Пінчук Яніна - Горад мрой (зборнік) стр 11.

Шрифт
Фон

Яна таксама секунду памаўчала і сабралася.

– Не, – у яе выкананні гэта слова прагучала нібы надрукаванае тлустым шрыфтам. – Ты ніколі мне не падабаўся. Сэксуальнай цягі я да цябе ніколі не адчувала, ды мне гэта нават тэарэтычна было б цяжка ўявіць. І я дала табе наблізіцца знарок, проста каб зрабіць тое, што зрабіла – я чакала ўвесь гэты час. Вось што значыць мая фраза пра чаканне, – яе рэзка прачэрчаны рот склаўся ў рысу над назоўнікам.

– Ну тады ты пгоста… – ён зрабіў паўзу. – Дг’энь.

Вадзім завярнуўся і мерным крокам прайшоў да выхаду. І тут яна сарвалася. Сапраўды не вытрымала.

– Стой, паскуда!

На яго галаву абрынуўся партфель. У вузкай прасторы ўніверсітэцкіх дзвярэй гэта было тое шчэ відовішча.

Наступныя некалькі хвілін сведкам запомніліся, дый самой Уладзе таксама. Калі Вадзім напышліва кінуў – «дрэнь», і накіраваўся дадому, яна адчула сябе зняважанай і – чагосьці ж бракавала – ашуканай.

Яна агрэла яго яшчэ раз – Вадзім падняў рукі; Улада ў шаленстве адкінула партфель і нацэлілася кулаком яму ў твар. Яна лупіла і лупіла, яшчэ і яшчэ. Ён адварочваўся нейкім вялым, млявым рухам. Гэта яшчэ больш ятрыла. Улада ўрэшце паставіла яму падножку і зваліла ў тонкую слату на каменным ганку – ішоў снег з дажджом. Яна нацэлілася ніжэй пояса, ён захіліўся пакетам, потым схапіў яе за ногі і перакінуў праз сябе. Болю ў каленях не было, была прага рэваншу – Улада падхапілася за паўсекунды. Потым – новыя ўдары па фізіяноміі, тое ж адварочванне… А потым іх разнялі.

– Гэй, а ну стой! Куды! – Мураўская рашуча кінулася напярэймы і пхнула Вадзіма ў грудзі. Ззаду памкнулася паглядзець купка здзіўленых гледачоў. Не кожны дзень на факультэце чыняцца такія жахі.

– Яна гэта заслужыла… – паблажліва ўхмыльнуўся Вадзім пабітымі вуснамі. Не «я заслужыў» – «яна».

– Як хочаш, калі яшчэ раз хоць пальцам Уладу кранеш, з табой разбяруцца, – з нязвыклай пагрозай сказала Мураўская, гледзячы хлопцу ў вочы.

– Кінь, – пагардліва кінула Кунец, – хай гэтая гніда звальвае!

Вадзім крута развярнуўся і пакрочыў да метро. Але злосць яшчэ кіпела чорнай смалою. Улада выдралася ад Олі, падскочыла і засадзіла яму наском бота пад зад.

– Лайно паўзучае! Харкавіны кусок! Пад гэтыя крыкі ён і пакідаў поле бітвы.

* * *

Выявілася, што ручка ў партфеля адарвалася. Калены – на адным кроў, іншае будзе са страшным сіняком. Калготкі, ясна, ірваныя. Але Уладзе было ўсё адно, у якім выглядзе яна едзе ў трамваі – яна паставіла на дзіркі партфель, узбуджана жартавала і пасмейвалася, хоць вочы былі шкляныя, а шыя закамянела ад напругі. Потым была гарбата з Оляй.

«Добра сабой валодаеш, малайчына. Твая місія правалена».

На наступны дзень яе каламуціла і трэсла. Здавалася, нават вочы ў яе пацямнелі, а валасы счарнелі ад злосці.

– Алё, Надзь… Я ж ведаю, я магу на цябе разлічваць. Ты сама збіралася аднаго паўдурка закапаць за Кальцавой – вось у мяне таксама такі з’явіўся.

– Я ўжо ў курсе, – адказаў на іншым канцы знаёмы бясколерны голас. Інтанацыя была зманлівай, Надзя таксама была адной з самых блізкіх сябровак. А яшчэ – майстар спорту па кікбоксінгу.

– Я даведаюся, дзе гэты гад жыве, трэба яго высачыць! Проста падстрахуй мяне, я дастану манціроўку і засаджу яму па башцы – гэтая поскудзь не заслугоўвае жыцця!

– Паслухай, Куніца, не дурыся. Першае, як ты даведаешся, дзе ён жыве? Другое, гэта артыкул. І ён такіх старанняў не заслужыў. Ты ж не хочаш сесці тупа з-за нейкага паскудніка?

Так, яна не хацела. Потым сама пасмяялася з сябе: вось жа, у хвіліны сляпой лютасці ёй здавалася, што яна без праблем абдурыць міліцыю і здолее пазбыцца цела. Ды яшчэ ўяўлялася, што яна цалкам сябе кантралюе і цвяроза разважае! І яшчэ… усё ж разважаць пра расчляненне нечай тушкі на крывавыя кавалкі (а калі яшчэ з першага разу не сячэцца не рэжацца?), а таксама скіданне іх у Свіслач, і рэальна займацца гэтым – розныя рэчы. А раптам яе б званітавала?

Глупства.

Ён атрымаў як след. Найхутчэй, зараз «усё ўразумеў». І не будзе ўсплываць і совацца да яе праз год ці два.

На наступным тыдні да яе прыйшлі госці – Надзя і ейны брат Юрась. Абодва насілі гучнае прозвішча Тур – яно б цудоўна глядзелася на вокладцы кнігі, а Юрась якраз збіраў матэрыял для дысертацыі, хоць пакуль быў усяго толькі магістрантам гістфака: але ён ведаў, чаго хацеў, і меў выразныя планы. «Калі ведаеш, пра што пісаць, лепш адразу, – казаў ён, – а тое потым мазгі запляснеюць».

Само па сабе гэта не здзіўляла, у яе ўжо склалася пэўнае кола зносін, у якое ўваходзілі людзі, што называецца, выдатныя: не абыякавыя да гістарычных даследаванняў і political science,[7] і яшчэ зазвычай яны валодалі замежнымі мовамі – хоць бы адной і хоць бы на сярэднім узроўні. Насамрэч ёй гэта страшэнна падабалася. Як жа, яна, нядаўняя выпускніца звычайнай гомельскай школы, мае зносіны з такімі інтэлігентнымі, сур’ёзнымі людзьмі, часцяком старэйшымі за яе. На самай справе Уладу даўно нельга было назваць зялёнай першакурсніцай, дый з самага пачатку яна была не з тых, хто аборай хлеб кроіць, але гэтую асалоду ад асяроддзя, што аддавала здзіўленнем і затоеным трыумфам, яна дагэтуль захавала.

А вось Юрась заняў у гэтым коле знаёмстваў адметнае становішча – цяпер інакш, як «мой душапрыказчык», Улада яго не называла. Пазнаёміліся яны вельмі дзіўна – па ліставанні, а потам пасля двух тыдняў пісьмовых размоў раптам высветлілася, што гэты чубаты бландын, заядлы спрачальнік і азартны даследнік – Надзін брат. Улада паціснула плячамі і пад нейкай падставай заявілася да Тураў. Там яны з гэтым цудоўным юнаком дзве гадзіны праседзелі на кухні, абмяркоўваючы праблемы нацыяналізму, песні Луі Армстранга, народныя павер’і і іх адлюстраванне ў белетрыстыцы, ды Бог ведае што яшчэ. Разышліся ў поўным захапленні адзін ад аднаго. Улада зараз давярала Юрасю як сабе, але прытым вельмі характэрна захоўвала спалучэнне нязмушанасці і выразнай дыстанцыі – пра раман пакуль было рана казаць. Але хто ведае, хто ведае… Ва ўсялякім разе, яны не праводзілі ні дня без гутарак.

Юрась вельмі глыбока разбіраўся ў народнай абраднасці, замовах, магічных формулах, дый сам практыкаваў, называючы гэта «народнай верай». Улада была настроена скептычна – так што ён нават неяк раззлаваўся і ў сэрцах абазваў яе «савецкім атэістам» (хоць хрышчана яна была ў веру праваслаўную, ды толькі набожнасцю не вызначалася). Але палеская кроў, пэўна, брала сваё – Уладзе падабаліся аповеды пра ўсё містычнае, яна знаходзіла ў гэтым таямніцу і паэзію.

Як бы там ні было, сёння і брат, і сястра вырашылі зрабіць ёй дыпламатычны візіт, каб выказаць сваю падтрымку і салідарнасць з яе афіцыйнай пазіцыяй у інцыдэнце. Улада была кранутая і арганізавала ветлы прыём – з ангельскім чаем і хатнім макавым рулетам. Вось толькі ікра яе расчаравала.

– Фэ, ды гэту брыдоту нават есці няможна! – скрывілася яна і адышла да ракавіны, каб далікатна плюнуць. – Вам я і прапаноўваць не стану.

– А што з ёй не так? – здзівілася Надзя.

– Ды ўсё не так – гэта нейкі каляровы клейстар, не больш. Альгінавую ікру, бач, надумала купіць. Калі б ведала! А тут яшчэ і слоік здаравезны.

– Ну дык што ж ты чакала, – засмяяўся Юрась, – што будзе як на Венскім кангрэсе? Імператарскі стол, маўляў? Гэта ж панылы выраб з багавіння!

– Не, ну ці мала, – я чакала не такога агіднага смаку, – прабурчала Улада, засоўваючы злашчасны слоік назад у лядоўню.

Хоць ікра была не самым прыкрым у яе жыцці – пра астатняе трэба было распавесці.

– Дык гэта не твой выкладач па філасофіі.

Надзя чамусьці вырашыла, што ў яе сяброўкі нейкія нелады і «нестатутныя адносіны» з выкладчыкам.

– Ды не, – як магла мякка запярэчыла Улада, – проста ён вучыцца на філасофскім факультэце. Заўсёды лічыў сябе няведама якім мысляром. Вечна ўзвышаўся над нікчэмнымі людцамі. Прыкладам, такімі, як мы з табой.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3