Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся – от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей – усю сваю хатнюю бухгалтэрыю – і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча…
Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся – яна амаль уся была ў агні.
– Цэлы, Валодзька? – кульгаў да яго сусед, дзед Мірон.
– Цэлы, дакументы во… Не бачылі брата?
– Ды ніхто не бачыў… Беглі – толькі відаць было, як за акном шугае ды дым з-пад страхі ідзе. А бліжэй падышлі, то шкло – трэсь, а яно як шугане – да неба! І ўсё ўсхапілася, як бензінам хто абліў… Даўно гарэла ў хаце, паветра не ставала, от знайшло сабе дарогу – праз столь… Дзе тыя пажарныя?
– Ваду набіраюць… У нас, са студні.
– Трасцу яны набяруць, там ніякіх шлангаў не стане, вада так глыбока, а тае вады – на адно колца! Ёлупні, вашу маць, з парожняй бочкай ехалі… – вылаяўся стары.
Пажарныя прыехалі, пачалі разгортвацца, хоць і подбегам, але без асаблівага імпэту – што тут ратаваць, які сэнс? Сцены ўжо гарэлі суздром, дах і столь праваліліся ў трысцене…
Вады хапіла пажарным хвілін на дзесяць, потым паехалі набіраць ваду да другога калодзежа. Хвілін за сорак прыйшла машына з райцэнтра, за ёй яшчэ адна. Але ратаваць не было чаго. Лілі ваду, бо агонь гарэў. Людзей пазбіралася шмат, моладзь прыбегла з клуба падзівіцца на пажар – тут цікавей, чым на танцульках, усё ж падзея.
Каля чацвертай раніцы, калі стала добра віднець, полымя патушылі, дымілі толькі асобныя галавешкі.
Увесь гэты час Уладзімір сядзеў на бярвенні воддаль, курыў адну за адной цыгарэты. Потым безуважна глядзеў, як ходзяць па пажарышчы пажарныя, нешта шукаюць. Зразумеў – брата шукаюць.
Брат-алкаголік – трыццацігадовы нягеглы мужчына, якога па чарзе выганялі з прымаў адна за адной жанкі цэнтральнай сядзібы калгаса, і ён зноў вяртаўся ў бацькоўскую хату. Улетку яшчэ было тае бяды: не брат шукаў працу за чарку, а праца шукала яго. У вёсачцы, дзе адзінымі непенсіянерамі заставаліся браты Жабруны, дужыя мужчынскія рукі заўсёды былі ў патрэбе. І раніцай бабулькі выстойвалі пад хатай у братоў, калі прачнецца старэйшы, Ігнат, А ён выходзіў, чухаючы запалыя, зарослыя рэдкім валоссем грудзі, аглядаў суседзяў, важна пытаўся, у каго работа пільнейшая, вызначаў час і зарплату. А іншым разам і адмаўляў, паблажліва кідаючы: “У мяне ўжо на тыдзень усё распісана”.
Горай было познай восенню, зімой, калі ніякай такой працы для Ігната не было, і ён канькаў ува Уладзіміра на пляшку чарніла, выпіваў, сядаў перад тэлевізарам на старой канапе, напоўніцу пускаў гук, пстрыкаў пультам, выбіраючы сабе перадачу па душы. Гучна рагатаў, гучна каментаваў бачанае, намагаючыся перакрычаць тэлевізар.
І пад тое курыў адну за адной смярдзючую “Астру”, гарачы попел часам сыпаўся на канапу, і на той расла колькасць чорных плямаў і круглых, з чорнымі берагамі дзірак.
Яго і знайшлі на рэштках канапы, дакладней тое, што засталося ад чалавека: абгарэлыя косткі.
Стоячы ў ранішнім сутонні перад пажарышчам, дзе грувасціліся і дымілі яшчэ чорныя бярвенні і два коміны дэманстравалі сваю чырвона-цагляную аголенасць, якую хавалі дзесяцігоддзямі на гарышчы, Уладзімір пакуль што адчуваў страту толькі аднаго: таго архіву запісаў, артыкулаў, які збіраў па сеціве ў свой кампутар. І самога кампутара з самаробным сталом, за якім так утульна пачувалася, за якім наступала новае жыццё, трываў свой асаблівы сусвет.
Тое месца, дзе быў ягоны пакойчык, здавалася цяпер, без сценаў, вялікім. Ад новага манітора засталася чорная горка расплаўленага пластыку, металічны корпус сістэмнага блока быў чорным, але цэлым, недзе варухнулася думка, што, можа, і дыск яшчэ запрацуе… Але потым веды і досвед тэхніка-электрыка згасілі кволую надзею.
Раніца разгаралася, святлела і спакваля адкрывала Уладзіміру ўсю велічыню яго страты. У чорным папялішчы былі незваротнасць і рэчаіснасць: трэба заказваць труну для брата, прасіць, каб капалі магілу, трэба недзе шукаць сталы на хаўтуры, набываць прадукты і гарэлку, гатаваць…
Нечаканыя хаўтуры – не запланаванае вяселле. Два дні мінулі ў тлуме і беганіне, Уладзімір амаль не адрозніваў гадзін. Балазе, дапамаглі ў калгаснай кавярні – толькі заплаціў, усё зрабілі. Дый сам калгас дапамог і з труной, і з машынай. Суседзі, вядома ж. А найбольш Алена, яго колішняя аднакласніца, развядзёнка з двума дзецьмі. Яна, кухар у кавярні, лічы, і была галоўнай распарадніцай на неспадзяваных хаўтурах, і ў вёсцы адкрыта казалі, што цяпер Уладзіміру адна дарога – да яе парога, бо што рабіць адному на папялішчы? Алена ж – жанчына спраўная, характарам добрая, дзеці дагледжаныя і парадак у хаце, і на твар не благая, і да работы не гультайка, і што ж ёй адной векаваць, і чаго Уладзіміру нешта думаць, і гэта ж некалі яны і ў кіно разам хадзілі, і на лавачцы, было лета адно, праседжвалі да трэціх пеўняў. А што не дачакалася Алена Уладзіміра з войска, дык маладосць, што тут паробіш, ды яшчэ бацькі ўгаворвалі, упадабалі яны былі маладога тэхніка-асемянатара. Ну, хіба што работа такая – быком працаваць, дык і такую работу некаму трэба рабіць, а плацяць яму добра, во і дамок новы калгас дае на сядзібе…
Калі людзі разышліся з кавярні, Алена запрасіла Уладзіміра сама – проста пакуль што пажыць, бо начаваць жа няма дзе.
Уладзімір адмовіўся, як мог падзякаваў, адводзячы вочы ўбок – ён адчуваў сябе абавязаным перад Аленай, перад усёй вёскай, у якой пасля пахавання, за хаўтурным сталом, толькі і гаманілі пра іх, і мужчыны проста сцвярджалі, што не бывае шчасця без няшчасця. Уладзімір цяпер як бы ішоў супраць усіх, разбураў акуратна складзены агулам і ёй, Аленай, няхітры план, у якім усім было добра і хораша.
Можа, ён і пайшоў бы ў той вечар да Алены, што прагла мужчынскай ласкі. Калі б не яшчэ адна погаласка, што шамацела ў размовах бабулек ды дзядоў.
“Праклён”.
Даўны, на ўсю вёску накладзены, а найперш на іхны род – Жабруноў, з якога адзін Уладзімір цяпер і застаўся. Нікога болей няма, апрача яго, ніхто болей у вёсцы не носіць гэтага прозвішча, а некалі ж – ого! – Жабруноў палова вёскі было, успаміналі старыя. Цяпер няма. І ці не кожную сям’ю напаткаў вось такі лёс: нехта гінуў у агні, а калі хто і ратаваўся, дык гінула ўсё на надворку ў бязлітасным пажары: дом, гаспадарка, жывёла.
Уладзімір застаўся ў дзеда Мірона на колькі дзён – хата ў дзеда вялікая, то далі адзін пакойчык. Дзеці ўнукаў яшчэ не папрывозілі, пакуль што ў летніках… Уладзімір разбіраўся з паперамі. Раптам у яго ў руках апынулася вялікая сума грошай: і страхоўка за дом, і што на пахаванне давалі, не ўсё патраціў, і ад калгаса, і людзі пазбіралі. Ён меўся ехаць на сесію, узяў адпачынак, адразу за два гады, бо леташні не адбыў – захварэў механізатар, давялося ісці памочнікам камбайнера. Дык і адпускныя далі за два гады. Прыкупіў сабе што з адзення на лета.
Яшчэ тыдзень заставаўся да ад’езду на сесію. Адзіная справа, якой ён змог заняць сябе – разграбаць папялішча.
Пажарныя ўсё ж адну карысную рэч зрабілі – не далі агню перакінуцца на блізкі хлеўчык. Жыўнасці там не было ніякай, а вось інструменту шмат. Галоўнае – бензапіла. Уладзімір цяпер выцягваў чорныя бярвенні, абчэсваў сякерай вуголле, потым рэзаў і адразу шчапаў. Што ж, будуць вось дровы дзеду Мірону, не прападаць жа… Абмые яшчэ дожджыкам, прасушыць сонцам…