Цяпер дачка такая ж адзінокая, няшчасная кабета. Усведам-ленне гэтага напаўняе сэрца маці законнай радасцю адплаты. Яна прагна ловіць кожнае сведчанне няшчасця на твары дачкі, яна спаталяе тым свой голад. Калі ёй патрабуецца набрацца сіл, яна едзе са сваёй добраўпарадкаванай кватэры ва ўбогую хаціну на ўскраі горада, дзе жыве Юля. Зразумела, перад гэтым маці мусіць абавязкова даглядзець навіны па тэлевізары.
На паліцах славутай югаслаўскай сценкі па-ранейшаму стаяць кнігі, з якіх дачка чэрпала ўяўленні пра шчасце. Маці іх, зразумела, не чытае. Яна спусташае адным глытком паўбутлі хатняе наліўкі, выключае тэлевізар і накіроўваецца да аўтобуснага прыпынку. Як заўжды, балесны выгляд дачкі выклікае ў маці задавальненне яе ўласным нязменна добрым здароўем ды цудоўным настроем. Засмучае яе адно: дачка – які жах! – зусім не глядзіць тэлевізар. На думку Галіны Іларыёнаўны, гэты факт неабвержна сведчыць пра псіхічнае расстройства. З перабольшанай клапатлівасцю яна раіць Юлі плюнуць на усіх, асабліва на мужчын, як тое даўно зрабіла яна, маці. Дачка абяцае – зразумела, для таго, каб хутчэй выправадзіць маці. Але зрабіць гэта не так проста. У Галіны Іларыёнаўны з’явілася новае хобі – глядзецца ў люстэрка.
«Праўда, у мяне цудоўны колер твару?» – пытаецца яна, з аса-лодай разглядаючы сябе.
«Так, мама».
«Гэта таму, што я капусту з морквай ем!»
Сёння яна адна навярнула цэлую патэльню.
«У капусце шмат вітамінаў. А ты – ты дрэнна выглядаеш. Вунь і зубы пацямнелі…»
Задаволеная, маці пераходзіць да кніжных паліц. Яе бровы паўзуць уверх у карцінным абурэнні.
«Што гэта? На-бо-каў?! Якая лухта! Я чула ўрывак па тэлевізары… Ніхто яго не чытае, бо не разумее («Гэтую фісгармонію без шклянкі не зразумееш!» – рэхам адгукаецца ў Юлінай памяці). І, дарэчы, чаму ў цябе зусім няма дэтэктываў?! Як жа можна так жыць?! І вось яшчэ. Днямі цёця Тоня з першага пад’езда… ну тая, у якой чучала глушца і муж палкоўнік, памятаеш? – прынесла мне кніжку, як там яе… «Пацалунак монстра». Міленькая штучка! Я табе абавязкова прынясу!»
Юля шчыра здзіўляецца свайму цярпенню. Колькі яна яшчэ здолее трываць? Нарэшце, маці быццам бы сабралася сыходзіць. Юля спрабуе зачыніць за ёй дзверы, але гэта не ўдаецца. У прыступе гуллівай весялосці маці какетліва, нібыта маладая дзяўчына суджанаму, гразіць дачцэ пальчыкам:
«Зноў ты сумуеш? Плюй на ўсіх! На ўсіх! І табе адразу стане добра!»
Дык вось ён, найпрасцейшы рэцэпт душэўнае раўнавагі! Будысты былі б у накауце. Маці прагна ловіць позірк дачкі, каб пацешыцца гідлівасцю, якая адаб’ецца на яе твары, але тая ўпарта разглядвае пляму на падлозе.
«Вось ты не глядзіш тэлевізар, нічога не ведаеш, – спяшаецца сказаць маці, бо дачка зноў спрабуе зачыніць за ёю дзверы. – Учора ў Польшчы абрынуўся дом, загінулі семдзесят пяць чалавек! А на мінулым тыдні была катастрофа самалёта ў Інданэзіі! Трупы пасажыраў так і не знайшлі!»
Ах, вунь яно што! Да Юлі, нарэшце, даходзіць. Сілы і здароўе маці дае не толькі бядотны стан дачкі: яе шчупальцы захопліваюць увесь свет. Юля ўсё ж зачыняе дзверы, але маці тут жа прасоўваецца назад:
«Толькі дурні не глядзяць тэлевізар! Я калі на камбінаце працавала, дык ніводнага партыйнага сходу не прапусціла, усё баялася, што без мяне штосьці дужа важнае скажуць!»
Цяпер маці на пенсіі, і партыйныя сходы замяніў тэлевізар.
Калі маці ў рэшце рэшт сыходзіць, Юля, гэтая Жана д’Арк раённага маштабу, горка раздумвае над тым, чаму ніякае. Разуменне. Паміж людзьмі. Немагчыма.
І… узыходзіць на чарговае любоўнае вогнішча.
19
Дзе яна знаходзіла гэтых гогалеўскіх персанажаў? З-пад якіх балотных купін вылазіў гэты вывадак чарцей, гэты шабаш, што не знікаў ад крыку пеўня? Яна здагадваецца, што гэта зноў не той чалавек, але яна рэдка слухае свой розум: няхай гаворыць сэрца, менавіта так. Яна хацела кахаць, як цвейгаўская Незнаёмка, і свайго дабілася: яна так і засталася нераспазнанай для ўсіх тых увішных кар’ерыстаў, спадчынных алкаголікаў, інфантыльных мамачкіных сынкоў – так ужо атрымалася, што яе творчы размах разгарнуўся на нягодным матэрыяле правінцыйнага горада. Пігмаліён, што стварыў Галатэю ўсё ж такі з мармуру, то бок з высакароднага рэчыва, не здолеў бы супернічаць з Юлечкай. Зрэшты, свой раман яна піша крывёю, не журавінавым сокам.
Як жа гэта адбываецца? Ды ўсё па тым жа, да скрыгату зубоўнага знаёмым мне сцэнары. Самае дзіўнае, што гэтыя яе каханні-вяртанні-расстанні як бы начыста адмаўляюць папярэдні вопыт. Штораз яна пачынае ўсё з пачатку, ператвараецца ў старанную школьніцу і праходзіць з чарговым дублёрам той жа цыкл ператварэнняў: з Распусніцы ў Дзяўчынку-Дыванок-ля-Яго-Ног, потым – у Параненае Сэрца і, нарэшце, у Пакінутае Дзіцянё. Ма-тылёк – кукалка – вусень, не мінуючы ніводнай з зададзеных стадый. Кожны раз колішняя выдатніца верыць, што ўжо цяпер дык усё атрымаецца, і яна сустрэне таго, хто дазволіць ёй сціплае шчасце (якое яму зусім нічога не будзе каштаваць) абагаўляць Яго. Але чамусьці ў гэткай дробязі ёй зноў адмаўляюць. Разнастаіла б яна сваю гульню, ці што! На жаль, я, аўтар, бяссільная прымусіць яе зрабіць гэта. Яна даўно выйшла з-пад майго кантролю і кіруецца адно сваёй логікай трызнення, ператвараючы мой расповед у чаргаванне вельмі падобных фрагментаў, кшталту вязання ірландскім узорам. Нечаканае прасвятленне, як у дзэне, – вось чаго чакаем ад яе мы з чытачом. Але пакуль яна настолькі прадказальная, што мне не трэба нават заплюшчваць вочы, каб уявіць яе, скажам, на парозе майго кабінета ў рэдакцыі. На ёй даўгаполае зялёнае паліто маркі «Бергхауз» і добра знаёмыя мне зношаныя боты, якія яна выйграла калісьці ў латэрэю. Яна сядае насупраць, кідае няўважлівы позірк у мой ноўтбук, дзе я ствараю раман пра яе. На экране акурат адкрыта гэта самая старонка.
Примечания
1
Спецыяльная англійская школа (англ.).