Раніцай Сафія патэлефанавала сьвякрусе і, палохаючыся свайго голасу, распавяла ўсё як ёсьць. Яна яшчэ ніколі ў жыцьці не прамаўляла такія рэчы і таму адчувала сябе так, нібы вымушаная хлусіць. Як яна і чакала, на супакаеньне не было чаго разьлічваць – ёй самой давялося супакойваць сьвякруху, чаго Сафія дужа не любіла. Сьвякруха, аднак, з удзячнасьцю прымала суцяшэньні і патрабавала новых. Сафія наогул не выносіла патасу, ні ў якім выглядзе, і лічыла, што ўсе гэтыя словы, якія гаворацца выключна з мэтай іх сказаць, без увагі на канкрэтнае значэньне, словы абстрактныя і туманныя, словы, якія паразытуюць на традыцыі, словы, якія камусьці важна пачуць, што б яны ні значылі – гэта словы лішнія, нявартыя таго, каб быць у лексыконе прыстойнага чалавека. Кожны раз, калі яна была вымушаная іх вымаўляць, ёй здавалася, што ёй зараз зарагочуць у твар, а то і поўху ўлепяць, крыкнуць: «Што за лухту ты вярзеш!» – але ніхто так чамусьці не рабіў і з удзячнасьцю прымаў вымучаныя, бляклыя, мёртванароджаныя словы Сафіі. Больш за ўсё, здаецца, Марыю Генадзеўну ўразіла тое, што сын зьнік у адных тапках. Нібыта калі б ён зьнік у туфлях або красоўках, усё было б ня так драматычна. Сьвякруха наплакалася і пайшла піць лекі, а насамрэч званіць мужу. І тут ужо амаль адразу патэлефанаваў і сьвёкар, Лявон Уладзіміравіч. Той ужо стаў суцяшаць Сафію. І зноў – словы, словы, словы, словы, якія Сафія магла прадугадаць да лягічнага націску, да парадкавага нумару ў фразе, словы, якія самі па сабе ня значылі анічога – але трэба было цярпець, казаць дзякуй і нават трошкі паплакаць. Лявон Уладзіміравіч узяў з Сафіі абяцаньне сёньня ж аднесьці заяву ў паліцыю, і яна паабяцала, намагаючыся як найхутчэй скончыць размову. Сьвёкар палез адбымацца – па тэлефоне гэта было нялёгка, але затое і ня так гідка. Не пасьпелі яны разьвітацца, як ператэлефанавала Марыя Генадзеўна, ужо пасьля лекаў – гэтай Марыі Генадзеўне трэба было пачуць, як Сафія плача. Закочваючы вочы, Сафія сымітавала кароткі аргазм, і гэта прайшло. Дзейнічаць трэба, а не раўці – хацелася крыкнуць ёй у слухаўку. І гэта ж быў толькі пачатак – пакуль Сафія размаўляла з Марыяй Генадзеўнай, на лінію марна прарывалася маці Сафіі, зь якой ужо пасьпеў зьвязацца Лявон Уладзіміравіч, так што давялося яшчэ гаварыць і з маці, вечна падазроны голас якой гэтым разам быў афарбаваны ў колеры трыюмфу: маўляў, я ж казала, я ж цябе папярэджвала!.. Потым Сафія ўрэшце вылезла з ванны і паехала ў паліцыю, напісала заяву, пераконваючы сябе, што ніхто ў райаддзеле зь яе не сьмяецца.
Цяжкі выдаўся дзень, што й казаць – а ўвечары трэба было прыгатаваць нешта для сьвёкра, сьвякрухі і маці, якія зьбіраліся да яе, едучы з розных канцоў гораду, нібыта на сьвята, нібыта 24 жніўня даўно прайшло і Сіманенка… Не, хопіць на сёньня Сіманенак, сказала сама сабе Сафія, зачыняючы за сватамі і маці дзьверы. «Можа, нам застацца?» – пяты раз спытала Марыя Генадзеўна, пакуль маці гладзіла Сафію па галаве, але Сафія красамоўна зыркнула вачыма ўніз: таксі чакае! Вярнулася да сьціплага стала, выпіла гарэлкі і, нічога не прыбіраючы, пайшла спаць.
5
Ідзі, ідзі, калі б ты жыў на Якуба Коласа, ты б ужо быў дома. Вядома, што назвы вуліц маюць на людзей, якія жывуць на іх, дзіўны, містычны ўплыў. Назву сваёй вуліцы не выбіраеш – зь ёй нараджаешся і паміраеш. Яе можна ненавідзець, можна абурацца, пратэставаць, зьбіраць подпісы за перайменаваньне – але калі ты жывеш на Леніна, то Ленін жыве ў табе. Часам мы цешым сябе думкай, што здольныя паўплываць на тапаніміку. Слабыя, убогія духам, сьмешныя, мы лічым, што калі назавем свае вуліцы імёнамі сапраўдных герояў ці вернем ім старадаўнія назвы, то зьменіцца навакольле і зьменімся мы самі. Час зразумець, што ні гераічнае мінулае, ні проста нейкае мінулае нам не пасуе, мы яго не заслугоўваем. Навесіць паўсюль новых шыльдаў – яшчэ ня значыць стаць вартым імёнаў, якія на іх напісаныя. Таму лепш прызвычаіцца да таго, што нам далі, ня рыпацца і прыгледзецца да аб’едкаў, якія кінула нам улада. Гэтыя назвы даўно ўжо ня маюць сэнсу, ніхто ня памятае, чаму вуліцы называюцца так, а не інакш, засталіся толькі гукі, дыфузныя працоўныя выкрыкі, зь якіх можа атрымацца ўсё што заўгодна.
Гэтаксама як мову, паводле акадэміка Мара, можна зьвесьці да чатырох першасных элемэнтаў – так і Шабаны складаліся з чатырох галоўных вуліц: Ротмістрава (Рош), Сяліцкага (Сал), Бачылы (Бэн) і вуліцы, якая так і называлася: Шабаны. Ротмістрава і Сяліцкага, пачынаючыся ад Партызанскага праспэкту, агіналі раён з захаду і ўсходу, на поўдні іх злучала паміж сабой вуліца Шабаны. Вуліца Бачылы дзяліла ўсё гэтае ўтварэньне на дзьве часткі і была своеасаблівай мяжой паміж старымі і новымі Шабанамі.
Вуліца Ротмістрава – назва даволі мілагучная і не стварае праблем пры ўспрыманьні яе замежнікамі. Rotmistrowstraße або Rote-Мistrow-street магла б існаваць ня толькі ў Шабанах. Самое слова «Ротмістрава», здаецца, мусіла б настройваць на вайсковы лад, бо «ротмістар» – гэта нешта трошкі польскае, але перадусім белагвардзейскае, з раньняга, кранальнага дзяцінства зь яго героямі грамадзянскай вайны і суворай каляровай герархіяй. У тых каляровых баталіях я заўжды быў на баку белых, а пазьней – фрыцаў. Можа, таму, што тагачасная прапаганда, сама таго не ўсьведамляючы, рабіла сваіх анёламі, супэрмэнамі, паўбагамі, а ўсё чалавечае заставалася на долю ворагаў? Супэрмэны хутка надакучваюць, пагуляў і выкінуў, а чалавечае, злое ляжыць у табе тонамі, ты – бяздонная бочка чалавечасьці, і цябе да яе цягне інстынктыўна.
Ротмістар стаіць прыкладна тамсама, дзе і паручнік, на пару з тым легендарным есавулам, які кінуў каня, бо прыстрэліць не паднялась рука. Такім чынам, вуліца Ротмістрава мелася стаць наглядным дапаможнікам да ўрокаў ПВП у старэйшай школе. Глядзі ў акно, натхняйся, зараджай, страляй. Ябош, як казалі ў Шабанах. Ці – эстэцкі варыянт: ейбож (ад ей-боже). Мелася, але ня стала. Чамусьці чуецца ў ёй нешта гастранамічнае, але не рэстараннае, а хутчэй сталоўскае: бо тут ёсьць рот і міса, а што яшчэ трэба – калі галодны, можна браць зь місы нават рукамі, так нават смачней. Магчыма, гэта салдацкая сталоўка. Ці турэмная. Рот. Міса. Страва? Трава. Мясам у такіх сталовых ня кормяць.
Як і належыць есавулу, паручніку, фэльдфэбэлю ці дзеншчыку, господін Ротмістровъ меў густыя вусы: сьціплая даніна адначасова Будзённаму і мужчынскай будзённасьці. Потым да вусоў дадаліся акуляры, у выглядзе зьявілася нешта адміральскае, Ротмістраў на сваіх позьніх фота глядзіць у іх, нібы ў пэрыскоп субмарыны ў пошуках чарговага «Вільгельма Густлафа». Хаця сам ён быў танкіст – але якая розьніца, у чым плаваць. Былы волскі плытнік Ротмістраў паўсюль пачуваўся, як рыба ў вадзе.
Невядома, што было водападзелам у жыцьці Ротмістрава для яго самога. Магчыма, той момант, калі ён быў у канцы трыццатых выключаны з партыі і над ім навісла пагроза арышту – ды ўсё абышлося. Але для нас самая важная дата ў ягоным жыцьці – 3 ліпеня 1944 году. Менавіта з гэтага дня пачынаецца шабаноўскі пэрыяд яго жыцьця. Пятая гвардзейская танкавая армія пад кіраўніцтвам атамана Ротмістрава бярэ Менск. Напярэдадні генэрал атрымаў прачуханца ад Стаўкі: «Стаўка незадаволеная маруднымі і нерашучымі дзеяньнямі 5-й танкавай арміі і зьвязвае гэта з дрэнным кіраўніцтвам з боку тав. Ротмістрава… патрабуе імклівых і рашучых дзеяньняў…» І Ротмістраў, які цудоўна ведаў, чым пагражае такая незадаволенасьць, вырашыў кінуць да ног Стаўкі сталіцу советской Белоруссіі. Хутчэй за ўсё ні сам Ротмістраў, ні ягоныя танкісты вёску Шабаны так і не наведалі, Менск яны бралі з поўначы і паўночнага ўсходу. Узялі і пакацілі далей, на Вільню. Там у Ротмістрава не атрымалася рашучых дзеяньняў, і камандуючы фронтам Чарняхоўскі зьняў яго з пасады. Але было ўжо позна… Менск быў асуджаны, хай сабе і праз сорак гадоў, прыняць дзіўнае мяно на свае абноўленыя мапы.