Мне пашанцавала я вырасла ў нацыянальна-свядомым асяродку, таму стаць беларускай мне было проста. Цяжка было загаварыць па-беларуску самой. Падазраю, што нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе Таму так важна знайсці сваіх!
Аляксей Дзікавіцкі: Глядзець на свет з беларускай перспектывы
Беларусам я стаў гадоў у пяць. Зразумела, што несвядома. Мая мама паводле нацыянальнасці мардвінка (мардоўка) з Урала, а бацька беларус з Палесся. Да школы я гаварыў выключна на палескім дыялекце, бо выхоўваўся ў дзеда з бабцяй на вёсцы пад Пінскам.
У маленстве мы паехалі на радзіму маці і аказалася, што ў тых гарах мяне ніхто практычна не разумее. Старыя маміны сяброўкі тузалі мяне, кажучы маёй маме: «Ой, Фаина, настоящий беларусёнок у тебя растет». Я ім спяваў БССРаўскі гімн ды размаўляў «по-нашому», а яшчэ гаспадарскім вокам (навучыў дзед, светлай памяці) рабіў заўвагі наконт вядзення гаспадаркі ў тых краёх: «Каня дрэнна запраглі, тут прапалоць трэ было б, бульба ў вас нейкая дробненькая» і г. д Потым у юнацтве быў Караткевіч, Быкаў, рок-гурт «Мроя».
Не праміну заўважыць, што стасоўна ўсведамлення ўласнай беларускасці немалую ролю адыграла і нянавісць да савецкага ладу.
Першы пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 года з транспарантам «Вялікі кастрычнік зрабіў нас рабамі» і пашытым маці з прасціны і сарванага ўначы БССРаўскага сцягу, сцягам бел-чырвона-белым.
Быць беларусам натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем, каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім «говорком», не ведаючы свайго роднага слова.
Быць беларусам гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце з беларускае перспектывы.
Першы пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 года з транспарантам «Вялікі кастрычнік зрабіў нас рабамі» і пашытым маці з прасціны і сарванага ўначы БССРаўскага сцягу, сцягам бел-чырвона-белым.
Быць беларусам натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем, каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім «говорком», не ведаючы свайго роднага слова.
Быць беларусам гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце з беларускае перспектывы.
Уладзіслаў Ахроменка, буржуазны літаратар: Свае грады
Люлі-люлі-люлі, паляцелі куры. Селі на варотах у чырвоных ботах. Спі, дачушка, заплюшчы вочкі і спі. Бач, цёмна за вокнамі. І коцікі ўжо спяць, і сабачкі, і куры зараз на жардзіну пасядуць і паснуць. Што казку на ноч расказаць? Пра каралевіча на белым кані? А давай лепш пра нашага вершніка-абаронцу
Бачыш, над тваім ложкам анёльчык парцалянавы. Гэта твой асабісты абаронца. Вось так і кожнаму краю Пан Бог таксама свайго абаронцу прызначыў. Палякам Бялага Ожэла. Украінцам Трызуб, у якім слова «воля» зашыфраванае. Нам, беларусам, адважнага вершніка з крыжам на шчыце. Але ж любоў да свайго краю не з яго пачынаецца.
А вось паслухай, з чаго. Бачыла ў мяне ў кабінеце старыя фотаздымкі на сцяне? Гэта нашыя з табой Дзяды. Тамака прыгожая такая дзяўчына мая бабуля Марыя Сазонтаўна ў маладосці, твая прабабка. Сама яна з Баршчоўкі, што пад Рэчыцай. Не, дзіцё, яна нават не ведала, што ў нас такі абаронца ёсць. Час гэткі быў, за вершніка з крыжам на шчыце і ў Сібір можна было патрапіць! Сібір? Гэта далёка-далёка на ўсход, у Азіі, потым у падручніках пачытаеш.
Але ж Марыя Сазонтаўна навучыла мяне, што азначае любіць наш край. Жылі мы ў сваім дамку на ўскрайку Гомеля, і быў у нас уласны гародчык. «Грады», «гурок», «кроп», «цыбуля» першыя беларускія словы, якія ад яе пачуў. Але ж грады гэта найперш не словы, а праца. Як снег сыдзе і глеба прагрэецца, зямлю трэба дбайна перакапаць. Камякі граблямі паразбіваць. Гною прывезці і раскідаць. Гуркі-памідоры-кроп-пятрушку пасадзіць. Дый яшчэ час трэба ведаць, калі і што садзіць. На маладзік лепш за ўсё Потым цярэбіць, паліваць, песціць. Памідоры да дрыноў падвязаць, калі падымуцца і заквітнеюць. І шмат чаго яшчэ.
Вось твая прабабка і працавала ад рана да рана. Ведаеш, якая самая страшная лаянка ў яе была? «Абібок» і «лайдак». І страшэнна абуралася, калі чула ад некага, што ў яго, маўляў, працы няма. «Стань да дзвярэй і зачыняй-адчыняй, зачыняй-адчыняй, раіла. Праз дзесяць хвілінаў абавязкова знойдзеш сабе занятак».
Затое ўвосень нашыя грады цуд і казка. Сакаўныя стрэлы цыбулі. Зялёныя шыхты часныку. Панская раскоша памідораў. Пупырчатыя гуркі з-пад шырокіх лістоў.
А як ты думаеш каб нейкі прыхадзень узяўся нашыя грады душыць, што б твая прабабка зрабіла? Правільна, адразу за вілы. І наш вершнік бы ёй абавязкова дапамог.
Мае грады? Кампутар, за якім працую. У маці свае грады, офіс. У бабулі фартэпіяна, якое яна ўсё жыццё выкладала
Ну, абібокі, знайшла пра каго згадваць! Сама падумай, нашто такім грады? А як градаў няма, значыцца, няма і чаго бараніць. Вось таму наш вершнік такім і не патрэбны. А яны вершніку тым больш, і ніколі ён ім не дапаможа. Яшчэ і выспяткаў надае, як пабачыць
Так што, дзіцё, любіць свой край і быць беларусам гэта не проста словы. Край гэта тое, што табе ў спадчыну перайшло. Тое, што ты заўсёды станеш бараніць. Гародчык з кропам, цыбуляй і гуркамі, на якім твая прабабка корпалася. Яе магіла, куды мы з табой на Дзяды ездзілі. Плюшавы мішка, з якім ты зараз засынаеш. Яшчэ я малым з ім засынаў, мне ж яго Марыя Сазонтаўна акурат і падарыла