Коллектив переводчиков - Надбярэзінцы стр 16.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 152 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Свяцілі дзве вялікія лямпы, каб кожны мог падглядаць у кніжку. Спявалі «О садзе аліўны».

Стах з Косцікам сталі пры ганку разам з іншымі хлопцамі.

– Зараз пакажу табе самых важных людзей у Смалярні, – прашаптаў Косцік на вуха сябру. – Глядзі, там, пры стале. Вунь той стары з доўгай белай барадою пад абразамі – Казікаў дзед Караль Здановіч, найстарэйшы ў Смалярні чалавек. Толькі двое тут у нас такіх, хто руку яму не цалуе. Паміж Здановічам і тваім дзедам, вунь той, з кароткай барадой і ў акулярах, – гаспадар дому Амбражэй Ладан па мянушцы Кантычка. Яму не так шмат гадоў, але паважаюць яго нароўні з Каралем, бо вельмі пабожны і кіруе ў засценку духоўнымі ўсякімі рэчамі. Па другую руку ад твайго дзеда, гэты лысы з гузам на ілбе, – Раман Гушча, таксама вельмі стары чалавек. Кажуць, ён дваццаць гадоў служыў у расійскім войску і на турэцкай вайне быў. Іх сям’ю называюць Дударамі, бо ўсе граюць на кларнетах. Стары Дудар Кантычку часта задзірае – кпіць з яго праз вялікую пабожнасць. За Дударом – Сцяпура, вельмі паважаны гаспадар і іграч на скрыпцы, з усімі сваімі сынамі, Сакалоўскі, бацька маёй Былінкі, двое братоў Трызнаў і Вінярскі. А вунь той у канцы, які ўпоперак стала сядзіць, з вялізнымі вусамі, – гэта Мечык Пятроўскі, празваны Манюткам і Воўчабілетнікам.

– Гэтага я пазнаў, ён з людзьмі да нас у Рагі прыязджаў ад мужыкоў бараніць. А чаму Воўчабілетнік?

– А яго асудзілі і гэты самы воўчы білет выдалі.

– Яго судзілі?!

– Ды за глупства нейкае: кажуць, п’яны быў і на казённых людзей «па матушцы» лаяўся. Тата мой лепей ведае.

– Ён, відаць, вельмі злосны.

– Ды не, гэта толькі здаецца праз доўгія вусы і чорную бараду.

– Ну а дзе твой знакаміты Казік?

– Казік? А паглядзі на правы канец стала, трэці ад свайго дзеда – гэта ён.

– Вунь той? Нейкім слабым выглядае.

– Так, ён не вельмі моцны, але добры і разумны. Ля яго, бліжэй да нас, сядзіць Полька Вінярская, найлепшая сярод нашых дзяўчат спявачка, а за ёй, плячом у наш бок, – Ясь Ладан, сыновец Кантычкі, другі хлопец у Смалярні, які ў Вончы экзамент здаў. А Каруську маю ты ўжо бачыў?

– Дзе ж я мог яе бачыць?

– Вунь на ложку сядзіць, у цёмнай сукенцы з белым карункавым каўнерыкам. Бачыш?

– Ага… Ладны каўнерык.

– Яна і сама ладная, вось пачакай, бліжэй потым пабачыш.

Песня скончылася, і Кантычка абвясціў перапынак. Мужчыны набівалі люлькі, круцілі папяросы, курылі і размаўлялі. Моладзь перамаўлялася напаўголаса, каб не перашкаджаць старэйшым.

– Дык ты, сваце, кажаш, што поп дазвол затармазіў? – спытаў у Пятроўскага Кантычка.

– Кажу што ведаю. А мне апавялі людзі, што на ўласныя вушы чулі, як поп сказаў: пакуль я жывы і свяшчэннікам тут, палякі касцёла ў Вончы не паставяць.

– А чым жа гэтай кудлатай халеры наш касцёл замінае! – абурыўся Сакалоўскі.

– Калі б не замінаў, то дазволіў бы. Ён добра ведае, што калі мы касцёл пабудуем, шмат яго цёпленькіх парафіянаў навернецца ў польскую веру.

– Я чуў, што ўся сям’я Карчэўскіх навярнуцца хоча, – уставіў Здановіч.

– Ды не толькі Карчэўскія, яшчэ Серадзінскі, Пракаповічы і амаль усе Талеркі пра гэта думаюць.

– У многіх вёсках, – уступіў у размову Сцяпура, – ёсць праваслаўныя палякі, якія да сваіх усё яшчэ хіляцца і, калі б быў касцёл, вярнуліся б да польскае веры. Возьмем, напрыклад, суседняе з намі Убярэззе: ці ж Русецкія, Шпакоўскія, Герасімовічы не палякамі даўней былі? Ці ж яны да нас не хіляцца, на нашых фэстах не бываюць? Яны толькі часова праваслаўства трымаюцца, з неабходнасці. Бо калі хворы споведзі папросіць ці памазання, або дзіця няхрышчанае заняможа, або чалавек памрэ, або нават яйка тое на Вялікдзень пасвяціць, гэта колькі часу, клопату і мітрэнгі трэба, каб прывесці ксяндза ці хаця б да яго даехаць? А поп тут, пад бокам.

– Што праўда, то праўда, – згадзіўся Гушча. – Гэта нам пашчасціла свайго багамола мець, – падкалупнуў ён Кантычку. – А калі б не ён, уся Смалярня даўно б у мужыкоў ператварылася.

Кантычка абярнуўся і паглядзеў зласліва.

