Віктар Казько - Неруш стр 8.

Шрифт
Фон

I Мацвей адначасова быў рады і шкадаваў, што наскочыў да Шахрая, і не на працу да яго наскочыў, дзе нават сцены, падлога вымушалі б яго гаварыць коратка і толькі аб тым, што датычыцца справы, а сунуўся ў кватэру, дзе можна гаварыць, не зашпільваючыся, нібыта такія ўжо ў іх адносіны. I сам сябе няёмка адчувае, і Шахраю будзе мулка, будзе вымушаць Шахрая вымаўляць нейкія пустыя і непатрэбныя зараз словы. А што Шахраю нейкі там старшыня калгаса, хаця ён і хадзіў з тым старшынёю ў адным хамуце, цягнуў адзін воз. Толькі калі тое было. Цяпер жа хамут у яго другі і карэннікі другія, а такіх, як Мацвей, сотні.

Мацвей свядома прыніжаў сябе. За вольнасцю і нейкай нават нахабнасцю ў думках былі і збянтэжанасць, і разгубленасць, і горыч. Ён ведаў, чаго варты сам, ведаў сваю сілу і віну, ведаў, чаго варты і Шахрай, магчымасці яго і межы гэтых магчымасцей: як бы высока ні занесла таго, проста так ён бы не адмахнуўся ад яго, ад Мацвея. Калі б на тое пайшло, Мацвей не пасаромеўся б грымнуць і кулаком па стале, прыперці Шахрая і сказаць яму: што, запамятаў, як і над табой былі Шахраі. Але ён прыйшоў да Шахрая дамоў і пазбавіўся менавіта гэтай зброі, пазбавіўся свядома. За плячыма яго самазнішчэння стаяў ганарлівец – апошні абаронца жабрака, які працягвае руку па кусок хлеба з паставай дабрадзея. I Мацвей з'явіўся да Шахрая як пераможца. Жабрак-пераможца, які праг убачыць, ці дрыжэцьме рука таго, хто дасць яму хлеб. Яму патрэбен быў зараз другі чалавек, чалавек, аднолькава павінны ў тым, што здарылася ў Княжборы, але воляй лёсу вызвалены ад пакарання. Яму карцела даведацца, што крыецца за гэтым лёсам: проста – спрытнасць рук і ніякага махлярства ці нешта больш значнае, недасягальнае разуменню старшыні калгаса. Ён праг верыць у гэтае недасягальнае, што хоць нейкім чынам ды ўсё ж апраўдвала яго, на самай жа справе, што ён, Мацвей, зрабіў няправеднага, колькі на гэтай вялікай зямлі жыве людзей, а чыстых праведнікаў сярод іх Мацвею яшчэ не даводзілася бачыць. Не бачыў ён і такіх, якія ўжо страцілі ўсё чалавечае ў сабе. Зразумела, не роўнымі былі людзі, жыццё ўздымала, брала на шчыт адных, таўкло, змешвала з граззю другіх, і ўсе яны ў меру таргаваліся з ім за месца пад сонцам, за годнасць сваю, былі ў меру сумленнымі, а ў меру і не. I гэтая мера заўсёды ўлічвалася, планавалася і наверсе, і ўнізе, заўсёды аптымальна вызначаўся яе абсяг, аптымальнай была будучыня, якая паўставала за гэтай мерай, будучыня адзінкі і мноства. Ніхто нікога не адзначаў так, як адзначылі яго, Мацвея, і людзі, і зямля, і нават час. Адзначылі менавіта за тое, што быў працавіты, старанны без меры і, па магчымасці, сумленны. Не падмануў, не ўкраў, не забіў… I ўсё ж…

А што ўсё ж? Гэта павінен ён высветліць зараз, высветліць у гаворцы з Шахраем.

Шахрай уяўляўся яму чалавекам ужо крыху за мерай, які не ведае хістання, усё, што ён рабіў, рабіў не азіраючыся, нібыта і на самай справе ведаў нешта такое, чаго не дадзена было ведаць яму, Мацвею. Шахрай, думаў Мацвей, абавязаны гэта ведаць, зыходзячы хаця б з таго, што ён знаходзіцца над ім. Гэта было простае і наіўнае тлумачэнне, але хацелася верыць, што так яно і ёсць, ці страціць гэтую веру раз і назаўсёды, падмануць сябе ці пазбавіцца ад падману.

Ён пакутаваў, ісці ці не ісці яму да Шахрая, усю дарогу, але, выпраўляючыся ў гэтую дарогу, ён ужо ведаў: няма да каго больш ісці яму ў Мінску. Быў яшчэ чалавек, але ён зарокся, што таму чалавеку пакажацца на вочы толькі перад смерцю. I ў аўтобусе ў паўдрымоце яму мроілася, што тая апошняя, абагульняючая ўсё хвіліна ўжо настала і ён, не марудзячы, з прывакзальнай плошчы кінецца на адрасе, які прапісаны ў яго памяці палаючымі літаркамі. Але толькі спыніўся аўтобус, Мацвей, не вагаючыся, пакрочыў да Шахрая. Ён не прызнаваўся ў гэтым нават сабе, але ўвесь час спадзяваўся па нейкі цуд: усё, што адбылося з ім, – сон, насланнё, яму здавалася, што ўсе гэтыя тры гады ён жыў, боўтаўся, плёхаўся ў нейкай цёплай і соннай вадзе, дастаткова выйсці з гэтай вады, ступіць на бераг, на халодны і жорсткі пясок, ён зноў будзе ўсё бачыць, стане відушчым цела, насланнё згіне, пачнецца жыццё, нічым не падобнае на тое, што было раней.

