Віктар Казько - Неруш стр 9.

Шрифт
Фон

Такі Шахрай быў дзіўны Мацвею: не спадабаўся яму.

– Загналі і вас, Алег Віктаравіч. Неспрыяльны вам мінскі клімат, сябе толькі і памятаеце ва ўсім.

– А ты каго памятаеш?.. Быў у мяне пракурор ваш, па характарыстыку прыходзіў на цябе. Адказаў я яму: «Хай і дэпутат атрымае, што заслужыў. Толькі вы спачатку наведайцеся да яго, паглядзіце, як ён там б'ецца…» Не пасадзяць. Даволі з цябе? За тым ты прыйшоў да заступніка, апекуна?..

– Не за тым, але як прыйшоў, так магу і пайсці.

– I ідзі.

– Не пайду. Слёзы, вочкі вашы насовачкай блакітненькай вытру, а тады і пакрочу… А вы б на маім месцы што б рабілі, да каго б кінуліся, пастаўце сябе на маё месца.

Што ж, рызыкнём, памяняемся месцамі.

– Жартуеце?

– Чаму… Садзіся, садзіся, даражэнькі, вось сюды.

– Так, так, добра, – падтакваў Шахраю Мацвей, калі той вёў яго да крэсла, і, толькі калі сеў, уладкаваўся, даў сабе волю: – Да парога!

Уклаў у гэты крык усё: і боль, і няёмкасць, і пагарду, з якой тут яго сустрэлі, і страх свой, нібыта выклікаў свайго былога начальніка да бар'ера. Але і гэтым напятым крыкам не праняў Шахрая. Той паслужліва скіраваўся да парога і вычакальна застыў там. Мацвей абмяк, і не было ў ім ужо нічога, акрамя тугі:

– Хопіць, пэўна, Алег Віктаравіч, будзем сур'ёзнымі.

– А гэта сур'ёзна, я кожны дзень такі сур'ёзны, а цябе хапіла толькі на паўхвілінкі. Працягвай, працягвай. Пачатак жа ў цябе быў нядрэнны.

Мацвей не разумеў, здзекуецца ён, блазнуе ці гаворыць усё шчыра. Шахрай быў спакойны, і гэтая яго спакойнасць і памяркоўнасць абурылі Мацвея.

– Шапку, шапку далоў,– загадаў Роўда, – I ад дзвярэй адваліцеся, іх падтрымліваць не трэба. Ногі б здагадаліся выцерці, калі перліся сюды. Чаравікі пакажыце, пакажыце чаравікі.

– Я ў пантофлях…

– Добра, што толькі ў пантофлях, а то і ў халаце ўваліліся б… Ну, карацей і самую сутнасць. Ды час не забудзьце засекці. На гадзіннік паглядзіце, толькі непрыкметна, крадком. I шыю згінайце… Што ты на мяне, як на пракурора, вызверыўся. Галаву ніжэй і вочы ў падлогу. Ну, што шыя-выя твая не гнецца? Ты ж прасіцца прыйшоў. Ты ж у мяне во дзе. Я ж твой дабрадзей і заступнік, дык не зыркай жа на мяне буркаламі сваімі. Ну, пачынай, пачынай, голас каб дрыжаў, каб жалоба і скруха ў ім былі, каб працяло мяне, каб я вник и снизошёл. А не то я цябе да намесніка наладжу, а той да загадчыка аддзела…

Мацвей гаварыў, нібы працягваючы жарт і гульню, якую прапанаваў яму Шахрай, але ён ужо адчуваў: гульня скончылася. Яму ўжо быў брыдкі гэты чалавек, які сам прапанаваў гэтую камедыю і сам адмаўляўся ўдзельнічаць у ёй. А Мацвей быў ужо ў ролі, і яму трэба было давесці яе да капца. Усёдазволенасць камедыі, жарту не вымушалі яго стрымліваць сябе, мяцца, давалі хоць і ўяўную, але ўладу. I ён карыстаўся гэтай сваёй уладай смела і без сораму, яму было прыемна ўладарыць над Шахраем. Наглядаць за яго збянтэжанасцю і замяшаннем. Хоць хвіліна, ды належала яму, ён, на выразу таго ж Шахрая, владел ситуацией, ён таксама здолеў парваць час, разбурыць сувязі і адносіны, якія ён дыктаваў.

– Ну, даражэнькі мой, чаго ж ты там прыліп, давай, не бойся… На паўсагнутых, Алег Віктаравіч, што мне вас вучыць. I пантофлі не губляйце.

– Пераціскаеш, Мацвей Антонавіч.

Як толькі Алег Віктаравіч рушыў на яго, сітуацыя ўжо не вельмі падпарадкоўвалася Мацвею.

– Нічога, праглынеш, – паспрабаваў ён захаваць тую вышыню, што ўжо набраў, але Шахрай выціскаў ужо яго з той вышыні голасам і грувасткасцю сваёй.

– Перайграеш, Мацвейка. А гэта заўсёды небяспечна, як і недайграць.

– А я не хачу іграць, я ўжо нагуляўся ў вашы гульні.

– А ў іх не трэба гуляць, у іх жыць патрэбна.

– Ну і жывіце, Алег Віктаравіч, бывайце здаровы, жывіце багата, а мы… – Мацвей знямог, здаўся, і Шахрай урэшце дазволіў сабе ўсміхнуцца.

– Не, калі пачалі ўжо, дык і працягваць будзем, а то не па правілах будзе. Перад тым як гуляць у нашы гульні, трэба правілы вучыць, што табліцу множання… Усе вы так, на злом галавы, а тут і саломку яшчэ падсцілаць трэба. I гэта галоўнае – падсцілаць саломку. Трэба ўлічваць фактар часу…

Мацвей здрыгануўся, пачуўшы гэты «фактар часу», але выгляду не падаў, слухаў. Шахрай жа змяніў тэму, нават не тэму, ён проста загадаў яму:

– Убірайся, злазь з майго крэсла, на стуліку табе сядзець. З маёй званіцы вышэй і вельмі балюча ўпасці, а так толькі сінякі твае.

– А як жа с фактарам часу? – I тут быў мацнейшым за яго Шахрай, не хапіла вытрымкі, спытаў.

– Аніяк, – адказаў Шахрай, – ты перабежчык, элементарны, гнюсны, як і ўсе яны, калі карабель тоне. Твая перавага ў тым, што ты першы, а так усе вы адной масці. Меліяратар… Меліяратары працуюць, робяць сваю справу. Ты першы завыў, заенчыў, яны маўчаць, грамадскасць, вучоныя – усе ў адну дудку: бедная прырода, бедная прырода, прырода-маці, а хлеб, што мы далі, жаруць. I ты з гэтага хору едакоў. Крыху вымачыла, крыху прымарозіла, крыху высушыла, пылам цябе ахапіла – ты ўжо і сканаў. А галоўны бой яшчэ наперадзе. Ох, якая крутая каша заварваецца. I шкада мне, Мацвей, што ты не са мною…

– Буду есці кашу?

– Пры чым тут каша, каму есці, кажу табе, хапае – не хапае адданых пашай справе людзей, змагароў.

– Я ўжо наглядзеўся на вашы змаганні. Лясы ляцяць, чупрыны трашчаць… Я прагну аднаго: прайсці па гэтай зямлі і не пакінуць і следу.

– Не дадзім, не дазволім, – Шахрай грукае па стале кулаком.

I цяпер усміхаецца ўжо Мацвей:

– Хацеў бы не наслядзіць, Алег Віктаравіч, як наслядзілі мы з вамі ў тым жа Княжборы. Вось што я меў на ўвазе…

– Стоп, стоп, стоп, – зноў ляпае па стале, толькі ўжо далонню, Шахрай.

– Спазніліся стоп загадваць, ужо наслядзілі, нідзе ад гэтага не дзенешся. Толькі крыўдна мне: тварылі разам, адказваць…

– I зноў ты перабіраеш, – перабівае яго Шахрай. – Хто будаваў табе калгас?

– Я толькі начальнік БМУ.

– Цудоўна. А ў калгасе ты быў толькі хто?

– Старшыня.

– Дык якога ж чорта лысага ты пёрся да мяне?

– А я мо і не да вас, я не хавацца…

– Ах, якія мы ганарлівыя, у пас усяленскае сумленне жыве, у нас усяленскае сумленне загаварыла. Нам раса вочы выела. Мы ў адказе за ўсю зямлю. Мы кідаемся, мы шукаем. Мы раскайваемся, мы грэшнікі, мы Марыі Магдаліны… Вось хто ўсё жыццё шкодзіць, хто блытаецца пад нагамі, ные…

– Мы проста злачынцы з вамі., Алег Віктаравіч.

– Я – не, ты – так. Злачынец, таму што табе падабаецца быць злачынцам. Табе падабаецца біць сябе ў грудзі. Ты як крыж на ростанях, толькі бабулек няма каля цябе, якія б ручнічок табе падвязалі, міласцінку паклалі… Пачаў бы ты красці лепей, Мацвей Антонавіч…

– Што ж мне красці? Тысячы, мільёны, якія праз твае рукі праходзяць? Дык яны і не патрэбны мне, да таго ж украдзены ўжо іншымі да мяне. Не, не думай, не сабе ты іх у кішэню паклаў. Ты зрабіў яшчэ горшае, самае агіднае ты зрабіў, ты іх убіў у зямлю, ты пусціў іх на вецер, на месяц закінуў. А гэта ж мае грошы, ты іх украў у мяне.

А мне б усю зямлю ўкрасці, вось гэтага б з мяне хапіла… Бадай, пагадзіўся б нават на рэчку, возера. Засеяў бы, засадзіў непралазным, непраходным цёмным лесам – і каб не пешаму, ні коннаму дарогі туды. Толькі добраму чалавеку расступаўся б мой лес, пускаў яго да берага, на якім мы з тым чалавекам маглі б пасядзець і з вудаю, пагаварыць і пасумаваць на золку. Але ты ўкраў у мяне і лес, рэчку, і бераг круты.

– А прасніцу табе туды не трэба, а лапцейкі, а гуселькі-цымбалікі? Хаця ж, табе па дудачцы-жалейцы больш падыходзіць. Рэчку я яго ўкраў. А ты куды глядзеў?

– Я не глядзеў, я выглядваў з-пад вашай рукі. Чый аловак крыжаваў вадасховішча? Маўчыце?

– Маўчу. Спазніліся з табою, цябе трэба было яшчэ з начальнікаў ПМК перці… Я крыжаваў вадасховішча, а ты мне апладзіраваў. Загадалі табе садзіць па тарфяніках бульбу, буракі. А ты і рады дагадзіць…

– Я верыў.

– У бога трэба верыць.

– Вы для мяне і былі богам. Бы як бог прыйшлі ў Княжбор і як бог узаралі яго, пакінулі за сабой жоўтыя пяскі, тарфяныя буры… Вы… Я прыйшоў вам гэта сказаць. Няхай вам будзе сніцца Княжбор, вам і вашым дзецям, як сніцца мне…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора