Браво Алена - Рай даўно перанаселены (зборнік) стр 16.

Шрифт
Фон

«Як сабе хочаш, дарагуша. І не тушы святло».

«Ты сыходзіш?!»

«Я не магу зараз застацца…»

Больш ён не аб’яўляецца, а праз месяц прыходзіць да яе па свой альбом эратычнага масажу (а яна амаль што паспела засвоіць і гэты від баявога [у сэнсе барацьбы за Яго] мастацтва!), нерашуча топчацца ў дзвярах. Вядома, яна ўжо чула, што ў яго з’явілася маладзенькая палюбоўніца, якую ён падабраў, як бяздомнае і зусім не пародзістае шчаня, на гарадскім рынку. «Грамадскае-пераходзячае» за добра зашмальцаваныя махры ўчэпіста схапілі ручкі з ярка наманікюранымі пазногцямі, што прызвычаіліся расцягваць перад пакупніцамі калготкі. Касірка цэнтра, з чыіх саслабелых рук гандлярка выхапіла «дрэўка», ахвотна распавяда-ла ўсім жадаючым слухаць, як, скрипя сердцем (менавіта такі выраз ужывала пані), яна выдае мярзотніцы даплаты «за пашырэнне зоны абслугоўвання» (многія са слухачак добра ведаюць, што гэта за «зона») і – падумаць толькі, якое нахабства! – «за інтэнсіўнасць працы»! Сквапны Дарагуша за кошт фірмы быў шчодры, што той Крэз, але такой колькасці бонусаў ніводная з яго фаварытак не ўдастойвалася.

Менавіта славутую «інтэнсіўнасць» абмяркоўваюць цяпер інтэлігентныя менеджэршы, цырымонна трымаючы цыгаркі ва ўніза-ных пярсцёнкамі пальцах.

«Яна называе яго татачкам. Яму, дурню, падабаецца. А пасля ўсяго кажа: «Сёння я выдатніца, вось мой дзённік, татачка, зірні, у ім адны пяцёркі!» Дзённік – гэта яе торба, яна яе адчыненай падае. І ён туды грошы кладзе, няшмат», – распавядае адна.

«Тыя ж яйкі, толькі ў профіль», – адгукаецца другая.

Юля моўчкі слухае. Былая выдатніца ўпершыню шкадуе аб тым, што ніколі раней не ўнікала ў складаны ўзор інтрыг і крыўд, па канве якога вышывалі свой службовы час яе калегі. Ах, калі б яна паклапацілася пра тое раней, дык у момант выканання адказнай місіі «сцяганосьбіткі» напэўна ведала б, што адзіная ва ўстанове кахала Дарагушу бясплатна, вярней, гатова была яшчэ і прыплаціць, каб ён дазволіў ёй сябе кахаць.

«Ды няўжо ж? Няўжо?» – перапытвае яна разгублена.

«Ээх, неадэкватная вы наша…» – з разуменнем пасміхаюцца калегі.

12

Сон гераіні

Яна дрэнна спіць на сваёй рыпучай канапе, прачынаецца, успамінае пра яго, сэрца сціскаецца ад жалю («Бедны, бедны… Якія хцівыя жанчыны былі з ім побач…»), і зноў накатвае шэрая каламуць сну. Вось яна сядзіць ля магілкі, грудок зусім замёрз, бо на вуліцы зіма… З-пад дзвярэй балкона, ля якіх на падлозе скур-чылася дзяўчынка, цягне холадам… Дык хто ж яна: дзяўчынка? Жанчына? І хто тады ляжыць у магіле? Снег усё падае ды падае, вось ужо на грудзе выраслі бялявыя кветкі, і яна не можа не любавацца іх вытанчанай празрыстасцю. На ёй школьная сукенка з латкамі, якіх яна саромеецца нават у сне, побач – пухлы партфель выдатніцы. Раптам з’яўляецца Матэматык, ён спрабуе схіліць яе пакінуць гэтае месца і пайсці разам з ім. Куды? Яе гэта не цікавіць. Яна адмаўляецца. Пераскокваючы на бягу праз скакалку, набліжаецца дзяўчынка ў летняе сукенцы, сандалях на босую нагу і з блакітным бантам. Гэта яе дачка, двойчы выскрабеная ў абартарыі трактарнага завода. Малеча штосьці шукае ў снезе, парушаючы дасканалы парадак вытанчаных кветак, нарэшце, выцягвае з груда голую ляльку з выкалатымі вачыма ды выкручанымі рукамі і збягае са сваёй знаходкай. На грудзе паспяваюць вырасці новыя снежныя зараснікі, калі з’яўляецца Ён. Хто менавіта? Твару не бачна, замест яго – снежная маска. Не, Ён ідзе не да яе і нават не ў яе бок, але Юля ўсё роўна кідаецца следам за Ім – да іржавага касцяка аўтобуса без колаў і з выбітым шклом, які чарнее пасярод снежнае пустэчы. У салоне багата людзей, яны жартуюць і смяюцца, сярод іх – прыгожая жанчына з каляскай, у якой спіць дзіцянё. Юля з болем назірае, як Ён бярэ немаўля на рукі: яе зноў апярэдзілі! Раптам з’яўляецца чалавек у форме кантралёра і патрабуе прад’явіць білеты: самалёт адпраўляецца… Самалёт!? З іржавых бакавін аўтобуса сапраўды вырастае штосьці накшталт срэбнаватых крылаў. Чалавек у форме між тым падыходзіць да Юлі. Яна пачынае ліхаманкава шукаць ў кішэнях, але выцягвае адно жменю пакамечаных аўтобусных талонаў. Пад дакорлівым позіркам кантралёра яна, згараючы ад сораму, саслізгвае на абледзянелыя прыступкі трапа, не можа ўтрымаць раўнавагу, падае, стукаецца аб штосьці цвёрдае… Твар у яе цяпер акрываўлены. А снег ідзе ды ідзе, нічога не бачна навокал, акрамя суцэльнай яго масы. Куды ісці? Цяпер яна нават не знойдзе сваёй магілкі…

13

Бог, адбіраючы жыццё, пасылае смерць. Мужчына не такі міласэрны. Твае маленькія жыцці, узятыя Імі, пахаваны ў тым заснежаным грудзе, кажа яна сабе. Шэрая і паніклая, яна сядзіць у халоднай халупе (дровы скончыліся яшчэ ў лютым, а цяпер красавік), машынальна стрэсваючы попел у кубак з кавай. Ён больш не кахае яе, і ў яе цяпер няма ні цела, ні душы, яна – бясплотны прывід, не больш рэальны, чым гераіні яе ўлюбёных літаратурных твораў, – не, куды ёй да іх! Здаецца, скрозь яе, як скрозь цыгарэтны дым, можна ўбачыць брудны посуд ды плямы на шпалерах. Пакінутае Дзіцянё маўчыць, схаваўшыся ў кокан сваёй безабароннасці. Затое не маўчыць іншы, здрадніцкі голас унутры яе. Ты, дамарослы псіхааналітык, наіўна спрабуеш разгадаць уласныя сны і замахваешся на боскае наканаванне. Ты намагаешся перайначыць свой жыццёвы сцэнар – а навошта? Ты ж не хочаш пражыць сваё жыццё без кахання? Бо чаго яно вартае, жыццё без кахання? Без кахання ты падобная да высахлага рэчышча, па якім ужо не пройдзе ніводны карабель. А калі так, дык будзь паслухмянай дзяўчынкай і не драпайся, чуеш? Ніхто не можа выратаваць кагосьці (няхай нават і самога сябе) насуперак яго жаданню, інакш самі нашыя паратункі былі б падобнымі да згвалтавання. Пазбаўляць сябе ілюзій, адкрываць сабе вочы на манер містыкаў-вар’ятаў, што адразалі павекі, каб сон не перашкаджаў ім аддавацца пошуку Абсалюту, – танная паказуха. Ты ж сама напісала для сябе гэты сюжэт, прыдумала яшчэ ў школе, ці не так? І ты ў ім шчаслівая, шчаслівая!

Так, але… як жа можна быць шчаслівай, штораз скіроўваючыся па пратаптанай сцежцы прадказальных рэакцый, не згаджаецца другі голас. Зрэшты, ён зусім ціхі, яго не пачуюць. Першы голас, між тым, даводзіць сваё: можна і далей ап’яняцца пачуццямі, як віном, трэба ўсяго толькі не заўважаць, што з-пад стракатага рыззя тырчыць палка ад швабры з напнутым на яе парыком, ды лялька з анучак цягне да пачварнага ідала рукі ў ненатуральным жэсце, трэба верыць, што ўвесь гэты пыльны рамантычны рэквізіт і ёсць Каханнем…

І старанна рабіць выгляд, што ты не ведаеш пра заўтрашняе непазбежнае абуджэнне.

14

Ёй усё яшчэ мрояцца паўліны на арэлях Крышны ды Радхі. Але надыходзіць момант, калі дарослая дзяўчынка, патушыўшы цыгарэту ў кубку з кавай, не ведае, куды бегчы ад самой сябе.

Што ж, яна вырашае «прайсціся». Ускраіна горада, дзе яна цяпер жыве, дае шырокія магчымасці для шпацыраў. У пачатку кахання Юля звычайна ляціць над зямлёю, нібы птушка, не гледзячы пад ногі; калі ж набліжаецца «канец Цудоўнай Эпохі» (зрэшты, Юля не чытае Бродскага – толькі Цвятаеву), яна, цвярозая ды згорбленая, валачэцца, не маючы моцы падняць пацяжэлую галаву. Сёння якраз такі дзень. Юля балесна спатыкаецца позіркам аб усё, што яшчэ нядаўна было схавана пад снегам, а цяпер бессаромна раскінулася навокал: паперкі ад цукерак ды жуек, затычкі ад пластыкавых бутэлек, пакункі ад чыпсаў, пачакі ад цыгарак…

Юля спрабуе перавесці вочы на штосьці іншае, але ўражанне не нашмат лепшае: бомж корпаецца ў кантэйнеры са смеццем, ля кругласутачнага магазіна «дзяжураць» субтыльныя суб’екты, апранутыя, нібыта акцёры ў авангардным спектаклі, у стракатыя плямы татуіровак-кровападцёкаў ды пінжакі на голае цела. Яна зноў апускае вочы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора