Наталья Васильевна Бабина - Крыві не павідна быць відна (зборнік)

Шрифт
Фон

Наталка Бабіна

Крыві не павідна быць відна (зборнік)

© Наталка Бабіна, 2007

© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Рэчаіснае з ірэальным

З імем Наталкі Бабінай я ўпершыню сутыкнуўся ў 1998 годзе, калі ў першым нумары новага часопісу з назвай «ARCHE» прачытаў апавяданне «Баль», хоць для «літаратаркі родам зь Берасьцейшчыны, якая піша пабеларуску і па-ўкраінску» (такія біяграфічныя зьвесткі суправаджалі тэкст апавядання) гэта была ўжо ня першая публікацыя. Побач з «Балем» у тым «ARCHE» – згустку нетрывіяльнай літаратуры і якаснай аналітыкі – былі зьмешчаны творы пераважна новых для мяне аўтарак: Марыі Роўды, Евы Вежнавец, Вольгі Караткевіч. Першае ўражаньне ад такой канцэнтрацыі выдатных тэкстаў неўзабаве сьцьвердзіла мяне ў перакананьні, што нарэшце ў нашай літаратуры будзе пераадолена засільле празаікаўмужчын. Перакананьне засталося: у беларускую літаратуру прыходзяць усё новыя і новыя аўтаркі, шкада толькі, што ні Вежнавец, ні Роўды, ні Караткевіч як літаратарак даўнавата не чуваць. Затое чуваць Бабіну.

Тым ня менш, зусім ня варта разглядаць яе творчасьць у вельмі звужаным гендэрным рэчышчы, як гэта часам робіцца. Наталка Бабіна – не фэміністычная і не фэмінная пісьменніца, таму што яе «мэтавая група» не жанчыны, а чытачы без увагі на пол. У яе цудоўна атрымліваецца перадаць унутраны свет, чаканьні й спадзевы жаночых персанажаў, якія ў яе творах і пераважаюць; таксама глыбока прапісваць мужчынскія вобразы Бабіна не імкнецца (зрэшты, тут я, можа, трохі крывадушнічаю: дужа калярытнымі выйшлі, напрыклад, вобразы Збышака Янавіча і Анупрыя Іванавіча з “Пасткі для крата»). Безумоўна, найперш праз жаночую псыхалёгію і бачаньне сьвету, жаночымі вачыма мы ўспрымаем актуальнае дзеяньне ў яе творах. Было б дзіўна, кал і б гэта было ня так. Але на гэтым гендэрнасьць і заканчваецца. Далей – агульначалавечыя каштоўнасці, тэмы й матывы: патрыятызм, любоў і каханьне, здрада й сумленнасьць, вайна і сьмерць, простае жыцьцёвае шчасце…

Наталка Бабіна ходзіць пратаптанымі або мала ходжанымі ў нашай літаратуры сьцежкамі. Яна сьмела пераносіць дзеяньне ў самыя аддаленыя куткі зямной кулі, дзе сама магла ніколі ня быць (Курдыстан, Босьнія, Эквадор, Чачэнія), пры гэтым не баіцца, калі нешта прагучыць ня надта праўдападобна – часы чыстага рэалізму даўно мінулі. Не цураецца ня дужа папулярны ў нас жанр дэтэктыву насычаць сацыяльнапалітычнымі рэаліямі сёньняшняга жыцьця. У творах, дзеяньне якіх адбываецца пераважна ў Менску, яна робіць усё смялейшыя крокі па стварэньні новае ўрбаністычнае міталёгіі, прымушаючы дзеяньне адбывацца ў абсалютна канкрэтных і вядомых усім менчукам мясьцінах (Палітэхніка, Камароўка, Старажоўка, кавярня «На ростанях»…). Такая канкрэтыка, пазнавальнасць робіць творы жывейшымі. Прыгадваю, зь якім захапленьнем я некалі прачытаў праскі гатычны раман Мілаша Урбана «Сем храмаў», а потым выправіўся на прагулку па Празе і радасна пазнаваў: ага, вось на гэтым мосьце вісеў труп бабулькі, а на прыступках гэтага касьцёла быў знойдзены мужчына з нажом у сьпіне. Асабіста я ніколі ня быў у менскай Палітэхнікі, але, далібог, некалі выпраўлюся паглядзець, дзе ж гэта ў Яніну страляў Андрэй Накрый-Мяне-Андаракам з «Пасткі для крата». Перакананы: пісаць так і трэба каб экскурсаводы некалі маглі распавядаць турыстам: гэты дом (вуліцу, раён, кавярню…) апяяў у сваім вядомым творы беларускі пісьменьнік/-ца…

Трохі парадаксальна, але пры ўсім тым Наталка Бабіна застаецца сёньня найбольш яскравай берасьцейскай пісьменніцай ці, яшчэ дакладней, пісьменніцай берасьцейскіх ваколіцаў. Гэта засведчылі і тэксты, уключаныя ў гэты зборнік («Баль», дыптых «Словы, якіх я чакаю»), а яшчэ ў большай ступені пакуль ня выдадзены раман «Рыбін горад», зь якім мне пашчасціла пазнаёміцца ў рукапісе. Берасцейшчына, Заходняе Палессе – гэта памежжа трох краінаў (Беларусі, Украіны і Польшчы), тэрыторыя непаўторнага культурнага, моўнага, сацыяльна-гістарычнага фэномэну, які недаравальна заставаўся па-за ўвагай нашых творцаў. Нізкі паклон Наталцы Бабінай, якая сваімі «берасьцейскімі» творамі, кажучы па-сучаснаму, спрыяе дывэрсыфікацыі часта напаўжывой літаратуршчыны і прыўносіць у нашае пісьменства струмень аўтэнтыкі.

Кароткія апавяданні Наталкі Бабінай «Баль», «Крыві не павідна быць відна» або «Зроблена рукамі Альбіны Юдчыц» нечым нагадваюць «Трапізмы» Наталі Сарот: плаўная апісальнасць, поўная адсутнасьць публіцыстычнасці, лёзунгавасьці, проста канстатацыя дзеяньняў ці ўспамінаў. І праз гэта ўсё праступае настраёвасьць, настальгічнасць, лірычнасць.

Іншым аповедам – наадварот – уласьціва амаль журналісцкая расстаноўка акцэнтаў, эсэістычнасьць, роздумнасьць, праблемнасьць. Яшчэ – замілаванасць і заклапочанасьць пры падачы гісторыяў вясковых мадоннаў («Сучасная назва Мідылі», «Шкельцы, шкельцы»…). А як выдатна ў Бабінай атрымліваецца спалучаць рэчаіснае з ірэальным – так, што часам не зразумела, ці гэта ўжо пачалася фантастыка, ці мы патрапілі ў палон інтэнсіўнай мэтафорыкі («Калі прарэзваюцца рожкі»).

Мэтафорыка, калярытная экспрэсіўная мова – канёк і візытоўка Наталкі Бабінай. Яна ўмее напісаць так, што апавяданьне засмоктвае і не адпускае зь першае фразы.

Сяргей Сматрычэнка

Калі прарэзваюцца рожкі

Ледзьве стрываўшы, каб не застагнаць, я адарвала галаву ад падушкі, села на ложку і сама сабе жахнулася: жаданьне зараз жа скончыць гэтае паскуднае жыцьцё дамінавала над усімі астатнімі. Пакуль я курчылася над ракавінай, пакуль, трымаючыся за галаву, грэбалася ў скрыні зь лекамі, пакуль мяне, як хацела, трэсла ліхаманка, жаданьне ператварылася ў цьвёрды намер. Са скамечанай насоўкай у адной руцэ і жменяй таблетак у другой, гаротная, дашчэнту прастуджаная, я напрасткі шыбавала да той мяжы, дзе няма ні памежнікаў, ні парушальнікаў і, па чутках, толькі адзін мытнік. Тым часам выразны радыёголас зь вялікім задавальненнем паведаміў, што «ноччу да мінус дзесяці». І кірунак маіх думак рэзка зьмяніўся. Я не магла пакінуць без апекі свае артышокі. Сорт «Дон Анунцыё Сісаль» – гэта такі абсалют, што перад ім адступае нават горыч апошніх хвілін. Але ён зусім не пераносіць раптоўнага пахаладання. Мяжа, што была ўжо блізка, зноў адплыла да далягляду. Я выправілася ратаваць абсалют.

На прыпынку супраць Камароўкі было надзіва мала народу: некалькі чырванатварых цётак, зграйка летуценніц са скрыпкамі ў футаралах, тып у плашчы з паднятым каўняром (прыцягнуў, багема, гіпсавага каня зь сябе ростам і ўсталяваў на лавачцы) ды зух – мэтар з кепкай на высокіх абцасах. Я, жэрдка ў паліто амаль аднаго з сабой веку, у бурках «бывай, маладосць» і шэрай хустцы, прыкрываючы твар ад ветру высакапробным скепсісам трыццацігадовай незамужняй жанчыны, стала воддаль.

Каб зразумець, што бацькі гораду па завядзёнцы пусьцілі патрэбны мне аўтобус па іншым маршруце, я мусіла ў костку зьмерзнуць. Толькі пасля гэтага я ўспомніла, што, сапраўды, бачыла абвестку ў газэце. Нячысты, і ніхто другі, пад’юдзіў мяне перайсьці на суседні прыпынак дарогай праз двары. Кінуўшы разьвітальны позірк уздоўж вуліцы, я шмыганула ў арку і… аслупянела. Божухны, гэта ж ня Менск! Вільня, Прага, Пітэр Брэйгель-старэйшы! З-пад ног уніз – стромкі горны адхон і дамкі, дамкі, дамкі… Падмурак аднаго лепіцца да даху другога, каменныя агароджы, стогадовыя дрэвы, сумёты ды на паўнеба палае халодным агнём чысты захад. Я працерла вочы. Які захад, не гаворачы пра пэйзаж? Я ж выйшла з дому ў дзевяць гадзін раніцы, і зь неба сеялася імжа… Ды і скуль бы такая панарама ў раўнінным і ўраўнаважаным горадзе?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора