Гапееў Валеры - Праклён стр 14.

Шрифт
Фон

– А пра што спявалі? – успомніў выкладніка Уладзімір, перапыніў гаспадыню.

– От далібог, не памятую, нешта сваё, дзявоцкае.

– А толькі моладзь была, ці старэйшыя?

– Ля вогнішча толькі моладзь, а старэйшыя выходзілі на ўскрай вёскі, стаялі, глядзелі, ці мо што і рабілі, дык я не ведаю… Як я вырасла, улада распарадзілася, што нельга той май чапляць ды потым паліць… От, было: сцямнее добра, чакаем апоўначы. Глядзім на ўсход – там пачынаюць успыхваць вогнішчы, зарыва на нас коціцца. Як у бліжэйшай вёсцы ад нас на ўсход успыхне полымя, то і мы падпальваем. І на захад глядзім цяпер – як у нас разгарыцца, то там цяпер ўспыхвае… І далей коціцца. Потым да ракі спускаемся, вянкі пускаем, а раніцой беглі глядзець: чый да берага прыбіла, чый у балаціну зацягнула. От так было. Полымя дагарае – пачыналі скакаць цераз агонь.

– Скажыце, Марыя Фамічна, – Уладзімір павагаўся дзеля прыліку, спытаў: – А вось кажуць цяпер, што ў гэтую ноч… ну, любошчы ўсялякія былі, распуста… Ці праўда?

– Ат, хто яго ведае, можа дзе і так. У нас начай было. Тады як жаніліся ці замуж ішлі? Каб выкараскацца з беднасці, на зямлі жанілі, за багацце замуж аддавалі. А як у нас сям’я з дзевак, то хоць за вала, абы ўдома не была. А любіліся ж з іншымі хто. То на Купалу дзеўка як пабудзе з тым, каго кахае, але за якога замуж ёй не ісці, дык гэта не лічылася грахом. Так то грэх вялікі быў, каб без замужжа з хлопцам быць, а на Купалу дазвалялася…

– Дык… – Уладзімір запнуўся, але запытаў: – А як жа цнатлівасць? Муж законны даведаецца, што… сапсаваная, што тады?

– І-і, дурненькі, – хітра прымружылася Марыя Фамічна. – Не вер каню ў дарозе, а бабе ў ложку. Баба, калі разумная, пяць разоў за ноч мужыка падмане. Ды табе такія сакрэты не трэба. То дзеўкам казаць буду, як запытаюць, – і засмяялася, потым раптам засмуцілася, прымоўкла.

Уладзімір зразумеў, што старая ўспамінае нешта сваё, можа, і вельмі асабістае, і не памыліўся – гаспадыня пачала гаварыць ціха, з сумам:

– І мне на Купалу адна ноч была… Любіліся мы з ім, крадком сустракаліся. Хоць і вайна адбыла, і гадоў нямала мінула, а ніхто не забываўся, што татку майго забралі як ворага. А мой жа каханак у сельсавеце быў, пры пасадзе… Ніяк нам не жаніцца. Тут стаў да мяне адзін сватацца, мне сямнаццаць, ісці трэба, мама просіць, бо надта ж цяжка… От і падаравала я свайму сельсаветаўцу тую ноч на Купалу. Потым ён ажаніўся, паехаў ад нас, вялікім начальнікам стаў. А харошым чалавекам застаўся. Ён мне і прывёз праз дзесяць гадоў паперу, што татку апраўдалі. Пасмяротна, значыць. А дзе магіла – не знайшоў, хоць і казаў, што шукаў. Дзе ж знойдзеш – Сібір вялікая…

– Марыя Фамічна, а Папараць-кветку хадзілі шукаць?

– Дык, дурэлі хлопцы, пацягнуць дзявок, лес недалёчка быў, так, гарэзілі. А папраўдзе ніхто не хадзіў. Страшна ж.

– А чаго страшнага? Што ноч і цёмна? – пад’юдзіў Уладзімір старую, але тая нечакана пасур’ёзнела:

– Ноч не страшная, і лесу няма чаго баяцца. Папараць шукаць – гэта страшная рэч.

– Чаму страшная? Што, можна сапраўды Папараць-кветку знайсці? – не змог стрымаць здзіўлення Уладзімір.

– Можна. Толькі, хлопчык мой, такое казаць страшна, не тое, што рабіць.

– То раскажэце… Можа, мне пашчасціць.

– Ой, грэх на душу бяру… Не жартачкі гэта. Спакусішся яшчэ… Але слухай, нехта ж мусіць ведаць, а то памру – і з сабой панясу… Дык от… Папараць простаму чалавеку не знайсці, не пабачыць. Трэба не простым чалавекам стаць, на той бок перайсці. Людзі на гэтым баку, а табе туды, на той бок. Каб перайсці, за гадзіну да поўначы трэба зняць з покуці найстарэйшы абраз. Нож навастрыць і на парозе адсячы ад мезенца на левай руцэ акурат там, дзе пазногаць пачынаецца. Тым абсечаным пальцам, крывёй напісаць праз увесь абраз: “Я выракаюся Бога”. Кроў павінна адразу спыніцца. Як спынілася – прынялі цябе напалову. Цяпер той абраз з сабой бяры і ідзі да лесу. Абраз пад першую асіну кінуць. Сам – бяжы па кветку.

