Новыя Шабаны былі ўзьведзеныя паміж Малым і Вялікім Трасьцянцамі, на правым баку Магілёўскай шашы. Да вайны прыкладна ў гэтым месцы знаходзіліся вёска Галінава, хутар Анелева і тарфянікі. За тарфянікамі, на другім баку ракі, месьціліся зусім маленькае Зарэчча і пасёлак Сьвіслач. Правым бокам Шабаны ўпёрліся ў трасьцянецкія могілкі, што захаваліся да нашых дзён, хаця там ужо даўно нікога не хаваюць – могілкі добра відаць з вокнаў тых шабаноўскіх дамоў, якія ўтвараюць доўгі мур на паўночным усходзе раёну. За могілкамі кульгае паўмёртвая рэчка Трасьцянка, якая, прамінуўшы лес і заводы, з палёгкай упадае ў возера Стайкі – зацьвілы, бутэлечна-зялёнага колеру вадаём, у якім вучылася плаваць і ў які спраўляла малую патрэбу не адно пакаленьне шабаноўскіх дзяцей.
Ёсьць тры кароткія таямнічыя словы, па якіх шабанолягі ўсяго сьвету, дзе б яны ні былі, беспамылкова пазнаюць роднасную душу. Гэта па іхным падручніку мы адольвалі нашую нікому не патрэбную навуку.
Душка. Самацей. Крукаў.
Шабаноўскі санктуарый. Іменьнік. Каляндар. Сонмік. Гэта вывучаюць на першым курсе, каб не забыць ужо ніколі. Гэта адскоквае ад зубоў нават у тым узросьце, калі саміх зубоў ужо даўно няма ў наяўнасьці. Гэта чытаецца з прыдыханьнем, як верш:
Составіл: Душка
Редактіровал: Самотей
Проверіл: нач. отд. военінж. 3-го ранга Крюков
Менавіта іхныя імёны стаяць на той мапе, якую я атрымаў з Прагі восеньскім днём … году. Гэта яны завізіравалі канчатковы варыянт Шабаноў перад тым, як прыйшоў майстар Сьмерць і пусьціў кісларод. Плён іхнай працы бясцэнны. Вось у гонар каго трэба было назваць тут вуліцы. Па вялікім, шабаноўскім рахунку. Kto ty jesteś? Я з Шабаноў. Мяне складаў Душка, рэдагаваў Самацей, правяраў Крукаў. Я ня зь вёскі і ня з гораду, я ня неба і не зямля, я не беларус і не расеец, ня рыба і ня мяса, я ад бабушкі ўцёк, ад дзедушкі ўцёк – і ад самога сябе неяк ужо ўцяку.
4
На другі дзень Сафія стаяла, апранутая ва ўсё чорнае, перад дзьвярыма суседкі зьнізу. Тое, што яна выбрала менавіта гэтыя дзьверы, было невыпадкова – учэпістая памяць Сафіі даўно зафіксавала, што суседка зьнізу большую частку дня бавіць ля акна, уважліва сочачы за тым, што адбываецца ў двары. Да такіх людзей Сафія ставілася бяз злосьці, як да стыхійнага бедзтва, як да вар’ятаў, якіх колькі ні лячы, яны ўсё адно возьмуцца за сваё. За іх трэба быць вышэйшымі, ва ўсіх сэнсах, ім трэба помсьціць начамі, імітуючы бурлівыя оргіі, і па выходных, абстрэльваючы іх цяжкай артылерыяй нізкіх частотаў і выключаючы музыку роўна а палове на адзінаццатую, бо такія суседзі сьвята вераць, што «па законе шумець можна да дзесяці» і а палове на адзінаццатую выходзяць на пляцоўку, падымаюцца, задыхаючыся, цягнуць руку да званка – і тут бэн! – і музыка сьціхае, нібы й не было. Хто пасьля гэтага будзе скардзіцца. Пабурчаць – і ўніз. Яшчэ трошкі артабстрэлу, і зноў – бэн! А тады ўжо ўсё, цішыня, бо старых трэба шанаваць. Бэн. Чаму бэн? Можа, бэнц? Бамс? Сафія сама ня ведала, чаму ёй падумалася менавіта гэта: «бэн». Бэнам, калі яна вучылася ў школе, яе аднаклясьнікі чамусьці называлі чэлес. Пра што ўжо пра што, а пра Сіманенкаў чэлес Сафія зусім у гэты час ня думала. Не да таго. Можа, Вера і ўспамінае сваіх мужчын па іхных «бэнах», але ў Сафіі іншая праца. На дадзены момант – вынюхваць і аналізаваць. Сал! Які яшчэ сал? Нейкая ўнутраная дысьлексія ў яе ад усіх гэтых перажываньняў, вырашыла Сафія і націснула на званок.
«Ты ж Сафія, праўда? – спытала суседка, блізарука разглядваючы яе ў сутоньні пляцоўкі і тузаючы халат. – Я цябе й не пазнала, у чорным уся. Здарылася што?»
«У мяне муж прапаў», – сказала Сафія і зірнула суседцы проста ў вочы.
Зараз яна скажа: як прапаў? І рукамі плясьне.
«Як прапаў? – сказала суседка і пляснула рукамі. – Ты заходзь, праходзь на кухню, мы ж суседкі, вось і пасядзім па-суседзку… Даўно ўжо трэба было завітаць, пазнаёміцца… Зараз каньячку кульнём… Ты ідзі, ідзі, рыхтуйся», – яна падштурхнула падлетка ў майтках, які, ухмыляючыся, акурат выйшаў з прыбіральні, і выгнала яго зь цёмнага перадпакою. Сафія прайшла ў кухню, села.
Суседка адвярнулася да пліты, над якой навісала рудая кухонная шафа. – «Дык як прапаў? Расказвай, Зося».
«Пайшоў у нядзелю ў двор сьмецьце выкідваць і не вярнуўся, – сказала Сафія, кусаючы вусны. – Мо вы яго бачылі?»
«Ды што ж я, цэлымі днямі толькі і сяджу ды мужыкоў пільную? – сказала сьпіна, нэрвова засьмяяўшыся. – Што мне, Зосенька, заняцца няма чым?»
Сафія ласкава ўсьміхнулася сьпіне і закінула нагу на нагу. Падлетак, усё яшчэ ў майтках, прасьлізнуў у кухню, наліў сабе вады і стаў не сьпяшаючыся піць, зь цікавасьцю паглядваючы на Сафію. Суседка стукнула яго ў каршэнь, і ён, узвыўшы, схаваўся ў нетрах кватэры.
«Не, ну, бачыла я, як ён па двары ідзе, у адных тапках, у руках пакет, – сказала сьпіна, нахіліўшыся над плітой. – Выпадкова бачыла. А потым мой прыйшоў з гаражоў, дык трэба было есьці разаграваць, так. А больш я твайго Сіманенку дык і ня бачыла. Думала, дамоў пайшоў. Куды ж яму яшчэ ісьці, Сафія?»
«Сапраўды, куды?» – прамовіла Сафія абыякава.
«Хаця вось што я табе скажу, – уздыхнула суседка, не паварочваючыся. – Калі такое здараецца, то тут дзьве прычыны. Я табе са свайго жыцьця кажу, ня з кніжкі. Прычына першая – баба. Прычына другая – другая баба. Знойдзецца твой Сіманенка, нікуды ня дзенецца. Мой дык вунь колькі разоў прападаў. Аднойчы ажно ў Шабанах знайшлі, зь міліцыяй, з сабакамі, у блядзіны ў нейкай. Чула, дарэчы, хутка мэтро да самых Шабаноў хадзіць будзе? А што ў тапках, ты не зьдзіўляйся. Пойдзе такі ў тапках сьмецьце выносіць, выкіне пакет, спыніцца каля бака, паглядзіць на тапкі, на пакет выкінуты, і апануе яго сумнеў. А як сумнеў апануе, то стане яму д’ябал шаптаць: вось стаіш ты тут, каля сьмецьцевага баку, такі сабе ў тапках, і ніхто цябе ня любіць, і дома адны папрокі і сьпінагрызьзе. Падумае мужык і пагодзіцца: а праўда ж, папрокі і сьпінагрызьзе. А д’ябал – ён жа разумны, як баба, нячысьцік гэты, ён ведае, што ім сказаць, каб як найхутчэй дайшло – дык д’ябал далей песьню заводзіць: ты ім і тое, і тое, і сёе, і растакое – а яны табе толькі: грошы давай! Падумае мужык і скажа сабе: а праўда, я ж ім і тое, і растакое, а яны мне… А д’ябал далей: ты, у тапках, мудзіла! А мужык падумае: а і праўда, мудзіла я, бо ніхто мяне ня любіць, нават жонка, нават дзеці. А д’ябал яму: вось што ты толькі што на сьметнік выкінуў? А мужык адказвае: пакет са сьмецьцем. Вось я і кажу – мудзіла, зашэпча д’ябал, – ты падумай. Падумае мужык і падасца яму, што ён дапяў да сутнасьці. Гэта ж я маладосьць сваю і сілу толькі што выкінуў, скажа мужык і заплача. Мужчыны, яны, Сафія, дужа сэнтымэнтальныя. Яны больш за жанчын плачуць, гэта навукай даказана. Заплача такі ў тапках і скажа сабе: гэта ж я шчасьце сваё мужыкова выкінуў толькі што на сьметнік, як казёл апошні. І паедзе, як быў, у тапках, да блядзіны якой, бо падумае, што тая шчасьце ягонае падабраць можа, памыць, пачысьціць і на стол паставіць. А блядзіна дык і радая, уся нафуфырыцца, паголіцца, падмыецца – і чакае ўжо. За таксі заплаціць. Пральна, яна ж за ім не глядзела, калі ён з пахмельля падыхаў, калі яго ў гаражах манціроўкай па галаве стукнулі, калі яго ў паліцыі ўсю ноч мучылі, як нечалавека нейкага, за тое, што ён у мэтро заснуў, яна ж яго з арміі не чакала два гады, яна ж не пахала як конь, калі яго па два-тры тыдні дома не бывае. Твой Сіманенка, вядома, па гаражах уначы ня ходзіць, нічога не скажу, але наконт блядзіны я б на тваім месцы падумала, вылічыла б хто, хочаш, разам пасядзім, сьпіс складзем, кандыдатак прамацаем, чуеш, Сафія?»
Але не было ўжо ў кухні ніякай Сафіі. Суседка выпіла адзін кілішак, другі, журботна зьела лыжку ікры, зьняла з ручкі дзьвярэй рэмень і пайшла ў нетры кватэры займацца выхаваньнем.