Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 17.

Шрифт
Фон

– Што ты за глупства гародзіш, – супакоіла яе Наташка. – Ну і хай ведаюць. Няхай зайздросцяць, што ў тваім узросце яшчэ можна ох як падабацца! Прабач, канешне.

– Ты думаеш, ён яшчэ падыдзе да мяне? – спыталася Святлана.

– Што я чую?! – шчыра здзівілася Наташка. – Ты ж ісці не хацела! – нагадала, але, убачыўшы, як нахмурылася сяброўка, паспяшалася падсаладзіць пілюлю. – Зразумела, падыдзе. Нездарма ж з усіх абраў цябе!

– Вось гэта і дзіўна, – задумалася Святлана. – Гэтулькі маладзенькіх вакол, а ён мяне запрасіў…

– Нічога дзіўнага, – паціснула плячыма Наташка. – Вытанчаная натура мастака беспамылкова разгледзела сапраўднае сярод падробак.

– Што ты такое кажаш?! Якіх падробак? – не зразумела Святлана, а потым, нібы апамятаўшыся, прамовіла: – Пачакай, пачакай, ты што, хіба ведаеш яго?..

– Ну, так, ведаю, – неахвотна адказала Наташка. – Ён у Доме культуры працуе рэжысёрам. Прыслалі па размеркаванні пасля ўнівера. Творчы чалавек, між іншым. Так што невыпадкова ён да цябе падышоў. Ты ж прыгажуня. Да мяне вось ніхто не падыходзіць.

– Наташа… – пагладзіла сяброўку па галоўцы, як маленькую, Святлана.

– Ды жартую я, – усміхнулася Наташка, – хутка ад ахвотнікаў адбою не будзе.

Нібы ў пацверджанне яе слоў, да століка падышоў нейкі мужчына і выцягнуў Наташку, як рыбку з сажалкі, са свістам, на сярэдзіну залы. Святлана танчыць не пайшла, не любіла дрыгацца пад незразумелыя «тыц-тыц-тыц». Яна зняла пінжак, бо зрабілася горача, і павесіла яго на спінку крэсла, запраўленую ў штаны блузку адпусціла навыпуск, гальштук сарвала і засунула ва ўнутраную кішэню пінжака, некалькі верхніх гузікаў на блузцы расшпіліла: стала лягчэй.

Святлана сядзела за столікам адна. Яе спадарожніцы танчылі ў паўколе, «трудавік» сышоў курыць на паветра. Вачамі яна шукала маладога чалавека, з якім танчыла, але знайсці не змагла. Дзіўнае пачуццё закралася ў душу жанчыне. Ёй было крыўдна за сябе. За тое, што засталася адна, калі іншыя весяліліся. Так, яна не любіла хуткія рытмы і эпілептычнае торганне пад іх, але ён мог хаця б для выгляду запрасіць… Якая лухта… Пра што яна думае? Ды ён падышоў да яе, хутчэй за ўсё, з ветлівасці ці паспрачаўшыся з кімсьці на яе, або Наташка загадзя папрасіла, бо знаёмая з ім ужо… Так, безумоўна, гэта Наташчыных рук справа.

– Не перашкоджу? – раптам пачула над самым вухам аксамітавы барытон Святлана.

– Што? – быццам спалохалася чагосьці, знізу ўгару (малады чалавек схіліўся над ёй, абапіраючыся адной рукой аб стол, іншай трымаўся за спінку яе крэсла) паглядзела яна, але імгненна заўважыла позірк суразмоўцы, накіраваны ў выраз яе блузкі. Грудзі ўсё-ткі выглядалі «апетытна» і яшчэ маглі зводзіць з розуму нават такіх юных прадстаўнікоў мужчынскай паловы чалавецтва. – Прабачце, – усміхнулася Святлана і рукой паказала, што той можа сесці насупраць, усё адно пакуль нікога няма.

– Міхал маё імя, – сказаў малады чалавек, як толькі зручна размясціўся на крэсле. – А вы?

– Святлана, – адказала жанчына.

– Можа быць, вып’ем на брудэршафт, – прапанаваў Міхал, – і пяройдзем на «ты»?

– Навошта? – неахвотна супраціўлялася Святлана, дакараючы сябе ў душы за гэта. Ёй так не хапала ўвагі, падтрымкі, кахання, нарэшце. Міхал на яе глядзеў з такім замілаваннем і такім кранаючым поглядам, так гарнуў да сябе, але ён быў такі малады!..

– Затым, што вы вельмі прыгожая, – прамовіў Міхал. – Гэтым вы мяне і бянтэжыце. Мне ніколі не падняцца да вас, якіх бы высілкаў я не выкарыстоўваў. Толькі вы можаце падняць мяне да свайго ўзроўню. Памятаеце, што «толькі прыгажосць выратуе свет?»

– А мой узрост не бянтэжыць ніяк? – вырвалася з грудзей Святланы. Яна ведала наперад, што ён адкажа, бо мужчына ж не зняважыць жанчыну, але жадала пачуць добрыя словы ў свой адрас. Вельмі даўно ёй ніхто не казаў, як яна добра выглядае.

– Пры чым тут ваш узрост? – усміхнуўся Міхал. – У прыгажосці ўзросту няма. Яна вечная. А ведаеце, як парой хочацца далучыцца да вечнасці?..

Ён узяў дзве чаркі і паставіў іх побач, напоўніў гарэлкай да паловы, адну чарку працягнуў Святлане, з другой у руцэ перасеў да жанчыны бліжэй.

Яны выпілі. На брудэршафт. Сваю і яе чаркі ён паставіў на стол, падсунуўся яшчэ бліжэй, адной рукой абняў Святлану за плечы, другой – узяў яе твар і ўтрымліваў, пакуль працягваўся пацалунак, на здзіўленне салодкі і сакавіты. Магчыма, Святлане пацалунак здаўся такім таму, што даўно ні з кім не цалавалася. Яна нават заплюшчыла вочы ад задавальнення, але адхілілася першая.

– Ну, вось, – сказала затым, – вы… ты… і далучыўся да вечнасці.

Міхал усміхнуўся, але так, нібы баяўся расціснуць рот, штосьці ўтойваючы.

Загучала павольная мелодыя.

Міхал працягнуў Святлане руку, запрашаючы паўтарыць танец.

Яны зноў выйшлі на сярэдзіну залы, але ўжо не адны. Наведвальнікі рэстарана разбіваліся па парах і таксама выходзілі, каб топчучыся на месцы, робячы выгляд, што танчаць, паспець за некалькі хвілін нацешыцца бачнасцю інтыму, які, магчыма, больш ніколі не паўторыцца.

Міхал паклаў абедзве рукі Святланы сабе на плечы, свае ж рукі скрыжаваў на яе стане, але ненадоўга: хутка яны асцярожна, але ўпэўнена паплылі па яе спіне, паслабляючы цела, што даверліва тулілася да цела процілеглай асобы. Вусны Святланы самі па сабе выбухнулі пацалункамі. Вар’яцтва доўжылася роўна гэтулькі, колькі гучала кампазіцыя. Як толькі яна скончылася, Святлана паспешна адвярнулася, адпіхнуўшы Міхала, і села за столік. Сядзела нядоўга, раптам пачала збірацца дадому. Наташка адгаворвала, але Святлана не паддалася. Яна баялася саму сябе. Спалохалася, як дзіця. Страх павінен прайсці, калі яна апынецца ў бяспецы, а менавіта дома. Там Святлана супакоіцца і прагоніць страх. Імклівай хадой яна вырвалася, як з пекла, ад сцен рэстарана на вуліцу, нібы ў рай, і захлынулася яго паветрам.

Міхал дагнаў яе на паўдарозе да ейнага дому. Схапіў за руку, павярнуў да сябе тварам. Яна вырвалася, кінулася бегма падалей ад яго, як ад д’ябла, каб хутчэй схавацца за выратавальнымі дзвярыма пад’езда. На дзвярах код, ён не зможа да яе дабрацца.

Цёмна-сінюю прастору ночы асвятлялі зоркі і вулічныя ліхтары. Цені Святланы і Міхала велізарнымі сілуэтамі расплываліся па сценах дамоў.

На высокіх абцасах было цяжка бегчы, таму Міхал не адставаў ні на крок. Ён даўно ўжо мог дагнаць Святлану і расправіцца з ёй, але яму прыносіла задавальненне гульня з ёю, ён жа яшчэ хлопчык зусім.

Шоўк (зборнік)

55 минут
читать Шоўк (зборнік)
Адам Мікола М.
Можно купить 91Р
Купить полную версию

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора