Можа, Міхась меў на ўвазе, што іх нельга назваць людзьмі?
Дарэмна. Гэта вяршкі нашага грамадства. Найлепшыя з лепшых. Садовыя таварыствы каля Дабрацічаў называюцца Ветеран, Защитник Отечества і Радуга. Мая баба, апошні магіканін старых Дабрацічаў, заўсёды размаўляе з дачнікамі – небяспечнымі прыдуркамі, якія кіруюць светам – вельмі пачціва, асаблівым голасам. Бабе дзевяноста сем, і калі які чарговы маёр ці падпалкоўнік у адстаўцы ў палінялых, выцягнутых на дупе і каленях сініх штанах падыходзіць пад наш плот, яна кожны раз прапануе яму напіцца і выносіць конаўку, заўсёды запэцканую курыным гаўном.
Баба наша ўбогая духам. З тых, для каго будзе валадарства нябеснае. Калі б яна не пераадолела спакусу гадоў дваццаць таму і скончыла б жыццё самагубствам, як была хацела, то, безумоўна, гэтага валадарства яна б не пабачыла, а так – няма праблемаў. Пабачыць.
У эпоху дачаў у Дабрацічах з’явіліся платы і агароджы вакол хатаў. Раней іх не трэ было. Калі што, хапала проста галінкі на клямцы – знака таго, што дома нікога няма, і гаспадары просяць у хату без іх не заходзіць. Цяпер жа тут абносяць загарадкай ды зачыняюць на замок усё, што лягчэй за тону і не распалена да белага. Раней сцерагліся толькі цыганоў, а цяпер – кожны кожнага.
Але час вярнуцца ў той чэрвеньскі вечар, калі ўзброены хлопец адчыніў нашую брамку і зайшоў у двор.
Вэлкам у нашу паліфанію
Сусвет трымаецца на маёй бабулі. Гэта яна сядзіць цяпер супраць мяне за чорным ад часу сталом; на стол, на картоплю ў патэльні, у кубкі з квасам час ад часу злятаюць з высокага бар’яка сухія хваінкі, па-нашаму – шыпата. Мы вячэраем разам, як вячэралі не раз на працягу апошніх пяцідзесяці год. Калі-нікалі разам з намі вячэралі і іншыя людзі: мама, тата, Улянця, мая дачушка, дзеці Улянці… Але цяпер Улянця ў Нарвегіі, нешта там даводзіць вучоным нашчадкам вікінгаў наконт вандровак іх няўрымслівых продкаў, яе дзеці, Ліна ды Казік, у Менску, і мы зноў сядзім удзвюх.
Прачухаў у горад сямігадзінны цягнік, забраў дачнікаў, у Дабрацічах сціхлі і вецер, і галасы. Толькі свае, насельнікі пяці хат, крыюцца цяпер пад векавымі дубамі, вячэраюць ці парадкуюць птушак ды жывёл.
Тым больш дзіўна было бачыць у гэты ціхі дабрацінскі час хлопца з кабурой на баку, які, нязмушана паглядаючы вакол, крочыў па тым, што можна было б назваць дабрацінскай вуліцай (старыя каляіны ў пяску, трохі зарослыя аўсяніцай), а каля нашага дома павярнуў да брамкі.
Што яму тут трэба? Адкуль ён?
Малады, чарнявы, твар адкрыты. І з кабурой на баку. Не бандыт, відаць адразу – хіба што я нічога не разумею ў людзях. Тады хто?
Гэта зараз жа высветлілася.
– Здравствуйте. Я ваш участковый, Рудковский Андрей Ильич. Можно к вам?
Бабуля паглядзела на яго з цікавасцю:
– А чого тобі, хлопчэ, трэба? – спыталася яна, калі той падышоў бліжэй.
– Можно у вас воды вывернуть попить? Жарко, страх.
Бабуля матнула галавой у мой бок, і я падала хлопцу чысты кубак. «Вывернуўшы», як сам трапна выразіўся, вядро вады, ён з асалодай напіўся, спаласнуў кубак.
– Тут у вас неподалёку на шоссе найдено тело мужчины. Вы чтонибудь об этом знаете? – спытаўся ён, гледзячы на мяне.
– Ніц не чулы, – адказала бабуля. – А шо то за він?
Бабуля патрабавальна разглядала хлопца праз свае тоўстыя акуляры. Той непрыкметна ўздыхнуў і пачаў расказваць.
Але стоп. На якой мове мне перадаваць тое, што тут у нас адбылося? Вырашыць гэта зусім не проста. Дабрацінцы гавораць па-ўкраінску – але іх мала; па-беларуску гаворыць дырэктар ТАА «Агравіталіка+» Віталь Іванавіч Чарота, пераселены сюды пасля Чарнобыля зпад Чачэрска – калі-нікалі на беларускай лапочаце і вы, мае чытачы; а пануе тут расейская мова. Чарота, або ўчастковы міліцыянер, або доктарка, або абласная газета, або баптысцкі прэсвітар могуць часам утачыць які-небудзь смачны ўкраінізм; малады поп і ягоная пападдзя – ніколі.
Паўкраінску гаворыць і зямля, але гэта вельмі і вельмі рэдка.
Вецер шуміць па-за межамі якіх бы то ні было моваў.
Так што вэлкам у нашу паліфанію.
Дык вось што расказаў малады ўчастковы.
