На тварах прыхадняў нібыта нават нейкі сорам з’явіўся і збянтэжанасць. Але не на ўсіх.
– А і пасыцеюць! – вырвалася ў кагосьці.
– Рэпы хочам! – пасмялеў яшчэ адзін.
– Так, рэпу давайце! Гароху зялёнага! І маркоўкі! – адно за адным паляцелі патрабаванні.
– Добра, дамо вам рэпы, – пагадзіўся стары. – А гароху не магу, ён толькі цвісці пачаў, там пакуль адно пустыя струкі. У морквы таксама завязь з п’яўку. Не будзеце ж вы націны есці.
– Тады рэпу давай! Нясі зараз жа! І сала! Сала нам! І мёду! І сахару! – прыхадні рабіліся ўсё больш патрабавальнымі, бачачы падатлівасць ляхаў.
– Мёду, хлопцы, цяпер няможна, у пчолак самая работа цяпер. Мы вам аддамо ўсё, што ў садзе ёсць, рэпы яшчэ дамо, сала, сахару таксама дамо, толькі кіньце свае калы. Кідайце, дзеткі, у рэчку, хай плывуць злым людзям на хваробу.
Многія хлопцы апусцілі калы і няўпэўнена азірнуліся вакол: здавалася, умовы іх задаволілі.
– Бяжы, хлопча, дадому хутчэй, – павярнуўся Балашэвіч да наймалодшага сына. – Вазьмі на гарышчы кавалак сала, забяры з шафы цукар і скажы бабам, каб на агародзе ўсю рэпу вырвалі, і неадкладна сюды прыносьце.
– Ты, сабака, думаеш, што нас кавалкам сахару купіш? – закрычаў, выскокваючы наперад, Маталах, першы ў Нітах задзіра. – Вось табе, шэршань стары!
І кінуў камень у Балашэвіча, які ўсё яшчэ стаяў, павярнуўшыся да сына. Трапіў у галаву крыху вышэй за вуха. Стары войкнуў і споўз на зямлю, сплываючы крывёй.
Ян, Марцін і Бронік кінуліся бацьку на дапамогу.
– Вы толькі паглядзіце на ляха! – пад’юджваў Маталах. – Ён нам будзе выдзяляць па скрылёчку, як свінапасам! Самі возьмем! Рагі нашы, усё наша! На ляхаў, рабяты! На мяцежнікаў! Мы рускія! Пастуха абідзелі! За мной, рабяты!
Ён выставіў наперад кій і палез на сярэднюю маставую апору, спадзеючыся перабрацца, пакуль рагоўцы ў замяшанні. Па бакавых апорах за ім рушыла яшчэ двое зухаў.
Уладзь, Саўка і Людвік – другі парабак – загарадзілі ім дарогу. Уладзь стаў насупраць Маталаха.
– Ну чакай, зараз я табе за татку ўсыплю, – шаптаў ён, прысеўшы для скачка, нібы кот. Падпусціў на даўжыню кія і выцяў у плячо, скінуўшы задзіру ў рэчку. Цэліў, праўда, у галаву, але пакуль размахваўся, Маталах адхіліўся ўбок. Са сваім супраціўнікам Саўка зрабіў тое самае, а Людвік высунуўся задалёка, праз гэта слаба замахнуўся, і ягоны непрыяцель здолеў абясшкодзіць удар і вывернуцца.
Тым часам Ян з Бронікам паднялі параненага бацьку. Ён бязвольна вісеў у іх на руках і сплываў крывёю, але быў прытомны.
– Бронік, сынок, адвядзі мяне дадому, – ледзь чутна прамовіў ён. – А вы, дзеткі, бараніцеся колькі зможаце. Толькі прашу, не біце насмерць і самі беражыцеся.
Ні на што не зважаючы, нітаўцы ўсё яшчэ ўпарта пхаліся па апорах. Некаторыя валіліся ў раку альбо са стогнамі паварочвалі назад, а іх месца адразу ж займалі іншыя ўдальцы. Натоўп падаграваў сябе дзікім выццём, такім вуркатлівым і шалёным, што здавалася, нібыта людзей у ім тысячы – цэлая татарская арда. Лезлі па-рознаму: адны асядлалі брусы і перасоўваліся на дупе, а другія абаранялі першых, выставіўшы палкі і наступаючы ззаду. Але ўсё марна: рагоўцы, стоячы на цвёрдым беразе, адбівалі любы напад без адзінага высілку.
– Ужарым, рабяты! Палкамі ў іх давайце! – выбіваўся асобны голас з усеагульнага крыку. – Ужарым! Палкамі! Дайце палак! – разыходзілася па натоўпе і ляцела па грэблі аж да конюхаў.
Падлеткі аддалі коней дзяўчатам і пабеглі па палкі.
Неўзабаве гурт атрымаў жаданыя снарады, кінуўся ў атаку – і паветра ажно зазвінела, калі ў яго са свістам узняліся шматлікія калы.
Раз-пораз рагоўцы з сыканнем хапаліся за руку, плячо, галаву ці нагу, якія апыналіся пад палачным агнём, але не адступалі. Удары дзеравячынаў, ды яшчэ і пераважна струхлелых, не маглі ні аглушыць, ні пакалечыць. Рагоўцы выбіралі сушэйшыя палкі і кідалі назад у натоўп.
