Аднойчы ехаў па квіток на Маскоўскі аўтавакзал. У падземным пераходзе, каля «палітэху» нейкі юнак спяваў на беларускай мове. Такога я ніколі не сустракаў. Каб адчуваць сябе беларусам, не трэба нейкага пафасу. Дастаткова свядома рабіць тое, што будзе рабіць цябе беларусам.
Аксана Сулейманава: Паўплывала школа
Сямя мая інтэрнацыянальная: бацька татарын, маці расейка, бабуля і дзед беларусы, а яшчэ адна бабуля украінка. Нарадзілася я ў Беларусі, атрымлівала сярэднюю адукацыю ў беларускамоўнай школе. У нашай сямі ніколі не размаўлялі на беларускай мове, бо ні маці, ні бацька яе добра не ведалі. Таму сямя ніяк не паўплывала на маю беларускасць. Гэта зрабіла школа.
Дзякуючы маім настаўнікам па беларускай мове, гісторыі, геаграфіі я зразумела, хто я такая. Потым вучылася ў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Геаграфія. Беларуская мова і літаратура». Цяпер выкладаю гэтыя прадметы ў школе.
Але больш за ўсё на мяне паўплывалі кнігі. Я вельмі любіла і люблю чытаць, і найперш мне падабалася чытаць кнігі на беларускай мове. Мне здаецца, што нават апісанне прыроды на ёй гучыць больш чароўна, чым на расейскай.
Калі чытаеш беларускія кнігі, дык здаецца, што вяртаешся ў дзяцінства, дзе ўсё табе знаёмае і дзе ты адчуваеш сябе вельмі ўтульна.
Быць беларусам гэта не значыць запіс у пашпарце.
Быць беларусам гэта мець беларускую душу.
Ганна Емялёва: Гэта наш спосаб існаваць
Я нарадзілася на гэтай зямлі. І з часам пачала адчуваць яе. Адчуваць, што людзі, якія спрадвеку тут жылі, іх мова і культура гэта сама гэтая зямля. І увесь космас рэзануе тут з традыцыйнай культурай людзей, што жывуць на гэтай зямлі: спевы, строі, легенды і паданні, вясковыя хаты, крыжы на могілках усё знітавана.
Мне здаецца, што няма іншага сэнсу і няма большага шчасця за гэтую задзіночанасць. Тут адна песня бабулі можа змяніць жыццё назаўсёды.
9. СВАЁ
Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі «народ» і «натоўп» вы ўжо напалову беларус. Нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе Таму так важна знайсці сваіх! Трэба адрозніваць мову як ідэю і мову як нешта неаддзельнае ад асобы. Мяне ўразіла, што падчас беларуска-шведскай літаратурнай вечарыны шведскі амбасадар звяртаўся да прысутных па-беларуску! Беларускасць была, ёсць і будзе заўсёды побач, проста мы часам не заўважаем. Нават аповед пра свае карані для мяне ёсць культурай, таму што гэта частка нашай агульнай гісторыі. Мяне вельмі ўражваюць знаёмствы з людзьмі, якія адчуваюць сваю прыналежнасць да пэўнага народа.
Ганна Кісліцына: Жыццё з самапавагай
Часта чую гісторыі: чалавеку ўпала на галаву цагліна ці токам яго стукнула і ён загаварыў па-ангельску або, да прыкладу, па-старагрэцку Ніякага такога здарэння са мной не было.
Мая беларускасць развівалася паслядоўна. У два гады, як любяць згадваць мае сямейнікі, я паставіла на вушы ўсіх выхавацелек маскоўскага дзіцячага садка пытаннем: «Дэ моя хустка?» Ніхто з іх не ведаў заходнепалескага дыялекту, а я літаральна перавярнула ўсё дагары нагамі. Таму маму вечарам сустракалі ўсе, хто там працаваў Вось такія мы, беларусы у вечным пошуку свайго!
Калі мне споўнілася чатыры, на пытанне: «Кім ты будзеш, калі вырасцеш?», упэўнена адказвала: «Беларускай паэтэсай!» Мама пісала вершы і ўсе яе сяброўкі па маскоўскім Літаратурным інстытуце былі беларускімі паэткамі. Яны былі прыгожымі, густоўна апраналіся і моцна адрозніваліся ад звычайных жанчын. Паглядзіце на фотаздымак маладзенькай Раі Баравіковай і вы мяне зразумееце Беларусы такія упэўненыя ў тым, што яны самыя лепшыя: самыя прыгожыя, самыя працавітыя. З самымі чыстымі вуліцамі ў свеце!
Калі мне было восем, разам з усім атрымала школьны падручнік па беларускай мове. У канцы яго былі слупкі са словамі, якія трэба было запомніць. Мой сусед па парце Вова Казырыцкі аднойчы знайшоў там незнаёмае слоўка і спытаў мяне, што яно значыць. Але націск у ім паставіў няправільна, на апошні склад. Давялося зірнуць і прачытаць самой. «Дык гэта ж «аўторак», «вторник»! лёгка пераклала я. «Дык ты беларуска!» здзівіўся ён Быць беларусам гэта не толькі мець беларускае прозвішча, а элементарна разумець родную мову.
Калі мне было сямнаццаць, я трапіла на пасяджэнні легендарнага таварыства «Тутэйшыя». Усе былі старэйшыя за мяне, з вышэйшай адукацыяй ці старшакурснікі. Каб камунікаваць на роўных, даводзілася шмат чытаць. Аказалася, што каб называцца беларускай, трэба ведаць гісторыю нацыянальнай культуры.
Быць беларусам гэта паважаць сябе. Ніколі не гань сваё і без цябе знойдуцца тыя, хто гэта зробіць! Крытыкуй, але толькі тое, што можна выправіць. Калі ты не паважаеш сябе, свой род, сваю мову то хто будзе паважаць цябе? Самапавага першая аснова для павагі з боку іншых. Гэта важна і для чалавечых стасункаў, і для міждзяржаўнага камунікавання. Жыццё без кахання сумнае, жыццё без павагі з боку іншых невыноснае!
Быць беларусам гэта значыць адрозніваць паняцці «народ» і «натоўп». Варта паважаць свой народ, яго мову, гісторыю і культуру, але пры гэтым захоўваць самастойнасць думкі, заўсёды помніць, што натоўп можа памыляцца. Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі «народ» і «натоўп» вы ўжо напалову беларус.