Віктар Казько - Неруш стр 16.

Шрифт
Фон

– А трэба ж, каб з мінімальнымі затратамі,– засмучана ўздыхнуў Шахрай, – капейку дзяржаўную трэба берагчы. I тарфянікі глыбокія, каб паўсюдна, каб на вякі, і дарога недалёка – на першы выпадак хоць тэхніку, матэрыялы падвезці. I каб усё паказальна, каб сляпы і той убачыў, што такое меліярацыя.

– Княжбор, – адказаў Мацвей, са спачуваннем наглядаючы, як пакутуе Шахрай, расціраючы скамянелыя лыткі. Ён яшчэ на пачатку гэтага падарожжа ведаў, што выбар падзе на Княжбор, прадчуваў, але не спяшаўся гаварыць пра яго Шахраю, штосьці стрымлівала яго, невядома чаму, нібыта таксама штосьці прадчуваючы, смуткавала сэрца. Была нейкая ненадзейнасць і штучнасць у той хуткасці, з якою вырашылася ўсё гэта – і пераход на новую пасаду і працу, і гэтая вандроўка па Палессі – гульня нейкая: ідзі туды, не ведаю – куды, вазьмі тое, сам не ведаю – якое. А само падарожжа падабалася, камары, мошкі не дапякалі яго, не назалялі яму, ён пасвяжэў у дарозе, абветрыўся, загарэў, хаця загар да гэтага амаль што і не прыставаў да яго: лупілася цела, але не прымала сонца. Нос дзям'янаўскай пароды лупіцца і зараз, як у дзяцінстве, сонца на гэты раз перамагло дзям'янаўскую пароду, кінула чарноты на скулы, лоб, дадало блакіту, нябёс вачам. I вочы глядзелі зараз на неба, на зямлю, на балоты больш пільна, прыкмячалі ўсё, на што раней і не звярталі ўвагі, слізгацелі з абыякавасцю вандроўніка. Мо вінавата ва ўсім было надвор'е. Дні стаялі ціхія, без подыху ветрыку нават, і сонца не дакучала, у небе і на зямлі задумлівасць, засяроджанасць на нейкай адной думцы. Думка гэтая была спрадвечнай, але не старой. Яна была і ў Мацвею, толькі ён аніяк не мог ухапіць яе, звязаць з тым, што бачылі вочы, што было вакол яго, што адбывалася з ім. Не было ў ім спакою і суцэльнасці, усё ўспрымалася паасобку, раздроблена: асобна дрэвы, асобна куст, асобна рэчка і птушка ў небе. А ў прыродзе ўсё было адзіным, хаця і патаемным, апаслівым. Вось гэтай апаслівасці ў сабе таксама не здольны быў зразумець Мацвей. Чаго было перасцерагацца рэчцы, калі яна бярэ пачатак з-пад бярозы, бяроза тая не ведае свайго веку, з надломанай галінкі яе капае сок, бярозавік, і там, дзе датыкаецца ён зямлі, дзе праточвае капелька зямлю, з жоўтага разлому гліны, як са шкарлупінкі арэха, б'е крынічка, клякоча бурбалкамі бярозавік, сцюдзёнай празрыстасцю збягае па гліне ў лагчынку і зліваецца з сінню і празрыстасцю іншых крыніц, з цёмнай адстоенасцю вады балот. I крынічка няхай сабе яшчэ і не рэчка, але ўжо ручаёк. I ручаёк гэты з кожнай лукавінкай, з кожным выгібам пашыраецца, ператвараецца ў рэчку, а яна, пачаўшыся з крынічкі над бярозай, з арэхавай шкарлупінкі, беражліва збірае росы Палесся, дажджынкамі па кроплі, кроплі, што прынеслі ў дзюбах птушкі, вялікай ужо ракой скіроўваецца і коціць да самага сіняга мора. Казка, толькі ніхто яе не прыдумляў, складзена Палессем, яго дубровамі, барамі, балотамі, ніцымі лозамі і ракітамі, мо знарок складзена, каб укалоць, пацвяліць чалавека ўбоствам яго фантазіі, убоствам тых прамых і панурых рэк, што стварае ён. Мацвей глядзеў на гэтую пераменлівую, кожны дзень новую казку, і яму карцела адцягнуць, адтэрмінаваць тое імгненне, калі ён застанецца адзін на адзін з зямлёю, даручанай яму тэхнікай, насцярожвала само слова «меліярацыя». Мялі, перамолвай. Хаця, што ён ведаў аб ёй. Бачыў неяк хлапчуком яшчэ, як загарэліся асушаныя тарфянікі. Жыў ён тады ў невялічкім і сумным некалі пагранічным, паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, гарадку, і адбітак пагранічнасці, раз'яднапасці, вайны, якая толькі што скончылася, адчуваўся там яшчэ ва ўсім; пачуццё абяздоленасці і нейкай закарэлай як бы пакрыўджанасці згадвалася ў крывых і прапыленых вулачках, ацалелых, але напаўразбураных цэрквах і касцёлах, у той журбоце і асуджанасці, з якой глядзелі на свет маленькія, з накіднымі жалезнымі заваламі польскія і яўрэйскія крамы; гэта згадвалася і па тым, як паводзілі сябе людзі, негаваркія, задуменныя, яшчэ не зусім усвядоміўшы, што ж такое адбылося. У вёсцы Мацвея, у Княжборы, была толькі школа-сямігодка, і ўсе княжборцы, якія вучыліся далей, прайшлі праз гэты гарадок. Жылі на прыватных кватэрах, толькі па выхадныя ездзілі дамоў. Рабочым паяздком, а то і на таварняку ехалі да раз'езда, ад якога да Княжбора сцежкамі рукой падаць – пятнаццаць кіламетраў. I вось па гэтым перагоне ад гарадка да раз'езда Мацвей упершыню ў тое выпускное лета ўбачыў меліярацыю, убачыў з акна вагона і запамятаў як нешта шчымліва сумнае, як само жыццё ў пагранічным гарадку.