Нітаўцы шалелі ад злосці. Купка завадатараў на чале з Маталахам, мокрым пасля купання, пра нешта раілася за спінамі іншых. Потым паклікалі з натоўпу паўтара дзясятка наймацнейшых хлопцаў і забеглі з імі ў лес.
Па наваколлі разляцеліся гукі сякераў. У рагоўцаў дрыжыкі пайшлі па целе: на той дзялцы рос маладняк. Яны здагадаліся пра намеры непрыяцеляў, але не спалохаліся, у іх сэрцах нават надзея з’явілася: падумалі, што Пан Бог такога граху нітаўцам не спусціць.
Праз некалькі хвілінаў па левым баку зарыпела, затрашчала, і ўпоперак ракі рухнула вольха. Яшчэ не сціхла рэха, а праз паваленае дрэва ўжо бегла чарада хлопцаў. Ім наперарэз кінуліся Уладзь, Саўка і Людвік і пасля гарачай сутычкі адкінулі іх назад за раку.
Рэха сякераў яшчэ грымела па лесе. Неўзабаве за пяцьдзясят крокаў ад першай вольхі павалілася другая. Уладзь пабег да яе, але па дарозе зваліўся ў балаціну, здрадліва прыкрытую слоем дзёрну, і пакуль з яе выбіраўся, паваленай кладкай перабегла ўжо шасцёра хлопцаў – атачылі яго і спакойненька выцялі кіямі з усіх бакоў. І тут ужо стала не да пераправы – трэба было бараніць сябе самога. Раскруціўшы кій млынком над галавою, Уладзь, нібыта ратуючыся ад сабачай зграі, пачаў павольна адступаць на цвёрды грунт. А нітаўцы тым часам беглі па кладцы шчыльным шэрагам, абступалі ўсё гусцей і кідаліся ўсё смялей. Не могучы падступіцца бліжэй праз раскручаны над галавою кій, яны пулялі палкамі, падкрадаліся ззаду і бадаліся галавой. Адзін выдраў з адонка кавалак струхлелага палена, шпурнуў Уладзю пад ногі і ледзь не паваліў.
Але на дапамогу падаспелі Бронік, які ўжо адвёў бацьку дадому і вярнуўся, і Саўка з Людвікам. Яны разарвалі колца, што абступіла Уладзя, і хлопцы ўчацвярых дружна сталі супраць нягоднікаў. Дубіны загрукаталі так, нібыта малацілі адначасова пяццю-шасцю цапамі. У Саўку нібы чорт усяліўся: ён смаліў сваім даўжэйшым за галоблю кіем па нагах і з кожным ударам валіў некалькіх, быццам траву касіў. Людвік асаблівым прыёмам выбіваў калы з рук праціўнікаў і цяў іх паміж ног, каб, як ён казаў, зрабіць іх няздольнымі да дзевак і каб на калецтва саромнага месца баяліся скардзіцца. Уладзь з Бронікам завіхаліся разам: разразалі млынкамі натоўп, імкліва скакалі то ўперад, то ўбок, то назад, бадаліся, лупілі па хрыбтах, баках, плячах, нагах. Круціліся ваўчком, кідаліся ўроссып, нібы зямля перад акучнікам картоплі. Выкарыстоўвалі ўсе вядомыя ім штукі і фокусы, напружвалі ўсе сілы, каб ашаламіць ворага сваёй рашучасцю і адвагай, зламаць завадатараў і адпудзіць астатніх ад пераправы праз раку.
І нітаўцы, відавочна ўражаныя хвацкасцю рагоўцаў, якой яны ў іх не падазравалі, і ярасцю, з якою тыя біліся, пачалі адступаць да берага. Але, заўважыўшы, што рагоўцы свядома стараюцца не біць насмерць, што амаль кожны з паваленых вяскоўцаў падымаецца сам і што некаторыя з іх нават зноў кідаюцца ў бойку, асмялелі і перайшлі ў наступ. Ужо больш чым паўсотні іх перабегла праз рэчку. Старэйшыя пад’юджвалі маладзейшых:
– Сорам нам будзе, хлопцы, калі мы такім гуртам не дамо рады чатыром ляхам! Смялей бярыцеся! Біце чым папала! Не здавайцеся! Яны мяцежнікі! Мы – рускія людзі! Бяромся, рабяты!
І яны зноў узялі рагоўцаў у колца. Мацнейшыя схапілі дубіны, астатнія білі кавалкамі дрэва. За некалькі хвілінаў расхапалі, разламалі на кавалкі цэлы адонак. Кідаліся на рагоўцаў і вішчалі як шалёныя, раз-пораз наносячы ўдары. Маталах зайшоў з тылу і выцяў Уладзя сякераю, цяжка параніўшы таго ў сцягно. Ад болю Уладзь аж падскочыў, але не ўпаў: падхапіў сякеру, адбег да брата і пад яго прыкрыццём засунуў яе сабе за пояс. Потым адной рукой заціснуў рану, а ў другой трымаючы кій, далей малаціў ворага – Уладзь быў моцны і спрытны, як ніхто з Балашэвічаў.
Адзін з важакоў ударыў сякераю Броніка, але схібіў: сякера трапіла абухам у грудзі і ўпала. Бронік нахіліўся, каб па прыкладзе брата яе падхапіць, – і атрымаў зверху дубінаю па галаве, зарыўшыся носам у зямлю. Раз’ятраныя нітаўцы абляпілі яго, нібыта крумкачы падліну, і давай бязлітасна лупіць ляжачага.