Пінчук Яніна - Горад мрой (зборнік) стр 12.

Шрифт
Фон

– Я штосьці ўзгадваю, што вы раней сустракаліся, так?

– Менавіта так. Як я імкнулася ад яго пазбыцца – не, ізноў намаляваўся. Я занадта эмацыйная, – выбачлівым тонам прагаварыла Кунец, – але тут ужо ніяк.

– Ды я бачу, – спагадліва адгукнулася Надзя са смяшком, успамінаючы нядаўняе бурленне і афект.

З гэтым хлопцам Улада пазнаёмілася ў адзінаццатым класе на чарговай алімпіядзе – на грамадазнаўстве. Дыплома ды ільготнага паступлення гэта ёй не прынесла, але вострых адчуванняў – на некалькі гадоў наперад.

Яны разгаварыліся перад тым, як пісаць другі тур. Уладу непрыемна кальнула, што суразмоўца заікаецца і гаркавіць, затое было відавочна, які ён разумны, а які галантны – нават ручку ёй тады пацалаваў «па-шляхецку» – як толькі гутарка пра шляхту зайшла, яна не помніла, але Вадзім згадаў са значэннем пра сваё меркаванае шляхетнае паходжанне, роўна як пра польскую кроў.

Улада тады жудасна збянтэжылася, радасна расчырванелася і засмяялася, спрабавала аджартавацца: я, маўляў, чыстая сялянка па паходжанні, мама ў мяне з Рэчыцы, а тата з Гомеля, хоць нарадзіўся наогул у вёсцы Старыя Грамыкі – ну вось, такая дэталь, на факультэт міжнародных адносін сам Бог загадаў паступаць, хоць, вядома, на пост міністра яна не цаляе – што яна, Тэтчар нейкая. Увогуле, Улада несла нейкую звычайную дабрадушную лухту.

Яна была жудасна ўсцешана цікавасцю да сваёй асобы. Дагэтуль жа абсалютна ніхто не звяртаў на яе ніякай увагі, апроч усялякай шушамеці на вуліцы, хоць яна і не насупа і з твару не вырадак, дарма што нос злёгку сялянскі – яна ўжо страціла надзею і старой дзеўкай сябе лічыла, ну канешне, не жартачкі, ужо хутка васямнаццаць стукне.

Выявілася, што Вадзім вельмі начытаны, сапраўдны эрудыт. Праўда, увесь час з’язджаў у гараскопы і акультызм, затое якімі мудрагеліста-вытанчанымі былі яго кампліменты! Ён гаварыў ліслівым варкатлівым голасам, напісаў ёй верш, увесь час шукаў яе ў натоўпе. Часам яго ўвага рабілася дакучлівай, як і насычаны пах адэкалону, якім ён спрабаваў надаць сабе глянцу і мужнасці, кампенсаваўшы сваю звычайнасць і «круглавідасць», як выражалася Уладзіна цётка Зося. Хлопец, вядома, быў не ахці – але на бязрыб’і, ведаеце… А яшчэ яна вырашыла, што гэта будзе яе першы вопыт – а вопыту ж трэба набірацца.

Усё было добра да ягонага ад’езду, калі Вадзім раптам замануўся яе пацалаваць – проста на вуліцы перад інтэрнатам, пад сінім небам, сярод сініх лужын і мітуслівых людзей. Яна не любіла ўспамінаць гэты момант. Хацелася пафарсіць і адчуць сябе смелай і дарослай, але потым…

У рот раптам улез і заварушыўся нейкі мокры, агідна цёплы малюск. Яна адчувала, як ужо і вакол рота саленаватая плёнка, сляды гэтай цеплаватай чужой слізі, як на зямлі каля прыбіральні ў цёткі, калі летам ноччу пад вішнямі тлустыя смаўжы поўзалі, а потым знікалі пад цаглінамі. Яе рот запоўніла гэта гідкае, чужое безназоўнае нешта, а яна так самлела, што забылася на супраціўленне, проста стаяла ў паніцы і не разумела, як гэта выплюнуць – але заставалася чакаць, пакуль адпаўзе само.

Потым яна знайшла ў сабе сілы ўсміхнуцца і нават какетліва зманіць, што спадабалася. Але яе першы пацалунак быў знішчаны. Ён быў патоплены ў памыях.

Яна чакала моманту, калі можна было выцерціся – зрабіла гэта неўпрыкмет і з годнасцю. А потым у пакоі ў яе рэзка падскочыла тэмпература, хоць яна ні на што і не хварэла. Проста Улада тады зразумела, што такое – згараць ад сораму.

* * *

Потым пайшло ліставанне па электроннай пошце – вось тут Улада ўпершыню ў жыцці ўсумнілася ў тым, што яна флегматык. Узаемныя шпількі пачаліся з яго выхвальнага прызнання, што ён, бач, на алімпіядзе «хацеў яе спакусіць». Гэта выклікала рэакцыю з ладнай порцыяй скепсісу і яду – прасцей кажучы, яна стала яго адшываць. Потым заеліся пра палітычныя погляды: яна ў піку Вадзіму выказала даволі радыкальны пункт гледжання. Той вярнуў пазыку і стаў крыць яе аргументамі і проста балючымі, здзеклівымі шпількамі – па-майстэрску, кпліва, бязлітасна. Біў па самых балючых месцах. Яна яшчэ ніколі не трапляла пад такі шквал. І за гэтыя некалькі тыдняў зразумела, што такое быць змучанай нейкім пачуццём, у дадзеным выпадку злосцю, крыўдай і – адчуваннем грандыёзнай знявагі.

У Мінску ж Вадзім з’явіўся як нічога не было і пачаў падбіваць кліны. На спробы разборак, варкочучы і картавячы, прынёс свае выбачэнні і запэўніў, што не хацеў пакрыўдзіць яе асабіста. Так, што ён нават захапляецца тым запалам і зацятасцю, з якімі Улада бароніць свае перакананні – у асноўнай жа масы людзей зусім няма ніякіх перакананняў. А калі і ёсць, яны ўжо дакладна не гатовы змагацца за іх.

– Але тады, здаецца, пад канец ён усё адно прамовіў нейкую гадзенькую фразу наконт таго, што запал добры нават тады, калі чалавек памыляецца і лухту пляце, – Улада падняла палец. – То-бок, ён даў мне зразумець, што мае словы заўсёды былі, ёсць і будуць для яго лухтой. Прыемна ж быць упэўненым у сваёй слушнасці і перавазе. Але ж праўда я ні такой знаходлівасці, ні такога красамоўства ні ў каго не сустракала.

– Ну, а што ў выніку?

– Прапанаваў мне быць яго дзяўчынай. Але прытым па цікавай схеме – у яго ўжо была дзяўчына ў яго горадзе. Сам жа адразу прызнаўся, папросту так. І сказаў, маўляў, яна ўсё яшчэ мае зносіны са сваім былым і часам адчувае, што ў яе не астылі яшчэ да яго пачуцці, ах, так перажывае з гэтай нагоды, пачуваецца вінаватай перада мной. І яна сказала мне, што дае мне права на адну здраду. Уяўляеш, Надзь, ён прапанаваў мне быць «яго здрадай»! – са смехам выклікнула Улада. – Гэту дзяўчыну звалі Лілія, дарэчы. Ён яе пафасна называў Ліліт. Страшная яна, дарэчы, была, як Карыбскі крызіс.

– Та-а-ак, – працягнула сяброўка. – Своеасаблівы хлапец. Абодва яны такія, нездарма парачка. А што потым?

Потым яны працягвалі мець зносіны, Вадзім да яе «ляпіўся», Уладзіслава яршылася. Такія дзіўныя адносіны з невялікімі рэгулярнымі перапынкамі працягваліся доўга.

– І ён усё адно вечна, разумееш, Надзя, заўсёды мяне маральна біў… Як быццам не заўважаючы, потым прасіў прабачэння тыпу «не хацеў» і «не гэта меў на ўвазе» – але я бачыла, што ўсё вылічвае, «косіць ліловым вокам», цішком удар прымярае… А ён проста не мог так не рабіць! Натура яго такая. Але ты ўяві – дзень за днём падступныя чаплянні ў стылі «а чаму?», а потым – смяяўся нада мною. Здзекаваўся. Паслядоўна граміў. Смяяўся з маіх каштоўнасцей… З маіх поглядаў… І сямейнасць яму дрэнна, патрыятызм – дрэнна, добрая вучоба – дрэнна, усё – рабская псіхалогія і закамплексаванасць. Я, па яго думцы, была забітая дзяўчынка, хадзячы мяшок з комплексамі. Па іх і цаляў.

– Дык навошта ты яго цярпела? – абурылася Надзя.

– Ды дурніца я была! Дзеля кампліментаў цярпела. Ён жа які гад быў, то ўкусіць, то пагладзіць. Я сарвалася ўсяго раз альбо два, а так заўсёды трымалася. Плакала толькі дома – толькі голас часам дрыжэў. Дый наогул, было заўважна па мне… А я баялася, што я нейкая «не такая», нікому не падабаюся, трэба, каб хоць нехта быў… страціць хлопца баялася… І яшчэ – вось ідыёцтва, во-о-опыт жа!..

Так Вадзім і зацягнуў яе ў пасцелю. Была Страсная пятніца (з-за гэтага Улада сябе потым і грызла).

Асобнай млоснасцю адклікалася тое, як яна прыкідвалася, стагнала і ўздыхала. А насамрэч амаль нічога не адчувала.

Адзінае што – пагарду. Здзіўленую пагарду пры выглядзе гэтай стараннасці, гэтых прагных і мітуслівых сабачых рухаў, такога ж сабачага, беглага спадылба пагляду.

Улада проста ляжала, дазваляла рабіць штосьці са сваім целам, назірала і дзівілася, як можна так нізка ўпасці. Як можна за пару хвілін з чалавека ператварыцца вось у такога юрлівага сабаку.

Яшчэ ў яго была нейкая грубая скура, на ёй нават былі бачны гэтыя прышчынкі, адкуль волас расце. Улада зусім не разбіралася ў тым, якая ў мужчын бывае скура, але ў выпадку з Вадзімам ёй на розум прыйшло чамусьці слова «свінячая».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3