Віктар Казько - Неруш стр 18.

Шрифт
Фон

– Усё роўна не разумею. Гэтаму ж толькі радавацца трэба.

– А я і рады. Толькі галава кружыцца, кажу. Іншым разам не-не дый наведае думка: былі б мы трошкі не такімі багатымі…

– Заносіць цябе, Мацвей. На самым пачатку, бачу, заносіць, – у голасе Шахрая не было асуджэння, а толькі цікавасць, і Мацвей загаварыў больш смела.

– Мо і так, нас усіх заносіць. Гарэлку піць дык піць, каб усім чарцям моташна было, будаваць дык будаваць, а крышыць… Сакера наша мужыцкая – толькі першы раз ёй цюкнуць, з болем, з крыкам адзін палец наважыцца адсекчы. А потым ужо можна і ўсю руку прэч. Не шкада ўжо ні рукі, ні галавы, калі пачалі гваздаць – дык гваздаць, каб на ўвесь свет бачна і чутна было. Сакеры самыя вострыя, цвікі – такіх нідзе ўжо і няма. Я на цаліне быў – я бачыў.

– Адтуль, я думаю, і эмоцыі. Усё ўжо ў цябе?

– А вам што, мала?

– Дастаткова… Цікава, цікава. Я сам аб гэтым неаднойчы думаў. Але ж як, па-твойму, ставіць праблему, калі не па-дзяржаўнаму. Шкада будзе, калі я памыліўся ў табе. Кожнай новай справе патрэбны новыя, маладыя людзі. Усё новае бязлітасна да старога.

– Вы хочаце сказаць – і да зямлі.

– Так, і да зямлі. Мы перакрайвалі адносіны, цяпер прыспеў час перакрайваць зямлю. Таму і свет больш суровы. Ты не знаходзіш?

– Дакрануліся да запаветнага, да недатыкальнага…

– Да запаветнага – так, а наконт недатыкальнасці, прабач мне… Есці, жраць, разумееш, свет хоча. Ты жыў у гэтым суровым свеце, таму я цябе і знайшоў. Так, знайшоў я. Ведаю, рос без бацькоў. Ведаю, быў на цаліне. Ты думаеш, мне гумар твой спадабаўся, акрамя ж гэтага, за табой яшчэ нічога няма. Я першы, пэўна, хто курсавыя твае і дыпломную тваю да канца дачытаў.

– Ну і як?

– Супчик жиденький, но наваристый… Пчаляр.

Мацвей засмяяўся. Ён мімаволі, сам не прыкмячаючы таго, працягваў усміхацца і цяпер, калі яны пад'язджалі ўжо да Княжбора. Вяртанне яго ў родную вёску нельга было лічыць ні прыемным, ні вельмі жаданым, яно больш было абумоўлена тым, чаму імя: осознанная необходимость. Выклікалі на бюро, спыталі:

– Вымовы ёсць?

– А як жа? – здзівіўся нават наіўнасці такога пытання Мацвей, – I простыя, і строгія… Але з занясеннем – яшчэ не. Чаго няма, таго няма, – члены бюро засмяяліся, а ён хапатліва прыгадваў, дзе і калі саграшыў, і рыхтаваўся яшчэ да адной вымовы, мо і да гэтай – з занясеннем. Што гэта за старшыня калгаса, калі ён не гатовы атрымаць вымову, а грэх на яго душы быў яшчэ свежы, цёпленькі яшчэ. Дзён са тры перад тым, як адбыцца бюро, зазірнуў ён са сваім галоўным інжынерам і сябрам яшчэ па інстытуце Паўлам Рачэўскім на пасеку. Пчаляр пачаставаў іх бражкай, і трэба ж так… Калі не шанцуе, дык ужо не шанцуе, да гэтага варта было сакратару райкома чхнуць у яго бок і ён чуў, а тут… Толькі яны з Паўлам выпілі па два кубкі той бражкі, намерыліся трэці браць, як сам ужо вось ён, тут. Сам быў за рулём, а побач з ім сядзеў яшчэ хтосьці, незнаёмы Мацвею. I гэты незнаёмы пачаў выдзірацца з газіка, быў ён высокі, крыху сутулаваты і кабінетна чысты з твару. I хаця гэтую яго кабінетную ўходжанасць крыху псавалі велікаватыя вушы, Мацвей здагадаўся: начальства, не менш як абласное, а мо і больш высокае. А сакратар райкома з машыны не стаў вылазіць, націснуў на гудок, прачыніў дзверцы:

– Чым займаецеся?

– Трутняў лягчаем, – зашумела, пэўна, ужо ў галаве ў Паўла.

Роўда хацеў быў растлумачыць неяк больш далікатна, чым яны тут займаюцца, але яго апярэдзіў Шахрай, а гэта ён быў з сакратаром райкома.

– I колькі ўжо лягчалі? – сур'ёзна і строга запытаў Шахрай Рачэўскага. Той не саступіў, зыркнуў вокам па тры кубкі, што стаялі з бражкай перад ім:

– А вось ужо да чацвёртага прыступілі.

– I колькі ж часу на гэта патрацілі?

– Ды вось, лічыце, ад раніцы, – плюнуў на тлумачэнні і Роўда, усё роўна гарэць.