– Не блазнуй, Рамане, а то як дзіця. І сваркі не падымай, – абарваў Гушчу Здановіч, – лепей разваж, як нашу праблему агульную развязаць. Мне здаецца, суседзі, што хоць нам першы раз адмовілі, трэба зноў дабівацца. Усе сілы варта пакласці, каб дабіцца дазволу і касцёл пабудаваць.

– Будзем, будзем старацца.

– Чы ж у нас няма важных людзей, што за нас заступіліся б дзе патрэбна! – усклікнуў Кантычка і тонам казальніка з амбона дадаў: – Сапраўды вам кажу: хай поп хоць са скуры вылузнецца, а мы касцёл у Вончы паставім.

– І цябе там пробашчам зробім, – не стрымаўся Гушча.

– Калі снег сыдзе цалкам і падсохнуць дарогі, – працягваў Кантычка, – трэба сабрацца з усімі ванчанцамі, усю справу гэтую абгаварыць разам і падаць прашэнне наноў. Гэтым разам будзем магілёўскага дэкана Святаполка-Мірскага прасіць пра заступніцтва. Як бы ні было, ён усё-ткі князь – і да міністра дойдзе, і да цара.

– Царскі саветнік пан Несмяртэльны вышэйшы за дэкана, трэба яго прасіць, – запярэчыў Пятроўскі. – Дазвольце пахваліцца, што я добра з ім знаёмы.

– Абодвух прасіць будзем, – рассудзіў іх Здановіч. – Дэкан падасць на дазвол, а Несмяртэльны загадае таму, да каго трапіць справа, каб выдаў.

Яны затушылі люлькі, спынілі размовы і вярнуліся да песняў.

Дзякуючы хадайніцтву Казіка, які ўвесь перапынак размаўляў пры дзвярах са Стахам і Косцікам пра справункі ў ванчанскай школе, хлопцам дазволілі прайсці паміж зэдлямі і сцяной і стаць за плячыма ў Казіка з Полькай.

Пасля трох песняў Кантычка зноў зрабіў перапынак.

– Я крыху дзіўлюся, – пачаў стары Балашэвіч, вяртаючыся да ранейшай размовы, – што Несмяртэльны з царом знаёмства завязаў, так блізка побач з ім ходзіць, а не можа палякам нейкай вольніцы расстарацца.

– Праўду кажаш, сваце, – пагадзіўся Здановіч. – Хай бы там выбіў якой палёгкі, каб нам вучыцца па-польску. А то што ж такое: габрэі па-свойму могуць вучыцца, літоўцы могуць, латышы таксама, немцы, а ў нас князі і графы ў царскіх саветніках ходзяць – і нельга. Чаму Несмяртэльнаму да галавы такое не прыходзіць?

– У яго ў галаве трохі важнейшыя справы сядзяць, чым навучанне па-польску, – сказаў Пятроўскі.

– Ды нічога ў ягонай галаве няма, – запярэчыў Вінярскі. – П’е там сабе з князямі, гуляе і ўсё. Навошта яму нейкай вольніцы дабівацца, калі ў самога іх колькі душа захоча.

– Ну а чаго ж, і вып’е, бывае, але галавы не траціць і робіць што належыць.

– І што ж ён робіць?

– Я ведаю, што.

– Ну дык кажы, калі ведаеш!

– Зашмат тут людзей, каб я сказаў, бо гэта сакрэтная справа.

– Тут усе свае, гавары.

– Кажы, Мечык, кажы! – пачалі налягаць астатнія.

Пятроўскі з трывогай абярнуўся.

– Вы ведаеце, што Польшча на бунт збіраецца? – ціха спытаў ён.

– На бунт?! – уражана прашапталі некаторыя.

– Ужо цэлы год збіраецца. Самой сабою быць хоча. Несмяртэльны, побач з царом і міністрамі ходзячы, ім вочы замыльвае байкамі пра вернасць палякаў Расіі, каб надта да польскіх гарадоў не прыглядаліся, вось так.

Гаспадары пачалі неспакойна пераглядацца, сцішанымі галасамі паўтараючы словы Пятроўскага і каментуючы іх. Некаторыя паставіліся да навіны недаверліва, бо Мечык часамі маною не грэбаваў.

– Я ў тое, што сват расказаў, не вельмі веру, – заўважыў Сцяпура. – Калі б гэта была праўда, тады б і простым людзям па засценках паведамілі, каб кожны мог загадзя якую каламажку набыць, пораху нарыхтаваць, шашку здабыць або хаця б штых выкуць. Ці яны бунт без нас, простых людзей, рабіць хочуць?

– Ты хочаш, каб усё па засценках расказалі. А ў паліцыі што, вушэй няма? Паны рыхтуюцца да бунту вельмі сакрэтна і асцярожна. Простым людзям паведамяць толькі тады, калі надыдзе час пачынаць. І зброю раздадуць – не якіясьці там пістоны, а сапраўдную, як належыць.

– Ты так гаворыш, нібы разам з панамі рыхтаваўся, – сказаў старэйшы Трызна. – Адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш, дзе разнюхаў?

– Несмяртэльны пазамінулай зімою на ловы прыязджаў у тутэйшую пушчу і неабачліва прагаварыўся Лапату. А потым убачыў, што я ў яго за спінай стаю, і аж падскочыў. «Мечык, – кажа, – ты чуў, пра што мы тут гаварылі?» – «Хвала Богу, покуль яшчэ не аглух», – адказваю. – «Тады трымай язык за зубамі, іначай шмат людзей загубіш». Вось і трымаю, як загадалі. Вам першым сказаў, толькі нікому не перадавайце, вельмі прашу, маўчыце!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3