– Куды ж бегчы?

– О, тады якраз усё пабачыш – колькі ўсялякага бяжыць па яе! Ведзьмакі ды чэрці, вупыры ды іншая пошасць… Кожны хоча Папараць сарваць…

Уладзімір слухаў, заварожана маўчаў – ён не чакаў пачуць пра такі незвычайны шлях да Папараці. Колькі ўсяго перачытаў – а пра такі “метад” не траплялася ніколі.

– Навошта тым чарцям Папараць? – запытаў ён, калі старая задуменна змоўкла. – Яны ж і так золата маюць…

– Папараць – смерць іхная.

Уладзімір уздрыгнуў – так выразна, з такім акцэнтам сказала гэты сказ гаспадыня.

– Чаму… смерць?

– Таму… Не ведаю я… Ой, я тут з табой заседзелася, а там кіно маё зараз кончыцца, і папытаць не будзе ў каго…

Уладзімір выйшаў прайсціся ў бліжэйшую кавярню – захацелася папіць добрай кавы і, шпацыруючы няспешна, упарадкаваць думкі.

Дзень выдаўся як ніколі за апошні час насычаным, жыццё падавалася запоўненым, набывала сэнс. Вось, так шчыра пагаварыў з выкладнікам… І нечакана для сябе Уладзімір зразумеў, чаму размова была для яго такой важнай, чаму пасля яе ён, не думаючы, згадзіўся на пераздачу, значыцца надумаў вучыцца далей – выкладнік Лобач быў першым чалавекам, які выслухаў яго, Уладзіміравы, думкі пра жыццё і не высмеяў, зразумеў… І з бабуляй усё так добра выйшла, і гісторыю яна апавяла, і пачаставала так шчыра. Усё, здавалася, было добра, і ісці ціхай вуліцай да кавярні ў прыцемках было лёгка і прыемна. І толькі жыла недзе ўнутры трывога, нават страх, не адпускалі ад сябе гаспадыніны словы пра тое, што перш чым шукаць Папараць-кветку, трэба адрачыся ад Бога. І што Папараць-кветка – гэта смерць для нячыстай сілы. Не зразумець таго было. Каб забіць Богавых ворагаў, трэба спачатку ад яго адрачыся? Ці як?

6

Быццам нехта невядомы ўздумаў пасмяяцца з Уладзіміра – у той кавярні, якую ён палюбіў за прастэчу, у якой ужо навучыўся паводзіць сябе нязмушана, была якраз нейкая вечарына, і месцаў, зразумела, не было. Давялося ісці далей праспектам, які пачынаў жыць сваім вечаровым жыццём: менела машын, большала людзей на ходніках. У няспешнай плыні маладых, шчаслівых, закаханых было прыемна ісці, як плыць у добра вядомай рэчцы: ведаеш, якое дно, дзе вір, дзе вада можа абхапіць халоднымі мацукамі знізу, дзе плынь вынесе імкліва ўбок.

Уладзімір добра адчуваў настрой (ён у тым быў пэўны, яму нібыта падказваў нехта збоку, што і як) асобных купак моладзі. Без памылак вызначаў, каму трэба саступіць пры сустрэчы, хто саступіць яму. Дзе кіруе агрэсіўная ўпэўненасць, якая толькі і чакае нагоды для выхаду сваёй энергіі, дзе паважлівая абыякавасць… Ён адчуваў усё так, быццам ад розных людзей дзьмуў розны ветрык: ці то лёгкі павеў з пакошанага лугу, ці то ўладная пераднавальнічная хваля, ці лёгкае калыханне паветра ў хваёвым бары.

У кавярню, што мясцілася ў цокальным паверсе будынка і прыцягвала ўвагу сваёй някідкай, але выразнай рэкламай гарбаты і напояў з траў, Уладзімір раней не заходзіў. Спусціўся кароткімі сходамі і на імгненне прыпыніўся разгублены. Ён ніяк не мог даць рады сабе ў такіх выпадках – з’яўляўся на парозе незнаёмай кавярні і губляўся ад няведання таго, як сябе паводзіць: падыходзіць да стойкі бара (што ўся аблепленая наведнікамі) ці проста ісці і сядаць на вольнае месца, чакаць, калі да цябе падбяжыць кельнерка і возьме заказ. Хоць і ведаў, што такая работа ў кельнеркі – падыходзіць да цябе, пытацца, а потым прыносіць заказанае, ніяк не мог суладаць з пачуццём сваёй вінаватасці: сваім прыходам ён надае лішняга клопату якой мілай дзяўчыне, і пэўна ж яна думае пра яго: “Прыпёрся… Пытайся ласкава, усміхайся. Мог бы кавы і дома напіцца. Тут людзі віскі пляшкамі бяруць… Што я з тваёй філіжанкі кавы буду мець… Драбяза галотная…”

Толькі адзін столік на два месцы заставаўся вольным, Уладзімір яшчэ патрываў імгненне, як пачуў, што ззаду расчыняюцца дзверы, і зразумеў: не зойме месца, дык давядзецца ціснуцца ў шчыльнае кола вакол стойкі бара.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3