Рабочы паяздок, здавалася Мацвею, калі ён ехаў дамоў, бег праз вайну. Па-за гарадком ён адразу я «трапляў у клубы густога, едкага да слёз дыму, расхлябаныя вокны і тамбуры вагонаў не маглі стрымаць яго. Гарэлі нехаця і чадна маладыя бярозы, хвоі, алешнік. Яны выраслі на балоце, і іх нялёгка было запаліць. Працягвалі расці і піць балотную ваду і тады, калі іх пазбавілі глебы, трактарамі і бульдозерамі зграблі на паласу адчужанасці, сцягнулі ў вялізныя валы, і яны спляліся, пабраліся голлем і скалечанымі стваламі адно з адным, ляжалі – як у брацкай магіле, уставіўшы ў неба сухажылле каранёў, толькі для блізіру прыкіданыя зямлёй. Таму такі едкі быў дым, полымя не прабівалася вонку. Дым слаўся нізам, як на папялішчы паўзалітай вадою хаты. I здавалася, што гэта менавіта так і ёсць: гарыць нейчая хата. Тады, яшчэ падлеткам, Мацвей, ды і ўсе, хто ездзіў рабочым паяздком, не разумелі, як гэта так пусціць агнём, кінуць па вецер столькі дрэва, такога неабходнага, такога дарагога адразу пасля вайны. Было ў гэтым нешта па-за іх розумам, аднолькава па-за розумам селяніна, дарослага і дзіцяці. Сцягнутыя ў кучу, пакалечаныя дрэвы, глыбокія траншэі-канавы з брустверамі свежакопанага белага і чырвона-рудога пяску, куродым, гар, сажа. I нідзе ні душы. Толькі паяздок, што хапатліва бег прэч адсюль на чыстае паветра, да нескалатушанай зямлі. Усё было проста і жахліва, адтуль, з не такога ўжо і далёкага мінулага.

Усё было проста і жахліва і побач з гарадком, у якім вучыўся Мацвей. Непадалёку ад гарадка стаялі дзве вёскі за тры кіламетры адна ад другой. Ляжала між імі напаўсухое балотца, бегла сярод гэтага балотца невялічкая крынічная рачулка, вадзілася ў той рачулцы нават стронга. Рай зямны для дзятвы. Пачынаўся гэты рай з вясны, як толькі сходзіў снег, угравалася зямля і можна было бегаць па ёй і босаму, калі хутка рос даўкі на смак малады і сакавіты аер. Асабліва вабіла рачулка хлапчукоў, калі рак сядзеў у норах яе з ікрой пад хвастом, калі прыспяваў час цвісці аеру, аер яшчэ не стрэліў кветкай, а толькі рыхтаваўся стрэліць, быў зараджаны ёю, песціў між сцяблін каля кораня хрусткую і салодкую завязь яе. Вось па гэтую завязь і ішлі да рачулкі, да балотца хлапчукі. I аднойчы, здабываючы яе, здабылі парашут. Пачалі капаць далей – і адкапалі самалёт. Наш, савецкі самалёт, які збілі немцы перад самым ужо канцом акупацыі. Балота паглынула яго, хлапчукі адкрылі. Быў мітынг. На мітынгу зачыталі пісьмо, якое лётчык не паспеў паслаць сваёй маці. Пісьмо ўратаваў і данёс да нашых дзён цэлулоід планшэткі лётчыка. Захаваўся і лётчык, тое, што засталося ад яго, калі ўпаў самалёт. Мёртвы, у балоце, у кабіне скалечанага самалёта, ён сядзеў больш як дзесяць гадоў, мёртва трымаючы штурвал перабітымі ў локцях рукамі, больш як дзесяць гадоў ён чакаў, калі вырасце над ім аер, калі набракне ікрою рак, калі па гэты аер і рака прыйдуць дзеці. Балота паглынула лётчыка, але захавала яго для дзяцей такім, якім ён быў у апошнія імгненні свайго жыцця. I ён быў не страшны дзецям, таму што на ім не было і адбітку смерці, аб гэтым паклапацілася балота, ён ляжаў, як у маўзалеі, як ляжаць усякія там Тутанхамоны ў сваіх пірамідах. I Мацвей упершыню адчуў вялікую літасць балота, як жывога чалавека з памяццю і розумам адчуў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора