Віктар Казько - Неруш стр 17.

Шрифт
Фон

Але ж мо гэтая знаходка і прыцягнула да балотца людзей, адразу пасля мітынгу на тым месцы, дзе знайшлі самалёт, паставілі абеліск, а потым пачалося і асушэнне балотца, рачулку спрамілі, паглыбілі экскаватарам метраў да пяці, высеклі кусты, і вёскі, што стаялі адна супраць адной за насыпам белага пяску, за кучамі алешніку і пнёў, перасталі бачыць адна адну. Гэтыя кучы так і не паспелі прыбраць. Над імі закурэў спачатку тоненькім струменьчыкам дым, і струменьчык гэты то знікаў, то з'яўляўся зноў, нібыта хтосьці дыхаў там, у глыбіні, уцягваў і пускаў дым, і дыханне яго рабілася ўсё больш гарачкавым і ліхаманкавым, і дыму большага, пакуль не зацягнула ім абедзве вёскі, якія стаялі паміж гэтымі тарфянікамі, і толькі пасля гэтага захваляваліся сяляне, не было чым дыхаць каровам, кінуліся тушыць, ды было позна, агонь быў ужо глыбока ў зямлі, тачыў яе норамі і хадамі. I небяспечна было ўжо хадзіць па зямлі, па балоце, куды больш небяспечна, чымсьці па дрыгве. Ад дрыгвы яшчэ быў паратунак, а торф, што схапіўся агнём, нічога не аддаваў назад, жэр усё. На вачах у Мацвея гэтае жудаснае пекла паглынула карову. Ён паспеў паглядзець толькі ў вочы ёй і ўбачыў такі жах, што здрыгануўся, вочы яе не наспелі нават набрыняць слязьмі, такая была спякота, яна і не замычэла, не раўнула ад болю, роў яе спапяліўся ў перасохлай, разадранай ад пакут глотцы, карова толькі вываліла даўжэзны да неверагоднасці. язык, нібыта прагла адкусіць яго, і пайшла пад зямлю, абсмаленая і спечаная адразу, пры жыцці яшчэ. Пасля таго балота гарэла месяц, і месяц было не прадыхнуць ні ў адной, ні ў другой вёсцы і ў гарадку таксама.

Згарэў і абеліск – памяць аб лётчыку, які загінуў пад балотам, праваліўся пад зямлю. Быў – і няма. I маўклівасць, з якой ён знік, непрыкметнасць, з якой гэта адбылося, больш за ўсё ўразілі Мацвея. Абеліск і цяпер стаяў паміж ім і той справай, да якой ён сябе рыхтаваў. Пра лётчыка Мацвей успомніў недзе ўжо ў капцы іх сумеснай з Шахраем паездкі на Палессе, калі яны паспелі нагаварыцца, што яму рабіць з гэтай зямлёй і якой яна будзе пасля яго працы. Карціна, якую маляваў Шахрай, была прыгожай. Плёскала, біла ў бераг хвалямі мора – вадасховішча, якое створыць ён сам. Яго павольная і журботная рэчка пераўтварылася, ёй наканавана было стаць магутнай воднай артэрыяй, якая звяжа гэты край з пяццю сапраўднымі морамі. I плылі па ёй марскія параходы, і ляцелі над ёй марскія чайкі, а там, дзе былі балоты, чэзлыя кусцікі алешніку і лазы, сцяною стаяла пшаніца, хвалявалася пшанічнае мора. I паўсюдна жывёлагадоўчыя комплексы, амаль што гарады на месцы вёсак. Цудоўная карціна, але, але…