Мяккія абдымкі Шахрая працвярэзілі яго, ён зноў быў у той жа самай ачмуральна цёплай вадзе. Ніхто і нішто не здольныя перамяніць яго лёс. Надзея знікла, і ён раззлаваўся на сябе, на Шахрая, таму і прыдумаў сабе яго, хацеў убачыць на твары Шахрая маску і ўбачыў. А калі папраўдзе, дык Шахрай які быў, такі і застаўся. I зараз, калі абдымаў яго, як і раней, паводзіў сябе, як артыст перад публікай, хаця ніякай публікі не было. Гэта была яшчэ адна прыроджаная, пэўна, рыса Алега Віктаравіча – усюды і ўсім падыгрываць, аддаваць першы ход каму-небудзь іншаму, нават і сярод сяброў паводзіць сябе так, нібыта яго фатаграфуюць зараз. Тут Мацвей зноў спахапіўся, што ён несправядлівы, што ён мо і зайздросціць Алегу Віктаравічу, які заўсёды такі роўны з кожным, але спыніцца ён ужо не мог. Наўмыснай падалася яму і прастата, з якой быў абстаўлены кабінет Шахрая, хаця гэта больш за ўсё і выяўляла ранейшага Алега Віктаравіча, у спартанскай прастаце быў водгук таго часу, у якім пачаў свой шлях Шахрай.

Вандроўнае жыццё па Палессі таксама патрабавала гэтага: нічога лішняга ні за плячыма ў рукзаку, ні ў кішэнях, ні ў кабінеце, ні ў хаце – усе рэчы простыя і прызначэнне іх зразумелае. Менавіта па гэтую прастату і паразуменне і прыйшоў Мацвей да Шахрая. I ўжо як бы сам кабінет Алега Віктаравіча сцвярджаў, што імкнуўся сюды ён недарэмна. Кабінет хаця і быў аглушальна вялізны, але голы, пусты. На адной сцяне, амаль напалову яе, – схема меліярацыі Палесся. А ў самым нізе гэтай схемы была маленькая чорненькая кропачка – Княжбор, макавае зярнятка і вока змяі адначасова, быў, уласна кажучы, сам ён, Мацвей. Яго жыццё, лёс. Мацвею і на самай справе здавалася, што гэтая чорная кропка на вялізным аркушы фотапаперы і ёсць ён. Усё, што ён рабіў, чым жыў, выснавалася, сфакусавалася ў гэтую нямую зрэнкавую кропку. I няма ніякай драмы, таму што такіх кропак на карце мноства. I яго вока абыякава слізгаціць па іх, не спатыкаецца ні сэрца, ні душа, а калі і ўзнікае што ў сэрцы, то нікому гэта і не цікава, ні яму, ні каму-небудзь іншаму – гэта рэха таго, як і дзе ён жыў раней, тая самая геаграфія і крыху біяграфія, якую мае кожны чалавек, мае і па-свойму асвятляе яе. Мацвей адвёў вочы ад карты Палесся, але тры іншыя сцяны былі ўжо зусім голымі. Не загрувашчаны быў паперамі і стол Шахрая. Горка ганчарных дрэнажных трубак – вось і ўсё. I ад гэтых трубак, ад схемы меліярацыі Палесся – пах тарфянікаў, балот, балотных траў – уяўны пах, пры поўнай адсутнасці яго.

I Мацвей зноў абрынуўся на Шахрая. Цяпер ён абвінавачваў яго ў тым, што той умее вось так – адным-двума штрышкамі – стварыць нават паветра сваёй дзейнасці, пазначыць і высветліць тое, чаго няма, што толькі жадаецца. I ў гэтым таксама ўвесь Шахрай, які навідавоку, для старонняга, Мацвей я;а ведаў яго і іншым і паважаў у ім таго іншага, настырнага, які б'е ў адну кропку, імгненна адсякае ўсё, што не тычыцца справы. I Шахрай стаў такім вокамгненна, як толькі яны дайшлі да справы, маслакаватым, грувасткім, нязручным. I Мацвей уздыхнуў з палёгкай, пачуўшы знаёмы голас, убачыўшы знаёмага чалавека.

– Дык ты за мае шырокія плечы… – пасля гэтых прамых слоў Шахрай трошкі вільнуў убок, загаварыў больш па-сяброўску, амаль з даверам: – Як толькі перабраўся ў Мінск, сеў у крэсла, усе былыя дружбакі згадваюць пра Шахрая, калі ім толькі прыпячэ, калі смажаным запахне. Думаў, хоць ты як чалавек зазірнуў, пагамонім, чарку возьмем. – 1 распаліўшыся: – Адзін, адзін, і выпіць няма з кім. I ты такое ж г…, Мацвей, як і ўсе астатнія. Памыліўся я ў табе. На каго толькі не паглядзіш, адзін і той жа твар: карысць, карысць…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора