Гапееў Валеры - Праклён стр 17.

Шрифт
Фон

– Ну, і навошта ты сюды прыйшоў?

Голас прагучаў неяк хрыпата, вельмі гучна для пустога дому.

Уладзімір ступіў крок у пакой і адразу ж адступіў убок ад уваходу. Кот не зводзіў з яго жоўтых вачэй.

– Прыбірайся, адкуль прыйшоў, – загадаў кату Уладзімір.

І той быццам зразумеў словы – узняўся і хутка, але з годнасцю, выбег з пакоя, крутануўся ў калідоры, і праз адчыненую вітальню выскачыў на веранду.

Уладзімір прайшоў за ім, пабачыў, як кот схаваўся ў густой траве пад плотам у глыбіні садка.

Зачыніў дзверы. Вярнуўся на кухню, але, падуладны незразумеламу пачуццю трывогі, зноў зазірнуў у пакой, нават нахіліўся і паглядзеў пад ложак – было пуста. Ды трывога не адпускала. Уладзімір і сам не разумеў, што адбылося незвычайнага: кот, шукаючы ежы, зайшоў у дом, бо дзверы былі адчыненыя, пакуль тут бегалі з клункамі.

“Пайшоў ты к чорту, чорны кот“, – паспрабаваў прагнаць сваю трывогу Уладзімір і спатыкнуўся на думцы: ён запомніў вялікія жоўтыя катовы вочы. А які быў сам кот – Уладзімір як не бачыў.

За гадзіну ён выправіўся ў кавярню – пад’есці, потым сеў занатоўваць гаспадынін аповед пра Купалле. Трэба было паспяшацца, каб паспець да пятай гадзіны схадзіць у бліжэйшы які пункт і раздрукаваць.

“Прынтар трэба набыць”, – падумаў Уладзімір.

У нядзелю праседзеў рыхтуючыся да чарговага экзамену – Уладзімір дакладна пастанавіў, што кідаць універсітэт не будзе.

Увечары, пасля таго, як схадзіў у кавярню (у той самы час, што і ў пятніцу, з кволай надзеяй, а раптам Ірына ўсё ж з’явіцца там), зайшоў у дом і разгублена спыніўся ў вітальні: у ноздры шыбануў моцны пах падлы.

Частка 2

1

Недзе на трэцім курсе ўніверсітэта Генадзь Колтун пачаў сніць маленства. Невыразныя мроі, колеры і адчуванні. На іх можна было б і не звяртаць увагі, калі б не пачуццё незразумелай трывогі пасля такіх сноў. І гэта раздражняла. Класціся спаць упэўненым, здаровым, у гуморы – і прачынацца з разуменнем пэўнай пустэчы ў сваёй памяці, з усведамленнем нейкім замаляванага, зачыненага для цябе кавалка твайго жыцця.

Генадзь добра памятаў сябе гадоў з пяці – лета ў бабулі, дзіцячы сад. Выхавальніца, якая лаялася на яго за тое, што пасікаў міма гаршка, і яго крыўда на той крык, а потым – удар нагой па гаршку і жоўтыя ручаі на падлозе.

Але нешта было да бабулі. Бацька? Ён памятае не бацьку – памятае нейкую сілу, якая абхапіла яго маленькую ручку, некуды цягне. Памятае сапраўдны ўзлёт – і страх таго імгнення, калі сіла, якая яго падкінула, раптам знікла, і ён падаў, падаў, захлынаўся ў жаху, мярцвеў, і тады тая сіла зноў лавіла яго, утрымвала. І зноў кідала ўгару, дзе маленькі Генік заходзіўся ў крыку.

Ён сёння разумее, чаму не любіць вышыні. Страх ідзе адтуль – ад таго першага падкідвання.

Маці доўга не гаварыла з ім пра ягонага бацьку, і толькі раз, быццам загадзя рыхтавалася, запрасіла ў свой маленькі пакой. На яе ложку ляжала некалькі фотакартак. Маці сказала, што на здымках ягоны бацька. Расказвала, як яны пажаніліся, як ад першых дзён узненавідзела яе свякроўка, як законны муж з закаханага і ўважлівага чалавека пад паглядамі свае маці раптам ператварыўся ў дэспатычнага, грубага мужыка. Хоць так не мусіла быць: яна позна выйшла замуж, муж яе быў ужо не маладым чалавекам, і ягоная маці павінна была б радавацца, што ўрэшце прыпуціўся, што падаравала нявестка ўнука. Яны жылі ў вёсцы… на самай ускраіне. Нейкае глухое і страшнае месца, за гародам адразу пачынаўся змрочны альховы лес, мокры, балотлівы, мноства кустоўя. У суседняй вялікай вёсцы была школа, клуб, у які маладая жанчына магла б ісці працаваць, але муж не пусціў – памагай па гаспадарцы. Тры каровы, свінні… Ды цяжка было не працаваць, цяжка было вытрымваць штодзённыя едкія свекрывіны слоўцы, ненавісныя позіркі. Чым не дагадзіла нявестка – старая ніколі не казала. Почасту яна ляжала – ці то сапраўды хварэла, ці то прыдавалася хворай, каб яшчэ больш памучыць сваю нявестку. Памерла. Яе сын, Генадзяў бацька, праз месяц па смерці маці ў п’янай бойцы зарэзаў п’яную жанчыну. Тады маці забрала маленькага Генадзя, і яны з’ехалі да другой бабулі…

Генадзь глядзеў фотакарткі. Выявы на іх яго зусім не чаплялі. Тут было не ягонае жыццё. Ён глядзеў на фотаздымак свайго бацькі з меншай цікавасцю, чым на здымак у газеце прэзідэнта якой краіны. Усё было чужым. Далёкім, такім далёкім, што памяць нават не захавала кропелькі адчуванняў, і чужым. Адзінае – страх вышыні.

Мы памятаем не пражытыя гады і падзеі, мы памятаем эмоцыі. Тыя, найяскравейшыя, якія ўзрушалі нашу свядомасць да такой ступені, што нервовыя клеткі ў мозгу складваліся ў пэўным парадку для іх захавання і захавання тых абставінаў, якімі эмоцыі былі народжаныя. Генадзь у свае васемнаццаць гадоў ведаў пра гэта. Ён аднаго не разумеў: навошта маці вось цяпер выклала пажоўклыя фотаздымкі і паказвае яму? Расказвае нашто?

– Каб не ўпікаў мяне. Можа, табе захочацца знайсці бацьку, – адказала ціха маці.

– За што ўпікаць? Што гэтулькі гадоў хавала? Не разумею, – пацепнуў плячыма Генадзь. – Шукаць бацьку, цяпер? Падзякаваць яму, што ў самым маленькім веку ўзнагародзіў мяне акрафобіяй? Адзінае, што я помню, што нітуе мяне з ім – як ён падкідае мяне, а я крычу. Было ж так?

– Але, было, – кіўнула маці. – Калі вяртаўся з работы выпіўшы, то лавіў цябе і падкідаў. Я хавала… баялася. Адзін раз ён ледзь паспеў злавіць цябе, ты выцяўся…

– Ну во… выкідвай свае фоткі, яны мне не патрэбныя. Ці ты сама хочаш знайсці яго?

– Навошта? – разгубілася маці.

– Ну, а я ведаю? Мо пахваліцца, якога сына выгадавала. Ці каб я яму пысу набіў.

– Генік… Што ты кажаш? – маці, было відаць, спужалася, пачала мітусліва збіраць фотакарткі. – Я ж во паказаць ды расказаць…

– Мяне не хвалюе маё галазадае маленства недзе ў балоце, – жорстка адказаў Генадзь. – І не думаю, што бацька стаў нейкім мільянерам. Ці стаў? Ты нічога не ведаеш больш пра яго?

Маці сцялася, падціснула вусны, быццам жанчыну схапілі за руку ў час яе непрыгожых, непрыстойных дзеянняў. Пасля невялікай паўзы яна адказала:

– Ён выйшаў праз сем гадоў… Шукаў нас. Прыехаў да маёй маці, патрабаваў адрас. Я паехала туды… Не заспела: ён паспеў абрабаваць саму маці і яе суседку, уцёк. Яго злавілі і зноў судзілі. Болей я нічога не ведаю.

– Выдатна! Цяпер усім маім знаёмым трэба паведаміць, што ў мяне бацька – забойца, рабаўнік, зэк і згніў у турме! Во якую дзіўную спадчыну я атрымаў ад сваёй роднай маці ў год паўналецця! Дзякуй!

Маці заплакала.

Генадзь выйшаў з пакоя.

Болей яны пра бацьку не гаварылі. Месяцы праз тры пасля гутаркі маці пастукала ў ягоны пакой, асцярожна зайшла.

– Вось, – яна прыўзняла руку з нейкімі паперамі, загорнутымі ў цэлафанавы пакет.

– Што “вось”? – Генадзь адарваў вочы ад манітора.

– Аблігацыі… Я збірала… Ты ўжо студэнт, ты малады… сёння цяжка без машыны. Тут… павінна ставаць на першы ўзнос. Возьмем крэдыт. Табе зручней будзе. І да бабулі калі пад’едзем. Яна зусім кволая стала…

Генадзь разглядаў паперы, як просьбу маці аб прабачэнні. Рэальная мажлівасць мець сваю машыну так узрушыла яго, што яшчэ цэлых паўгода, пакуль вучыўся і здаваў экзамены ў школе аўтамабілістаў, ён быў уважлівым і стрыманым: не грубіў, не адказваў аднаскладова – у тыя месяцы ў іх хаце было так, як было, калі яны былі разам на дварэ, і так, як малявалі сабе дачыненні маці і сына Колтунаў іхныя суседзі.

Пачуццё вінаватасці перад Генадзем у маці з’явілася неяк адразу, неспадзявана для яго самога. Яму не было тады яшчэ і шаснаццаці. У той летні вечар у іх кампаніі ў аднаго з сяброў быў дзень нарадзінаў, і бацькі шчодра забяспечылі яго грашыма. Набылі пляшку гарэлкі на чатырох і піва, як наймацнейшага. Генадзь, у якога ўсё хісталася перад вачыма, ледзь дабраўся пасля паўночы да сваёй кватэры. Мабільнік ён вымкнуў – каб маці не даставала званкамі. І яшчэ не паспела яна ў вітальні ці то напалохацца ад яго выгляду, ці то ўздыхнуць з палёгкай – сын жывы, хоць і выпіўшы, як Генадзь пачаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3