Гапееў Валеры - Праклён стр 3.

Шрифт
Фон

Рабіў старанна, па парадку, як і заўсёды любіў: няспешна, але настойліва, каб не пакідаць нічога па сабе, каб не вяртацца. За першы дзень змарыўся так, што ледзь дакандыбаў до копанкі за вёскай, дзе хацеў памыцца. Шараваў сябе мо з паўгадзіны, але якое тут мыццё – халоднай вадой сажу не змыеш… Нічога, за чатыры дні будуць паліць лазню на сядзібе…

Тры вянцы зруба знізу засталіся амаль цэлымі, папытаўся ў дзеда – ці трэба іх рэзаць, той толькі махнуў рукой: дрэву гэтаму гадоў пад пяцьдзясят, каму яно сёння трэба? Ды і па вуглох спарахнела крыху. Рэж на дровы.

Уладзімір меўся канчаць на сёння, але на трэцім рэзе бервяна не заўважыў цвік, скрыгатнула так, аж у пячонцы аддалося. Давялося здымаць ланцуг пілы, вастрыць – не мог такую работу пакінуць на заўтра.

Сонца схілілася нізка на захадзе. Было ціха (тут у іх наагул заўсёды вельмі ціха!), таму Уладзімір здалёк пачуў крокі – шорганне нечых ног у высахлай траве. Зірнуў з-пад рукі, і сэрца ўздрыганулася – да яго ішла Алена.

Ён бы зманіў, каб сказаў, што не думаў пра яе начыма. Думаў. Ляжаў у чужой хаце, на чужым ложку і чужой бялізне – і думаў пра Алену. Галоўнае хацеў зразумець: што яго трымае? Няўжо крыўдуе ён да гэтай пары на яе за тое, што не прычакала з войска? Дык… Шчыра кажучы, больш фанабэрыі было тады ў Уладзіміра, чым сапраўднага пачуцця гора: павінен жа хлопец вось так крыўдаваць, калі яго дзяўчына не дачакалася, мусіць тыдзень хадзіць п’яным, абавязаны штоноч ціснуць, мяць да болю грудзі новай маладухі? А то ж! А вось сапраўднага болю ў душы і не было. Прыкра – гэта так. Бо за два гады ў войску не тое каб астынуў Уладзімір, не. Глядзець на ўсё стаў разважліва, няспешна. Ды яшчэ, што тут хаваць, пабачыў першы раз Алену, ужо замужнюю, дык нечага аж зарадаваўся – такой непрывабнай, з запалымі вачыма, з плямамі на твары, худой падалася яму яна. Не разумеў ён тады, што тое ад цяжарнасці… Але сэрца гэта супакоіла. Хай сабе і грызла яго нешта тупымі зубамі, але не балюча было… нібы бяззубы сабака кусае за руку…

– Памагай Бог.

– Дзякуй на добрым слове, – Уладзімір намагаўся схаваць напружанне, якое ўзвілося з першым позіркам на Алену. – Далёка ідзеш? – спытаў, каб нешта спытаць.

– Да цябе, – проста адказала Алена.

Яна была ў сініх спартовых нагавіцах, закасаных да каленяў, у белай майцы з кароткімі рукавамі. Уладзімір не мог не спыніць вачэй на Аленінай постаці: не худзенькая, а дзябёлая, моцная жанчына, круглявая праз невысокі рост, але не выглядала тоўстай. Паўнаватыя плечы і рукі, але відаць – дужыя рукі. Будуць дужыя, будуць і цягліцы на руках, калі адной гадаваць дзяцей, цягаць на кухні вядзёрныя рондалі, трымаць парсюкоў ды шчыраваць на гародзе.

– То сядай во, – Уладзімір паставіў старкачом не рассечаны яшчэ адрэзаны кавалак бервяна. – На ім сажы няма.

– Ды я не ў чыстым, – супакоіла яго Алена, села, і Уладзімір зноў не мог не заўважыць, як шыракаватыя Аленіны сцёгны не расплыліся на палене тлушчам, а толькі напяліся, як надзіманыя.

Прысела, прыгнулася, глядзела сабе пад ногі, а шырокі выраз на саколцы глыбока адкрываў лагчынку між велікаватых грудзей.

Уладзімір адвёў вочы.

– Наўмысна з вёскі ішла?

– Дзе там, вячэру развозілі касцом… То тут злезла… Я ўжо другі дзень тут праязджаю… У копанцы мыешся?

– Ага…

– Хадзем, памыешся ў мяне па-людску. Ды пакармлю нармальна. Баба Міроніха толькі бульбай з капустай корміць?

– Ды чаго мне жаліцца… – засаромеўся Уладзімір. – Бульба дык бульба, я не пераборлівы.

– Я ведаю, – кіўнула згодна Алена, – ты не пераборлівы… Калі не пераборлівы, дык хадзем.

Уладзімір ліхаманкава думаў: як адказаць і што. Паўза зацягнулася, і Алена невясёла хмыкнула:

– Ды не пужайся ты… Не збіраюся я цябе прывязваць. Ты ж з нашых аднакласнікаў адзін мне сябрам быў, адзін во чалавекам застаўся. Я табе як сябру, як аднакласніку і кажу: памыешся, павячэраеш – рабі далей, як хочаш.

– А, ну… добра… Я да дзеда заеду, вазьму што чыстае, – з палёгкай згадзіўся Уладзімір – Алена прапанавала яму такі варыянт паводзінаў і стасункаў, пра які ён і падумаць чамусьці не мог, але прапанаванае было найлепшым на гэты момант.

– Ды ў мяне засталося ад майго быка, новае, неадзяванае… Як уцякаў, дык і майткі пакідаў, – спыніла Уладзіміра Алена.

Быком абзывалі за вочы, а пазней дык хто і ў вочы былога Аленінага мужа – працаваў асемянатарам. Абзывалі з зласлівай насмешкай: хударлявы, драбнявы, відавочна, слабы. А гонару затое – не павітаецца ні з даяркамі, ні з нагляднікамі. Спецыяліст, анягож. Як выявілася, меў ён свае погляды на будучыню, і там не было ні кароў, ні вёскі, ні сям’і з дзецьмі. У першыя месяцы сямейнага жыцця, як зацяжарала Алена ды пачаўся таксікоз, “бык” запсіхаваў – ён прызвычаіўся (а папраўдзе – Алена прывучыла), каб кожная хвіліна была аддадзеная яму, каб усё ў хаце рабілася дзеля яго. О, які скандал ён учыніў, калі Алена не змагла прыгатаваць упадабаны ім плоў. А яе ванітавала ад аднога выгляду і паху мяса, як ні перасільвала сябе – не магла падысці да стала, дзе яно ляжала ад ранку, яе згінала ад прыступаў яшчэ на парозе кухні.

Як нарадзілася малое, дык напачатку гідзіўся падысці. А каб пялюшку запэцканую ў рукі ўзяць – ані туды тое. Вось жа скажы – каровам руку пад хвост засоўвае да пляча (хай і ў спецыяльнай пальчатцы тая рука), а ад гавенца свайго дзіцяці ванітаваць бяжыць… Алена бачыла, адчувала, што адбылося зусім адваротнае таму, чаго яна чакала ад нараджэння сына. Што дом і сям’я раптам страцілі для яе мужа ўсякі інтарэс, а сама яна засталася патрэбнай яму ў дзвюх іпастасях: як хатняя служка ды крыху жывая гумавая лялька ў ложку – каб не адмаўляла ні ў чым і сама паварочвалася… І не спяшалася б Алена нараджаць другое дзіця, ды падвяла жаноцкая мудрасць – нібыта, як малаком дзіця корміш, дык не зацяжараеш. Панесла, ад першага разу панесла. Як бацька некалі з маці жартаваў: хлопцы толькі нагавіцамі патрасуць, а ты ўжо надзімаешся. Так і дачка…

Калі муж даведаўся пра другую цяжарнасць, то аж збялеў. І сарваўся на істэрычны крык – рабі аборт. На што Алена з нейкай неверагоднай асалодай, нібы даўно хацелася-марылася так зрабіць, ды не было добрай нагоды, акуратна склала і тыцнула пад нос свайму мужу дулю. Той вызверыўся і нечакана кінуўся на яе з кулакамі. А яна, быццам такое не раз рабіла, дужая ў руках, перахапіла яго хліпкі замах і так таўханула ад сябе, што “бык” не ўтрымаўся на нагах ад неспадзеву. Як ён спалохаўся тады! І за хвіліну стаў збіраць валізку.

Найневерагоднейшым было тое, што Алену гэтая невялікая прыгода ў іх сямейным жыцці, першы яе супраціў мужу развесяліў. Яна без аніякай жальбы назірала за тым, як імкліва бегае па пакоях “бык” і збірае свае транты. Ні кропелькі не шкада было! Адно жаданне – хай знікне з вачэй. І знік, толькі праз паўгода з’явіўся, каб аформіць развод. Нахабства набраўся папрасіць, каб аліменты яна патрабавала на адно дзіця – бо бачыш, з жанчынай сваёй ён на кватэры ў горадзе, а там так усё дорага. Алена адмахнулася: няхай. Ідзі, знікай хутчэй. Маці з бацькам жывыя – не дадуць памерці. Выкараскаюся і з двума дзецьмі. І выкараскалася.

Уладзімір не ўсё ведаў пра дачыненні Алены і ейнага мужа, але пра цяперашняе ведаў: што Алена упраўляецца сама, і парадак у яе ў хаце ды надворку такі, што іншая замужняя не дараўнаецца. І дзеці дагледжаныя, паслухмяныя: хлопец і дзяўчынка.

Ён успомніў, як дзе й калі ў вёсцы пра гэты Аленін развод – “выгнала быка з хаты”, і нечакана як прасвятлела ў галаве: а Алена ж і праўда не збіраецца яго прывязваць. Яна ж і без мужа вунь падымае дзяцей. Яе клопат пра яго, Уладзіміра – зусім іншы клопат. Можа, і папраўдзе, шчыры, сяброўскі…

Склаў інструменты, занёс у хлеўчык, адтуль выкаціў матацыкл, які хаваў там ад спякотнага сонца.

– Паехалі? – сеў на матацыкл.

– Ага, – узнялася Алена, абцерла азадак.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3