Села, абхапіла рукамі, прыціснулася грудзямі да спіны – пругкімі, гарачымі.
І Уладзімір раптам адчуў, як токам яго працяло, колькі жадання ў жанчыне, колькі нерастрачанай пяшчоты і любові.
“Застануся! – як пакляўся сам сабе. – На адну ноч застануся. Вось проста аддзячу, каб свіннёй не быць…”
Але, калі Алена сабрала яму чыстую (і сапраўды – новую) бялізну, калі з асалодай вылежаўся чвэрць гадзіны ў ванне, а потым мыўся, яго цвёрдасць змянілася на млявы абавязак, змешаны з бояззю. І яшчэ болей завагаўся, напалохаўся Уладзімір, калі выйшаў з лазенкі, і Алена паклікала адразу на кухню: стол быў накрыты. А сама яна ў відавочна новым халаце з паўпразрыстай тканіны і не збіралася хаваць сваіх мараў, кожны рух яе цела, не надта прыхаваны шоўкам, клікаў і абяцаў, а заадно, здавалася, і папярэджваў насмешліва: “Нікуды не дзенешся”.
Ува Уладзіміра віравала ў душы пачуццё прыкрасці: сказала ўжо яму Алена, што дзеці ў бабы. Сказала прыгатаванай вячэрай і халатам празрыстым, пад якім свеціцца белымі карункамі бялізна (гэта ж яна на двары пад летнім душам мылася…), што запрашае яго, Уладзіміра, застацца. І калі ты здаровы і вольны мужык, у вачох якога Алена – кабета спраўная, здаровая целам, калі ты бачыш, што яна толькі чакае твайго жадання, і сама яна вольная, дык павячэраць, кінуць “дзякуй” і з’ехаць – тое ці нармальна для мужчыны? Гэта ж проста смешна! Што ён – імпатэнт?
Была б іншая якая – Уладзімір бы застаўся. А што яму, калі той – нішто? Але ж Алена…
Алена пачакала, пакуль Уладзімір сядзе пры стале, дастала аднекуль збоку паўлітровую пляшку.
– У мяне самагонка ёсць, маці гнала, добрая. На святаянніку настоеная, мяккая. Нальем для апетыту?
Уладзімір пачырванеў. Алена знайшла найлепшае выйсце, каб даведацца пра ягоныя планы і прапанаваць сябе. Калі Уладзімір вып’е, дык на матацыкл не сядзе – усе ведалі ў вёсцы непарушнае правіла Жабруна-малодшага: на слуп, выпіўшы, ніколі не палезе, за руль, хоць грамульку вып’е – не возьмецца…
– Ты хочаш, каб я нанач застаўся? – выціснуў Уладзімір з сябе пытанне, спадзеючыся ўпотай, што ў адказе Алены зможа нарэшце знайсці тлумачэнне сваім пачуццям: а ён сам чаго хоча?
– Я ж – жывая баба, – гледзячы яму ў вочы з сумнай усмешкай, што непрыгожа крывіла яе рот (з падмаляванымі? ну, так, падмаляванымі) вуснамі, адказала Алена. – Чаму мужыкі думаюць, што ім хочацца, а нам не? Ды што хочацца… Я вось новы халат першы раз за год адзела… Во глядзі, – Алена хутка тузанула пас, развяла ў бакі крыссё халата, дэманструючы сябе, і Уладзімір спужаўся, сцяўся, каб не здрыгануцца ад нечакана адкрытага перад ім здаровага, жаноцкага цела і кароткага, як стрэл, узбуджэння. – Бялізну новую адзела, – спакойна доўжыла Алена. – Ведаеш, колькі ў кожнай бабы новай бялізны? Прыгожай, ды ні разу не адзяванай? Бо няма для каго… А для сябе мала трэба.
Захінула крыссё, нервова звязала вузлом пояс, потым стомлена прысела, ні слова болей не кажучы, наліла дзве чаркі.
– Не можаш дараваць? – узняла вочы на Уладзіміра.
– Не, не тое… – уздыхнуў Уладзімір, раптам адчуўшы палёгку – Алена, паказваючы яму бялізну і зараз вось запытаўшы наўпрост, як настроіла іхную вячэру на шчырасць, і яму прасцей стала гаварыць таксама шчыра. – Баюся… Назад, у мінулае вяртацца – хіба можа быць нешта добрае ў гэтым?
– У мінулае нам не вярнуцца, – усміхнулася лагодна, як малодшаму, Алена. – У мінулым і ты дурны, і я дурная.
– Чаму так? – здзівіўся Уладзімір. – Не дурныя. Ну, без досведу. Мне здаецца, я такім і застаўся…
– Ты – можа, – са шкадаваннем заўважыла Алена. – Я – не. Калі б ты тады пад вербамі трошкі больш настойлівы быў… Я, дурніца, загадала: як сунеш руку мне ў майткі – усё, выпрастаюся, раскіну ногі. Хоць баялася, але ж во надумала. А ты мне толькі левую цыцку так змяў, што сінякі засталіся. Была б я разумнейшая – сама б майткі з сябе сцягнула. І руку тваю б паклала, куды трэба…
Уладзімір зачырванеўся. Тая цёплая купальская ноч пад вербамі доўга жыла ў ягонай памяці напятай да найвышэйшага гуку струной. Ён доўгія гады ціха песціў тое сваё невыказнае пачуццё пяшчоты, адчуванне поўнай улады над дзявочым целам. І думаў увесь гэты час, што зрабіў слушна – нельга было тады, няправільна. Трэба, каб першае, найчысцейшае, было ў чыстым і на чыстым… на белай прасціне, а не на траве. І от, як выявілася… Ён не ведаў, што адказаць і што думаць – проста працягнуў руку, узяў і выпіў адразу ўсё налітае ў чарку, шумна прынюхаў хлеб і палез па цыгарэты.
– Закусіў бы… Куры тут, – ціха паўшчувала і папрасіла яго Алена, узнялася, паставіла на стол сподачак. – Хоць пах мужчынскі застанецца, – сказала з незразумелай інтанацыяй.
– Я тады думаў… – Уладзімір зацягнуўся раз і другі і патушыў цыгарэту. – Я тады думаў, што ты… іншага хочаш. Каб не недзе пад вербамі, каб у ложку чыстым, каб не баяцца, што нехта пабачыць і заўтра пераказваць будуць…
– Еш, – ціха адказала Алена. – Пастыла ўсё. Хочаш – заставайся. Сёння чысты ложак, белыя прасціны, не трэба баяцца, што нехта падглядае. Я… хачу, каб ты застаўся. Хоць на адну ноч…
Уладзімір застаўся.
Ён потым курыў на парозе, расчыніўшы дзверы веранды, дзівячыся таму нязвыкламу пачуццю, якое ім авалодала ўпершыню – колькі хвілін таму ў ягоных абдымках Алена сутаргава забілася, наструнілася і выгукнула нешта працяглае, незразумелае, гартанным крыкам, а потым абшчаперыла, сціснула з такой моцай сваіх рук, што перахапіла подых, і шаптала, плакала ў вуха: “Дзякуй, дзякуй, дзякуй…” А ён у той момант разгублена, амаль з абавязку, цалаваў яе мокрыя вочы і шчокі, адначасна ўзрадаваны, акрылены і крыху спалоханы такім бурным праяўленнем пачуццяў жанчыны.
“Чаму б мне не жыць з Аленай?”
Што трымала і трымае ад такой простай пастановы: прыйсці ды пажыць колькі дзён, хай тыдзень, месяц – і паглядзець, што там надалей будзе? Можа, як той казаў, злюбіцца. А калі гэта лёс яго, а ён ніяк не падыдзе да яго, бо баіцца? Лёсу баіцца? У чым яго лёс?
Было ціха, ужо і цвыркуны ўлегліся. Неба ў тысячах зорак трохі разганяла цемру, але невялікі садок (Уладзімір сядзеў на парозе дзвярэй, што выходзілі ў гарод) патанаў у густым чарноцці. Нечакана моцна, не раўнуючы, як нехта толькі што дэзадарантам папшыкаў, пахлі невідочныя кветкі. Аж цягнула пайсці, адшукаць і пабачыць – што за яны? Пах прыемны, незвычайны…
Пачуў, як прыадчыніліся дзверы, не азірнуўся. Алена выйшла басанож, захінутая ў лёгкую коўдру. Прысела побач, схіліла галаву на ягонае плячо.
– Так хораша мне, Валодзька… Ты не ўяўляеш нават, як хораша вось цяпер. Ты калі болей і не прыйдзеш – я не буду на цябе злаваць. Мне гэтай адзінай ночы надоўга будзе.
– Я не ведаю, Алена… Мне ісці няма куды, але… не ведаю… Я вось на сесію з’езджу, пабуду там. Падумаю над усім, – прызнаўся Уладзімір. – Што так пахне?
– Ага, едзь сабе, – лёгка згадзілася Алена. – Ты толькі ведай, што табе ёсць куды вяртацца. А кветкі – гэта мацыёла. Зусім такая… непрыкметная кветка. Некалі бабуля дала. Казала – вядзьмарская кветка. Пакажу раніцай. Я іншым разам выйду ўвечары, як пакладу дзяцей, вось сяду тут і сяджу доўга-доўга. І мацыёла пахне… І я думаю… І не ўстрымалася, расхінула коўдру, прыпала голым, дагэтуль гарачым целам да Уладзіміра, абняла, захінаючы абоіх коўдрай, прыціснулася і замерла.
Уранку, калі Уладзімір выйшаў курыць сюды ж, Алена паказала яму кветкі – невялікія, непрыкметныя. І цяпер яны зусім не пахлі.
– Не падобныя да вядзьмарскіх, – заўважыў Уладзімір.
– А табе скуль ведаць? – прымружылася Алена. – Шкада, баба памерла, а то б яна даўно падказала мне ўрабіць, каб ты ад майго парога нікуды дарогі болей не ведаў.
– Твая баба магла такое зрабіць? – здзівіўся Уладзімір.
– Магла… Яна шмат чаго магла. Прыедзеш увечары? – скончыла нечакана Алена пытаннем.
– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Уладзімір. – Дай дажыць да вечара.
– Ну, глядзі сам, – проста адказала Алена, усё адно як размова ішла пра нешта дробязнае, не надта вартае ўвагі. – Трымай, перакусіш… – сунула ў рукі клуначак, які хіба ўначы сабрала, бо, здаецца, усё ранне была на вачох…