…асколкі бутэлек, абломкі мэблі, унітазаў…
…косткі ды чэрапы жывёлін…
Яна ўздрыгвае, спатыкнуўшыся аб пластыкавы пакунак, у якім ляжыць штосьці мягкае ды пругкае, загорнутае ў набрынялую паперу. Юля ўзгадвае, што днямі калегі якраз абмяркоўвалі прачытанае ў мясцовай газеце: жанчына з гэтага мікрараёна нара-дзіла дома, а ўночы выкінула жывое дзіця ў смеццевы кантэйнер, загарнуўшы ў паперу. Калі знаходку выцягнулі, цельца немаўляці было аб’едзена пацукамі. Былая выдатніца ў жаху кідаеца прэч ад пакунка.
Каб забыцца на змрочныя ўражанні, яна вырашае наведаць парк свайго дзяцінства. Але і там яе чакае расчараванне: парку больш няма. Там, дзе раслі сосны з парыжэлымі кронамі, зеўрае катлаван, побач з якім старанна корпаецца бульдозер. Фантан і скульптурная група ператварыліся ў купу абломкаў. Галава менады валяецца сярод будаўнічага смецця. На твары ваблівая ўсмешка…
Пэўны час Юля стаіць ля драўлянага барака, міма якога дзяў-чынкай хадзіла ў школу. Ганак згніў, двор агароджаны замест плота іржавымі спінкамі ад дзіцячых ложкаў, што надае яму выгляд ваенна-палявой радзільні альбо могілак. Пад вокнамі растуць рэдкія дрэвы, Юля, здаецца, адчувае на шчацэ вільготнае дыханне яблыні. Падобная да хтанічнай маці жанчына паліць у двары мінулагодняе лісце. Дым, як сабака, лашчыцца да Юлі, ліжа ёй рукі, і плач падкатваецца да горла: дык няўжо ўсё скончылася – каханне, а з ім, адпаведна, і жыццё? Ці ёсць яно ўвогуле, жыццё пасля кахання? І якое яно? Пытанні ўзнікаюць міжволі. Юля баіцца адказваць на іх.
Азяблая, яна сядае ў аўтобус, які едзе да цэнтра. Тут яе хто-сьці рэзка хапае за плячо. Яна з цяжкасцю пазнае ў атлусцелай цётцы з пасмамі колеру морквы і сырым цестам падбароддзяў сваю аднакласніцу, адну з двайнят Рудаковых, здаецца, Кацю, а можа, Таню, яна заўжды іх блытала, хоць і вырасла з імі ў адным двары. Каця-Таня ахвотна ўладкоўваецца побач. Што ж, пазбегнуць размовы, пэўна, не атрымаецца.
«Да маці едзеш?»
«У той бок, – няпэўна адказвае Юля. – А ты… таксама да маці?»
Па застылым твары Каці-Тані яна разумее, што сказала глупства.
«Мама ўжо шэсць год як памерла», – строга адказвае неапаз-наная.
«Прабач… Дык ты, пэўна, да брата?»
Твар Каці-Тані выцягваецца.
«Лёша тры гады як памёр», – шыпіць яна.
«Прабач…»
Юля змаўкае. Яна так доўга глядзела выключна на неба, што развучылася хадзіць па зямлі: таго і глядзі, наступіць на чарговага нябожчыка. На шчасце, аднакласніца адыходлівая:
«Да Танькі еду… у яе таксама нічога добрага… мужык тры гады як кінуў, самотаю расціць дваіх, жылы з сябе цягне. Мой дык адразу спіўся, знік недзе… Вось ты скажы – чаго ім усім не хапае, га? – цётка, што аказалася Кацяй, зноў трасе Юлю за плячо, і былая выдатніца чуе выразны пах спіртнога. – Скажы, ты ж разум-ная, у школе на адны пяцёркі вучылася!»
Нарэшце Юля з палёгкаю пакідае аўтобус. У цэнтры больш чыста, чым на ўскраіне, тут прагульваюцца пары – ён і яна, яна і дзіцё, другіх нашмат болей, чым першых. Зрэдку трапляюцца цэлыя сямействы. Скончыўся вячэрні сеанс, і з чэрава кіна-тэатра выходзяць рэдкія наведвальнікі. Уперадзе Юлі павольна крочаць маці з дачкой; малая ў час паказу ласавалася марозі-вам – гэта бачна па вялікай шакаладнай пляме на яе паліцечку. Цяпер пляму заўважае і маладая маці. Яна пачынае трэсці дзіця з такой інфернальнай злосцю, што Юля, здаецца, чуе храбусценне пазванкоў. Юлі хочацца хутчэй збегчы адсюль, каб не чуць крыку дзяўчынкі, не бачыць ярка-чырвонага, падобнага на звівістага гада, рота маладзіцы, які вывяргае мацюканне. Гэтае дэжавю занадта моцна б’е па аголеных нервах. Ці даўно і яна была такою малечаю, якую дратавалі за найменшую правіннасць?
