Коллектив переводчиков - Надбярэзінцы стр 15.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 152 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

На сваім жа ўсё іначай. На сваім чалавек працуе як належыць, бо ведае, што ніхто яго адсюль не выганіць, таму ўсё, што робіць, робіць для сябе ці дзяцей сваіх. На сваім чалавек гною на старану не вывозіць, не дае полю травой зарасці, а сценам – пагніць праз дзіркі ў даху, як тое арандатары могуць. Стараецца, каб гаспадарка год ад году лепшай рабілася. Калі працуе, вачыма за аканомам не водзіць, у кусты кожную хвіліну не бегае, не чакае заходу сонца ці хмары, як тыя парабкі, а ўсе сілы і розум на тое кідае, каб як хутчэй і карысней работу зрабіць. Не кідае запалкі ў верас, каб пану двор спаліць, а, заўважыўшы агонь, тушыць яго шчэ маленькім. І праца такому чалавеку не пакута, а радасць вялікая. Іншая праца, і карысць з яе іншая.

Яны мінулі ўжо чацвёрты брод, як і Ванчанка, заліты верхаводдзем, і выехалі на смалярскае поле.

– Гэтае поле завецца Клінам, – сказаў Стах.

– Ты ўжо ведаеш, як кожны ўчастак называецца? – здзівіўся бацька.

– Мне Косцік усё-ўсё расказаў. А вунь той лес, – паказаў хлопец на чарналессе за дзве стаі па правым баку, – панская пушча, якую вартуе Косцікаў бацька. Я таксама ведаю, як засценак стаіць і які ён. Па левым баку – будынкі, па правым – сады. Хаты крытыя гонтай, вялікія, на тры-чатыры пакоі. Дзядзінцы і вуліца абгароджаныя вострым частаколам і абсаджаныя кудлатымі дрэвамі. За садамі – агароды з капустаю, а ўжо да іх сама пушча прымыкае. За хлявамі – гумны, за гумнамі – выган, за выганам – поле, за полем – луг, за лугам – яшчэ адзін лес, але не пушча. Усё ведаю. У Смалярні дваццаць дзве гаспадаркі.

Цямнела. Над заплеснелай жытняй рунню шкуматамі слаўся туман. Злева, у глыбіні балота, што было працягам загуменнага выгану, заўзята кумкалі жабы. Тут і там у паветры, паасобку і чародкамі, слізгалі водныя і начныя птахі.

Праз пятнаццаць хвілінаў Балашэвічы былі ў Смалярні. Засценак трымцеў ад радасці вясны і вялікага свята. Хаты свяціліся ўсімі вокнамі і поўніліся вясёлымі размовамі. Адусюль даносіўся пах здобных булак і свініны. З двара ў двор вуліцаю перабягала моладзь і дзятва. Іх рухі і галасы дыхалі нічым не азмрочаным шчасцем. Нават рыпенне калодзежных жораваў, сабачы брэх і перагукванне жывёлы ў хлявах – усё было нейкае іншае, нязвыклае.

XII. Клопаты і мары смалерчукоў

Двор Балашэвічаў быў на іншым канцы мястэчка. Купілі яны два дамы, але занялі пакуль што адзін – крайні. З вуліцы быў пакой з грубкай і рускай ляжанкаю, пасярэдзіне, ад ганка, – невялічкія сенцы, ззаду – кухня з вялікай печчу і сталовы пакой, які часткова служыў спальняй.

Цяпер іх дом быў самы населены ў Смалярні і, нягледзячы на зусім нядаўні пераезд, больш за ўсіх пульсаваў радасцю. Усе хадзілі і размаўлялі нібыта ахопленыя гарачкаю. Малодшых братоў Стаха, што палалі аж залішнім энтузіязмам, бацька пару разоў мусіў нават рэменем суцішаць: хлопчыкі вельмі радаваліся вялікай колькасці дзвярэй і, бегаючы туды-сюды, стваралі проста невыносны шум.

Пасля вячэры дзядулька, дзядзькі і цёткі пайшлі да суседа, Амбражэя Ладана, на «ўсяночную». Праз гадзіну Стах, нагаварыўшыся з маці й братамі і налюбаваўшыся малой сястрычкай, разам з бацькам таксама рушыў туды.

У хаце Ладана было поўна людзей – спявалі жалобныя песні па Езусе. На ганку стаяла купка падлеткаў.

Калі Балашэвічы праходзілі міма іх, адзін з падлеткаў схапіў Стаха за рукаў і, пачакаўшы, пакуль Ян зойдзе ў дзверы, спытаў:

– Гэта твой бацька?

– Ага, мой.

– Як цябе зваць?

– Стась Балашэвіч. І мне ўжо дванаццаць гадоў. Гэта каб вы не думалі, што я смаркач нейкі.

– Дванаццаць? – усклікнуў суразмоўца. – Вы паглядзіце на яго! Дык мы аднагодкі. То я над табою старшыняваць буду, згодзен? – дадаў ён праз імгненне. – Я Адась Сцяпура.

– Старшыняваць – гэта як?

– А ты яшчэ не ведаеш? У нас у Смалярні «закон» такі ёсць, што малодшыя старэйшых слухаюцца. А калі равеснікі, то старшынюе мацнейшы, так што калі не хочаш добраахвотна падпарадкоўвацца, будзеш са мной біцца.

– Я нічыйго старшынства не прызнаю, і вашага «закону» – таксама. Пусці мяне, пайду спяваць.

