні ўбачыў Рагі цалкам, ад лесу да лесу. Зноў зірнуў на мост. Адны сядзяць пад бярозай, а Уладзь са свінапасам стаяць і пільна ў лес углядаюцца. Стах прыслухаўся. У лесе грае труба і крык стаіць, нібыта ідуць з аблавы. Галас паступова набліжаецца, і нарэшце натоўп з дубінамі высыпае на грэблю. Незлічона іх і такія ж дужыя, як бацька з дзядзькамі.

Мужчыны з Рагоў падняліся і чакаюць як нічога ніякага. І Стах не баіцца, ну ані трошкі, бо непахісна верыць, што яны мужыкоў перамогуць. Нічога ў свеце ён не хацеў так, як быць цяпер там, разам з імі. А потым вяртаўся б дадому са сваім штыхом на плячы, а Фэлька з Антосем, браты малодшыя, і бабы глядзелі б толькі на яго. «Вось мужчыны нашыя, ваяры», – хвалілі б. Дзесяцера цэлую вёску зваявалі! І слова «мужчыны» да яго б таксама адносілася!

Стаяць там гурт супраць гурту і ўсё сварацца. Потым дзядулька падае… На мост лезуць мужыкі і валяцца ў раку. Стаха ахопліваюць і радасць, і страх за дзядульку. Яго падымаюць, і Бронік вядзе дадому. Хочацца злезці, пабегчы да яго і пашкадаваць беднага, але жаданне паглядзець бойку перамагае.

Ён застаецца на дрэве і сочыць за ўсім ледзь дыхаючы. Тыя пхаюцца па апорах. Марна. Кідаюцца палкамі. Таксама без сэнсу. Сякуць дрэвы і перабягаюць праз рэчку, а двое дзядзькоў і парабкі іх праганяюць. Усяго чацвёра – і незлічоны натоўп адбіваюць. Глядзець прыемна.

Але мужыкі ля рэчкі спыняюцца і пераходзяць у наступ. Здаецца, перамагаюць… няўжо? Так, пачынаюць насядаць. Атачаюць рагоўцаў і бяруць ва ўсё цяснейшае колца. Уладзь адной рукой за сцягно трымаецца… Бронік падае… Усё змешваецца, віруе, кіпіць. Стаху аж сэрцайка баліць ад жалю і трывогі за дзядзькаў.

І зноў натоўп расступаецца, бы вада ад кінутага каменя. Уладзь вядзе пад пахі брата, а Саўка з Людвікам лупяць. Да іх спяшаюцца бацька з Марцінам і пастухі. Ну, цяпер ім дадуць, – адраджаецца ў Стаху вера ў перамогу. Але рагоўцы, на ягоны жаль, сыходзяцца і хутка адступаюць да плоту.

У Стаха замірае сэрца і валасы становяцца дыбарам. Ён разумее, што мусіць неадкладна ўцякаць дадому, а смеласці на гэта няма – баіцца, што не здолее. Ён азіраецца на плот.

У садзе чакаюць з каламі ў руках маці, тры цёткі і дзядулька. У дзядулькі галава перавязаная. Побач вялізныя грозныя сабакі – вішчаць і аж зямлю дзяруць ад злосці, бачачы набліжэнне крыклівага натоўпу. Цяпер Стах аддаў бы ўсё на свеце, каб апынуцца там, сярод бабаў.

Поле бітвы рагоўскіх мужчынаў і нападнікаў перасоўваецца ў ягоным кірунку. Вось яны ўжо мінаюць дуб. Убачыўшы гэта, Стах роспачна крычыць і просіць паратунку:

– Татачка, ратуйце! Ратуйце, татачка, родны мой, залаты! Няўжо ж аднаго мяне пакінеце! Я ж тут, на дубе! Ратуйце!

Але яны яго не чуюць, аглушаныя галасам крыклівага натоўпу. Нават мужыкі, што бягуць чародкаю па канюшыне зусім побач з дубам, не чуюць яго.

А ў рагоўцаў ужо і Марцін кульгае, і свінапас трымаецца за акрываўлены нос. Абараняюць толькі чацвёра.

Але яны ўжо амаль дайшлі. Кола нападнікаў расступаецца перад джаламі калоў, што ляцяць у іх з-за плота, і ўтварае паўмесяц. Жанчыны рассоўваюць жардзіны, робячы ў плоце праход. Спачатку заходзяць параненыя, за імі, хілячыся пад градам камянёў і палак, ускокваюць астатнія. Раз’ятраны натоўп пагражае, гыркае, вые.

Стаха агортваюць яшчэ большыя смутак і роспач. Во-ось, яны там усе цэлыя за плотам, у хаце і на дзядзінцы, а ён, маленькі, адзін-адзінюткі ў полі застаўся, шалёным мужыкам на здабычу.

Ён плача і доўга-доўга благае ратунку.

Нітаўцы стаяць, раяцца і пачынаюць насіць ад дарогі да саду каменне. Відаць, вырашылі браць загарадзь.

Над рэчкаю дзяўчаты і падлеткі выдзіраюць з грэблі плашкі і насцілаюць мост, каб пераправіць коней і быдла.

Стах аж ахрып ужо ад крыку, ды ніхто не азваўся.

Але нарэшце яго пачулі.

Міма дуба прабягалі двое дужых конюхаў гадоў па пятнаццаць. Адзін прыслухаўся, зірнуў уверх, потым пацягнуў за рукаў таварыша і гукнуў па-мужыцку:

– Архіп! Глянь, на дубе хтось сядзіць. Вунь, на самым вяршэчку. Ляшок, мусі.

Стах змоўк і знерухомеў.

– Ну да, хтось сядзіць, – пацвердзіў таварыш, паглядзеўшы на дуб.

– Гэй, хлопцы, сюды ходзьце! Шэршань на дубе! – крыкнулі яны.

Тут жа збеглася колькі іншых хлопцаў, пераважна таго самага ўзросту. Яны задзіралі галовы, прыкладалі далоні да фуражак, глядзелі і з радасцю ўпэўніваліся, што на дубе сапраўды малое «шаршаня» сядзіць.

– Гэй, там шэршань! – заліваліся яны. – Злазь, пагуляемся! Злазь, маць тваю! Злазь, морда ляцкая!

Стах не зварухнуўся.

– Злазь, бо і так цябе дастанем! Лепш па-добраму злазь!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3