Наша дабрацінскае агенцтва навінаў і галоўны ньюсмэйкер Лёніха – або тётя Маша, як называў яе участковы – адзначылася і на гэты раз. Учора, адвозячы на дачы малако, яна заўважыла на адхоне ля шашы такога Сівага – тыповага п’янтоса з дачнікаў, знаёмага многім. Ён ляжаў у трохі ненатуральнай нават для яго позе. Падышоўшы бліжэй і пабачыўшы, што ён мёртвы, Лёніха адразу вярнулася дамоў і па тэлефоне выклікала міліцыю, якая ў хуткім часе прыехала і высветліла, што памянёны Сівы быў пасланы ў магазін у Прылукі трыумвіратам такіх самых тыповых фігур, з якімі ён спажываў на сваёй дачы алкаголь, з прычыны заканчэння апошняга. Падобна было, што яго збіла машына. Усё гэта было запратакалявана яшчэ ўчора, а сённяшні візіт міліцыі ў Дабрацічы датычыўся таго факта, што ўдава Сівага заявіла аб прапажы ровара, на якім, нібыта, Сівы выправіўся ў апошнюю ў жыцці паездку – а ровара таго, калі прыехала міліцыя, каля яго не выявілася.
– Нет, ничего нам об этом не известно, Лёниха вчера к нам не приходила, – пацвердзіла я.
– Что ж, спасибо за воду. Вкусная. Пойду я, может, тётя Маша уже вернулась.
Хлопец нетаропка пайшоў, і неўзабаве ад Лёнішынай хаты, якая стаіць за асінавым гайком, данёсся лямант – Лёніха глухая на старасці год, бы даўбешка, таму ўчастковаму прыйшлося добратакі напружваць голас, каб дакрычацца.
– А хто? А што? – дапытваўся ўчастковы.
– Верыш, нікога не было! Верыш, не бачыла! Не, нікога там паблізу не было! Не бачыла ровара! – час ад часу даносіў да нас вецер адказы цёткі Мані.
Строга кажучы, гэты эпізод з участковым не меў да таго, што адбылося потым, непасрэднага дачынення. Ён не быў тым каменьчыкам, які зрушыў лавіну. Каменьчык гэты рэпнуўся недзе ў іншым месцы і ў іншы час. Але ён быў першай незвычайнасцю, першай неспадзяванкай, першай рысачкай у шэрагу дзіўнасцяў. Пасля яе неспадзяванкі пасыпаліся, пасыпаліся і вельмі хутка ператварыліся ў лавіну.
Каханне і ўдача Геніка Уругвайца
Магчыма, гэты самы каменьчык зрушыў Генік Гадун Уругваец. Генік Гадун Уругваец, сухі і прыгожы, аматар партвейну і поткі, на што часцяком ў полі скардзіцца бабам яго жонка Каця. Цесля, пчаляр і майстра, статны і здатны, у старых нагавіцах і зазвычай босы, ён настолькі шчыльна знітаваны з зямлёй, што, цалкам магчыма, менавіта ён зрушыў лавіну… Калі так, то адбылося гэта наступным ранкам.
Трава на падвор’і зжухла, сонца смаліць штодзень мацней, і нават сосны шумяць у абсалютна высахлым паветры інакш, чым звычайна. Хаця ўвогуле гэтыя высачэзныя дрэвы маюць такі выгляд, быццам ненажэрная спякота іх не датычыцца. Канечне, з такімі каранямі – ледзьве не да магмы – можна не звяртаць увагі на спёку! Тут, пад намі, уся зямля прасякнута спляценнямі магутных каранёў. Падземны жывы свет. Нябачная частка агульнага божага цуду.
Бабуля папусціла кіём па курыцы. Кій – яе неад’емная частка. Сімвал і стымул у першапачатковым значэнні гэтых словаў. Кіем па курыцы, паленам па кату, калком па карове – яе манера. Што праўда, яна ніколі не трапляе. Курыца, узмахнуўшы для прыліку крыламі, адскочыла ад ганка, куды была кіравалася.
– Коб тэбэ дэ! – крычыць баба; бабін звычайны праклён, значэння якога я не ведаю.
Я падаю бабе кій. Яна ўмываецца каля дабітага рукамыйніка. Акуляры паклала на палічку, кій прыпёрла да бар’яка. Худая, паменшала ростам, амаль сляпая, з рукамі, якія не адмываюцца ад закарэлай у дробных трэшчынках зямлі. Твар яе, раней моцны і грубы, ссох. Унукі, якія наязджаюць да дабрацінцаў летам, клічуць яе ведзьмай. Няпэўнымі рухамі яна палівае ваду на вочы, а рукі брудныя, не адмываюцца.
Успамін: я ляжу на ложку, мяне курчыць і вывяртае. Дзіцячая інфекцыя. Хвароба брудных рук (зямлі, якая набілася ў дробныя трэшчынкі скуры). Бабуля лаецца ўвесь час, пакуль не прыязджаюць з горада бацькі: мая хвароба замінае ёй ісці на поле. Дастаецца ўсім: маме, яе неразумнай і нявартай дачцэ, якая папёрлася ў горад і кінула на яе, бабулю, гэтых агімолкаў,[5] нам з Улянкай як цэламу, што перашкаджае ёй, Макрыні, жыць, і кожнай з нас у прыватнасці як такой. Дупы ім падціраеш, а яны табе на старасці вады не пададуць, – прарочыць яна. Адзінае, што яна робіць для мяне – падсоўвае тазік, калі мяне рве, і з праклёнамі яго выносіць. Як толькі ў хаце з’яўляюцца бацькі, яна адразу пакідае нас і бяжыць у поле. Яна не прызнае ні таблетак, ні дактароў. Яна выгадавала мяне, дзяўчынку з бруднымі рукамі, а я сваю дзяўчынку сваімі чыстымі рукамі – не змагла.