– Не, братка, спачатку ты з намі паспяваеш. Пайшлі біцца, бо калі адмовішся, мы цябе тхаром абняславім, і ніводзін хлопец сяброўства з табою мець не захоча.

– Думаеш, баюся? Ну і хадзем, калі табе так хочацца.

Яны адышлі да сярэдзіны дзядзінца на роўнае месца, зацягнулі рамяні, паплявалі ў далоні і ўзяліся загрудкі. Адразу нахіліліся ўперад, каб не даць паваліць сябе на спіну. Грамада, абступіўшы іх, падахвочвала крыкамі. Хлопцы мелі прыкладна аднолькавую сілу, таму барукаліся аж чвэрць гадзіны: гнулі адзін аднаго, пхалі ззаду, падымалі за пояс у паветра, круцілі ва ўсе бакі, напіналі цягліцы, хітравалі па-рознаму – усё марна. Урэшце Адась неяк схітрыўся моцна Стаха пхнуць, рэзка таргануў да сябе, падставіў нагу і заваліў на бок. Потым перавярнуў на лапаткі і спытаў:

– Здаешся ці яшчэ хочаш?

– Не паддавайся! Яшчэ раз давай! Тры разы трэба, Бог тройцу любіць! – закрычалі хлопцы.

– Болей не хачу, камандуй, – абвясціў Стах.

– О, давай пяць! – усцешыўся Адась, узяў Стаха за руку, дапамог падняцца і абтрэсці смецце. – Але ж ты і моцны, няслабы такі, – хваліў ён былога саперніка, каб у вачах таварышаў падняць каштоўнасць сваёй перамогі. – Косці ў цябе трывалыя і спрыту шмат.

А праз хвіліну дадаў:

– Калі б ты сабе яшчэ крыві прыбавіў і жылы мацнейшымі зрабіў, то невядома, ці справіўся б я з табою.

– Што значыць «крыві прыбавіў»? – здзівіўся Стах.

– А ты думаеш, што сіла да цябе сама прыйдзе? Сілу трэба ўмець збіраць.

– Як жа яе збіраць?

– А гэта, браце, ужо сакрэт. У Смалярні такіх нас толькі двое – хто ведае.

– Раскажы і мне, Адаську, калі ласка! – узмаліўся Стах.

– Каб ты мяне потым паваліў? Ладна, як аднагодку раскажу, але не ўсё. Хадзем.

Ён узяў Стаха за плячо і адвёў ад хлопцаў у бок вуліцы.

– Толькі помні: нікому не кажы таго, што я табе расказаў. Слухай. Раніцаю трэба з’есці нашча дзве прыгаршчы сухога бобу. Пасля сняданку – ну, прыкладна калі сонца над пушчай з’явіцца – тры сырыя морквіны і дзве капусныя храпкі. Па абедзе – дванаццаць арэхаў, саміх ядраў, і кавалак скуркі ад сала, не меншы за карабок запалак. Вечарам, перад сном, – галоўку цыбулі з соллю, толькі без хлеба, дзве галоўкі часнаку і запіць усё бярозавым квасам. Тры месяцы так трэба рабіць, дзень за днём.

– І гэта дапаможа?

– Ну глядзі. Я ж спачатку нават слабейшы за цябе быў, а як пачаў усё гэта есці, бачыш які моцны зрабіўся! Калі не верыш, то вось што скажу: ад бобу чалавек хутчэй наядаецца, ад морквы кроў прыбывае, ад капусных храпак мяса цвярдзее і робіцца мускуламі, ад арэхаў мацнеюць косці, ад свіных скурак – жылы, а ад цыбулі, часнаку і бярозавага квасу ў чалавека з’яўляюцца тыгрыныя спрыт і злосць.

– І праўда ўсё падыходзіць, – прызнаў Стах.

– Слухай далей. Калі садзішся за стол есці, пачынай першы, а заканчвай апошні. Малака, масла, сыру, мёду, ягад і макароны ў рот не бяры, бо гэта бабская яда, ад яе мужчына слабее, цішэе і на нішто сыходзіць.

Далейшым інструкцыям па назапашванні сілы перашкодзіла з’яўленне ў варотах Васілеўскага з сынам: яны неслі свянціць кош ежы.

– Косцік, братка! – нягледзячы на цемру, пазнаў сябра Стах.

– Гэта ты, Сташку? – Косцік таксама пазнаў яго па голасе.

Ён пакінуў бацьку з кашом і падышоў.

– Як маешся? Даўно вярнуўся?

– Вось сёння. Ужо нават цёмна было.

– Толькі сёння? А чаго ж у хату спяваць не ідзеш?

– Ды я ішоў, але мяне Адась затрымаў на ганку – хацеў, каб я з ім біўся, а цяпер вось расказвае…

– Чаго са смаркачамі важдацца, хадзем у хату.

І яны пайшлі.

У вялікім пакоі было больш за сотню людзей рознага веку, і мужчыны, і кабеты. Месцы займалі па парадку: за трыма састаўленымі сталамі ўздоўж папярочнай сцяны сядзелі старцы, другія пасля старцаў па важнасці гаспадары і найлепшыя спевакі. На васьмі шырокіх зэдлях, пастаўленых у рад перадам да стала, – старыя матроны, бацькі, маткі, дарослыя панны і кавалеры. Маладзейшыя хлопцы табуном тоўпіліся ў дзвярах, а дзяўчаты абселі ложак і лавы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3