Гапееў Валеры - Праклён стр 15.

Шрифт
Фон

Пайшоў, прысеў.

– Ці вольна ля вас?

Голас быў трошкі нервовы. Уладзімір узняў вочы і пабачыў маладую кабету гадоў дваццаці пяці. Бялявыя густыя валасы да плячэй, твар з выразна акрэсленымі ротам, носам і вачыма. Прыемны твар, сімпатычны нават. Хударлявая. Яе кофтачка была вязаная з тонкіх зялёных нітак, праз карункі і кветкі прасвечвалася цела і белы станік. “А чаму не зялёны?” – нечакана падумаў Уладзімір, кіўнуў як мага прыязней:

– Калі ласка, калі вы адна, то тады вольна.

Жанчына адказала нейкай грымасай, і Уладзімір адчуў сябе дурнем: як можна было казаць пра нейкую яшчэ ўмову, калі месца каля яго – адно? Выпітая раней самагонка не тлуміла галавы, але прыспешвала думкі, надавала хуткасці словам, якія рабіліся вось такімі смелымі, зразумела ж, з якой прычыны. У наступны момант Уладзімір прапанаваў:

– Вы не будзеце супраць, калі я пачастую вас? Я яшчэ нічога не заказваў…

– Дзякуй, я завітала выпіць кавы, а на каву я знайду грошы, – не халодна, хутчэй нейтральна адказала жанчына.

Уладзіміра казытала неадольнае жаданне гаварыць з ёй, быць у гэты вечар патрэбным і значным хоць для каго. Бо дзень, такі быў дзень добры, не можа ён скончыцца блага! Ён быў на лёгкім падпітку, усведамляў гэта, але памятаў і пра тое, што невялікая колькасць алкаголю толькі і давала яму мажлівасці трымацца з незнаёмымі жанчынамі ўпэўнена і нязмушана. Раней яму не раз казалі як пра яго няўменне гаварыць з жанчынамі, так і пра тое, што ягоны воблік вельмі даспадобы жанчынам, а гарэлка робіць яго гаваркім і дасціпным.

– Выбачайце, але ж хіба я сказаў нешта пра ваш партманет? Я проста хацеў бы вас пачаставаць, тым больш, што і сам буду піць адно каву.

Мабыць, твар у яго выглядаў пакрыўджаным, бо жанчына ўжо цёпла ўсміхнулася і дазволіла, як павінілася:

– Калі ласка…

Якраз у гэты момант і падышла маладзенькая кельнерка. Заказалі каву. Уладзімір не ўпільнаваў моманту, каб афіцыянтка падціснула вусны ад невялікага заказу, употай ён абгледзеў залу і з яшчэ большай прыемнасцю для сябе зазначыў, што за шмат якімі столікамі сядзелі менавіта пры кубках, з кавай ці гарбатай.

Уважлівей паглядзеў на жанчыну насупраць сябе, знарок затрымаўшы вочы на твары. Яна не змаўчала ў адказ:

– Вывучылі? Будзеце варажыць будучыню?

Уладзімір любіў вось такія моманты. Звычайна так казалі ўсе, з кім яму раней давялося сустракацца на рэдкіх пагулянках у такіх вось абставінах – твар супраць твару.

– Будучыню чалавек сам сабе ладзіць, – паважна пачаў Уладзімір. – І з вашым характарам у вас усё павінна ўдасца.

– Авой, і які ж у мяне характар? – усміхнулася жанчына, адкінулася на спінку крэсла, быццам з палёгкай.

– Выразна акрэсленыя вусны, верхняя – тонкая. Значыць, любіце дабіцца свайго, упэўненая ў сабе, разлічваеце болей на сябе. Здольная на жорсткасць дзеля мэты. Просты нос, тонкі, крылы тонкія, трапяткія. Выснова: імпульсіўная, недзе і залішне крыўдлівая… Дарэчы, вы сёння не былі на працы…

– Цікава, – усміхнулася жанчына. – Гэта ваш такі стандартны набор для пачатку сустрэч з жанчынамі? Каб было чым заінтрыгаваць? А сёння я працавала. Хоць, скажу праўду: працавала ўдома. І з чаго на гэты конт ваша выснова – адзіна цікавая?

– Выбачайце, пазногці, – Уладзімір паглядзеў жанчыне на рукі. – Лак месцамі выцерся, відаць, што вы не сёння іх малявалі. То я падумаў…

– Назіральны які… І Вы, пэўна ж, паспрабавалі ўгледзець, ці ёсць на пальцы правай рукі паласа ад шлюбнага пярсцёнка?

– Так, – вінавата ўсміхнуўся Уладзімір.

– А іншае адкуль? Хоць што я пытаюся, сёння такіх вось ведаў у сеціве – як смецця на нашай вуліцы пасля нядзелі… Мяне завуць Ірына, я не замужам, займаюся фрылансам.

– Дзякуй, вельмі прыемна, я Уладзімір, – заспяшаўся Уладзімір. – А да фрыланса чым займаліся?

– Навошта Вам? Ну, педагог, філолаг.

– І што пішаце? Вы ж пішаце?

– Так, пішу… Казкі… дарослыя. Генерую тэксты. Апісваю сцэны любошчаў, трапяткога кахання. Яны ў мяне выходзяць, кажуць, дужа добра. Аднаго разу знайшла сваю сцэну ў нейкай выдадзенай кніжцы.

– Зразумела…

Прынеслі каву. Кубачкі былі маленькія, кава пахучая і не надта гарачая.

Ірына дастала цыгарэты, закурыла. Уладзімір таксама падумаў закурыць – першы раз у кавярні. Дагэтуль ён нечага саромеўся, хоць і бачыў перад сабой на століку попельнічкі.

– Мо яшчэ возьмем? – прапанаваў Уладзімір, калі пабачыў, што Ірынін кубачак амаль парожні. – Ці, можа, віна?

– Не, віна не трэба, не сёння, – адказала Ірына чамусьці цёпла, як старому знаёмаму, нават як таварышу, празрыста намякаючы на мажлівасць новай сустрэчы. – А кавы можна… Мне сёння яшчэ шмат пісаць…

Уладзімір павярнуўся, каб пашукаць вачыма кельнерку, і тая, быццам чакала ягонага позірку, адразу падышла.

– Яшчэ па кубачку кавы, калі ласка, і разлік, так? – павярнуўся ён да Ірыны.

– Так, – кіўнула яна.

Кельнерка прынесла яшчэ два кубачкі кавы, паклала на бераг стала нешта накшталт невялікага нататніка, ці, больш слушна, вокладкі ад яго. Уладзімір разгарнуў, паглядзеў чэк, дастаў купюру, уклаў і загарнуў. Кельнерка, зноў жа, як назірала за ім, падышла адразу, узяла “нататнік” і праз хвіліну прынесла з рэштай.

– Паслухайце, Ірына, – з вінаватай усмешкай Уладзімір звярнуўся да жанчыны. – Я разумею, што не павінен згодна з добрым тонам забіраць усю рэшту, трэба крыху тут пакінуць. Але я… хлопец вясковы, я не ведаю, шчыра кажу, колькі пакідаць. Заўсёды бянтэжуся…

– Пяць-дзесяць адсоткаў ад цаны, – спакойна адказала Ірына. – Але, зразумела, у залежнасці ад заказу. За нашыя два кубкі кавы пакідаеце тысячу, будзе нармальна.

– Ух, дзякуй, – выдыхнуў з палёгкай Уладзімір, прыемна ўражаны тым, што Ірына адказвала без ценю паблажлівасці, падказвала, як сябру. – Я вас за падказку гатовы правесці вуліцамі горада на якую хочаш ускраіну!

– Не трэба на ўскраіну. Я жыву недалёка, для мяне шпацыр сюды двойчы на дзень – як фіззарадка. Так што не разлічвайце, што я адмоўлюся, – яна хітравата прымружылася. – Заадно раскажаце, што вы за назіральны такі вясковец, які чытае характары жанчын па тварах, любіць частаваць іх кавай і адначасна не ведае, як паводзіць сябе ў звычайнай кавярні.

– Самы што ні на ёсць вясковец, – стаў гаварыць пра сябе Уладзімір, калі яны разам рушылі ад кавярні уверх па вуліцы. – Што ведаю – дык гэта з сеціва, і вы не памыліліся. Часу вольнага шмат было, што рабіць вечарамі?

– А як жа жанчыны, сябры, улюбёны занятак, гарод-гаспадарка?

– Ды не трымалі мы гаспадаркі… з братам. Жанчыны… Нешта не выйшла з былой каханай. Дый не было кахання. Так, пацалункі пад месячыкам, яшчэ да войска. Сябры? Ну, у карты гуляць, смаліць без перапынку ды гарэлку піць? У клуб ісці, дзе трынаццацігадовыя дзяўчынкі прыйшлі засведчыць свае цыцачкі перад вяскоўцамі? Улюбёны занятак вось і атрымаўся…

– І чым жа вы займаліся ў сеціве? – з гуллівым падтэкстам спыталася Ірына.

– Ды розным, – не пачуў падтэксту Уладзімір. – Фільмы глядзеў цікавыя, чытаў форумы розныя, дзённікі, блогі. Вучыўся казкі разгадваць.

– Казкі? І шмат разгадалі? – з лёгкім здзіўленнем запытала Ірына.

– Пакуль што няшмат. Дый не сам… Вось, прыкладам, найпрасцейшая, яе першую дзіцяці расказваюць, ну, вы ж ведаеце: жылі-былі дзед ды баба. Была ў іх курка Раба. Знесла курка яечка… ну і далей. Што цікава: чаму казка такая неўміручая? Чым яна так прываблівае?

– Сваёй прастатой для разумення, мабыць, – паціснула плячыма Ірына. – Ну, і якая разгадка казкі, які сэнс?

– О, тут далёка не ўсё так проста! – загарэўся Уладзімір. – Вось глядзіце, ад пачатку: курачка знесла яйка, ды не простае, а залатое. Навошта дзеду і бабе біць залатое яйка? Дзеля чаго? Далей – нечаканая лёгкасць, з якой яечка б’ецца, падаючы ад махання адно толькі мышынага хвосціка. І яшчэ больш незразумелы канец: курка суцяшае бабу і дзеда тым, што знясе яечка лепшае – простае. Хіба мала незразумелага?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3