– Лайдакі,– незразумела, ці то пазайздросціў ім, ці то асудзіў іх Шахрай. – Мы вось з сакратаром ад суседа вашага. Там за паўгадзіны на нашых вачах амаль тузін парасят выхаласцілі. Трутні…

Вось за гэтых трутняў на бюро і рыхтаваўся панесці кару Мацвей Роўда. I было яму вельмі сумна: свой жа брат старшыня сядзеў перад ім, з'едлівы, зубасты, і гэтая з'едлівасць яго была Мацвею куды больш страшнай, чымсьці тая вымова. Усплывуць на бюро трутні – і хоць у пастухі падавайся, хоць на Камчатку збягай, уплятуць у байкі і паданні, знойдуць пад зямлёй, засмяюць на векі вечныя. I Мацвей ужо чуў гэты іх рогат. Ах, як не хапала яму на тую хвіліну Рачэўскага, ён паказаў бы яму саву смаленую, навучыў бы, як трутняў лягчаць.

– Нішто сабе кадр, біты, а за аднаго бітага двух нябітых даюць, – парушыў цішыню, якая здалася Мацвею ўжо вечнай, Хведар Ліпай, той самы сусед, ветэрынар якога быў асам, здольным выхаласціць за паўгадзіны на вачах начальства тузін парасят. Яго, Ліпая, больш за іншых баяўся Мацвей Роўда. Гаспадарка ў Ліпая ўзорная, таму ён ні бога, ні чорта не прызнае. Мінулым годам пабудаваў у калгасе рэстаран. I такі, што ў сталіцы зайздросціць будуць, майстроў, разьбяроў па дрэве выпісаў з Прыбалтыкі, шэф-повара зацёг з міжнароднага поезда вагона-рэстарана. Другога на месцы Ліпая за гэты рэстаран і начальства, і той жа брат старшыня задзяўблі б, зацюкалі, а Ліпаю хоць бы што. Усе да яго з паклонам, руку ловяць, у вочы зірнуць імкнуцца: віншуем, віншуем, Хведар Кандратавіч, прыйдзе Новы год, Першамай, маўляў, не забудзьце пра нас, столік нам, майце на ўвазе. Вось што такое Ліпай. I гэта не дзеля прыгожага слоўца, Зорка Героя ў яго кішэні, і зноў не ў пераносным сэнсе, на самай справе так і ёсць. Зорку гэтую залатую без дай прычыны на свет божы ён не дастае. Вось і цяпер сядзіць ён перад сваім братам старшынёю ціхі, сціплы, пінжачок на ім нейкі куртаты, але варта паглядзець на Ліпая, калі ён наладзіцца па нейкай справе даставальнай, накшталт той, што ў мінулым годзе вертануў. Самавіты і мажны, пры поўным парадзе, да міністра ўваліўся, кангрэсмен, сенатар амерыканскі, а не старшыня калгаса, што на Палессі, і вокамгненна ўвесь парк сваіх камбайнаў абнавіў. Дваццаць камбайнаў купіў адразу. Нікому, акрамя Ліпая, у раёне, ды нават і ў вобласці, не адужаць гэтага. Канец года, грошай ні ў кога за душой ані. рубля, а Ліпай, спатрэбіцца яму, і крэйсер можа купіць. I трутні гэтыя клятыя, калі б ён быў у галоўнай ролі, на карысць бы яму пайшлі. Як піць даць усе кпілі б не з яго, старшыні калгаса, з сакратара і гэтага, кабінетнага, пацяшаліся б. Во, маўляў, сказануў, во ўрэзаў. А яму, Роўду, шыю намыляць і паголяць, і галоўным цырульнікам будзе той жа Ліпай.

Але ўсё атрымалася не так і зусім нечакана для Мацвея.

– У Княжборы сваім даўно быў, ты ж княжборскі? – спытаў яго сакратар райкома.

– Княжборскі, гадоў сем-восем назад быў там, – шчыра адказаў Мацвей, не разумеючы, навошта гэта сакратару, але цалкам разлічваючы на яго літасць, як здаючыся яму, А скажы, Мацвей Антонавіч, – гэта падаў голас Шахрай, – ці не з таго ты самага Княжбора, у якім калісь валоў сеялі?

Ну, пачалося, Мацвей успрыняў гэтае пытанне як пераходнае да галоўнай тэмы, княжборскі фальклор ён ведаў добра, хоць і мінула восем гадоў, калі апошні раз сустракаўся са сваімі землякамі. Было такое з яго аднавяскоўцамі, з княжборскімі мужыкамі, якіх толькі казак пра іх не расказваюць. У Балгарыі, гавораць, усё было ў Габраве, ну, а тут – у Княжборы. Вырашылі і пастанавілі княжборскія мужыкі, каб кожны меў сваіх валоў і каб раслі яны хутка, як расце трава ў полі, як жыта ці бульба, паабразалі валам хвасты і пасадзілі ў зямлю. I паліваць кінуліся. Да сённяшняга часу, гавораць, паліваюць і чакаюць, чакаюць, калі волікі з зямлі прарастуць і ў ярмо іх можна ставіць. Так што закід зразумеў ён і палёгку нават адчуў, пазбавіўся суму:

– А вы што, тых волікаў на ўлік ужо ўзялі, уключылі ў план мясанарыхтовак?

– Гарачы, гарачы, – ухваліў Ліпай, – плюнь на яго – пара ідзе.

– Уключылі. I трутняў уключылі. Дарэчы, ты іх ужо ўсіх выхаласціў, можна іх і на сяўбу?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора