Ён крычаў, плакаў, дакараў, упікаў – ён выказваў ёй усе тыя крыўды, якія пазбіраліся за ўсе гады ягонага свядомага жыцця, якія ён сам ашчадна збіраў – можа, яшчэ тады думаў, планаваў вось такі дзень, калі ў твар маці выкажа ўсё. Пра адзенне і танны мабільнік, пра патрыманы кампутар, які з’явіўся ў яго пазней за ўсіх у класе, пра свой сорам, калі аднакласнікі прыходзілі да яго ў іх бедную кватэру… Хутчэй за ўсё, яго ніхто спецыяльна і не крыўдзіў, але самыя невялікія заўвагі, самыя бяскрыўдныя кепікі аднагодкаў Генадзь успрымаў як абразы, праўда, не адказваў ніяк, і ўсе думалі, што гэта нічога страшнага: трохі пацвельваць з сябра, “мамчынага сынка”.
З таго дня ў іхнай кватэры ён стаў галоўным. Маці з сынам за парогам кватэры жылі так, як і раней: паважна і ласкава адзін да аднаго, у самой жа кватэры маці стала больш прыслугай і хатняй гаспадыняй. А ў Генадзя знайшлося выйсце для яго комплексу непаўнавартаснасці, і ён з апантанасцю згаладалага на салодкае дзіцяці адшчыкваў і адломваў штовечара і штораніцы невялікія, але такія салодкія кавалкі сваёй асабістай значнасці, якая палягала ў служэнні яму, у павазе яго ды поўнай падпарадкаванасці яму. Маці была на пенсіі, але працавала – у тым жа ДК, толькі не памочнікам рэжысёра, а прыбіральніцай.
Аўтамабіль, які яны набылі, прынёс у сям’ю часовае супакаенне і лад. Генадзь усведамляў, што тая ранейшая бядота і была пэўнай прычынай для сённяшняга набытку: маці ашчаджала грошы для яго, для пачатку самастойнага жыцця. І аднак жа, яе віна, як няздольнай у тыя часы зарабляць болей, ці хоць выйсці другі раз замуж ды забяспечыць нармальнае маленства і юнацтва сыну, не мінала, хіба што паменшылася, прытупілася. Генадзь чакаў ад маці яшчэ аднаго кроку, пра які яна сама неяк і прагаварылася, калі наведалі бабулю:
– Трэба, мабыць, збірацца мне ды пераязджаць сюды, – казала маці сваёй маці. – Геначка ўжо дарослы, сам здолее пражыць, а тут мне і пенсію траціць не давядзецца – зямля пракорміць, і за табой дагляджу…
– Глядзі, каб не вадзіў там усялякіх, – устрывожылася бабуля. – Цяпер такая моладзь…
– Не, за Геніка я спакойная, ён вельмі адказны, разумны, – пераконвала яе маці.
Але мінула і паўгода, а маці быццам забылася на свае словы. Генадзь, які стаў тады выпадковым і незаўважаным сведкам размовы, не нагадваў маці пра яе жаданне, трываў: нічога не заставалася, як чакаць. Не вытрываў: раз і другі псіхануў быў, сказаў, што не можа нармальна запрасіць дзяўчыну ў госці, бо яна саромеецца. Маці моўчкі праглынула ўпікі, але пасля другога разу пачала збірацца. І не на тыдзень які, а грунтоўна. Назусім. Пра што сыну і выказалася асцярожна. Генадзь, умела хаваючы сваё сапраўднае пачуццё радасці, адказаў, што няма падстаў за яго перажываць – у яго ёсць галава на плячох.
Хоць ніякай дзяўчыны не было. Бо Генадзь баяўся. Набыты аўтамабіль хоць і змяніў кардынальна самога Генадзя і стаўленне дзяўчат да яго, аднак нічога не мог змяніць у ягоным стаўленні да дзяўчат. Генадзь стаў адкрывальнікам простага сакрэту мужчынскай прывабнасці: поспех у жанчын маюць упэўненыя мужчыны. Тыя, што ведаюць сабе цану. Тыя, што паказваюць сваю ўладу над абставінамі. Упэўненасць прыйшла скора: адзіны гаспадар кватэры, аўтамабіля, цалкам самастойны пяцікурснік. Усё неўзабаве праявілася вонкава, як пот праступіў праз сарочку ў летнюю спёку ў гарадскім аўтобусе. І толькі адно Генадзь хаваў старанна – тое, што ён быў цнатлівым. Так, у свае больш за дваццаць два гады вось такі. Але тут ён не прыспешваў сябе, хоць ад пачатку і была думка: маці з’ехала, дык трэба прывесці якую… за грошы. Стрымвала тое, што жанчына застанецца тут, у горадзе, ён будзе ведаць, што яна жыве і, можа, расказвае некаму, смеючыся, пра яго першую бязладную спробу, хваляванне, сарамлівасць. Генадзь чакаў і ведаў, чаго чакае: набліжалася размеркаванне. Хлопцы яму казалі, што на яго глядзелі як на патэнцыйнага “мужа” – фіктыўны шлюб даваў дзяўчыне мажлівасць застацца ў горадзе, а не ехаць у які аграгарадок. Маці ў свой час парупілася не толькі пра яго паступленне – на трэцім курсе ён праходзіў практыку на гарадскім прадпрыемстве з дакладнай перспектывай работы па заканчэнні. Так і выйшла – ён атрымваў рабочае месца, яго не датычыла перспектыва пакідаць горад.
Урэшце ён атрымаў аж дзве прапановы і спыніў свой выбар на сціплай дзяўчыне, далёка не красуні, хоць постаць у яе была зграбная. Дакладней – магла быць, калі б яе адзелі, як трэба. Цынік і сцябач Вінцусь з іх курса, які пасля месяца навучання даў мянушкі кожнаму студэнту групы (палова з якіх і прыжылася), называў дзяўчыну “хурлядзь”. Што праўда, хоць большасць і не ведала значэння прыдуманага слова, але, выразна адчуваючы ў ім нейкі надта ж абразлівы прысмак, у вочы дзяўчыну так не называлі. Больш таму, што яна і сама не лезла нікому ў вочы. Не проста шэрая мыш, а паўпразрыстая шэрая мыш – так сціпла яна трымалася. Пра яе, на пытанне, якая яна, можна было адказаць двума словамі: ніякая і хурлядзь. Бо хурлядзь, як патлумачыў Вінцусь, тое ж самае, што і рухлядзь, але маладая: “Рухлядзь ёсць асобіна жаночага полу, якая з гадамі страціла ўсё жаночае, апрача таго, што схавана між ног, і скарыстоўвае яго адно на тое, каб хадзіць у прыбіральню. А хурлядзь – тая маладая, якая свайго жаночага так і не знайшла і перакананая: тое, што хавае ніжэй пояса, створанае адно каб пасікаць”.
І вось гэтая дзяўчына, трэба заўважыць, без асаблівай сарамлівасці, хутчэй са сваёй, ужо легендарнай, сціпласцю, падышла да Генадзя і прапанавала яму зарабіць на фіктыўным шлюбе з ёй.
Генадзь толькі паабяцаў “падумаць”, як пабачыў у вачох у дзяўчыны пакорлівасць і гатовасць ці не да ўсяго. Не ўсцешыўся, а нібыта паставіў недзе ўнутры сябе “птушачку” – не памыліўся. Грошы, якія ён атрымваў ад дзяўчыны за “шлюб” былі не галоўным, грошай ставала: маці з вёскі пераводзіла яму ўсю пенсію, яшчэ і бабулінай частку. Генадзь, стоячы перад невысокага росту дзяўчынай з простым, без макіяжу тварам, гледзячы ў яе невыразныя, зусім не намаляваныя вочы, дзе адбіваліся надзея і страх, прапанаваў проста і недвухсэнсоўна: ён жыве цяпер адзін, харчуецца па страўнях ды канапкамі, начамі яму сумна – то чаму б ёй не сыграць ролю жонкі больш грунтоўна?
Дзяўчына, яе звалі Людай, спалохана міргала вачыма, потым каўтнула і сказала:
– Ты… хочаш, каб я жыла з табой як жонка? І… у ложку?
– Чаму б і не? Калі не хочаш – я ж не настойваю, – знарок абыякава адказаў Генадзь. – Ахвотныя знойдуцца. І за большую суму. Дый раптам мне да смаку прыйдзецца жыццё з табой? – амаль гулліва дакончыў ён.
Люда пачырванела – так моцна, што ён здзівіўся, і ціха сказала:
– Я паспрабую… Але… ты ведай, што ў мяне няма… досведу. Ніякага.
Генадзь усміхнуўся куточкамі вуснаў, а недзе яшчэ адна “птушачка” стала і ўскінула свае крылцы: ён зноў не памыліўся.
– Ува ўсіх на пачатку не бывае досведу, – амаль суцяшаючы, адказаў ён.
Праз дзень – “А чаго адкладаць?” – яны падалі заяву, і ўвечары Людміла прыехала да яго з невялікай торбаю: халат, пантофлі, нешта з бялізны і дробязныя рэчы. І засталася нанач.
Генадзь разумеў, што для яго гэта першы досвед, і можа быць фіяска: як толькі Людміла пераступіла парог, яго ўзбуджэнне стало імкліва нарастаць, ён ледзь стрымваў сябе, каб не пачаць загадваць ёй распранацца адразу ж, ісці ў спальню. Таму выпіў набытую ў аптэцы пігулку і дазволіў Людміле пайсці ўзяць душ, сам паставіў віно – няхай усё будзе неяк хоць крышку аформлена…
Упэўненасць, якую надала яму выпітая пігулка, вера ў яе цудадзейную моц, дазволіла яму быць няспешлівым, не хвалявацца. І Людміла, якая і распраналася, і клалася на канапу так, нібыта рыхтавалася да страшэннага пакарання, наўрад ці падумала, што для Генадзя яна была першай жанчынай.