Пінчук Яніна - Горад мрой (зборнік) стр 10.

Шрифт
Фон

«Я не ведаю, як цябе пакахала – не магла сабе гэта ўявіць. У страшным сне. І ў шчаслівым – таксама.

Ты жыў, калі я была маленькай дзяўчынкай. Ты жыў і калі мяне не было зусім. Ці жыў ты сапраўды?.. Не ведаю…

Сто дзён. Адна ноч – бясконцая. Можа, гэта ўсяго толькі казка? Ты ж далёка – далей за зоркі, за Атлантыкай, далей за тую зорку, што на сцягу рэспублікі…

Калі б ты быў патрапаным сцягам – я была б захопленым юным салдатам; як цябе цалавала б…

Калі б ты быў ружай у садзе маім, ружай, што вяне – я лашчыла б твае пялёсткі ахвотней за свежыя…

Толькі маўчанне.

Сон.

Пустэча.

І – маўчанне…

Але ўсё адно – ты са мной.

У маіх словах, штодзённых справах, мімалётных думках, адчуваннях цела, у снах, вядома… у маіх планах, марах, перакананнях…

Цябе няма, ты – усюды.

Ты ў шолаху новай лістоты і ў сумным шэпце старой…

…у срэбры халоднага зімовага дня…

…у пяшчотным сонечным святле – яно дакранаецца да скуры маёй разам з ветрам…

Ты ў гарах, у сінім небе, у дзікіх травах сенажацяў і ў пустэльні…

…у хмарачосах сталіцы, у завадскіх доўгіх трубах, у кафедральных саборах…

…у кроку кожнага ваяра і ў кожным яго стрэле…

…твае вочы – гэта мора, у буру шэрае, цвёрда-халоднае, а ў спакоі цёплае, цудоўнае, блакітнае…

Ты нідзе і ва ўсім, і ніхто не зменіць гэтага…

Ты прымушаеш мяне быць Валькірыяй.

Мне ніколі не трымаць тваіх рук. Мне ніколі не адчуваць тваіх вуснаў. Мне ніколі не слухаць твой голас.

Але я кахаю цябе, таму што ты – заўсёды са мной». Потым я шкадавала, што спаліла гэты маленечкі аркушык, дзе ўнізе была намалявана ружа і вінтоўка.

Ці то сама засаромелася сваіх пачуццяў, ці то збаялася, што нехта знойдзе.

А можа, і правільна. Мастак павінен насіць сваю музу ў сабе – і толькі ў яго дасягненнях, творах, поспехах можна злавіць ззянне яе – у маім выпадку – яго аблічча. А мае перамогі ўсе яшчэ наперадзе.

Толькі шкада было таго малюначка. Надта ўжо добра ён у мяне атрымаўся.

7. Мярзотная варажбітка

– Ну ты сёння ўсхадзілася! Амерыцы як след дыхту задала! – зарагатала зверху Вольга Мураўская.

– Ды ну, – азірнулася на ўсходы Улада, – я быццам бы карэктна вяла дыскусію.

Яна пачакала, пакуль сяброўка спусціцца да яе. Міма важна прайшоў палітолаг, празваны Леніным за характэрны выгляд. Яны прывіталіся, але мысленна плюнулі: ізноў за тэст адзнакі ставіліся абы як, што вучы, што не вучы, усё адно паставіць тры. Асабліва весяліць, калі ўсё адзін у аднаго спісваюць, але балы атрымліваюць розныя.

– Ну вось гэта так, – страсянула кудзеркамі Оля, – але пакуль мы дамову падпісалі, усе ўжо проста змакрэлі.

– А як інакш? – абурылася Улада. – Я не «ўпартая». У мяне проста выразная пазіцыя. І я адстойваю дзяржаўны інтарэс.

Сёння семінар па гісторыі міжнародных адносін прайшоў незвычайна. Алена Францаўна прапанавала змадэляваць міжнародную канферэнцыю ва ўмовах халоднай вайны. А ўсё каб студэнты крыху ажывіліся – замест таго каб пісаць да пасінення або спаць на задніх партах (гледзячы каму дзе сесці пашанцавала).

І сёння ўсе на сваёй скуры адчулі, як нялёгка даецца не тое, што «мір ва ўсім свеце», але нават «balance of terror».[5] Амерыканскі бок узначаліў Дзяніс Бухвостаў па празванні Янкі – усё як на заказ, нават мянушка супала; з боку СССР яму супрацьстаяла Уладзіслава Кунец.

Улада сапраўды змокла – можа, яе цвідавы пінжак быў злёгку не па надвор’і, таму што надышла адліга; але прытым яна заўважна нервавалася. Не, не павышала інтанацыі, не перабівала, не бразгала зброяй – твар у яе застыў, як маска. Але дыскусію яна вяла цвёрда і вельмі педантычна. Вось чаму Мураўская сказала: «З табой дакладна пачуваешся back in USSR,[6] ты б там да кампаніі прыйшлася».

Улада спынілася перад люстэркам, намотваючы шаль, і прыдзірліва сябе агледзела. Яна была занадта цікавай, каб застацца незаўважанай, і занадта строгай, каб прывабіць.

Дарэчы, ёй зусім не падабалася мякчэйшая форма яе памяншальнага імя – Уладзя. Ей здавалася, што ёсць у гэтым нешта саладжавае, з адценнем падатлівасці і ліслівасці. Іншы варыянт гучаў адначасова і сурова, і прэтэнцыёзна. Сярэдняга не было – і яна ўсё ж аддавала перавагу другому.

Апраналася амаль выключна ў класіку, пышныя цёмна-русыя валасы проста зачэсвала назад. Лёгкі намёк на квадратнасць у агульным абрысе твару, ямачка на падбародку і выразныя скулы надавалі твару валявы, упарты выраз, як і строгая лінія рота з вузкімі вуснамі. Але задуменнасць, нават лёгкая журбінка ў шэрых вачах і мяккі выгін густых цёмных броваў стваралі адчуванне спакою. Нават яе фігура, нягледзячы на зграбнасць, была моцнай і статычнай – ніякіх пырханняў і кіданняў, ды яшчэ вечна гэтыя гарнітуры ў ангельскім стылі. Вось успомніць нават дзявяты клас і зборы, калі рыхтаваліся да рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, выкладніца-куратарша ў гутарцы так і сказала: «Ну, дзяўчаткі, што ж вы так трасецеся – бярыце прыклад з нашай Уладзіславы. Абсалютна спакойны чалавек».

Ага, канешне. Сёння да гэтага было далёка. Таму што ўнізе ў фае павінен быў чакаць Вадзім.

* * *

Уся гэта жорсткая грызня з «амерыканцамі», застыглая пастава, ганебнае дрыгаценне ўсярэдзіне, за грудзінай – з-за гэтай сустрэчы. Цікава, тое ж самае чалавек адчувае перад дуэллю? Пастаяннае сэрцабіцце, прыліў крыві да шчок, у тым ліку ад сораму за хваляванне, нервовасць да падрыгвання пальцаў, напруга, дзікая напруга.

Улада пракрочыла ў канец калідора, сціскаючы ручку скуранога партфеля, што служыў ёй заміж дамскай сумачкі. Зайшла ў прыбіральню, там, сярод іншага, зняла пінжак і пхнула яго ў адно з аддзяленняў свайго партфеля, які адразу разбухнуў, як рапуха.

Яе не будуць біць, не будуць страляць, з чаго такая паніка? Але адчуванне было занадта знаёмым. Хіба не Вадзім давёў да таго, што яе ўсю пачынала калаціць толькі ад гукаў яго голасу ў трубцы? А часам – нават ад адных думак пра яго. Пачашчэнне пульсу, але не ад кахання, а ад нянавісці, сцятае дыханне, вібрацыя мышцаў, як перад тым, каб кінуцца на ворага… І ён яшчэ спрабаваў зрабіць яе «сваёй дзяўчынай».

Улада з сілай штурхнула дзверы і, гучна цокаючы абцасамі па гранітнай падлозе, збочыла направа, да раскладу.

«Спакойна, сачы за тварам, ты ж дыпламат». Смешна.

Ходкая фраза, якая ўжо аскому наганяе.

Было позна, амаль дзевяць: другая змена – лямпы прытушылі; у паўцені ён і стаяў у сваёй нязменнай скураной куртцы цёмна-вішнёвага колеру.

Яна падышла з лёгкай паўусмешкай.

– Вось ваша флэшка.

– Дзяк-куй, – прамовіў Вадзім. – Ну так што?

– Што «што»? – іранічна падняла бровы Улада.

– Ты ні-ічога не хочаш мне сказаць? – ён заікаўся. А яшчэ й картавіў.

– О, ну, увогуле, я ўсё выказала, – з’едліва сказала Улада, падцягваючы куткі рота ў няроўную ўхмылку.

Ён секунду памаўчаў.

– Ты ведаеш, мне такіх паскудстваў яшчэ ніхто ніколі ў жыцці не пісаў…

– Вось як, я ўсцешана, – уставіла Улада.

– Я пгоста не газумею, як у чаавеку можа змяшчацца гэтулькі бгуду. Улада, – пафасная паўза, у яго стылі. – Улада, я згазумеў адно. Я казаў, што мы абодва тгаўмігаваныя, абодва – з ганамі, з пашматанай, змагдаванай душой… Але гэта – канец. У мяне яшчэ штосьці… – ён запнуўся, намагаючыся прамовіць. – …з-застаося. Мой свет яны не газбугылі, застаўся стгыжань. Але вось цябе яны… з’вамалі п-поўнасцю.

Божа, якую лютасць выклікаў гэты танны пафас. Таксама – яго заіканне, картавасць, польскае «л», яго пыса і – увогуле…

– Ну добра, таварыш, вы атрымалі сваю каштоўную флэшку, спадзяюся, наша гутарка скончана? – холадна і варожа запыталася Улада.

Міма іх увесь час праходзілі студэнты.

– Ты хочаш уцячы ад мяне. Я бачу стгах, – яго рознакаляровыя, як у дробнага нячысціка, вочы прыжмурыліся на азызлым твары. – Я б адпусціў цябе, калі ўсё – так, як здагылася. Але навошта ты ўсё ж пагадзілася сустгэцца? Ты не вытгымала гэтай сустгэчы. Што б ні было з тваёй хворай душой, я ўсё г’оўна заўсёды кахаў цябе, – інтанацыі зноў сталі мяккімі, ліслівымі. – Скажы, – ён заўсёды неяк рэзка, раптам прамаўляў гэта «скажы» перад чарговай правакацыяй. – Скажы, цяпег’ асабліва – я табе хоць некалі, хоць тг’охі падабаўся? Ты мяне хацела?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3