Ён не быў бы Роўдам, не быў бы палешуком, Дзям'янам з самага сэрца Палесся, калі б безразважна паверыў Шахраю. I карціна, якую намаляваў яму Шахрай, грэла яго толькі дзень. А потым ён звыкся з ёю і пачаў думаць. Быць памяркоўным – гэтага патрабавала само Палессе, яно таксама было ў роздуме. Нястомна і безупынна думалі і нашэптвалі нешта сваё рэкі, што беглі між травы і пад зямлёю, пад падманным берагам, утвораным, сатканым з той яга травы. I гэты бераг-дыван увесь час угінаўся пад нагамі, пагражаў падламацца, парвацца і ўцягнуць чалавека, які не думаючы ступіў на яго, уцягнуць так, што і бурбалак ад яго не застанецца. Думаў лес, шапочучы веццем, калі набягаў ветрык, а ў спакоі некуды збягаючы сам, ці не ў вечнасць, тую самую вечнасць, якой заўсёды ўласціва думка, у якой і жыве думка. Лес, дрэвы і жылі гэтай думкай, здабываючы яе глыбока ў зямлі. сваімі каранямі. Думалі антоны-буслы, што ў белых світках выйшлі на сенажаць і замерлі, зачараваныя самі сваімі світкамі і адзеннем, у якое прыбралася зямля, абяцаючы добрую восень і зімку. Дзеля гэтага і працавалі рэкі, дубровы, сонца, птушкі і мурашкі нават. I Мацвей таксама працаваў дзеля гэтага, ён разумеў, што гаспадарыць па гэтай зямлі, як гаспадарылі раней ён і іншыя палешукі, нельга, цесна ўжо. Ён кожны год усё больш і больш адчуваў, як душаць яго балоты. Не хапала зямлі, не хапала прастору яму і яго тэхніцы. I гэта ў той час, калі столькі зямлі, здавалася, без аніякай карысці марна гіне, захоплена балотам, дрыгвой. Але, з сумам гледзячы на балота, ён бачыў на ім і абеліск, і дым, што едка вісеў над вёскамі і гарадком. I балота рабілася як бы часткаю яго самога, яно, здавалася Мацвею, ведае аб ім больш, чым ён сам ведае пра сябе. I не падымалася яго рука на гэтае балота, нібы нешта разумнае было перад ім, здавалася, што балота мае і памяць. На тым я?а балоце, на якім жылі буслы, рос аер, рос, жыў і ён сам, Мацвей Роўда, пакаленні княжборцаў раслі і жылі. Ён жа сам выйшаў з аеру, антонаў-буслоў, таму і адбыўся, што былі ў ім і вакол яго: буслы, алешнік, аер, рачулкі і крыніцы, балота і абеліскі. I сёння яшчэ слёзы ў яго вачах ад таго дыму, праз які ён ездзіў рабочым паяздком, шчыміць сэрца, калі прыгадваецца абеліск, які паглынулі агонь і зямля. Пра ўсё гэта Мацвей і расказаў Шахраю, калі яны пераначавалі каля рэчкі і зноў рыхтаваліся ў дарогу. Шахрай, як заўсёды раніцай, галіўся, прыстасаваўшы абломак люстэрка да алешыны. Яму заставалася толькі разы з два правесці брытвай, але якраз па тым месцы, дзе і сядзела тая злаўмысная дакучлівая радзімка, як след, пакінуты куляю ад стрэлу ва ўпор. Шахрай баяўся парэзаць яе, як агню, таму што за гэтым блюзніўся яму рак, і мо з-за боязі рэзаўся, колькі галіўся. I цяпер Шахрай памацаў радзімку пальцам, нібыта хацеў пераканацца, ці не знікла яна, паднёс і адвёў брытву, і рука яго дрыжала. I гэтая няўпэўненасць Шахрая была ў навіну Мацвею, вымушала яго адначасова быць асцярожным і шчырым. Але абачлівасць перамагла, збаяўся і свайго недарэчнага, як яму здавалася, хвалявання, і таго, каб не сказаць чаго-небудзь лішняга пад руку Шахраю. I, пэўна, усё ж сказаў, толькі пачаў пра абеліск, пра лётчыка.

Алег Віктаравіч рашуча і злосна правёў брытвай па шчацэ, змахнуў пену, і паплыла па падбародку чорная стужка крыві.

– Зноў, так і ведаў, дагалюся да раку, – з прыкрасцю прамовіў ён і не вытрымаў, закрычаў: – Пад суд, пад суд за такія справы!

– Каго пад суд? – не зразумеў Мацвей, – За якія справы?

– За такія… I колькі гектараў тарфянікаў згарэла? – ён беспаспяхова спрабаваў спыніць кроў і адэкалонам, і ёдам.

– Да тысячы паўтары.

Шахрай амаль застагнаў:

– А мой дзед з кумам трыццаць гадоў, да рэвалюцыі яшчэ, судзіліся за паўтары дзесяціны… Ды… Гэта толькі адной бульбай каля трохсот тысяч рублёў. Ды гэта ж наш саўгас ці калгас, які мы толькі думаем будаваць, спалілі… Пазнаю, пазнаю, хто пад суд пайшоў? – Кроў усё яшчэ бегла.

– Ды ніхто, здаецца. Стыхійнае ж бедства…

Стыхійнае бедства Мацвей уплёў, каб паслухаць, што скажа Шахрай. Сам ён так не думаў, не думаў так і Шахрай.

– Пазнаю, пазнаю, стыхійнае бедства. Нічога неверагоднага няма сёння… Залатое дно, павер мне, Мацвей, у нашых палескіх тарфяніках. Жылінскі недарэмна ж, і калі, і колькі той тэхнікі было – лапата, пайшоў у наступ на гэтае дно. Дваццаць пяць тысяч кіламетраў каналаў лапатаю… – I раптам, як хто кухталя яму ў бок сунуў: – I ты сумняваешся, што меліярацыя – залатое дно? – Кроў яму так і не ўдалося спыніць.

– Ды як вам адказаць…

– Шчыра, як я пытаю цябе…

– Шчыра – не. Кожны старшыня калгаса за меліярацыю. Гэта ж раз-два – і ў дамках. Патрэбны нам новыя землі, тыя, што маем, ужо спустошаны. I латка на латцы. Але…

– Што але, працягвай, – Шахрай урэшце спыніў кроў і цяпер ляпіў на радзімку пластыр.

– Ды так, дробязі, эмоцыі. Карова з адкусаным языком, і тое ж стыхійнае бедства, і характар наш… натура наша…

– Які характар, якая натура?

– Шырокія мы і багатыя.

– Не разумею яго.

– А што разумець? Кітаец у кашы на гарбу на гару зямлю цягне, каб граду нейкую займець, японец галінкі, сучкі, кару збірае – і. ўсё да справы. А мы маем вунь колькі гэтых дрэў, і зямлі, і балот, вокам не ахапіць, аж галава кружыцца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора