Гапееў Валеры - Праклён стр 16.

Шрифт
Фон

– Ну, калі так ужо задумвацца над сэнсам, то можна дзе хочаш шукаць схаваныя загадкі.

– Не-не, загадкі трэба шукаць там, дзе ёсць нешта незразумелае, – запратэставаў Уладзімір. – Вам цікава, якая разгадка?

– Цікава, – шчыра прызналася Ірына. – Але кажыце хутчэй, бо мы неўзабаве прыйдзем, а гуляць я не магу, у мяне яшчэ шмат працы…

Яны ішлі ціхай вуліцай, паглыбляючыся ў квартал старой забудовы – тут стаялі трохпавярховыя дамы, з высокімі вузкімі вокнамі, з ляпнінай пад імі і над дзвярыма. Ходнік быў вузкі, адгароджаны ад дамоў тоўстымі стваламі ліп. Ірына і Уладзімір ішлі побач, часам кранаючыся плячыма. Але як ні карцела Уладзіміру ўзяць Ірыну пад руку, ён не мог адважыцца на такі просты жэст: не ўзяў адразу, то няма чаго цяпер…

– Добра, я зараз, – паабяцаў Уладзімір. – Успомнім Біблію, першыя тры раздзелы, дзе ідзецца пра стварэнне Богам Сусвету, Адама і Евы, іх зграшэнне і потым – выгнанне з Раю. Яшчэ раз чытаем казку і – шукаем аналогіі. Бог стварыў Зямлю, людзей і даў ім Рай. Што такое Рай для людзей, як не месца шчасця, залатое месца? Хіба не тое яйка, якое знесла курка? Цяпер дапусцім, што курка – гэта Бог, які дае людзям Сусвет, залаты, без граху. Што робяць людзі? Парушаюць запаветы Бога! Імкненне разбіць залатое яйка – хіба не акт непаслушэнства? І вось далей ідзе цікавы момант: у Бібліі пабіць залатое яйка значыць – страціць Рай, людзям памагае д’ябал. Стварэнне з хвастом. У казцы мы бачым шэрую мыш, якая нічога такога не зрабіла, толькі паварушыла хвастком – і канец, трагедыя! Напрасцейшая аналогія. Мышыны хвост тут – змяя там. У Бібліі д’ябал таксама практычна нічога не робіць, хіба што кажа Еве: еш, будзеш падобная да Бога. І вось яйка разбітае, Рай страчаны. Што кажа Бог у Бібліі? Ідзіце і потам і крывёю зарабляйце сабе свой хлеб. Залаты век скончыўся, пачаўся век працы і войнаў. І курка абяцае дзеду з бабай: знясу вам яечка простае. Вось так: не пажадалі шанаваць залатое – карыстайцеся простым…

– Ух ты, цікава, вельмі, – не стала хаваць свайго захаплення Ірына. – У вас на кожную казку такія вось нечаканыя аналогіі падабраныя? Самыя да ўсяго дапялі?

– Ай-а, што вы, – крыху зніякавеў Уладзімір ад слоў жанчыны. – Так, яшчэ пару казак ёсць… якія кладуцца на расшыфроўку. Бо часта казка – нейкія веды, факты, якія людзі хацелі ўсяго толькі данесці да нашчадкаў. Нешта сам дадумляю, нешта вышукваю ў сеціве.

– Што вас натхніла на такі занятак? І навошта?

– Неяк даўно глядзеў адну перадачу… У сеціве, на сайце. Там навуковец наважыўся расшыфраваць легенды інкаў. Іх было шмат, яны былі цікавыя, але часта, вось як нашая гісторыя з яйкам, мелі нейкія нутраныя супярэчнасці, бязглуздзіцу. Гэта яго і насцярожыла. Вось… Ён пачаў шукаць, параўноўваць, аналізаваць…

– І знайшоў? – Ірына прыпынілася – відавочна, яны дайшлі да яе дома.

– Так… Прыкладам, у адной легендзе гаварылася: “І калі лісіца памачала свой хвост, то…” і далей нешта там адбылося. Праўда ж, глупства выходзіць: якая ліса і чаго ёй мачаць свой хвост?

– Ну, хто ж яго ведае? Казкі – казкі і ёсць, – нясмела запярэчыла Ірына, здаецца, заінтрыгаваная гісторыяй.

– Дык вось, – працягнуў пераможна Уладзімір. – Ён знайшоў сэнс. Выявілася, што Лісіца – не простая лісіца, а так называлі старажытныя інкі адно з сузор’яў. І яно, сузор’е Лісіцы, у адну з начэй года апускалася сваімі зоркамі, якія інкі ўважалі за Лісіцын хвост, да паверхні акіяна. Вось такая простая разгадка ў бязглуздай на першы пагляд показцы: інкі зафіксавалі дакладную дату здарэння!

– Файна як, – пагадзілася Ірына. – Але мы ўжо прыйшлі. Дзякуй вам за каву і цудоўны настрой, які ў мяне з’явіўся. З вамі было вельмі цікава. Не крыўдуйце, я вам скажу шчыра, бо вы са мной былі шчырым. Дык вось, калі б на маім месцы сёння была іншая… Вас бы палічылі за вясковага дзівака, з якім ад суму можна памерці… А мне было цікава і не сумна.

– Я ведаю, – сумна ўсміхнуўся ў адказ Уладзімір. – То вам дзякуй. Усё так нечакана. І цудоўна. У мяне дзень быў сёння… незвычайны. І вось ён завяршыўся так шыкоўна – сустрэчай і размовай з вамі. А што іншыя… Я ведаю. У мяне з дзяўчатамі… рэдка бываюць супольныя тэмы. Дый не ўмею я… з гарадскімі. А заўтра Вы будзеце рабіць сваю фіззарадку? У гэты ж час і ў тую ж кавярню?

– О, не, – з лёгкай скрухай адгукнулася Ірына. – Мне паўночы яшчэ працаваць, а заўтра ў другой палове дня з сябрамі выязджаем за горад, там лецішча, рэчка. Так што толькі ў панядзелак. Можа, у такі ж час.

– Зразумела, – панура адказаў Уладзімір, і ад Ірыніных слоў “з сябрамі” на яго пыхнула прыкрым пачуццём рэўнасці і адначасна – сваёй асабістай вылучнасці, ізаляванасці ад яе свету, а значыць, ад свету ўсіх прыгожых і разумных жанчын.

– Не сумуйце, – усміхнулася ў цемры Ірына.

На яе твар падала размытае святло з вокнаў дамоў, адцяняючы вясёлыя ямінкі на шчоках, якія ўзнікалі тады, калі яна ўсміхалася. Уладзімір адчуў нязвыклую пяшчоту да гэтай амаль незнаёмай яму жанчыны.

– Бывайце, да сустрэчы, – Ірына падала яму руку. – Буду чакаць ад вас разгадкі якой іншай казкі. Скажам, пра дзедку і рэпку.

– Я пастараюся адшукаць разгадку рэпкі, – Уладзімір ціхенька сціснуў кволую жаночую руку ў сваёй, адчуваючы яе цеплыню і лёгкае трымценне.

Ён падыходзіў да сцішанага ў глыбіні старога саду дома зусім працверазеўшы. Дзівіўся сам з сябе: як лёгка ўдалося пазнаёміцца! Якая яна цікавая і… мілая. Побач з ёй утульна і спакойна. Яна не пазірае грэбліва, не кпіць з яго захаплення, з яго цікавасці.

Добрая ў бабулі самагонка!

Калі сон пачаў пакрысе прыгладжваць пікі вострых адчуванняў, рабіць усё раўнейшым і спакайнейшым, тут і вылезла, вытыркнулася, як галоўка невялікага цвічка, адно адчуванне, якому не надаў раней значэння, якое прапусціў паўз свядомасць, а яно, бачыш, не мінулася, засела… І цяпер вось набывае важкасць, прымушае ўспамінаць, шукаць аналогіяў, тлумачэння. А як яго патлумачыць? Проста ў той самы момант, калі ў сваёй руцэ адчуў цёплую Ірыніну руку, маленькая, на сотыя долі секунды, праскокнула думка-іскра: “Папаўся!” Ага, папаўся, – з мяккай радасцю пагадзіўся ён цяпер, засынаючы. Такой жанчыне за шчасце папасціся. Апошняя яго думка была пра Алену, нават не пра яе, а пра тое, што ён ні разу не ўспомніў сёння пра яе. Дык чаго яна ўлезла ў яго голаў цяпер? Адмахнуўся ад думкі…

Ранкам прыехаў сусед па вёсцы Марыі Фамічны, і яна, нечым падобная ў гэтыя хвіліны да спуджанай з гнязда курыцы, што прымасцілася несціся, бегала то з дома на двор, то адтуль у свой пакой.

– Цётка, усё давязу, нічога не растрасу, – казаў уладальнік старэнькіх “жыгулёў”, праставаты мужчына гадоў пяцідзесяці.

– Ай, каб жа не забыць нічога, – вохкала гаспадыня. – Дзівіся, тут во шкляное, Валодзечка, асцярожней тамака, чакай, я мо на рукі тое вазьму, – крычала гаспадыня Уладзіміру, бегла за ім на надворак.

Урэшце мітусня скончылася: заладаваліся – што ў багажнік, што на задняе сядзенне.

– Глядзі ж, дзеткі, каб усё ладна было, пакідаю табе найдаражэйшае, што ёсць – дом, то ж глядзі, глядзі на ўсе вочы. З газам асцярожны будзь, фортку не пакідай адчыненай, як куды ідзеш… Ды глядзі, з дзеўкамі пільным будзь: не маленькі, мусіш ведаць: чорт у лазу завядзе, а баба ў нетры.

– Буду глядзець, Марыя Фамічна, усё будзе добра, – запэўніваў Уладзімір старую і ўпотай чакаў, каб хутчэй паехаў з двара аўтамабіль.

І вось ён застаўся адзін – адзін у такім вялікім доме.

Раптам стала трывожна.

Пачуццё, што тут яшчэ нехта ёсць, як выскачыла аднекуль з кутка ці выпаўзла гадзюкай з-пад дзвярэй бабульчынага пакоя. Уладзімір, сам сабе лаючыся – от жа, заблазнаваў, – абышоў пакоі: бабулін быў зачынены на ключ, у залі было пуста: канапа, шафа-“сценка” набытая гадоў трыццаць таму, стол з тэлевізарам, накрытым адмысловай вышыванкай. Калідор, яго пакой направа…

Уладзімір уздрыгнуў: у ягоным пакоі сядзеў кот. І кот уздрыгнуў. Прыпаў да пярэстага ходніка, прыціснуў вушы, напружыніўся, паказваючы гатовасць у кожны момант скочыць проста ў твар.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3