Всего за 152 руб. Купить полную версию
– Маўчы, сваце! Маўчыце, суседзі! Хлопцы, маўчыце! – неслася над сталамі.
– Каб ні гуку ні ад кога! – павярнуўся да хлопцаў Косцік.
Падчас наступнага перапынку Віктар, старэйшы Кантычкаў сын, Казік Здановіч і Ясь Ладан пайшлі на могілкі і чакалі там, пакуль не заняўся світанак, і тады ўдарылі ў звон.
У хаце тым часам усе ўсталі, стоўпіліся вакол стала і ўрачыста заспявалі:
– Свята светлага ўсе мы жадалі і нарэшце яго прычакалі, бо сягоння Хрыстос уваскрос, алілуя!
І сэрцы людскія затапіла радасць, дзякуй Богу за яе і хвала Яму. Галасы ўзрушана трымцелі, у вачах стаялі слёзы, а душы ляцелі ўслед за ўваскрэслым Езусам на неба, дзе сівенькі Найсвяцейшы Старац, убачыўшы адзінае Дзіця сваё, што да Яго вярталася, распраменіў твар свой і расправіў плечы, а атрады салодкіх анёлаў гралі на жалейках, лірах, арфах, кідалі Яму пад ногі кветкі дзівосныя, слалі пальмавыя галінкі, кадзілі ладанам і хорам спявалі алілуя. Алілуя! Да самога Божага трону імкнулі цяпер душы смалерчукоў, а яшчэ да сваіх блізкіх, якія ўжо на тым свеце былі, а потым вярталіся да радасцяў Вялікадня ў Смалярні, да яек свянцоных, варэнікаў, вэнджанай свініны, фаршыраваных парсюкоў, салодкіх сырнікаў і макароны на малацэ, да гульні ў біткі, да музыкі, танцаў і да суседскіх гавэндаў.
У хату ўсё заходзілі і заходзілі людзі, усе да аднаго смалерчукі, спяшаючыся на першую супольную пацеху. Са світаннем пачалі з’яўляцца і хутаране з ваколіцы. Яны пераважна прыязджалі на конях, бо ў такое разводдзе цяжка было дабрацца да Смалярні іначай.
Аж да ўзыходу сонца і яшчэ далей спявалі велікодныя песні, а потым пачалі свянціць – пазносілі кашы ў вялікі пакой, паставілі радамі на лавы і адкрылі ўсе. Кантычка надзеў комжу, памаліўся на лаціне па кнізе, потым распусціў бутэлечку свянцонай вады ў місе і шчодра пакрапіў Божыя дары. Скончыўшы цырыманіял, павярнуўся да натоўпу і гучна прамовіў:
– Хрыстос уваскрос!
– Сапраўды ўваскрос! – хорам адказалі людзі.
І пачалі хрыстосавацца. Некаторыя цалаваліся згодна з рускім звычаем. Хлопцы кінуліся да дзяўчат, патрабуючы велікоднага пацалунку, але тыя збольшага пагарджалі гэтым звычаем і называлі яго мужыцкім.
Косцік і Стах падышлі да Карусі Сакалоўскай:
– Хрыстос уваскрос!
– Сапраўды ўваскрос! Толькі без пацалункаў гэтых, – салодкім галаском адказала стройнае дванаццацігадовае стварэнне з бледным тварам і цёмнымі бровамі.
– Без твайго дазволу не буду, – паабяцаў Косцік.
Яна падала яму руку і спытала, ківаючы на Стаха:
– А гэта чый хлопец?
– Гэта Балашэвічаў Стась, пра якога я табе расказваў, у Вончы разам вучымся.
– А, той самы! Можа, ужо танчыць?
– Не танчыць і вучыцца не будзе, – адказаў за Стаха Косцік, – бо думае на ксяндза ісці.
– На сапраўднага ксяндза?
– Так, на такога, які спавядае.
– А-а, ну, калі так… – яна пільна ўгледзелася ў Балашэвіча. – Тады, можа, і ў біткі нельга?
– У біткі можна, – адказаў Стах.
– Можна? Тады стукнемся з табою па абедзе.
– Ды я… стукнемся.
Вакол дзяўчат чуліся вітанні, патрабаванні пацалункаў, воклічы, цмоканне. Юрлівейшыя хлопцы хапалі дзяўчат за шыю і здабывалі пацалункі гвалтам. Юзік Аленскі так усіх дзяўчат пахапаў.
– Хлопцы, абараніце мяне ад яго, – папрасіла Каруся ў Стаха з Косцікам, заўважыўшы, што Юзік набліжаецца да яе.
– Не бойся, абаронім, – запэўніў Косцік, узяў за руку і засланіў сабою ад нахабы.
– Дарма яе хаваеш, не буду я яе цалаваць, не хачу, – паведаміў Юзік. – Нават калі сто рублёў заплаціць, не захачу.
– Брэшаш! – пакрыўдзілася абражаная Каруся. – Кажаш, што і за сто рублёў не хацеў бы, а сам да мяне заўжды смалою ліпнеш!
– Хто ліпне, я ліпну? Сасніла ты нешта, было б на што квапіцца. Што я, касцей не бачыў? Рэбры да самай пахвіны пералічыць можна. Жардзіна.
– Гэта хто жардзіна?! – зароў Косцік. – Мая Каруся жардзіна?!
