Гапееў Валеры - Праклён стр 13.

Шрифт
Фон

Марыя Фамічна збіралася ў вёску. Да гэтага часу яна не прызнавала ні торбаў, ні скрынак, усё, што ёй трэба было ўзяць з сабой, яна складвала і завязвала (прасіла Уладзіміра) у тугія клункі.

Бабулька планавала ад’язджаць назаўтра (“сусед будзе тут, то і забярэ мяне, дамоўлена даўно, анягож”). Яна прасавала нешта з адзення ў сваім пакойчыку, калі Уладзімір пачуў яе спалоханы ўскрык:

– Ай, Валодзечка, ратуй-ратуй!

Уладзімір не данёс да вуснаў кубак з кавай, падхапіўся з-за стала.

У бабульчыным пакоі, у самым куце ягоным, дзе стаяў ложак, з электрычнай разеткі на сцяне, у якой сядзела вілка праса, віўся дымок, чулася патрэскванне. Марыя Фамічна, перапалоханая, дзьмухала на разетку, стоячы крокі тры ад яе.

Уладзімір толькі зірнуў на разетку, адразу крутануўся ў вялікі пакой, падхапіў крэсла і стаў выкручваць засцерагальнікі ў электрашчытку. Зірнуў на адзін і другі і прысвіснуў у думках: тоўстыя “жукі” на абодвух.

Спакойна злез, зайшоў у пакойчык, выцягнуў гарачую вілку. Дымок віцца перастаў, але смурод па пакоі пайшоў.

– Усё нармальна, не хвалюйцеся… Хто гэта вам такія жукі паставіў?

– Якія жукі? – ачомалася бабулька.

– У шчыток хто засцерагальнікі ўкручваў апошні раз?

– Дык… Во кватаранты як былі, то нешта свет выбівала, дык хлопец паладзіў…

– Ага, добра паладзіў…

– Ай, дык што ж нарабілася… Я ж ледзь хату не спаліла праз іх! О, Божа, быў бы сыну падарунак… А-ёй, дзякуй табе, Валодзечка, што б без цябе было!

– Усё нармальна, Марыя Фамічна… Тут крама недалёка, я зараз збегаю.

Вярнуўся хвілін праз дваццаць, з новай разеткай, кавалкам дроту і аўтаматычнымі засцерагальнікамі. Раскруціў разетку, вызваліў канцы, тады паставіў засцерагальнікі, праверыў – кароткага замыкання нідзе не было.

– Ну вось, зараз паставім Вам новую разетку, белую, прыгожую, – казаў ён, завіхаючыся. – Дый праводку ўсю мяняць трэба…

– А то што ж, зноў загарыцца? Дык як жа хату кінуць? – спалохалася гаспадыня.

– Не, зараз дакладна нічога не загарыцца, – цвёрда адказаў Уладзімір. – Я паставіў аўтаматычныя засцерагальнікі. Як што – яны проста вымкнуць ток, і ўсё, нічога не будзе гарэць.

– Ай, разумны ты хлопец, дай табе Бог здароўя і добрую жонку… Напраў, Валодзечка, напраў, каб бяды ніякай не было…

– Не будзе бяды, не перажывайце, – усміхнуўся Уладзімір. – Гэта я ўмею рабіць, гэта мая праца… Ён прафесійна зачышчаў абвугленыя канцы дроту, калі пачуўся кароткі асцярожны званок у дзверы.

– Каго там нясе? – знарок буркліва адгукнулася Марыя Фамічна, бо Уладзімір ведаў: яна ніколі не раздражнялася, што да яе ідуць людзі. – Ты працуй, працуй, я от цябе заслонай завешу, як да мяне хто наведаецца, – сказала яна і зацягнула заслону з дзвюх палос лёгкай пярэстай тканіны, якая схавала куток з ложкам і самога Уладзіміра.

– Мы да Вас па дапамогу, бабуля Марута, – пачуўся з вітальні вінаваты жаночы голас.

– Ой, дык я ж во збіраюся, еду да сваёй хаты, – з жальбой адказала гаспадыня. – Дык і зарана прыйшлі, трэба ж па трэцяй…

– Дык нам і сказалі, што Вы едзеце, бабуля Марута, – па голасе жанчына была яшчэ зусім дзяўчо, і ў Уладзіміра раптам здрыганулася нешта ўсярэдзіне, закарцела хоць куточкам вока зірнуць – хто там прыйшоў да бабулькі…

– Што, напужаўся хлопчык? – без лішніх роспытаў пачала гаспадыня. – Ад спуду дзесяць тысяч бяру.

– Добра… Не ведаю, – разгубілася жанчына. – Гаварыць не хоча, спіць дрэнна, ускрыквае, усё сабаку адганяе нейкага. Кажа, каб святла не тушыла ў пакоі. Мы ўжо і ў дактароў былі…

– Як – гаварыць не хоча? – удавана дзівячыся, усклікнула бабуля, здаецца, прысела перад дзіцём: – Той сабака вельмі вялікі быў? Чорны ці руды?

– Чорны, – пачуўся голас дзіцяці, хлопчыка.

– А ты рукамі на сабаку махаў, крычаў?

– Крычаў, – смялей дадаў хлопчык.

– Дык той жа сабака так цябе напужаўся, што да мяне сам лячыцца прыбягаў! – паважна і па-змоўніцку загаварыла Марыя Фамічна. – Ну, хадзем за мной…

Яна прывяла хлопчыка ў пакой да Уладзіміра.

– От, тут нам ніхто замінаць не будзе.

Уладзімір зразумеў, што словы былі сказаныя да яго – каб сцішыўся, не замінаў. Ён прыпыніў сваю работу, праз шчыліну ў заслоне міжволі цікаваў за тым, што рабіла гаспадыня.

Ён бачыў хлопчыка – бабуля паставіла яго амаль спінай да заслоны, яму было гады з чатыры. Маці ягоная стаяла ў парозе. Яе разгледзець хоць трохі Уладзімір не мог – толькі падолак кароткай спадніцы.

– А ты, мама, дзверы зачыні, нам не замінай, – сказала гаспадыня да жанчыны і, калі тая зачыніла дзверы, нахілілася да хлопчыка. Яна нешта шаптала, хутка, ціха, Уладзімір не чуў, толькі бачыў яе сухую руку, што, не кранаючыся хлопчыкавай галавы, пагладжвала яе. Потым бабуля ўсхліпнула – быццам увесь час яна прамаўляла сваю малітву на адным дыханні, і ёй ледзь-ледзь ставала паветра на апошнія словы, і скончыла шаптанне.

– А цябе як завуць? – спытала яна чамусьці шэптам.

– Вадзік, – шэптам жа адказаў хлопчык.

– Слухай, Вадзік, мы з табой, як дарослыя людзі, каб ніхто не ведаў, вось пра што дамовімся, добра?

– А пра што?

– У мяне ёсць цукерка адна. Я старая баба, зубоў няма. Еду вёску, хачу пасадзіць гарбузы. А каб добра гарбузы раслі, трэба пад іх страх закапаць. У мяне страху няма, а ў цябе ёсць. Дык давай мяняцца: я табе цукерку, а ты мне – страх. А яшчэ як гарбузы вырастуць, ты ўвосень да мне прыйдзеш, я табе і семак дам.

– Добра, – трохі разгублена пагадзіўся хлопчык.

– Во і добра. Дзе ў цябе страх?

– Тут, – нясмела паказаў хлопчык на грудзі.

– От, бяры далоньку расчыні, так, пакладзі на грудзі, от, цяпер сцісні і цягні, цягні, сціскай кулачок…. Во, давай мне, – бабуля хапіла сціснуты кулачок дзвюма рукамі, пагладзіла, распрастала дзіцячую далоньку. – О, я яго ў кішэню, а табе з кішэні – цукерка! Толькі ж глядзі, не падмані – страх назад не забірай, а то гарбузы не вырастуць і семак не будзе. І нікому не кажы, добра?

– Добра, – кіўнуў хлопчык, і ў голасе яго чулася сапраўдная радасць – ён памяняў свой страх на цукерку!

– Ну, от і бяжы…

Марыя Фамічна расчыніла дзверы.

– Усё, хадзем са мной, я вам вады дам. Будзеце хлопчыку на ноч даваць, па трошкі, тры дні запар. Усё мінецца, ён хлопчык зусім не баязлівы, праўда ж, Вадзічак?

– Праўда, – досыць бадзёра, хоць і крыху сарамліва адказаў хлопчык.

“Бач ты, якая хітрая”, – думаў Уладзімір, прыкручваючы разетку на месца. “Усё так проста, здаецца: аддаў хлопчык свой страх… Не, не аддаў нават: памяняў на цукерку. Эх, каб у жыцці так можна было: памяняць ці хоць прадаць страх, няпэўнасць…”

Гатуючы вячэру, гаспадыня вельмі доўга завіхалася на куханьцы: і селядзец рэзала, бульбу абірала, смажыла. Дом напоўніўся пахамі, і Уладзімір падумаў, што няблага было б куды пайсці пад’есці. У якую кавярню, хот-дог з півам ці што…

Марыя Фамічна нібы пачула ягоныя думкі – пастукала ў прычыненыя дзверы, зазірнула:

– Ну, хадзі-ка за стол, адпраўную вып’ем, пасядзім. Ды за тое, што ўратаваў мяне і дом, падзякаваць табе хачу.

– Ды якое там уратаваў, – крыху сумеўся Уладзімір.

– Ты маўчы і слухай старую бабу, яна дурнога не гаворыць, – жартам прыкрыкнула гаспадыня, дадала ласкава: – Хадзем, Валодзечка, хадзем…

Пасля вячэры, калі пілі гарбату, Уладзімір падумаў, што самы час задаць пытанне пра Купалле. Расказвала ж гаспадыня пра Каляды, то і пра Купалле запытаць не грэх. Выйшаў пакурыць, вяртаўся – прыхапіў са свайго пакоя дыктафон.

– Раней… Ой, некалі спраўлялі дык спраўлялі, – пачала Марыя Фамічна. – на Сёмуху татка наабсякае нам ліпавых галінак. А мы ўсе хату шаруем, з дзеркачом, падлога аж свяцілася жоўценькім. А потым тыя галінкі ў хаце паразвешваем… Пахніць свежым… От! А на Купалу, значыцца, тыя галінкі гаспадары з хат выносілі, клалі перад домам. Гэта называлася маем. Так і казалі яшчэ – “май паліць”. Меншыя дзеці вёскаю бягуць, збіраюць сухое голле, нясуць на выган, на бераг рэчкі. У адным месцы заўсёды палілі, высокае месца было, далёка відаць. От, дзеці той май збіраюць, зносяць, а старэйшыя хлопцы з жэрдак робяць такі будан. Ну і другое ламачча сцягвалі: дзе куст парэчак гаспадар выкіне, хто голле ад яблыні абрэзанае. То потым гуму смярдзючую сталі кідаць… А раней не! Каб жывы агонь быў. Тыя жардзіны хлопцы дзёгцем шмаравалі. То як запаляць, агонь як скокне адразу ўгары – зыркі, далёка відаць. А дзеўкі старэйшыя вянкі плялі. Як стане цямнець, то абдымемся, ідзем на той луг, песні спяваем. Там хлопцы ўжо чакаюць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3