На гарадской плошчы п’е піва і забаўляецца моладзь. Дзяўча-ты ў спадніцах па самае няма куды прыціскаюцца да хлопцаў, п’яна і гучна рагочуць. Сярод іх яна заўважае некалькіх сваіх былых вучаніц. Юля робіць яшчэ некалькі кругоў па плошчы і не можа адагнаць думку, што гэтым юным раскаваным асобам яна ўяўляецца змардаванай цыркавой кабылай. Больш пайсці ёй няма куды. Што ж, дома, прынамсі, ёсць сцены, за якімі можна схавацца. У аўтобусе яна думае пра тое, што ўсе жанчыны горада, маладыя і не вельмі, чытаюць яны класіку ці не, хочуць, па сутнасці, аднаго і таго ж…
15
І ўсё ж вечнай шкалярцы, што дагэтуль плача над сенты-ментальнымі навеламі, невядома сябелюбівае шаленства юных жанчын з помслівымі тварамі эрыній ды гарызантальнымі памкненнямі. Крыніца злосці – вунь яна, корпаецца ў пясочніцы, лепіць там свае ідыёцкія піражкі, перашкаджаючы матулі рабіць тое, чым ёй карціць заняцца: прыкладам, адправіцца на дыскатэку ці прапусціць чарачку-другую ў кампаніі такіх жа маладых асоб. Канечне, яна выканае свой абавязак і ўсё такое, але, шчыра кажучы, хіба хто-небудзь хацеў з’яўлення гэтай істоты на свет? Не, хвіліначку, хацеў не проста дзіцянё, а менавіта – вось гэтае? Патрэбна было дзі-ця-нё, чуеце вы, колькасцю 1 шт., любога полу, росту і вагі, дзіцянё, адзінай мэтай якога было прывязаць мужчыну да жанчыны, прыкаваць яго ланцугом, схапіць за чубок жар-птушку, але мужчына аказаўся слізкім, як вуж, ён выкруціўся ды знік, прасыпаўся, як жвір паміж пальцамі, вось быў – і няма яго. А дзіцянё, наадварот, засталося. Не выканаўшы свайго функцыянальнага прызначэння, яно аказалася цяжарам, што нагадвае жанчыне пра яе няўдачу. Бязвінная істота, што самазабыўна гуляе з пясочкам, пакуль яшчэ не падазрае, якую ношу асуджана пажыццёва несці. Калі гэта – дзяўчынка, малечы не пашанцавала ўдвая: яна заплаціць за няўдалае «асабістае жыццё» матулечкі сваім уласным пакалечаным жыццём.
Не зведала Юля і сцярвознага свербу добрапрыстойных матрон, што ва ўзаконеным атупенні адзначылі энны шлюбны юбілей. Спахапіўшыся пра ўпушчаныя магчымасці, адданая жонка за грошы мужыка купляе таблеткі для спальвання тлушчу, выкарыстанне якіх тоіць небяспеку дадатковых клопатаў па чыстцы санітарна-тэхнічнага посуду. Рыхтуючыся да адпачынку, яна глытае ды глытае таблеткі, тлушч з шумам вывяргаецца з яе цялес, але яна ўсё роўна тлусцее ды тлусцее. Нарэшце жаданы момант на-стаў: шаноўная маці ды бабуля з мясам выдзірае ў сацстраху пуцёўку ў санаторый, дзе такія, як яна, захавальніцы «хатняга ачага» з кацячым шыпеннем выгінаюць адна на адну спіны за права легчы пад кожнага, каго прырода надзяліла другаснымі прыкметамі сам-ца. Гэта ў іх называецца: узяць ад жыцця ўсё.
…Што тут паробіш: у сатыраў і менад гарадка пад рукамі толькі ўласныя геніталіі, гуляць іншымі цацкамі яны не навучаны. А чымсьці ж трэба сябе заняць, калі вы міжволі аказаліся круг-ласутачнымі выхаванцамі гэтага камунальнага дзіцячага садка-вар’ятні. Мужчыны ды жанчыны ліпнуць адно да аднаго, убіраюць у свае поры пот адно аднаго, разыходзяцца ў розныя бакі, каб зноў сысціся, з усяе моцы стукаюцца адно аб аднаго сваімі скрыўленнямі ды вострымі вугламі. Сцякаючы крывёю, упаўшы ў болевы шок, разыходзяцца па розных вуглах рынга, каб залізаць раны ды паспрабаваць зноў. І пакуль яны не стамляюцца спрабаваць, дзеці, выпадковы вынік гэтых вечных рысталішчаў, працягваюць нараджацца, і, як іх бацькі, пражываюць свой тэрмін на зямлі без кахання. Ім ніколі не знайсці, не схапіць за чубок тую жар-птушку, бо ў дзяцінстве яны не зведалі любові сваіх маці. Усім тым, хто атрымаў у радавую (кроўную!) спадчыну адно звычку катаваць сваіх нашчадкаў безліччу спосабаў, – ім бы жахнуцца самім сабе, перастаць нараджаць, каб жыццё на гэтым кавалку зямлі ўвогуле спынілася: сталі заводы, што згвалтавалі неба ўздыбленымі жэз-ламі труб, грузавікі скончылі гразнуць у непрасыхаючым глеі, лодкі пайшлі на дно пад мацюканне неапахмеленых харонаў. Няхай бы ўсё навокал ператварылася ў чыстую, сумленную пустэльню або зарасло горкім палыном. Але людзі працягваюць караць нежаданых нашчадкаў жыццём, і тыя, звязаныя з дзя-цінствам непарыўнай пупавінай, будуць марнець тут, пакуль не сканаюць.