– Ну не мая ж Зоська.
– А вось табе за такія словы!
Косцік заехаў Юзіку ў вуха, схапіў загрудкі і пасля чатырох хвілін барукання паваліў на падлогу і асядлаў. Абхапіўшы яго каленямі, левай рукой трымаў за грудзі, а правай біў па рэбрах.
– Вось табе, атрымай! За маю Карусю! Вось табе за жардзіну! Гэта я табе рэбры палічу!
Дзяўчаты паднялі крык.
– Святая Марыя! – пішчалі яны. – Б’юцца! На Вялікдзень б’юцца, у першы дзень! Грэшнікі жахлівыя!
Юзікавы прыяцелі не наважваліся ўступаць у бойку ў такі святы час і проста глядзелі. Асмеліўся толькі Віцька Гушча: выцягнуў качалку для бялізны з-пад куфра, адкуль яна канцом вытыркалася, і кінуўся на дапамогу таварышу. Але яго апярэдзіў стары Васілеўскі.
– Ах ты бязбожнік! – зароў ён. – То табе гэта не свята?! Чужой хаты не шануеш? Бацьку зняславіць хочаш?
Ён схапіў сына за шыю і выпхнуў за дзверы.
XIII. На Белую Працэсію
На наступны дзень пасля Свята Божага Цела смалерчукі пачалі збірацца ў Бабруйск на Белую Працэсію.[10] Па ўсім засценку ўсчаўся ліхаманкавы рух. Людзі насілі траву дзяружкамі, пакавалі каламажкі, драбінкі, шмаравалі збрую, боты, колы, палілі ў лазнях, стрыгліся, купаліся, надзявалі чыстае. Амаль з кожнай гаспадаркі на фэст выбіралася фурманка, а разам з тым пешкі мелася ісці моладзь.
Са старэйшых хлопцаў і дзяўчат пехатою выпраўляліся Норба Сцяпура, Алесь Пятроўскі, сыновец Мечыка, Віктар Кантычка, Ганка, Мечыкава старэйшая дачка, Гэлька Аленская, Манька Гушча і Клара Трызна. З малодшых – Віцька Гушча, Болік і Полька Вінярскія, Юзік Аленскі, Валька Трызна, вядомы збіральнік моцы Адась Лапаносы, Быліна, Кася Сцяпура і іншыя. Пешкі на адпусты збіралася і некалькі замужніх.
Балашэвічы ехалі на дзвюх фурманках: на адной старыя з Уладзем, на другой Стахавы бацькі з незамужнімі цёткамі. Стах угаварыў бацьку дазволіць яму ісці пехатою.
Назаўтра ён устаў на світанні, хутка ўмыўся, надзеў крамны гарнітур, новую чорную канфедэратку, паклаў у торбу боты, вузялок з ежай – каб колькі разоў падсілкавацца, завязаў, начапіў на кій, закінуў на плечы і, не чакаючы смалярскай кампаніі, рушыў да леснічоўкі Васілеўскіх. Косцік абяцаў, што яны пойдуць праз пушчу, зрэзаўшы некалькі вёрст, і ў канцы дарогі злучацца з местачкоўцамі.
Самае большае праз паўгадзіны ён прыйшоў да Патокі. Гэта была палянка моргаў на шэсць, якая, з усіх бакоў акружаная пушчай, выглядала нібыта агромністая скрыня паміж высокімі й цёмнымі сценамі лесу. Збожжа на полі расло толькі яравое (бо землі нізкія), але буйное. Пабудовы старыя, крытыя саломай і сасновым дзёрнам. Хата з адным пакоем і вялікімі сенцамі. Дзядзінец агароджаны парканам, а клумбы пад вокнамі – частаколам, пераплеценым яловымі галінамі.
Косцік, ужо гатовы, чакаў яго.
Каб не замачыць калашынаў, яны падкасаліся амаль да каленяў і рушылі вузкай, вытаптанай быдлам сцежкай.
Лес быў густы, нечапаны. Камлі елак, асінаў і дубоў удваіх не абхапіць, а верхавіны, здавалася, да неба даставалі. Клёны, грабы і ясені ад старасці зараслі сівым мохам. Кара старэнькіх бяроз пачарнела і была ўзараная глыбокімі барознамі. Штохвілі трапляліся калоды памерлых сваёю смерцю старцаў – вялікія, па пояс, злосна выдраныя і вывернутыя з зямлі бурамі. Пнёў, ссечаных чалавечай рукою, апроч ясеневых, не было зусім.
Рэльеф і лясны масіў увесь час змяняліся: пасля змяшанага чарналесся лісцяных дрэваў ішлі бярозавыя гаі, потым змрочныя яліны, за імі альховы пойменны лес, а потым зноў чарналессе, дуброва, бераг балота, парослы бярозамі, бор.
Праз вярсту ці крыху болей сцежка знікла, і яны пайшлі наўпрост. Косцік уражваў Стаха веданнем лесу: багну і бураломы абмінаў, не кружляючы і не блукаючы, у яловых гушчарах знаходзіў добрыя праходы, а ў альхоўніку – кладкі, што ляжалі нібыта спецыяльна для яго, і пры гэтым нідзе не спыняўся, не разглядаўся, не задумваўся. Відаць было, што ведаў, дзе якая нізіна пачынаецца і заканчваецца, дзе пагорак і дзе калода.